Так званыя зоны гасціннасці, якія арганізавалі пад хакейны чэмпіянат свету, прыйшліся па гусце большасці замежных заўзятараў.

Нашы раённыя хлопцы і дзяўчаты, якія прыходзяць сюды падпіць і пазнаёміцца з іншаземцамі, падаюцца гасцям дружалюбнымі. Кошты – не б’юць па кішэні. Мінск не апынуўся якім-небудзь захалусцем, а амапаўцы не запіхваюць усіх запар у варанок. Відаць, пасля маштабнай «зачысткі» напярэдадні і падчас першынства, калі былі затрыманыя больш за 30 моладзевых актывістаў апазіцыі, міліцыі можна расслабіцца.

«Я наведваў каля 20 чэмпіянатаў свету. Гэты найлепшы, – выдае Томас, швейцарац з Цюрыха. – Быць тут цудоўна. Мінск – гэта вялікая вечарынка падчас гэтага чэмпіянату. Ніякіх праблем. Людзі такія дружалюбныя. Гэта абсалютна цудоўна».

Еўрарадыё: «Дык што тут такога выключнага?»

Томас: «Людзі! Людзі – яны проста цудоўныя!»

Адзін са швейцарскіх заўзятараў ведаў пра тое, што перад чэмпіянатам за краты пасадзілі як мінімум некалькі дзясяткаў чалавек. Мужчыне было важна, ці з’яўляецца Еўрарадыё свабодным СМІ. Але за выключэннем гэтага моманту мінскі чэмпіянат свету па хакеі яму прыйшоўся даспадобы.

Немец Марк, які прыехаў з-пад Штутгарта, распавядае і пра пэўныя цяжкасці і непаразуменні, з якімі яму давялося сутыкнуцца.

«Я жыву ў сябра, у яго кватэры, і таму павінен быў зрабіць рэгістрацыю. Трэба было ісці ў спецыяльны офіс, адтуль – у банк, каб плаціць унёсак, потым зноўку вяртацца ў офіс. Гэта заняло шмат часу. Я не разумею, навошта замежным турыстам, якія прыязджаюць на чэмпіянат свету па хакеі, рэгістрацыя, – здзіўляецца наш нямецкі госць. – Аднойчы мне захацелася скарыстацца публічным інтэрнэтам. І я павінен быў паказваць свой пашпарт. Я так і не зразумеў, навошта. Гэта не так дрэнна, але не вельмі камфортна».

Усё астатняе, пра што распавядае Томас, – выключна пазітыўныя дэталі:

«Я наведваў чэмпіянат свету ў Германіі ў 2010 годзе, быў у Манхэйме. Там толькі перад стадыёнам было нешта кшталту таго, што я бачу тут. Але ў Беларусі нашмат лепш. Для мяне Мінск вельмі прыязны горад. Мне падабаецца, што ён зялёны. Вуліцы шырокія. Шмат вялікіх будынкаў, вады, паркаў. Шмат месца. І гэта вельмі бяспечны горад, я лічу, людзі вельмі прыязныя».

Расійскія заўзятары, якіх у Мінску дзясяткі тысяч, ад нашай сталіцы таксама ў поўным захапленні. Прынамсі, тыя фаны, якія з размахам бавяць час у зоне гасціннасці ля Палаца спорту.

«Гэта мой першы чэмпіянат свету па хакеі. Беларусь – найлепшая краіна, якая чэмпіянаты можа прымаць, – перакананы Міхаіл з Падмаскоўя. – Таму што тут лёгка, усе адпачываюць, усім весела. Пакуль не пераможам, не з’еду. Заўтра прыедзе Малкін – і будзем перамагаць».

Расіяне адчуваюць эйфарыю і праз добрую гульню сваёй зборнай, якая пакуль перамагае, і ад таго, што Беларусь – адна з рэдкіх краін, дзе на іх не паказваюць паўсюдна пальцам і не папракаюць у імперыялізме.

«Мы за Расію да канца. Мінск – гэта вельмі класны горад. Людзі вельмі прыветлівыя, нас тут паважаюць, – кажа расіянін Арсеній, загорнуты ў свой дзяржаўны трыкалор. – Гэта наш брацкі народ, і яны нас прынялі як сваіх братоў і як найлепшых сваіх сяброў. Усё добра, адносіны з іншымі фанатамі добрыя. Кошты на ўсё проста цудоўныя. Нас здзіўляе чысціня горада. У параўнанні з Масквой – гэта неба і зямля».

Заўзятарка з Фінляндыі Элена лічыць, што нашы арэны не саступаюць найлепшым лядовым палацам у яе краіне:

«Яны вельмі добрыя. «Мінск-арэна» – такая ж, як у нашай краіне на мінулым чэмпіянаце свету. Я прысутнічаю на такіх спаборніцтвах у пяты раз. І тут ўсё па-іншаму, але вельмі шмат мілых, сапраўды дружалюбных людзей. Атмасфера такая ж. Сэрвіс трошкі больш павольны, чым мы прызвычаіліся, але ўсё працуе добра. Кошты сапраўды малыя. Людзі ў добрым настроі, няма ўвогуле ніякіх праблем».

Француз Лёро, які ў Мінску не ўпершыню, заўважыў імклівы скачок коштаў. Але заўзятару ад гэта, мяркуючы па ўсім, не надта балюча.

«Цудоўная арганізацыя, хоць я на чэмпіянаце па хакеі на лёдзе ўпершыню. У Мінску я раней бываў. Тут вельмі добрыя мірныя людзі. Вельмі добрая бяспека. Мінск вельмі прыгожы горад і вельмі чысты. Са мной тут здараліся толькі добрыя сюрпрызы. Праўда, кошты пайшлі ўверх, асабліва за здымную кватэру. Я плачу за кожны дзень на 40 еўра больш, чым гэта каштавала раней».