https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>3 кастрычніка ў эфіры тэлеканала «Беларусь-2» выйшла новае шоу накшталт «Апошняга героя», праўда, знятае не на Карыбскіх астравах, а ў валожынскім засценку Скрыплеў. Гэта хутар, куды дзесяцярых «панаехаўшых» (так называецца праграма) адправілі на два тыдні. Па задуме арганізатараў, удзельнікі праекту мусілі пражыць некалькі тыдняў у вёсцы без інтэрнэту і тэлефонаў, абыходзячыся толькі натуральнай гаспадаркай і працуючы на зямлі. Уладальнік хутара, якія на свае вочы бачыў усе пакуты ўдзельнікаў, — гэта сталы чытач «Нашай Нівы» Васіль Грынь. Гаспадар расказаў нам пра здымкі.</strong></p>

«Мне задума спадабалася адразу, і назва зачапіла, таму даў згоду на здымкі ў маёй хаце, — прызнаўся Васіль. — Але і арганізатары малайцы — адабралі ну такіх ужо гарадскіх-гарадскіх, такіх адарваных ад вёскі, што яны абсалютна нічога рабіць не ўмелі. Іхняя дзейнасць ніяк не звязаная з вясковым асяродкам — гэта моды, стрыптыз, поп-эстрада ды ўсё такое. Так бы мовіць, карэнныя «гарадскія», якія на зямлі ніколі не працавалі, мо і іхнія бацькі таксама».

Удзельнікі толькі дакрануліся да сапраўднага вясковага жыцця. Што гэта такое, напоўніцу яны не зразумелі і нічога рабіць не навучыліся. 

«Ну ўцямілі, што такое саха і карыта. Гэта ж людзям у навіну было, разумееце? Вось яны жылі-жылі, а тут раз — і ты на хутары без інтэрнэту, без каналізацыі, без крамы. Людзі губляліся, хтосьці плакаў. Камусьці было дзіка чысціць хлеў за свіннямі, іншая шкадавала манікюр, выбіраючы буракі. У іншы свет трапілі», — смяецца Васіль, расказваючы пра прыгоды «гарадскіх».

Гаспадара сядзібы здзівіў сам факт, што вясковае жыццё ператвараецца ў шоу для тэлебачання.

«Засекчы пеўня — гэта ж звычайная справа. Як яшчэ суп варыць? Але не — там такая карцінка атрымалася, сапраўдны баявік», — кажа Васіль і адзначае, што нават рэжысёр перадачы пастаянна раіўся з Васілём ды ягонымі суседзямі наконт таго, ці адпавядаюць кадры рэчаіснасці.

«Але я ўсё ж мяркую, што атрымалася добра і карысна. Бо, па-першае, удзельнікі на сваім поце адчулі, што за кожным прадуктам стаіць чалавечая праца. Раней яны ішлі ў супермаркет, не задумваючыся, а цяпер, напэўна, калі яны будуць з паліц бульбу браць, то ўзгадаюць, як карачыліся, і ў галаве ці спіне штосьці стрэльне, — перакананы Васіль. — Да таго ж людзі ўбачылі, што Беларусь — яна розная. Ёсць абсалютна іншае жыццё, якое рэальнае, пад бокам, а не недзе там».

Васіль адзначае, што ўсе ўдзельнікі разумелі беларускую мову і часам спрабавалі гаварыць па-беларуску. Здымкі занялі 16 дзён, цягам якіх удзельнікі змагаліся са сваёй «гарадской натурай». Праз дзень-два з праграмы выганялі аднаго чалавека, і ў выніку да фінала дайшлі тры чалавекі — пераможцу сярод іх абяруць тэлегледачы, якія могуць глядзець «Панаехаўшых» пачынаючы з 3 лістапада.
nn.by

https://www.traditionrolex.com/8