https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="line-height: 20.7999992370605px;">Варшава – сама сабой цікавы горад, а для беларусаў, якія хочуць вандраваць лоў-кост-пералётамі – яшчэ і адзін з магчымых транзітных пунктаў. Адсюль лётаюць Ryanair i Wizzair, перавозчыкі, што не маюць рэйсаў з Мінска. Разлічваючы кошт паездкі, не забывайцеся дадаць білет да Варшавы і транзіт да аэрапорту да білета на самалёт.</span></p>

Ля Варшавы два аэрапорты – імя Фрэдэрыка Шапэна і Модлін. Лоў-косты збольшага лятаюць з Модліна. Дабірацца зручна спецыяльнымі аэра­порт-аўтобусамі ад Палаца культуры і навукі.

Модлін-басы зялёна-ружовыя, ні з чым не пераблытаць. Пасажыраў з білетамі, загадзя набытымі ў інтэрнэце, кіроўца прапускае першымі, потым абілечвае астатніх. Кошт – 33 злотыя (трохі больш за сто тысяч беларускімі). Пераезд займае 50 хвілін.

Парада № 1: можна сэканоміць, паехаўшы да мястэчка Модлін цягніком, а адтуль – аўтобусам да аэрапорта.

На Варшаву Заходнюю мінскі аўтобус прыехаў каля чацвёртай гадзiны раніцы. Вакзал зачынены, працуе маленькі начны пакой чакання. Цёмна, гарадскія аўтобусы яшчэ не ездзяць, толькі начныя лініі. Я вырашыла трошкі паспаць. На вакзале ёсць хостэл, так і завецца «Заходні». Плаціць трэба за суткі, засяляешся з вечара ці раннім ранкам. Месцаў у доме не было, таму я паспрабавала іншы хостэл, ля вакзала Варшава Цэнтральная. Бліжэйшы да яго – хостэл «Зялёнае Мазоўшэ» на вуліцы Навагродзкай, 46/6. Аднак і там не было вольных месцаў. Адбывалася ўсё ў будні дзень! Таму парада № 2: калі хочаце танна паспаць паміж аўтобусам і пералётам, не ад’язджаючы далёка ад вакзала, рэзервуйце хостэл загадзя.

Калі стала зразумела, што паспаць не атрымаецца, я вырашыла ісці гуляць па гора­дзе. Што можна паспець за паўдня? Аказалася, шмат: я прайшла па вуліцах Новы Свет і Кракаўскае прадмесце, паглядзела Стары горад.

Узгадалася аповесць Баляслава Пруса «Лялька». Крама Станіслава Вакульскага змяшчалася на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве. Але літаратурныя крытыкі кажуць, што Кракаўскае прадмесце ў «Ляльцы» спісана не з варшаўскай вуліцы, а з люблінскай. Мабыць, правінцыйны Люблін быў бліжэйшы Баляславу Прусу, чым сталіца. Яно і не дзіўна, рос пісьменнік у Люблінскім ваяводстве.

Значнасць Баляслава Пруса для нацыянальнай літаратуры палякі параўноўваюць з Дзікенсам для брытанцаў і Чэхавым для рускіх.

Раней не звяртала ўвагі, а цяпер вось кінулася ў вочы: што ні крок у Варшаве – то некаму помнік. Дык каго ж шануюць сучасныя палякі?

Мікалай Капернік. Аўтар трактата «Аб абароце нябесных сфер», дзе выкла­­дзена і навукова абгрунтавана галіяцэнтрычная тэорыя. Нарадзіўся ў Торуні (на той момант у складзе Прусіі). Валодаў нямецкай мовай і лацінай, яго запісаў па-польску не захавалася. Тым не менш палякі з гонарам кажуць пра Каперніка «польскі астраном».

Кардынал Стэфан Вышынь­скі, прымас Польшчы ў ка­муністычны час. Пакутаваў ад рэпрэсій, спрыяў абранню паляка Караля Вайтылы папам рымскім. Для Польшчы гэта – вялікі гонар (краіна нароўні з Мальтай лічыцца адной з самых рэлігійных у сучаснай Еўропе). Маршруты папы Яна Паўла II вельмі папулярныя. Усё, што з ім звязана, выклікае вялікі інтарэс, у першую чаргу саміх палякаў. Прапануюцца экскурсіі па мясцінах, дзе нарадзіўся папа, дзе ён працаваў, падчас расповеду пра любы помнік сакральнай архітэктуры, калі там калісьці бываў Караль Вайтыла, вам абавязкова пра гэта скажа гід.

Юзэф Панятоўскі, князь і генерал Рэчы Паспалітай, маршал Францыі. У 1792 го­дзе, змагаючыся з расійскімі войскамі за волю Рэчы Паспалітай, вызначыўся ў бітве пад Зяленцамі. Перамога дала падставу для зацвярджэння ордэна Virtuti Militari. Першымі ўзнагароджанымі сталі Юзэф Панятоўскі і Тадэвуш Касцюшка.

Паэт Адам Міцкевіч, што нарадзіўся на беларускай Наваградчыне і пісаў па-польску «Літва, мая Айчына!»

Юзэф Пілсудскі, першы маршал Польшчы. Лічыцца, што помнік жыхары Варшавы паставілі ў падзяку за перамогу ў Варшаўскай бойцы 1920 года і тым самым – за выратаванне незалежнасці Другой Рэчы Паспалітай у вайне з бальшавікамі. На помніку надпісы: «Дэмакратычная польская дзяржава хоча і мусіць ахоўваць культурныя правы ўсіх сваіх грамадзянаў», «Той, хто не шануе і не цэніць свайго мінулага, не варты ні шанавання, ні права на будучыню». Слушныя выказванні! Памяць пра памылкі, зробленыя ў мінулым, – заклад дэмакратычнага развіцця любой дзяржавы.

А яшчэ – варшаўскія сырэнкі (русалкі). Іх скульптурныя выявы вы знойдзеце па ўсім горадзе, восем манументаў.

Сырэнка выяўленая на гербе Варшавы, хоць ніхто і не ведае, адкуль яна там узялася. Легенд, як водзіцца, ходзіць шмат. Адна з іх, бадай што сучасная, апавядае, што варшаўская сырэнка – сястра капенгагенскай русалачкі. Хто ведае...

Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза, які ў 1596 годзе перанёс сталіцу Польшчы з Кракава ў Варшаву. Манумент быў зруйнаваны ў 1945 г. і рэканструяваны ў 1948–1949 гг. Помнік у мініяцюры паўтарае лёс усёй забудовы Варшавы: Стары горад зруйнаваны падчас вайны і адноўлены па даваенных абмерах на старых падмурках.

Няхай вас не падманваюць назвы «Старэ място» і «Новэ място» – усё гэта часткі Старога горада, Старуўкі. Гістарычны цэнтр Варшавы, хай сабе і адбудаваны, унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА менавіта за якасна і дакладна праведзеныя аднаўленчыя работы. Польская рэстаўрацыйная школа была і, бадай што, застаецца найлепшай ва Усходняй Еўропе.

Нават на вуліцы бачна, што Варшава вядзе актыўную ўсходнюю палітыку: запрашае ў музей украінскага Майдана, у бясплатнай газеце змешчана зацемка пра беларускага журналіста А. Буракова, якога суд горада Магілёва абавязаў выплаціць 6 мільёнаў штрафу за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з Deutche Welle.

Пагуляўшы, вырашаю, што час паснедаць. З восьмай-дзявятай гадзіны раніцы пачынаюць працаваць «малочныя бары» – вельмі танныя сталоўкі. Гэткая спадчына сацыялістычнай Польшчы ў цэнтры сучаснага капіталістычнага горада. Узніклі на хвалі барацьбы з алкаголем і неяк прыжыліся. У кожным буйным польскім горадзе знойдзеце парачку, толькі ў Любліне чамусьці няма. Адчуванне, што ты на радзіме, забяспечана: сервіс цалкам савецкі, тыя ж аграмадныя казаны з ежай. Інтэр’еры не зусім тыя, але усё ж.

У меню малочнага бара – цалкам сабе традыцыйныя польскія стравы: журэк, крупнік, флякі, налеснікі, пірогі (на самай справе – варэнікі з рознымі начынкамі) і чамусьці ўкраінскі боршч. Таму парада № 3: калі вы ходзіце ў страўні не па сервіс, а паесці, выдаткоўваць лішнія грошы на рэстарацыі «старапольскай кухні» не абавязкова. Смачна, традыцыйна і танна можна харчавацца ў малочных барах.

Калі хацела зрабіць фота меню, касірка сказала, што фатаграфаваць забаронена. А каля прэзідэнцкага палацаможна, я пыталася. Маю фотадоказ.

Цікава, што «рускія пірогі» ў палякаў – гэта варэнікі з тварагом. А крупнік – гэта яшчэ суп, акрамя алкагольнага напою з такой жа назвай, на зёлках і мёдзе. Суп і бяру. Дадаю смажаны шпінат.

Такі сняданак абыходзіцца ў 6 злотых (каля 20 тысяч беларускіх рублёў). У прынцыпе, кошт беларускай сталоўкі. Спрабую расплаціцца купюрай у 50 злотых і атрымліваю ад касіркі сервіс ва ўсёй прыгажосці: «А я не маю рэшты» (бар ужо гадзіну як адчынены. Няўжо не нагандлявалі?). Касірка разменьваць не рупіцца, нейкі пан разбівае мне пяцідзясятку. Я ж кажу, сацыялістычны сервіс!

Парада № 4: дэсерты раю у сеткавых кавярнях Grycan ці Buczek. Першыя знакамітыя смачным марозівам, другія – выпечкай.

Назад я прыляцела ў ня­дзелю, простага аўтобуса да Мінска не было. Варыянтаў некалькі: начаваць у Варшаве і выязджаць ранішнім рэйсам ці ехаць уначы да Вільні, а адтуль ужо дабірацца да Мінска. Ёсць яшчэ трэці варыянт, які я і абрала: начны аўтобус да Ліды (ідзе праз Горадню), потым – электрычка Ліда – Мала­дзечна і Маладзечна – Мінск. Бадай што, варыянт самы танны (74 злотыя плюс 25 тысяч беларускіх, атрымліваецца каля 18 еўра) у параўнанні з аўтобусам за 380 тысяч ці цягніком за 900. Але на аматара, канечне. Затое можна на працу паспець пры жаданні.

Такі вось атрымаўся Варшаўскі транзіт па дарозе на фольк-фестываль у шведскім Ліншопінгу.

https://www.traditionrolex.com/8