Помнік князю Альгерду можа з’явіцца ў Віцебску ўжо ў гэтым месяцы

15.06.2014 - Новости

Помнік князю Альгерду можа з’явіцца ў Віцебску ўжо ў гэтым месяцы

Гарвыканкам чарговы раз абяцае ўсталяваць у Віцебску помнік вялікаму князю Літоўскаму Альгерду да дня горада – адкрыццё помніка ўнесена ў праграму ўрачыстасцяў з нагоды 1040-годдзя абласнога цэнтра і павінна адбыцца 27 чэрвеня ў 15.00, паведамляе «ННВ».

Як і планавалася, помнік князю, пабудаваўшаму віцебскія замкі, усталююць насупраць Свята-Васкрасенскай царквы недалёка ад ратушы, дзе ўжо чатыры гады стаіць пусты пастамент, аздоблены барэльефамі гэтых замкаў.

Аднак за час шматгадовай эпапеі з ўшанаваннем памяці князя Альгерда паспеў змяніцца аўтар манумента. Замест выйграўшага конкурс віцебскага скульптара Валерыя Магучага цяперашні варыянт помніка створаны сталічным скульптарам Сяргеем Бандарэнкам, найбольш знакамітым скульптурнымі выявамі коней.

Уласна канцэпцыя помніка не змянілася – князь Альгерд з непакрытай галавой у баявым рыштунку сядзіць на кані, трымаючы на правай руцэ сокала. Па ацэнку адпаведнасці знешняга выгляда скульптуры гістарычным рэаліям «ННВ» звярнуліся да эксперта, віцебскага гісторыка і кіраўніка клуба гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн» Макара Бабенкі.

Сам вобраз князя ўжо выклікае пытанні, лічыць эксперт: куды падзеліся атрыбуты ўлады, чаму на скульптуры князь выглядае простым вешнікам на кані? Калі звярнуцца да гістарычных выяўленчых крыніц і асабліва княскіх пячатак з выявамі ваяроў ці нават саміх князёў, відавочна бачна, што ва ўсіх выпадках на галаве яны маюць альбо шалом (часта з адкрытым тварам) альбо карону ці княскі галаўны ўбор. Але аніяк не «непакрытую галаву», што ў сярэднявеччы было сімвалам ніжэйшага саслоўя.

– Асноўнай жа візуальнай праблемай дадзенага помніка з’яўляецца відавочная стылізацыя элементаў даспехаў і амуніцыі, – адзначае спадар Бабенка. – Прычым не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці сярэднявечным прататыпам, але і з боку здаровага сэнсу і практычнасці іх выкарыстання.

Незразумелы панцыр паўзверх кальчугі: падобныя панцыры існавалі ў XIV стагоддзі, але мастак у пагоні за «вобразам» абсалютна недарэчна сумясціў пласціны панцыра і кальчугу ў адзінае цэлае. Панцыры такога тыпу апраналіся альбо асобна, альбо паўзверх кальчугі, і ў любым выпадку на скульптуры панцыр мусіць мець плечавыя мацаванні.

Зноў-такі незразумелая сама ахова «пляча» ў выглядзе кампіляцыі наплечнікаў і больш ранняй аховы «біцэпса», якую аўтар відавочна пераняў з візантыйскіх выяўленых крыніц, але такі рыштунак не існаваў ў дадзеным варыянце. Што тычыцца наручаў, то наручы такога ўзору проста фізічна не апраналіся на кальчугу, бо будуць слізгаць з яе. Потым – на правай руцэ Альгерда мусіць быть скураная пальчатка для сокала, без якой проста немагчымыя аніякія дзеянні з драпежнай птушкай. Аднак замест яе мы маем нейкія непаразумелыя пласціны.

У выяўленні аховы ног зноў назіраецца эклектыка элементаў узбраення – латную ахову ног, апранутую паўзверх кальчужных панчох. Што, па-першае, тэхнічна немагчыма насіць, а па-другое, гістарычна недаставерна. Таксама відавочна, што элементы паса з’яўляюцца стылізаванымі і не маюць археалагічных прататыпаў.

Такім чынам, мы маем шэраг гістарычных памылак ў знешнім выглядзе скульптуры, якія, на думку эксперта, тым не менш, можна было досыць проста выправіць пасля кансультацый з адмыслоўцамі.

Акрамя таго, сокал на руцэ ў князя дрэнна спалучаецца з абарончым узбраеннем – на паляванне не ездзілі ў даспехах. Віцебскім экскурсаводам прыйдзецца паламаць галаву, каб патлумачыць турыстам гэтую акалічнасць. Можа, Альгерд палюе пад толькі што вызваленым Кіевам, дзе яшчэ гойсаюць загоны ардынскіх недабіткаў? Ці, можа, ён пускае драпежную птушку, каб збіць паштовага галуба, які нясе вестку ад маскоўскіх віжоў, што вось-вось грукне ў вароты крамля грозная літоўская дзіда? У любым выпадку гэта вытлумачыць будзе трохі лягчэй, чым існаванне ў цэнтры паўночнай сталіцы Беларусі трох пустых пастаментаў.

Сяржук Серабро

Рубрики: Калейдоскоп

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах