Польскі турыст: «Беларусь не ёсць краіна страчаных магчымасцяў, і беларусы проста павінны чакаць, пакуль хтосьці нарэшце выкарыстае гэтыя магчымасці»

11.06.2014 - Новости

Польскі турыст: «Беларусь не ёсць краіна страчаных магчымасцяў, і беларусы проста павінны чакаць, пакуль хтосьці нарэшце выкарыстае гэтыя магчымасці»

З Гародняй я звязаны цягам многіх гадоў. У мяне там жыве шмат знаёмых. Упершыню наведаў Беларусь некалькі гадоў таму. Гэта былі часы ранняй перабудовы, дзе памежны гандаль квітнеў з астранамічнай хуткасцю, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Беларусы куплялі абсалютна ўсё, што было звязана з замежжам: абутак, адзенне, касметыку, жавальную гумку і іншае. У сваю чаргу палякі ахвотна куплялі тэлевізары, бытавыя прыборы і тэхніку для штодзённага выкарыстання, золата. Я быў непрыемна здзіўлены беднасцю і спустошанасцю гэтага горада. На дарогах мы сустракалі розныя версіі прымітыўных легкавых і грузавых аўтамабіляў, у тым ліку знакамітага ЗІЛа-105 (ЗІЛ-105 – трохі цягнуць, трохі штурхаць). Спыніўся тады ў знаёмай настаўніцы, якая была ўжо на пенсіі. Яна была вельмі сардэчная і гасцінная, аднак прывезеныя мною запасы не пажадала выкарыстоўваць. Яна хацела, каб мы паспрабавалі пажыць хаця б некалькі дзён так, як жыве яна і большасць людзей у Беларусі. Я памятаю, што яе пенсіі (калі не памыляюся, гэта 240 зайчыкаў, як яны называлі сваю валюту), дастаткова было толькі на 4 кілаграмы сыру. Таму сыр і вяндліну ела два разы на год – на Каляды і Вялікдзень. І то ў невялічкай колькасці. Палова пенсіі ішла на аплату камунальных паслуг, другая частка прызначалася на тое, каб пражыць. Яна ела амаль толькі бульбу.

І вось сёлета меў запланаваную паездку ў Беларусь пасля некалькіх гадоў перапынку. Гэта была супольная паездка з сябрамі да знаёмых, якія жывуць у Гародні. Выехалі а 8-й гадзіне польскага часу. Першая рэч, якая можа здацца на мяжы неспадзяванкай, – гэта адсутнасць чэргаў на выездзе з Польшчы. Польскаму памежніку было дастаткова 5 хвілін, каб аформіць наш выезд, і польскі мытнік не цікавіўся намі. Едзем далей, польскі шлагбаум за намі. Цяпер толькі атрымаць паперку ўезду ад беларускага памежніка – і мы на баку ўсходняга суседа. Інстынктыўна я паклаў гэту паперку ў кішэнь. Ужо на дарожным пераходзе «Брузгі» можна ўбачыць розніцу ў інфраструктуры.

І тут – неспадзяванка. Дзве паласы на чырвоны канал, дзве – на зялёны. Бачым, што палякі стаяць на чырвоны канал, таму і мы сталі на чырвоны. Кароткая інфармацыя, і мы ўжо ведаем, што рабіць. Мусім запоўніць квіток у беларускага памежніка і прайсці пашпартны кантроль, стоячы непасрэдна каля акенца, а таксама запоўніць дэкларацыю на часовы ўвоз у двух асобніках. Я не езджу занадта часта, таму вырашыў зрабіць аднаразовы ўезд, тым больш ён бясплатны.

За акенцам сур'ёзны памежнік, які, акрамя пашпарта, просіць медыцынскую страхоўку, зялёную карту і паперку, якую я атрымаў пры ўездзе. Момант прыгадваю, дзе яна ёсць, і дастаю скамечаную паперку з кішэні штаноў. І вось тут пачынаецца праблема. Памежнік з непрыхаванай злосцю крычыць: «Што гэта такое? Чаму такая скамечаная?» Я абарочваюся з думкай, што, магчыма, гэтыя гнеўныя выказванні не ў мой адрас. Але гаворка ішла пра маю паперку. Лепшая абарона – гэта напад. Кароткі абмен словамі – і памежнік, не развітваючыся, аддае дакументы. У той жа момант пакідае працоўнае месца і ідзе да мытніка на «перакур». Стаяць, пра штосьці размаўляюць. А людзі ў гэты час стаяць пад акенцам і чакаюць.

Перад намі на чырвоны канал стаіць каля 10 аўтамабіляў. Тэарэтычна, нібы няма ніякай чаргі. Дакументы запоўненыя, памежніка прайшлі. Застаецца мытны кантроль. Мы чакаем, чакаем, а руху не назіраецца. Першы аўтамабіль – беларускі, мае нейкую праблему. Чатыры чалавекі выносяць з аўтамабіля розныя рэчы, які яны купілі ў Польшчы, і кладуць іх на шалі. Памідоры, падгузнікі, прасавальная дошка, тэлевізар LCD – усё разам. Па тым, як выглядала размова падарожнікаў з мытнікам, было зразумела, што нешта не так. У выніку выклікаюць начальніка змены. Аўтамабіль пакідае паласу і ад’язджае ўбок. Мы ўсё яшчэ стаім, але чарга пачала трошкі рухацца. Нарэшце пасля дзвюх гадзін сваёй прысутнасцю нас парадавала мытная служба. Вядома, мы нічога не маем і ўсё ў парадку. Яшчэ адзін штамп на дакуменце часовага ўвозу, адзін штамп на паперцы ўезду – і «Сардэчна запрашаем у Беларусь». Такім чынам, дзве гадзіны давялося стаяць. І гэта пры наяўнасці на мяжы 10 аўтамабіляў. Але гэта, мабыць, добра, бо магло быць горш.

Мы ў Беларусі… Тут я быў у шоку. У шоку станоўчым. З папярэдняй паездкі я памятаю Гародню зусім іншай: будынкі, якія распадаюцца, усюды блокі з бетонных пліт, пустыя крамы і шэрыя людзі, якія глядзяць у зямлю і не ў стане адказаць на простыя пытанні. Замест гэтага я пабачыў іншы горад. Адноўленыя даваенныя домікі, горад дагледжаны і чысты, на вуліцах, падаецца, бяспечна. Паколькі я жыву на Падляшшы, то бачу, на якіх аўтамабілях прыязджаюць, што купляюць у нашых крамах. І бяруць яны ўсё, пачынаючы ад прадуктаў харчавання і заканчваючы будаўнічымі матэрыяламі. Гэта краіна з вельмі высокім попытам, паколькі ўласная індустрыя цягам многіх гадоў была скіравана на самадастатковасць і незалежнасць ад Захаду. Таму можна трохі засумнявацца ў якасці беларускіх тавараў, якіх у крамах хапае.

Людзі свабодна з намі размаўлялі, ахвотна падтрымлівалі размову з палякамі (бо акцэнт выдаваў нас адразу). Вядома, жывецца там трохі лепш, чым ва Украіне, у якой значна цяжэй і з працай, і з сацыяльнай дапамогай. На вуліцах можна ўбачыць шмат міліцыянтаў. Аднак ніхто ні нас, ні наш багаж не правяраў. Я даведаўся, што падвойнае пакаранне замежніка цягам аднаго года штрафам са складаннем пратаколаў аўтаматычна забараняе ўезд у краіну.

Беларускі рубель з'яўляецца валютай непажаданай. Беларусы, як толькі маюць магчымасць, купляюць долары. Усё пераводзяць у гэту валюту. Долары – гэта адзіная валюта, да якой яны маюць давер. Ёсць яшчэ еўра, але долары карыстаюцца большай папулярнасцю.

Беларусы нейкім чынам даюць сабе рады. Яны шмат працуюць, падзарабляюць, штосьці камбінуюць. Як і ў Польшчы напачатку 90-х гадоў, квітнее памежны гандаль, у асноўным гэта кантрабанда. На цыгарэтах, электроніцы ды паліве можна нядрэнна зарабіць.

З-за інфляцыі сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. На беларускім крызісе найбольш нажыліся расійцы, якія, карыстаючыся ўмацаваннем свайго рубля ў дачыненні да беларускага, прыязджалі ў Беларусь за пакупкамі. Куплялі так шмат (і не толькі яны), што паліцы хутка сталі пустымі. Цяпер гэтай праблемы няма, бо на дапамогу Беларусі прыйшлі расійскія крэдыты...

Большая частка прадпрыемстваў была прададзеная расійцам, якія маюць долю, як правіла, у дзяржаўных прадпрыемстваў. Гіпермаркеты таксама належаць ім. На дадзены момант Лукашэнка шукае іншыя магчымасці крэдытавання эканомікі. Кіраўнік краіны ў адным са сваіх выступаў заявіў, што Беларусь стукаецца ў кожныя дзверы, але ўваходзіць туды, дзе яе ўпускаюць. Ратункам для Беларусі могуць быць крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду, але ён іх не дасць, пакуль Беларусь не правядзе глыбокія эканамічныя рэформы. А гэта, у сваю чаргу, азначае пачатак канца дыктатуры.

Якая праўда пра Беларусь?

Беларусь – краіна парадоксаў: чыстыя вуліцы, чыстыя лясы, палі, вёскі, сучасныя мадэлі заходніх аўтамабіляў, якія нічым не адрозніваюцца ад тых, што ездзяць па польскіх дарогах (вядома, іх менш, але яны даступныя), і людзі ходзяць усміхаючыся. З іншага боку, трэба штосьці камбінаваць, каб выжыць.

Беларусь нельга назваць краінай без праблем. Без сумнення, яна мае іх значна больш, чым краіны Еўразвязу. Але, як паказвае гісторыя, Беларусь не ёсць краіна страчаных магчымасцяў. Яны заўсёды з'яўляюцца, і беларусы проста павінны чакаць, пакуль хтосьці нарэшце выкарыстае гэтыя магчымасці.

Умовай атрымання грашовай дапамогі ёсць праца, звязаная з прыбіраннем. Я бачыў шмат такіх асоб, якія прыбіралі. Яны павольна ходзяць, шукаючы маленькага лістка паперы. Мне не падалося, што яны спяшаюцца ці адчуваюць сябе прыніжанымі.

Дарогі выдатныя, але дрэнна адзначаныя, таму можна лёгка заблудзіцца. Але тут дапаможа GPS або мапа. Кіроўцы надзвычай ветлівыя. У спрэчных сітуацыях усе стараюцца прапусціць, з’ехаць з дарогі. Адноўлены помнікі, палацы, замкі, сядзібы. Відавочна, зроблена гэта з думкай пра турыстаў, якіх вельмі мала. І, магчыма, таму, што для таго, каб патрапіць у Беларусь, патрэбна віза. Аднаразовая віза каштуе 30 еўра, шматразовая з запрашэннем – 60 еўра.

На дадзены момант, на маю думку, самая вялікая праблема ў Беларусі – гэта бюракратыя. Гэта «ахілесава пята» эканомікі. Колькасць дакументаў, дазволаў, якія суправаджаюць, напрыклад, імпарт тавараў з краін Еўразвязу, проста палохае. У дадатак да гэтага могуць узнікнуць праблемы з мытнымі кодамі, якія трохі адрозніваюцца ад прызнаных у Еўропе. Ведаю гэта з уласнага досведу, бо меў дачыненне да мытных і падатковых спраў у беларускіх установах.

Вяртанне з Беларусі

Ужо вяртаючыся ў Польшчу, запраўляем поўны бак. Як жа іначай?! Цана паліва – няпоўны еўра. У Еўразвязе яно ў два разы даражэйшае. Чарга на мяжы была невялікая, каля 30 аўтамабіляў. Мы чакаем, чакаем, а чарга ўсё не рухаецца. Прастаялі 4 гадзіны. На тое, каб прайсці беларускага мытніка і памежніка, спатрэбілася каля гадзіны. Разам – 5 гадзін. Для некаторых можа падацца, што гэта хутка, але не для нас.

У Беларусь цяжка ўехаць, але яшчэ цяжэй выехаць. Мяжа – вялікая перашкода для свабоднага перамяшчэння паміж нашымі краінамі.

Рубрики: Общество

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах