«Стары Ольса» – квiнтэсенцыя нацыянальнай iдэi

18.11.2014 - Новости

Автор: Кацярына ГУСЕВА


«Стары Ольса» – квiнтэсенцыя нацыянальнай iдэi

Гурт «Стары Ольса» адзначыў свой 15-гадовы юбiлей. З гэтай нагоды ў зале ДК МАЗ адбыўся вялiкi сольны канцэрт, якi сабраў столькi гледачоў, што вольных месцаў проста не засталося.

Музыкi пачалi свой выступ з апантанай i крыху хулiганскай песнi «У карчме». «У карчме калi мы былi, справы нас не клапацiлi»… Так i ладзілася на пряцягу ўсяго канцэрту – нiхто нi аб чым не клапацiўся, гледачы падпявалi ўжо знаёмыя словы песень i пляскалi ў далонi. А я раптам падумала, што ведаю «ольсаў», падаецца, з самага заснавання гурта, кружэлкi з iх музыкай круцяцца ў маёй машыне, i кожны раз з асаблiвай асалодай я хаджу на iх канцэрты.

За 15 год гурт «Стары Ольса» стаў своеасаблiвай квiнтэсенцыяй нацыянальнай iдэi – гледачы, якiя прыходзяць у вышыванках, дыскi з беларускай музыкай, што разыходзяцца як гарачыя пiражкi, i беларуская мова, якая гучыць у вестыбюлi. Прычым гучыць не штучна, а натуральна – так размаўляюць людзi, якiя думаюць менавiта тымi словамi, якiмi i гавораць. Разумееце, калі мы пачынаем думаць на сваёй мове, то бок мы жывем як нацыя. I ў пачатку гэтай моды на беларускае, ля ее вытокаў, быў гурт «Стары Ольса». Вось пра што я думала, калi слухала ў цёмнай зале старадаўнiя, спеўныя, моцныя i заўжды цудоўныя мелодыi. I калi пасля, разам з усiмi, пляскала ў далонi.

За кулiсамi

Напэўна, расказ пра юбiлей гурта «Стары Ольса» быў бы няпоўны без iнтэрв’ю з яго лiдэрам Змiцерам Сасноўскiм. Прыводжу яго цалкам, бо, як мне падаецца, спадар Сасноўскi вельмi абаяльны. А яшчэ таму, што ён кажа слушныя рэчы, як падалося мне.

  – Змiцер, чым адрознiваецеся вы 15-гадовыя ад вас жа ў сцэнічным узросце немаўляцi?

 – У нас спачатку было захапленне гучаннем iнструментаў. Мы бралi iнстумент i атрымлівалi задавальненне ад яго гуку. А гралi самыя прымiтыўныя мелодыi. Рэпертуара тады не было. Цяпер захапленне толькi гучаннем iнструментаў знiкла, хаця вельмi шкада. Бо калi табе вельмi падабаецца голас iнструмента, ты яго культывуеш, абыгрываеш, ты даеш яму раскрыцца, гучаць падкрэслена, сакавiта. Зараз вельмi часта мы граем так, што iнструменты злiваюцца i ўтвараюць капэлу. Але капэла – гэта знiшчэнне гучання i тэмбру аднаго з iнструментаў. Асобнага гучання.

 – Вы сумуеце па тым часе?

 – Не. Першыя альбомы не паўтарыць нiяк – гэта рамантыка. Не было репертуару, многае сачынялася. Зараз гара рэпертуару. Не трэба нiчога прыдумляць. Але творчасцi не менш, таму што разыграць старую мелодыю (як у «Полацкiм сшытку» напiсана паловай музычнага выразу), даствараць i з дастворанага музычнага выразу зрабiць паўнавартасную барочную кампазiцыю, якая падразумляе iмправiзацыю, вяртанне зноў да асноўнай тэмы, пасля па-iншаму iмправiзацыю i развiццё, – гэта ўсё непроста i цiкава.

 – У чым асаблiвасць музыкi, якую вы граеце? Зразумела, што яна сярэднявечная. Але якi ў яе характар?

– Справа ў тым, што ўвесь наш народ вырас i выжыў з таго, што быў дастаткова «разгiльдзяйскiм». I многiя патрабаваннi, якiя iснавалi ў Еўропе, вельмi штучна абмiналiся тут. «Разгiльдзяйскасць» нашага народа адзначылася ў некалькiх прыкметах: барока было ўспрынята адносна, iезуiты тут амаль не ўладарылi – iм не дазвалялi палiць нашых вядзьмарак. Далей у нас было настолькi вялiкае «шчыраванне» ў XVII стагоддзi, што ў Маскоўскай дзяржаве рэгулярна ўводзiлi забарону на перасячэнне мяжы i перасяленне людзей з Вялiкага княства Лiтоўскага. Таму што ў ВКЛ колькасць публiчных дамоў у гэты час дасягнула такога памеру, што Масковія ўжо не здольвала спраўляцца з наплывам венерычных захворванняў. Яна проста рэгулярна зачыняла мяжу.

Разумееце, мы адкрываем гэтую невядомую Атлантыду, жыццё нашых продкаў, якiя, паверце, адрознiвалiся ад нас… ды нiчым. Колькасць папсаваных саней i карэт, якiя адна аб адну ўдарылiся, – тая ж самая, што сучасная зводка ДАI. Колькасць алкаголю не паменшылася, колькасць музыкi, якая спрачаецца адна з другой, не зменшылася. Адны бiлi скамарохаў, а тыя, хто любiў скамарохаў, бiлi прыхiльнiкаў камернай i гарадской танцавальнай музыкi. Усё нармальна: рэперы супраць металiстаў. Нiчога не змянiлася абсалютна. I мы адкрываем для сябе тое, што нашыя продкi жылi абсалютна як мы. Гэта нас прымушае зусiм па-iншаму ставiцца да сваёй творчасцi.

Карацей, лiтвiны, падмурак нашай сучаснай беларускай нацыi, выжылi толькi таму, што вельмi па-фiласофску ставiлiся да многiх аўтарытэтаў i да стандартнага мыслення, да стэрэатыпаў жыцця. Тое ж самае адбываецца ў нас i сёння, але, калі мы пераносім тую музыку на сучасную глебу, мы вымушаны сутыкацца з падвоенным «разгiльдзяйствам» i фiласофскiм стаўленнем да жыцця – мiнулага i цяперашняга. I ў гэтым уся складанасць рэканструкцыi гэтай музыкi.

 – Вашыя дасягненнi?

 – Калi ты проста засноўваеш невядомы, неiснуючы жанр, калi разам з жанрам нараджаюцца слухачы (а iх няма спачатку), тут дасягненне толькi адно: гурт пераўтварыўся не проста ў творчую лабараторыю, але ў кола аднадумцаў i блiзкiх сяброў. Тут ёсць пакуты, i сваркi, i праблемы – гэта пакуты творчасцi. Але мы разам, i мы маем магчымасць рухацца далей.

– А ўзнагароды маеце?

– Мы iх асаблiва не лiчым. Атрымалi вось Нацыянальную прэмiю. Ёсць дзве рок-кароны, польская прэмiя «Лепшы гурт сярэднявечнай музыкi», бралі удзел у праекце «Генералы айчыннага року». Вiкiнг-фэст нас узнагародзiў…

– Пытанне нечаканае, але актуальнае. Як вы перамагаеце ляноту? То бок калi чалавек iдзе на працу, дык ён павiнен адбыць там пэўны час, скажам, з 9 i да 18. Iнакш не будзе заробку. У вас жа няма такой абавязковасцi i прымусу. Як удаецца ўсё ж такi рабiць тое, што вы робiце?

– Усё вельмi проста ў жыццi. Калi цябе нешта моцна захапляе, пра ляноту размова ўжо не iдзе. Я ўпэўнены, што не iснуе стаўлення «магу альбо не магу», ёсць толькi «хачу i не вельмi хачу». Калi ты хочаш, ты ўсё можаш. Абсалютна ўсё. «Стары Ольса» – праект з нуля. Не было стылю, не было музыкi. Вось вам стыль, вось вам музыка. Якая ж тут лянота! Калi нам прыемна сустракацца, разам граць, шукаць, лаяцца, канешне, але ўсё ж на рэпетыцыях прыходзiць да нейкiх высноў, аранжыроўкi складаць, разбiраць новыя кампазiцыi… Калi табе гэта падабаецца, ляноты не iснуе. Калi ты хочаш нешта рабiць, ты знойдзеш час, магчымасцi, фiнансы, нервы. Ты зробiш. Проста ў жыццi трэба займацца нi чым iншым, акрамя таго, што табе падабаецца.

– Змiцер, звычайна вашыя канцэрты – гэта танцы. А сёння атрымаўся такi класiчны канцэрт, калi глядачы сядзяць на месцах…

– Я разумею, пра што гэтае пытанне, i адкажу на яго так: тых, хто хоча патанчыць, мы запрашаем на «Калядны фэст». Ён адбудзецца 25 снежня ў клубе «Рэпаблiк». Там, дарэчы, будзем не толькi мы, але i шмат iншых гуртоў, якiя граюць якасную беларускую музыку – LITVINTROLL, ZNICH, IRDORATH, ГІСТРЫЁН.

Ружы, калажы i пiрог

Пасля канцэрту музыкi выходзяць да сваiх прыхiльнiкаў. А тыя падрыхтавалi багата падарункаў: тут i вялiзныя ружы, i калажы з фотаздымкаў музыкаў з канцэртаў розных гадоў, i нават гiганцкi пiрог з лiчбай 15 пасярэдзiне.

I я лаўлю сябе на тым, што ўсмiхаюся ад задавальнення, калі гляджу, як Змiцер распiсваецца на паштоўцы, што працягнула яму маладзенькая дзяўчына. Усе гэтыя 15 гадоў гурт «Стары Ольса» рабiў тое, што падабалася кожнаму з яго ўдзельнiкаў. I, як бачна, рабiў не дарэмна, бо да спадобы гэтая музыка, наша, родная, беларуская, не толькi «ольсаўцам», але i шмат каму яшчэ. I такiх прыхiльнiкаў становiцца ўсё больш.

З днём народзiнаў, «Стары Ольса»! Творчага росту, маладога запалу,  заўжды поўных залаў i ўдзячных гледачоў!

Рубрики: С Днем Рождения!

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах