Падбярэззе можа стаць яшчэ адным прыцягальным аб’ектам на турыстычнай карце Віцебшчыны

15.06.2014 - Новости

Падбярэззе можа стаць яшчэ адным прыцягальным аб’ектам на турыстычнай карце Віцебшчыны

Некалькі стагоддзяў раней менавіта гэтая вёска была цэнтрам эканамічных інавацый Прыдзвінскага краю, што і дало падставу ўключыць населены пункт у міжнародны праект «Жывая гісторыя майго краю», які ў Беларусі ажыццяўляе Нямецкая асацыяцыя народных універсітэтаў. Галоўная мэта праграмы – развіццё сельскіх рэгіёнаў за кошт выкарыстання элементаў мясцовай культуры, гісторыі і прыроднага патэнцыялу, а таксама падтрымка мясцовых гісторыка-культурных ініцыятыў, паведамляе газета «Вицьбiчы».

«Падбярэзскі куфар» узначаліла Валянціна Кірылава. Яна арганізавала ініцыятыўную групу, у якую ўвайшлі вучоныя, краязнаўцы і жыхары Падбярэззя, якія цікавяцца сваёй малой радзімай. Яны знайшлі цікавыя факты з гісторыі населенага пункта, вядомыя невялікаму колу спецыялістаў. «Падбярэзскі куфар» ставіць мэту не толькі праліць святло на падзабытыя старонкі мінулага, але і, аналізуючы гістарычны вопыт эканамічнага ўзлёту Падбярэззя, садзейнічаць яго сённяшняму культурна-дзелавому адраджэнню. Ідэя знайшла падрымку ў Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці.

Нядаўна было арганізавана свята вёскі Падбярэззя, у рамках якога населены пункт наведалі арганізатары і ўдзельнікі праекта і правялі навуковыя чытанні. У сваіх дакладах навукоўцы звярнулі ўвагу на вядомых гістарычных асоб, якія былі звязаны з гэтым краем і садзейнічалі яго культурнаму і эканамічнаму росквіту. Напрыклад, менавіта тут нарадзіўся вядомы дзяржаўны дзеяч, дыпламат Рэчы Паспалітай Ян Антоній Храпавіцкі. Ён з 1669 па 1685 год займаў пасаду віцебскага ваяводы. Пазней землі належалі вядомым і ўплывовым у Беларусі панам Агінскім. Віцебскі ваявода князь Марцыян Міхаіл Агінскі імкнуўся зрабіць Падбярэззе галоўным месцам пражывання сваіх спадчыннікаў.

У другой палове XIX cтагоддзя тут было адкрыта таварыства віцебскіх сельскіх гаспадароў, якія развівалі культуру земляробства, выкарыстоўваючы на той час прагрэсіўныя метады вядзення гаспадаркі. Тут былі пабудаваны паказальныя фермы.

На сучасным этапе эканомічнае жыццё гэтых мясцін цесна звязана з адным з найбольш развітых і паспяховых сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны СВК «Альгоўскае». Прадстаўнікі гаспадаркі штогод у ліку лепшых аграрыяў прымаюць удзел у рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў вёскі «Дажынкі», удастойваюцца прэмій за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжа і жывёлагадоўчай прадукцыі.

Улічваючы вялікую навуковую работу, якую правяла ініцыятыўная група праекта «Падбярэзскі куфар», можна спадзявацца, што невялічкая вёска пад Віцебскам стане вядомай далёка за межамі свайго рэгіёна і прыме нямала гасцей. Зараз ствараецца інфармацыйная база пра гісторыю станаўлення эканомікі гэтага рэгіёна і сучасныя тэхналогіі вытворчасці. Магчыма, хутка тут з’явіцца і першы аб’ект дзелавога турызму, які будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва і павышэнню іміджу раёна.

Андрэй ЗАХАРАЎ

Рубрики: Инфраструктура

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах