https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>У рамках праекта «Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных супольнасцяў» распрацавана маляўнічая турыстычная карта Налібоцкай пушчы, якая прадстаўляе амаль чатыры дзясяткі самых славутых мясцовасцяў пушчы і яе ваколіц, і яе векавых міфаў. Упершыню ці не ўсе знакавыя пушчанскія цікавосткі сабраныя ў адным графічным творы, тым больш </strong><span style="color: rgb(0, 0, 0); font-family: 'Open Sans', Verdana, Geneva, sans-serif; font-size: 14px; line-height: 17px;">–</span><strong> картаграфічным. Такія карты рэгіёнаў усё яшчэ вельмі рэдкія ў беларускім турызме і выдавецкай справе. </strong></p>

На карце прадстаўлены такія разнастайныя рэаліі і міфалагемы Верхняга Панямоння, як, напрыклад, Лаўрышаўскі манастыр – першая цвярдыня праваслаўя ў даўняй Літве; або вальер для зуброў і экасцежка каля Сябрыні – візіт-цэнтр Налібоцкага заказніка; або Чорнае возера – таямнічая затока Заходняй Бярэзіны і казачнік Бай, які, паводле беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі, сцеражэ казкі і легенды бяздоннага возера Кромань; і налібоцкае шкло  колішні гонар мястэчка, што дало пушчы імя; і бандарства з недалёкіх Прудоў, што ўжо заняпалі, хаця і пакінулі па сабе добрую памяць; і івянецкая кераміка, якая яшчэ жыве, дзякуючы ахвярнай працы мясцовых майстроў. Унікальная фітааптэка-лякарня ў Рубяжэвічах, што ўвасабляе векавыя  традыцыі пушчанскага зельніцтва, і веласіпедны марафон «Налібокі» – штогадовая прыгода для веласіпедыстаў, і яшчэ многія іншыя страчаныя і дзеючыя сімвалы пушчанскай ідэнтычнасці – былой і сучаснай.

Для Беларусі Налібоцкая пушча – важнае месца нацыянальнай памяці!

Мяркуйце самі: з гэтага Лесу родам сучасны стандарт адроджанай беларускай літаратурнай мовы (творы Дуніна-Марцінкевіча, Канстанцыі Буйло, Пятра Бітэля і інш.), галоўная нацыянальная эпапея («Новая зямля»), тут (у Любчы) яшчэ на мяжы XVI-XVII стст. жыў самы першы чалавек, які назваўся беларусам, – Саламон Рысінскі.

Але пушча – важнае месца гістарычнай памяці таксама і іншых народаў: літоўскага, польскага, яўрэйскага. І было б добра, калі б тутэйшая турыстыка збліжала народы. І не сціплым ландшафтным заказнікам бачыцца ў будучыні пушча, але – Нацыянальным паркам. Аднак для гэтага і над інфраструктурай пушчы, і над яе вобразам трэба яшчэ шмат папрацаваць.

Марыцца пра тое, каб з’явілася тут густая сетка веласіпедных сцяжынак, каб былі ўпарадкаваныя для турыстаў самыя розныя тутэйшыя цікавосткі – былыя партызанскія зямлянкі, калонія буслоў у Панямоні, вёска Рум над Іслаччу – напалову гатовы жывы скансен, абы хтосьці ўзяўся давесці да ладу. Каб хоць у нейкай сімвалічнай форме былі пазначаныя былыя рудні, месцы, дзе знаходзіліся шкляная і металургічная гуты, самыя старыя, «заслужаныя» дрэвы, месцы важных бітваў і знакавых магнацкіх паляванняў.

Некалі ж, пэўна, так і будзе. За апошняе дзесяцігоддзе адноўленыя гістарычныя сядзібы Дзяржынскіх у Дзяржынаве і Ленскіх у Суле, створаны выдатныя рыбалоўныя базы адпачынку на Кромані і на Сябрыньскіх азёрах. Адкрыта шмат аграсядзіб, з’явіліся непаўторна цікавыя прыватныя музеі: неабыякавыя могуць паслухаць бясконцыя байкі кантрабандыстаў ад Фелікса Янушкевіча (музей «Ракаўская цывілізацыя»), паглядзець на калекцыю старадаўніх народных музычных інструментаў Алеся Лася, зазірнуць ў просты і свойскі дом-музей скульптара-самавука Апалінарыя Пупко ў Івянцы... Штогод ладзяцца разнастайныя фэсты: «Цукеркавы фэст» у Івянцы, «Вольнае паветра», веламарафон «Налібокі»...

І чым болей турыстаў будуць наведваць гэты край ужо зараз, тым хутчэй даведаюцца пра яго прыгажосць і таямнічасць іх сябры, сваякі, знаёмыя. Няхай жа загучыць гэтая слаўная назва – Налібоцкая пушча – не толькі ў Мінску, Гродне і Навагрудку, але і ў Вільні, Варшаве, Маскве, Піцеры і Тэль-Авіве! Няхай кожны госць нашага краю знойдзе свой уласны вобраз Пушчы – вялікага лесу, дзе непарыўна перапляліся Прырода і Гісторыя. І новаствораная турыстычная карта няхай паспрыяе арыентацыі турыста ў таямнічым свеце пушчанскіх міфаў і рэалій.


Ідэя і канцэпцыя карты, падбор аб’ектаў: Алесь Белы

Дызайн: Валянціна Чэпік

** Карта распрацавана і надрукавана ў рамках праекта «Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных супольнасцяў». Праект ажыццяўляецца ў Валожынскім і Маладзечанскім раёнах,  пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам  (IBB Dortmund) па даручэнні Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Таварыства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ).

https://www.traditionrolex.com/8