https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="line-height: 20.7999992370605px;">6 жніўня 1517 года ў нашай гісторыі здарылася па­дзея, значнасць якой ніколі не будзе пераацэненая. Гэты дзень павінен стаць адным з дзяржаўных святаў Беларусі. У Празе доктар вольных мастацтваў і медыцыны Францішак Скарына выдаў «Псалтыр» — першую друкаваную беларускую кнігу.</span></p>

Ён не меў яшчэ і трыццаці гадоў. За плячыма было полацкае дзяцінства, студэнцкае юнацтва ў кракаўскім Ягелонскім універсітэце, падарожжа ў падуанскую alma mater, дзе сын Лукі Скарыны з Полацка ўразіў сваёй вучонасцю экзаменатараў і першы з усходніх славян атрымаў ступень доктара медыцыны. Але найбольш рупіла Францішку духоўнае здароўе ягонага народа. На захад ад Бацькаўшчыны — Вя­лікага княства Літоўскага — была Польская Карона з яе апетытам і на ўсходзе — агрэсіўная Масковія.

Дзе ж тыя лекі, той філасофскі камень, тыя «броні духоўныя», што ўмацуюць веру народа ў самога сябе, прымусяць паважаць яго ва ўсім свеце? Скарына ведаў: лекі гэтыя —друкаваная кніга, а дакладней — кніга кніг Біблія.


Партрэт Скарыны з кнiгi «Iсус Сiрахаў». 1517 г.

У прадмове да свайго першага выдання ён пісаў: «І відзячы такавыя пажыткі ў так малой кнізе, я, Францішак Скарынін сын з Полацку, у лекарскіх навуках доктар, павялеў Псалтыру ціснуці… наперад-ка чці і к пахвале Богу ў тройцы адзінаму і прачыстай яго мацеры Марыі… а потым к пажытку паспалітага, добрага, наболей з тае прычыны, іжэ мя міласцівы Бог з таго языка на свет пусціў».

Скарына пакінуў нашчадкам перакладзеныя на блізкую да народнай мову 23 біблейскія кнігі і гэтым увёў Беларусь у агульнаеўрапейскую цівілізацыйную сям’ю.

Ён застаўся ў гісторыі як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар.

Як наш першы пісьменнік — празаік і паэт, што служыў не эліце або нейкаму аднаму саслоўю, а ўсяму народу.

Як гуманіст, што перадаў нам у спадчыну надзвычай сугучны нашаму часу запавет: «Тое чыніці іншым ўсім, што самому люба ёсць ад іных усіх. І таго не чыніці іным, чаго сам не хошчашы ад іных меці. Такі закон прыроджаны, напісаны ёсць у сэрцы адзінага кажнага чалавека».

Як выдатны перакладчык з некалькіх старажытных і новых моў.

Як рэдактар і выдавец, што дасягнуў найвялікшай суладнасці слова і друкарскага мастацтва.


Цар Саламон ставiць храм у Ерусалiме. Гэтая гравюра з Трэцяй кнiгi Царстваў Францiшка Скарыны (Прага, 1518 г.) дае ўяўленне пра тэхнiку сярэднявечнага гарадскога будаўнiцтва

Як патрыёт, пяру якога належыць самы прачулы за ўсю беларус­кую гісторыю, геніяльна просты хваласпеў любові да Бацькаўшчыны: «Панежэ ад прыраджэння звяры, ходзячы ў пустыні, знаюць ямы свая, пціцы, лятаючы па воздуху, ведаюць гнёзды свая, рыбы, плаваючыя па мору і ў рэках, чуюць віры свая, пчолы і тым падобныя бароняць вулляў сваіх, —така ж і людзе, і гдзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць».

Застаўся як волат усяго еўрапейскага Адраджэння, што не толькі стаў упоравень з сваімі сучаснікамі Эразмам Ратэрдамскім або Марцінам Лютэрам, але ў нечым і апярэдзіў іх.

Скарынава друкаваная Біблія стала чацвёртай (пасля чэшскай, нямецкай і італьянскай) у хрысціянскім свеце. Яна выйшла раней за нямецкую Лютэраву і раней за Біблію на англійскай мове. Кніга кніг выдатнага палачаніна стала першай друкаванаю Бібліяй ва ўсходне- і паўднёваславянскіх народаў. Яна з’явілася амаль на паўстагоддзя раней за польскую Біблію і на 47 гадоў раней за «Апостала», першую друкаваную кнігу ў Расіі, выдадзеную, дарэчы, беларусамі Іванам Фёдаравым (Федаровічам) і Пятром Мсціслаўцам.

Сын народа, што жыве на еўрапейскім памежжы, Скарына геніяльна знітаваў у сваёй творчасці традыцыі візан­тыйс­кага Усходу і лацінскага Захаду.

Ён аздобіў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае беларускае жыццё: побыт, адзенне, тэхніку будоўлі. Смела адступаючы ад канонаў, ён падаў у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Бога чытачы ўбачылі без узаконенага царкоўнымі ўладамі німба.

За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі б не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ерэтыка. Галоўным жа «злачынствам» быў сам пераклад Бібліі дзеля таго, каб гэтую натхнёную Богам, але чалавечую кнігу мудрасці мелі магчымасць чытаць усе.

Скарынава жыццё было напоўненае падарожжамі па Еўропе, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі. У ім адбілася ўся тая вірлівая, авантурная і ўзнёслая эпоха.

Ён сустракаўся з Лютэрам і дыскутаваў у Вільні з сусветна вядомым медыкам і алхімікам Парацэльсам. Быў сакратаром і прыдворным лекарам у віленскага біскупа Яна. Запрашаўся на службу да апошняга магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага, які надаў яму шляхоцтва. Браў удзел у складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 года.


Прага. Старажытная гравюра

Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод усходніх суседзяў, ён прывёз вялікую партыю сваіх выданняў у Маскву, прапанаваў тамтэйшым свецкім і духоўным валадарам наладзіць кнігадрукаванне. І замест удзячнасці ўбачыў, як на загад маскоўскага князя з ягоных кніг склалі вялізнае вогнішча.

За братавы даўгі крэдыторы пасадзілі Скарыну ў турму, адкуль яго вызваліў сам вялікі князь Жыгімонт Стары. На знак прызнання заслуг вучонага палачаніна перад Айчынаю манарх даў яму адмысловы прывілей: «Няхай ніхто, апрача нас саміх або спадкаемцаў нашых, не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд… няхай ніхто не адважыцца затрымліваць або арыштоўваць яго самога ці ягоную маёмасць пад страхам цяжкага пакарання… Дайце названаму доктару Францішку, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць прыгаданымі вышэй правамі, ільготамі і прывілеямі. Забараняю наогул умешвацца ў яго справы, учыняць ямуякі-небудзь гвалт, змушаць да выканання нейкіх павіннасцяў ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі жыхарамі таго месца, які ён сам абярэ для жыцця».

Такім месцам неўзабаве пасля вяртання з вязніцы на волю для Францішка Скарыны сталася Прага, дзе ён і скончыў каралеўскім садоўнікам свой зямны шлях, пакінуўшы па сабе мноства таямніц.

Дагэтуль дакладна невядома, ні калі ён прыйшоў на свет, ні калі навекі заручыўся з зямлёю. Невядома, у каго ён працаваў сакратаром перад экзаменам на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце — у караля Даніі ці ў гаспадара Дакіі, як называлі Валахію. Невядома, хто ствараў для ягоных кніг гравюры (некаторыя даследнікі лічаць, што першадрукар быў і выдатным мастаком.) Вучоныя спрачаюцца пра ягонае веравызнанне, пра час паступлення Скарыны ў Кракаўскі ўніверсітэт, пра тое, хто ж насамрэч займаў у чэшскага караля Фердынанда пасаду садоўніка — Францішак Скарына ці італьянец Франчэска Банафардэ…

Усяго тры гады засталося да 500-годдзя выхаду нашай першай друкаванай кнігі. Чым сустрэнуць гэты юбілей беларуская дзяржава і айчынныя выдаўцы?

https://www.traditionrolex.com/8