https://www.traditionrolex.com/8
<p>Развагі над турвыставай’ 2016</p>

Хто ён  Ван Гог? Чуда балотнае, які замест таго, каб маляваць «як усе», адважыўся пэцкаць халсты «так, як хочацца», для душы.

Хто такія Ван Гогі беларускай экскурсіёнкі? Гэта мае сябры і калегі – выдатныя, крэатыўныя экскурсаводы, аўтары і распрацоўшчыкі новых маршрутаў, стваральнікі Падзей у бульбяна-санлівым краі. Гэта Сяржук з Навагрудка, аматар залазіць паглыбей у самыя доты, падымацца павышэй, на самую стрэшку замкавых руінаў, – распрацаваў некалькі новых тэматычных маршрутаў па Навагрудчыне, і вось ходзіць-мыкаецца ад стэнду да стэнду, спрабуючы прадаць прадукт.

Не бяруць. Прасцей «заганяць» МірНясвіж з Мінскам у прыдачу, закусваючы «Дудуткамі». Дурных няма. Разумны – гэта той, хто «гоніць вярняк», стабільна, па-пацаноўску. Нават заслужаны быццам бы і адкрыты такім вось Ван Гогам «Віяполь» адшыў майго сябра з-за – смешна сказаць   неабароненасці маршрутаў у Нацыянальным агенцтве. І гэта ў той час, калі само Нацыянальнае агенцтва, згодна з апошнім эпізодам «Зорных войнаў» ад Ліліі Кобзік, патрабуе апекі і абароны. Дарэчы, ужо болей года я і мае калегі чакаем запрашэння на атэстацыю гідаў-перакладчыкаў (гэта пры тым, што паводле статута Нацыянальнага агенцтва гэтая атэстацыя праводзіцца штоквартальна). Прывітанне супрацоўнікам метадычнага аддзела! 

Але спіс маіх Ван Гогаў не скончыўся. Артур з Ліды, арганізатар крэатыўных рыцарскіх праграм у Лідскім замку, прыдумаў катаць турыстаў на прамысловым цягнічку па вузкакалейцы па беларускіх тарфяніках пад Лідай. Хваліўся, што ўжо быццам наклёўваюцца групы. Ага, я спытаю ў яго праз год, колькі груп ён сапраўды пакатаў і колькі груп замовіла стандартную экскурсію па Лідзе з ускладаннем кветак партызанам-падпольшчыкам.

Адна знаёмая распавяла, што клас вучняў адной мінскай школы, у якім вучыцца яе сын, ужо два разы за апошнія два гады ездзіў на аглядную экскурсію па Мінску і зараз збіраецца ехаць у трэці раз. Што ж, Ван Гогі беларускага турызму пакутуюць не толькі ад сытаватай недалёкасці турагенцтваў, але і ад недалёкасці мясцовай публікі. Карціны ж Ван Гога таксама пыліліся па крамах Еўропы пры яго жыцці… Хоць бы адна сволач купіла.

Яшчэ некалькі маіх Ван Гогаў арганізуюць ужо ўсім вядомы Фэст экскурсаводаў. Даўно. Ярка і цікава. Трацячы на гэта добры месяц вольнага часу. Не маючы ані граша прыбытку. Не маючы відавочных асабістых дывідэндаў. Толькі маральнае задавальненне. Толькі таму што ўжо не спыніць. Толькі таму што адчуванне ад Фэсту  як ад карнавала ў Бразіліі. Паспрабуй скажы жыхару Рыо, што ў гэтым годзе карнавала не будзе, арганізатары стаміліся… Мае несупынныя Ван Гогі ўжо некалькі разоў, з году ў год, спрабавалі знайсці нармальнага спонсара. Але шанцуе больш на розных оркаў і гоблінаў, што хочуць выціснуць з Фэсту адно сваю выгаду, ператварыць яго ў камерцыйны праект. І мае сябры па старой завядзёнцы – не асабліва спадзеючыся на спонсараў – рыхтуюць свята’2016, ледзь-ледзь  нашкрабаючы капейкі на дыпломы ўдзельнікам. Слава Богу, здароўя хапае, не ў прыклад Ван Гогу…

Колькі будзе хадзіць мой наваградскі Сярожа ад стэнду да стэнду на турыстычных выставах? Колькі будзе даказваць розным бонзам і акулам турызму, што «На Беларусі Бог жыве»? Гэта што глухому тлумачыць розніцу паміж Чайкоўскім і Пракоф'евым. Колькі мой Артур будзе мыкацца са сваімі аўтарскімі праграмамі, пакуль яны не патрапяць у спісы рэкамендаваных экскурсій для школьнікаў? Колькі Фэсту экскурсаводаў трэба будзе шукаць спонсараў без фігі ў кішэні ? Бо пра такое паняцце як «мецэнацтва» ў белтурызме, бадай, увогуле, не чулі…

Канец Ван Гога – зацяжная псіхічная хвароба, трагічны лёс мастака, які не мог па годных коштах прадаць карціны пры жыцці, смерць у самоце і адчаі. І вядома – класічны фінал: сваякі і родзічы, што паслядоўна і ўпэўнена ігнорылі мастака, апынаюцца ў фаворы і профіце! Засноўваюць музеі і арт-галерэі імя свайго «ўбогага» пляменнічка! Адкрываюць мультымедыйныя выставы з уваходным квітком, на які самому Ван Гогу ніколі б не хапіла грошай! Прадбачлівы канец беларускай крэатыўнай экскурсіёнкі – рэдкая цікаўнасць з боку рэдкіх індывідуалаў, варэнне ў соку нудоты і беспрасветнасці, выданне кніжкі за свае грошы, «каб не прапала». А калі прыходзіць час, адразу ж актывізуецца наш хітры сегмент «тру»агенцтваў! І аказваецца, усё, што дрэнна ляжыць, можна ціха выкарыстаць! Усё, што ўжо «раскручана», можна лёгка прадаць!  А яшчэ пазней – больш салідныя бонзы пачынаюць рэканструкцыю тых замкаў і палацаў, пра якія з пенай у рота распавядалі калісьці мае Ван Гогі на сваіх непапулярных маршрутах…   

Таму маё пажаданне маім Ван Гогам даволі суровае: аніякіх гора-партнёраў у гэты пасрэдны час, час пасярэднікаў! Прабівацца самім. Самім адчыняць фірмы ці ІП, ярка афармляць прэзентацыі тураў на айчынных і замежных інтэрнэт-рэсурсах. Чакаць сваю нявесту! Ніякіх сантыментаў да хцівых камерсантаў! І хай сабе Ван Гог скончыў кепска. Затое праз сваю творчасць бываў, а можа быць, і ёсць, там, дзе нам, убогім, і не снілася  – на ўскраіне быцця. І няхай ідэі маіх беларускіх Ван Гогаў стануць канонам толькі праз сто год. Зараз – хай будуць задаволеныя тым, што жылі і дыхалі. Шчыра працавалі, а не гуляліся ў трэнды, тэндэры і адкаты. Яны арганізоўвалі Фэсты. Яны пісалі Карціны. Яны стваралі Падзеі. А вы? Вы – хто такія?

https://www.traditionrolex.com/8