Што трэба ведаць турыстам, якія адважыліся адпачыць у Крыме

06.07.2014 - Новости

Што трэба ведаць турыстам, якія адважыліся адпачыць у Крыме

Большасць тых, хто прывыклі праводзіць летні адпачынак у Крыме, цяпер вымушаныя шукаць новыя месцы для адпачынку ля мора. Аднак многія, нягледзячы ні на што, не хочуць адмаўляцца ад звыклых месцаў адпачынку. «Свабода» высвятляла, з якімі праблемамі могуць сутыкнуцца турысты, адпраўляючыся адпачываць на паўвостраў, і якія абставіны ім трэба ўлічваць, паведамляе Радыё Свабода.

Першае, пра што варта падумаць, плянуючы паездку цягніком — гэта купля зваротных квіткоў. На паўвостраве яны ў 3-4 разы даражэй, чым на мацерыку: кошт квіткоў у Крыме пераведзены на міжнародны тарыф.

Для таго, каб праехаць на паўвостраў цягніком, трэба прайсьці два памежных кантролі: украінскі — у Мелітопалі, і расейскі — у Джанкоі. Памежнікі правяраюць пашпарты і могуць правесьці агляд рэчаў.

Існуюць свае асаблівасьці зь перасячэньнем адміністрацыйнай мяжы з Крымам на аўтамабільным транспарце. Памежнікі могуць доўга правяраць фуры, якія завозяць тавары на паўвостраў, з-за чаго часам утвараюцца вялікія заторы.

У прэс-службе памежнай службы Ўкраіны таксама паведамілі, што ў выпадку паездкі ў Крым зь дзецьмі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, без аднаго з бацькоў, памежнікам трэба дазвол ад другога з бацькоў на перасячэньне дзіцем мяжы. Інакш у Крым яго ня пусьцяць. Пры гэтым дазвол неабходна запэўніць ў натарыюса.

Кошт пражываньня застаўся даступным. Агляд крымскіх гарадоў

Ад пачатку сёлетняга года адпачынак у Крыме падаражэў у сярэднім на 25-30% ад узроўню мінулага году, перастаўшы быць даступным нават для турыстаў з Расеі, якія заўсёды выбіралі для сябе сэгмэнты «вышэй за сярэдні» і «люкс». Крымскія гатэльшчыкі трымалі цану ўвесь чэрвень, чакаючы, што вось-вось на паўвостраў зьедуцца абяцаныя расейскімі ўладамі турысты. У ліпені настроі зьмяніліся.

Усьвядоміўшы, што летнія дні, а значыць, і магчымасьць адзінага заробку зьнікаюць незваротна, шматлікія ўладальнікі крымскіх гатэляў перагледзелі сваю цэнавую палітыку. У ліпені звычайна стартаваў «высокі сэзон» і традыцыйна ўзрастаў кошт пражываньня. Аднак сёлета цэны сталі зьніжацца.

Дырэктар этнаграфічнага комплексу «Одун-Базар къапусы» Дыляра Якубава распавяла, што сёлета ў траўні ў Эўпаторыі быў адкрыты этна-гатэль «Джаваль», які прапануе пажыць у атмасфэры крымскататарскіх традыцыяў. Кошт стандартнага двухмеснага нумару ў гатэлі, разьлічанага на сэгмэнт «вышэй за сярэдні», у чэрвені склаў 2.300 рублёў (каля 680 000 беларускіх), у ліпені павінен быў падняцца да 3500 рублёў (каля 1 мільёна беларускіх).

«Цяпер у нас занятыя толькі дзесяць нумароў, прычым у сямі зь іх — камандзіраваныя людзі, — распавядае Дыляра Якубава. — Паколькі гэтыя кліенты жывуць у нас ад траўня месяца, мы ня сталі павышаць для іх кошты і пакінулі на ўзроўні чэрвеньскіх».

Калі ў курортных гарадах гатэлі запоўненыя ў лепшым выпадку напалову, то лёс курортных пасёлкаў паўвострава, арыентаваных на сэгмэнт «эканом клас», зусім незайздросны. Большую частку турыстаў, якія прыяжджалі ў паселішча Міжводнае Чарнаморскага раёну, складалі сем’і з Украіны і Беларусі. Добра разьвітая інфраструктура пасёлка, прымальныя цэны і нядрэнныя пляжы дазволілі яму здабыць славу «паўночна-заходняй Ялты». Цяпер у Міжводным бязьлюдна. Не прыехалі ўкраінцы, не прыехалі і беларусы, якія не захацелі рабіць крук праз Краснадар.

Кошт пражываньня ў Міжводным застаўся, як мінімум, на ўзроўні мінулага году, а шматлікія ўладальнікі пансіянатаў гатовыя пайсьці на дадатковыя зьніжкі і саступкі. Кошты ў мясцовых кафэ і барах заўсёды былі на парадак менш, чым у курортных Ялце, Алушце або Судаку. А кошт садавіны і агародніны ніжэй, чым у сталіцы Крыму — Сімфэропалі.

Што да аблюбаванага турыстамі месца адпачынку — Судака — то сёлета тут ня сталі падымаць цэны на жытло, прычым выбар яго як ніколі вялікі. Як распавяла уладальніца хостэла «Sudak International» Натальля Кірычэнка, сёньня жыць у Судаку недалёка ад мора ў пакоі з выгодамі — душ, туалет, кандыцыянэр — можна ад 43000 да 103 000 бел.руб (у пераліку) за чалавека.

Кошт харчаваньня ў кафэ і рэстаранах Судака адрозьніваецца ў залежнасьці ад узроўню установы. Эканом-варыянт: сьняданак — 50 рублёў (15 тыс.бел), абед — 150 рублёў (44,5 тысяч бел).

На набярэжнай Ялты і Гурзуфа крыху ажыўлена. Як распавёў уладальнік двухпакаёвай кватэры ў Ялце, якую ён штогод здаваў турыстам, жытло цяпер можна знайсьці і ад 172 000 бел.рублёў на суткі за добрую адна-двухпакаёвую кватэру з выгодамі і добрым рамонтам. Сярэдні чэк у кафэ ў тутэйшых рэстаранах — у пераліку 130-172 тыс. бел. рублёў на чалавека.

Севастопаль стаў, бадай, самым дарагім горадам для пражываньня ў гэтым рэйтынгу. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, цэны на арэнду жыльля тут вырасьлі ў 1,5-2 разы. Зьняць звычайную аднапакаёвую кватэру на суткі будзе каштаваць ад 430 тыс.бел.рублёў. На працяглы час такое жыльлё абыдзецца ў 2.5 мільёны і больш на месяц. Цэны на прадукты ў Севастопалі вышэй на 20%, чым у Сімфэропалі, і на 30% вышэй, чым у Бахчысараі.

Усе фінансавыя разьлікі ў Крыме вядуцца толькі ў расейскіх рублях.

Пункты абмену валюты і пляжы

Сёлета на вуліцах курортных гарадоў і пасёлкаў дробных прыватных пунктаў абмену валют стала прыкметна менш. Як правіла, яны разьмяшчаюцца побач з набярэжнымі або ажыўленымі пешаходнымі вуліцамі. У курортных гарадах валюту можна абмяняць у адкрытых банках. У пасёлках гэта будзе зрабіць больш складана.

У Севастопалі, як запэўніваюць мясцовыя жыхары, ніколі не было закрытых або платных пляжаў. Зачынены доступ да мора толькі на ваенных аб’ектах з выхадам да мора і на дачы камандуючага Чарнаморскім флётам Расейскай Фэдэрацыі.

Новы крымскі «ўрад» пачаў паказальную барацьбу з платамі вакол пляжаў і з платным доступам. Шэраг раней закрытых пляжаў сапраўды сталі даступнымі. Але за дадатковыя паслугі ў выглядзе шэзлёнгаў або парасонаў прыйдзецца даплочваць у любым выпадку.

Усе суразмоўцы Свабоды ў Крыме выказалі ўпэўненасьць, што адпачываць тут бясьпечна. Разам з тым, разьлічваць на поўную бясьпеку ад прадстаўнікоў крымскай «самаабароны» для турыстаў складана, паколькі ў яе шэрагі часьцяком уваходзяць людзі, якія ня маюць спэцыяльных навыкаў забесьпячэньня грамадзкага парадку. Пры гэтым прадстаўнікі гэтай ваенізаванай структуры маюць шэраг паўнамоцтваў, якія дазваляюць ім правяраць у мінакоў дакумэнты і нават затрымліваць іх да прыезду паліцыі.

Курортнікам таксама раяць устрымацца ад палітычных дыскусіяў.

Рубрики: Безопасность Направление

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах