https://www.traditionrolex.com/8
<p>Няма сумненняў, што вы ў сваім жыцці не раз бачылі бусла. Хутчэй за ўсё вы пазнаёміліся ўжо хоць з адным беларускім зубрам. А што наконт цмока, які таксама прэтэндуе на званне сімвала Беларусі? Рэч не пра баскетбаліста з мінскай каманды, а пра сапраўднага нашага цмока, беларускага дракона, які жыве ў валунах і азёрах і не церпіць распуснікаў.</p>

Цмока не сустрэнеш, як бусла, на любым полі, і запаведнікаў, дзе іх вырошчваюць таксама няма. Цмока трэба шукаць. З гэтай мэтай мы і адправіліся ў вандроўку па Віцебскай вобласці ад кампаніі «А-100» з экскурсаводам Глебам Лабадзенка і, вы не ўяўляеце, як здзівіліся. Аказалася, што цмокі ў Беларусі чакаюць нас амаль што на кожным кроку. І што не менш важна, яшчэ часцей сустракаюцца цікавыя гісторыі,фантастычныя і рэальныя, лёсы, загадкі. Трэба толькі ведаць, куды глядзець і што шукаць.

Мы пазнаёмім вас з маршрутам, якім правёў нас Глеб Лабадзенка. Гэта невялічкае кола прыпынкаў у Віцебскай вобласці. Першы прыпынак – вёска Параф’янава за 150 км ад Мінска.

Прыпынак 1. Гісторыя Дамейкі. Параф’янава і Сітцы

Імя Ігната Дамейкі, можа, і менш знаёма ў Беларусі, чем Адама Міцкевіча, але фігура гэта не менш важная і цікавая. У 14 гадоў Ігнат ужо паступіў у  Віленскі ўніверсітэт, а ў 15 абараніў ступень кандыдата філасофіі. Нябачаная з’ява. Сваім розумам ён за жыццё пакарыў не адну краіну. Лёс закінуў яго ў Чылі, дзе ў якасці геолага ён узняў горназдабывальную навуку на новы ўзровень і быў прызнаны нацыяльным героем краіны. У 47 гадоў ужо выбітны чылійскі прафесар убачыў, як прыгожая 16-гадовая паненка збірае яблыкі ў садзе. Яны ажаніліся і пражылі разам 20 гадоў. І ні адзін беларус не паставіць пад сумненне, што розум і відавочны рамантызм Дамейкі паходзяць менавіта з беларускіх каранёў.

 Па адной з версій, менавіта ў касцёле Параф’янава і хрысцілі Дамейку. Дакладней, у драўляным касцёле, які стаяў на месцы сучаснага.

І здагадайцеся, што чакае нас на першым жа прыпынку ў касцёле. Варта толькі прыгледзецца – і мы сустракаем першага цмока на нашым шляху. Праўда, тут у цмока не лепшы дзень...

Едзем яшчэ каля 10 км і працягваем знаёміцца з гісторыяй Дамейкі ў вёсцы Сітцы. Тут у сядзібе жылі яго сваякі. Ад сядзібы захавалася брама, якая і зараз уяўляе цікавасць.

Раней людзі і да самых простых пабудоў ставіліся вельмі адказна. Нават звычайную браму, стайню, воданапорную вежу ім хацелася зрабіць як мага  больш прыгожымі. Навошта? Проста для таго, каб жыць прыгожа.

Вось і браму ў Сітцах пабудавалі найлепшым чынам з вялізным гадзіннікам. Каля яго было напісана, якія малітвы трэба чытаць, калі гадзіннік звоніць. Людзі, якія памятаюць старыя часы, гаварылі, што звон з сітцаўскай брамы даносіўся аж за 8 км і заклікаў усіх мясцовых жыхароў да малітвы.

Калі вам захочацца працягнуць знаёмства са славутым родам, можна заехаць у вёску Дзеркаўшчыну, дзе Лявон Дамейка пабудаваў касцёл.

    Прыпынак 2. Драўляная царква ў Порплішчы

У 1628 годзе ў Порплішчы была збудавана першая драўляная царква, потым на яе месцы і з’явілася сучасная.  Нахілены  купал, праз які царкву часам называюць Пізанскай вежай, з’явіўся хутчэй за ўсё ў 1883 годзе.

Варта зайсці ў царкву, каб падзівіцца, наколькі дамашняй яна выглядае. Усюды кветкі, дзіцячыя малюнкі, дываны.

Частка абразоў у царкве яшчэ з XVII-XVIII стагоддзя. Угледзьцеся ў твары на іконах, гэта сапраўдныя беларусы тых часоў. Дарэчы, раней маляваўся абраз, а потым, калі хто-небудзь ахвяраваў грошы, на яго накладалі вось такія кароны, адзенне, каб ікона лепш захоўвалася.

У царкве можна падняцца на хоры, а там у куце і прытаіўся яшчэ адзін цмок на нашым шляху.

Прыпынак 3. Краявіды Глыбокага

У гэтых мясцінах ажываюць краявіды з карцін Язэпа Драздовіча. Насамрэч, каб добра пазнаёміцца з Глыбокім, патрэбны як мінімум цэлы дзень. Мы ж раскажам толькі пра адно цікавае месца ў горадзе.

Некалі ў Глыбокім спыняўся Напалеон. Гэта дакладна вядомы факт. Ён начаваў у кляштары каля мясцовай царквы. Раніцай, калі ён убачыў царкву, то здзівіўся яе фантастычнай прыгажосці і  сказаў, што марыў бы перанесці яе ў Парыж. Такую гісторыя расказваюць у многіх месцах Беларусі. Але Глыбокае – выключны выпадак. Мясцовы храм сапраўды варты такіх слоў.

 

У царкве знаходзіцца цудатворная ікона, там можна спусціцца ў падзямелле і падняцца на вежу. А адтуль і адкрываецца від, які вы сустрэнеце на многіх паштоўках Глыбокага.

Цмокі чакаюць вас і тут, нават асоба не хаваюцца. У царкве яны сустракаюць людзей адразу на ўваходзе – на дзвярах.  Галава пеўня, тулава змяі. Хутчэй за ўсё  гэта васіліскі, міфалагічныя істоты з роду цмокаў. Яны, па легендах, захоўваюць усё самае запаветнае.  

Прыпынак 4. Цмокава пячора. Логавішча цмокаў Беларусі

І нарэшце, самая таямнічая і фантастычная Беларусь.Недалёка ад Глыбокага, каля вёскі Сахнавічы, знаходзіцца адзіная ў Беларусі пячора, куды можа залезці чалавек. Для пачатку вам трэба знайсці яе. Блізка каля дарог сапраўдныя цмокі не жывуць. Прыкладна адзін кіламетр трэба прайсці па лесе. Але месцы там вельмі маляўнічыя, таму ад дарогі атрымаеце толькі задавальненне.

 У цмокаву пячору можна залезці, але гэта не так лёгка. Уваход вельмі вузкі, і туды трэба запаўзаць. Калі вы вырашыцеся на гэта, у самой пячоры ўбачыце рэальныя доказы, што там і праўда жыве сапраўдны беларускі цмок. Але што гэта за доказы, і што насамрэч адбываецца ў гэтай пячоры, вам ніхто так проста не раскажа. Так што гэтыя загадкі разгадвайце самі.

Аляксандр Куль, дырэктар па маркетынгу баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск», дабіўся перайменавання клуба з «Мінск 2006» на «Цмокі». Але сам Аляксандр, асноўны беларускі цмок з тых, што ад людзей не хаваецца, у пячору да сваякоў праціснуцца не здолеў. Зразумела, што рабіць двум цмокам у  адной пячоры?

У суседнім з Глыбоцкім Лепельскім раёне таксама ёсць месца жыхарства цмока. Гэта Змееў камень, такі вялізны, што на яго можна запраста паставіць дзве машыны. Адзін мясцовы жыхар на поўным сур’ёзе расказвае про цмока, які жыве ў тым камені. Бацька гэтага мужчыны  пасвіў каля яго кароў і цмока добра памятаў. Той меў выгляд чалавека, але пры патрэбе ператвараўся ў цмока. На камені шмат рытвінаў і ямак, гэта ўсё дзверы ды вокны ў цмокаў дом. Аднойчы гэты самы пастух праз акно закінуў цмоку сабаку, тая адзін раз цяўкнула ды так і знікла назаўсёды.

Па легендах, цмокі часта бывалі шаўцамі ды краўцамі. Дзяўчыны часам прыходзілі да валуноў, дзе яны жылі, пакідалі там пачастунак і прасілі новую сукенку. З раніцы яна там  была.

Легенд, звязаных з цмокам, не злічыць. А вы ж ведаеце,  нішто не з’яўляецца без прычыны.

Прыпынак 5. Руіны касцёла ў Селішчах

Нават тое, што засталося ад гэтага вялізнага касцёла, моцна ўражвае. Касцёл Святой Веранікі з’явіўся ў 1728 годзе. Селішча – зусім маленькая вёска, але жыхары гатовы былі адмаўляць у нечым сабе, каб толькі і ў іх была прыгожая святыня.

У касцёле вы можаце знайсці цэглу з адбіткам рукі. Гэта прыкмета цэглы XVIII  стагоддзя, на якой майстры пакідалі сляды сваіх пальцаў.

Пад касцёлам знаходзіцца падзямелле, у якім некаторыя нават спрабавалі знайсці скарбы. Можа, яны яшчэ там?

Прыпынак 6. Афіцыйная сталіца цмока  Лепель

Гэта адзіны горад Беларусі, дзе ёсць помнік цмоку, і нават не адзін, а два.  Добры і аднагаловы цмок жыве на беразе возера. Нехта параўноўвае яго з лахнэскай пачварай, але лепельскі цмок ужо не хаваецца, людзей не палохае, а, наадварот, цярпліва ставіцца да іх жартаў.

У Лепелі таксама прыгожы касцёл. На яго абавязкова трэба паглядзець, а калі вам пашанцуе, то і пазнаёміцца з ксяндзом Андрэем. Ён дасканала ведае італьянскую мову, доўга жыў і працаваў у Італіі, вярнуўся каля 10 год назад, каб заняцца аднаўленнем касцёла. Пры касцёле пробашч стварыў дзіцячы центр, у свабодны час таксама вучыць мясцовых дзяцей гуляць у футбол. Цікавыя асобы заўсёды абагачаюць розныя месцы. Гэта якраз той выпадак.

Прыпынак 7. Каменныя крыжы

26 старадаўніх крыжоў можна знайсці у вёсцы Бабцы. Вышыня некаторых  з іх – каля 2 метраў. На камянях вы можаце ўбачыць даты, напрыклад, 1882 год. Але гэтым лічбам можна не верыць. Магчыма, камяні існуюць з паганскіх часоў. А калісьці іх  проста сталі выкарыстоўваць на магілах, і так з’яўляўся той ці іншы год.

Вось такое падарожжа па Віцебскай вобласці. Уражанняў вам хопіць надоўга. Але галоўнае  магчыма, пасля яго вы зразумееце, што цікавае побач. Трэба проста ўмець заўважаць.

https://www.traditionrolex.com/8