Страусы «прыбеглі» ў Перкавічы

15.06.2014 - Новости

Страусы «прыбеглі» ў Перкавічы

Цудоўныя афрыканскія страусы-бегуны прыжыліся ў нашым краі. Прычым зусім блізка – у Перкавічах, паведамляе Kamenec.by.

Займаецца фермерскай гаспадаркай Валерый Яскавец са сваёй сям’ёй. А жывуць яны ў Войскай. Задумку аб страусіным бізнесе маладому гаспадару падкінуў добры знаёмы з Малдавіі, які сам плённа займаецца развядзеннем страусаў. Тады жонка Валерыя – Юлія – была настроена не вельмі пазітыўна.

«Але ў 2008 годзе мы паехалі на Кобрыншчыну і купілі там траіх маленькіх птушак, якіх назвалі Машай, Ланай і Гошай. Калі жонка ўбачыла іх, то не змагла стрымаць захаплення і падтрымала мяне ў гэтай справе», – падзяліўся ўспамінамі Валерый Яскавец.

На працягу двух гадоў сям’я трымала птушак ля дома: абгарадзілі немаленькую тэрыторыю. Але месца ўсё роўна не хапала. Асабліва калі на другі год вылу­піліся птушаняты. Тады на сямейнай нарадзе і было вырашана купіць будынак у Перкавічах, які ўжо на працягу 20 гадоў пуставаў. Аформілі пакупку, а ў 2010 годзе перавезлі туды страусянят.

Сёння ў Яскаўцоў – каля 70 страусаў рознага ўзросту. Для развядзення птушак тут карыс­таюцца спецыяльнымі інкубатарамі. У адным знаходзяцца цяжкія яйкі (кожнае важыць ажно да 1,5 кг!) на працягу 40 дзён, а ў другім яшчэ некаторы час страусяняты рыхтуюцца да «аблегчанага» вылуплівання са шчыльнага панцыра яйка. У сярэднім адна страусіха вагой больш за 100 кг дае 80 яек за сезон і забяспечвае, калі ўлічыць атрыманы маладняк, каля 4 тон мяса ў год.

Страусы – самыя эканамічныя птушкі: на адну асобіну, вага якой 120 кг, патрабуецца ў суткі каля трох кілаграмаў корму, у тым ліку зерня, камбікармоў. Дарэчы, апошнія на ферме вырабляюць самастойна, для гэтага тут ёсць спецыяльная ўстаноўка. Але малым страусянятам усё ж прыходзіцца набываць прадукцыю Жабінкаўскага камбікормавага завода.

Любімым ласункам страусаў з’яўляецца агародніна, у прыватнасці капуста і морква, іх зімовай парой штодня скормліваецца да 120 кілаграмаў. У Яскаўцоў – 70 гектараў фермерскага поля, якое корміць страусіны статак. Акрамя таго, штогод нямала зерня рэалізуюць вяскоўцам: з леташняга ўраджаю, напрыклад, прадалі амаль 100 тон.

На ферме Валерый працуе разам з жонкай, часам дапамагае бацька, забягаюць і дзеці-школьнікі, якія таксама ведаюць пра заморскіх птушак, ахвотна згаджаюцца ўзяць абавязкі па іх доглядзе на сябе.

У гаспадарцы збудаваны спецыяльныя вальеры, дзе ўсе птушкі падзелены па ўзросце, адны вырошчваюцца выключна на мяса, другія для патомства. Валерый Яскавец ведае амаль усё пра сваіх любімых гадаванцаў, працягласць жыцця якіх 60–70 гадоў. Расказваць пра іх можа, лічы, гадзінамі. У планах – пашырэнне плошчаў страусінай фермы і павелічэнне пагалоўя. «На жаль, пакуль не хапае месца для рэалізацыі ўсяго задуманага», – не ўтойваючы, гаворыць Валерый.

Паглядзець на дзівосных птушак Яскаўцоў прыязджаюць не толькі з Беларусі. Тут могуць адпачыць усе жадаючыя. Для гэтых мэт гаспадары пачалі будаваць альтанкі каля возера, адкуль зручна назіраць за птушкамі. Дарэчы, вясной сям’я страусаў з Перкавічаў наведала Нацыянальны парк «Белавежская пушча», дзе імі ўдосталь налюбаваліся турысты.

Неўзабаве на трасе будзе пастаўлены знак, які ўкажа падарожнікам шлях да цудоўнага месца адпачынку. Цяпер тут ідзе і будаўніцтва невялікай крамы, у якой будуць прадаваць вырабы са страусінага пер’я і пустых яек (кубкі, скарбонкі з роспісам і гравіроўкай). Безумоўна, будуць у продажы дыетычнае страусінае мяса (у ім амаль няма шкоднага халестэрыну), яйкі (іх смак блізкі да курыных), скура (па трываласці саступае хіба толькі слановай).

Дарэчы, сям’я Яскаўцоў сёлета пабывала са сваімі дэкаратыўнымі вырабамі на выставе ў Мінску. Задаволенымі засталіся і гаспадары, і наведвальнікі. А колькі ўражанняў і новых задумак сям’я Яскаўцоў прывезла дадому!

«Вось такія яны – прыгожыя птушкі, даглядаць якіх адно задавальненне», – падзяліўся сваімі думкамі гаспадар.

Ірына ПРАТАСЕВІЧ

Рубрики: Сельский Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах