<p><strong>У надыходзячы Дзень города натуральна шмат хто з мiнчукоў i гасцей сталiцы наведае гiстарычны цэнтр Мiнска – маленькi, але прывабны Верхнi горад. Хтосьцi прыйдзе сюды з экскурсiяй, але большасць – проста з сябрамi або сям’ёй. Падчас шпацыру, мажліва, камусьці нават спатрэбiцца выклiкаць уражанне ў сваiх спадарожнікаў. Для такiх чытачоў мы паспрабавалi крыху адыйсцi ад шырока вядомых фактаў пра Верхнi горад, згаданых амаль у любым турыстычным даведнiку, i зірнуць на гэты раён крыху пад iншым вуглом.</strong></p>

Старажытная «лiнiя Сталiна»

Калi ў пачатку ХVI стагоддзя радыяльнае пашырэнне гарадской тэрыторыі вакол мiнскага замка вычарпала свае перспектывы, Мiнск паступова папоўз на ўзгорак, дзе ў Сярэднявеччы знаходзiлiся найстарэйшыя гарадскiя могiлкi. Тут з’явiлiся храмавыя комплексы каталiцкiх i ўнiяцкага ордэнаў, якiя хутка сталi духоўнымi асяродкамi тагачаснага Мiнска, але не толькi iмi. Ад самага пачатку кляштары будавалiся як доўгачасовыя агнявыя пункты, якiя маглi б аўтаномна аказваць супрацiўленне наступаючаму ворагу. Усе гэтыя «доты» былi злучаны падземнымi хадамi – проста-такi старажытны аналаг «лiнii Сталiна», цi, як тады б яе назвалi, «лiнiя Жыгiмонта».

Асаблiвую ролю ў абароне горада мелi дамініканскі і базыльянскi кляштары, размешчаныя ў стратэгічных кропках на ўсход ад замка. У XVII ст. у сваiм данясеннi з Мiнска маскоўскi ваявода Якаўлеў пiсаў, што з дамiнiканскага касцёла (якi стаяў на рагу сучаснай Кастрычнiцкай плошчы) можна весці «полковой, подошвенный i мушкетный бой». Гэта значыць, тыя 12 манахаў, што жылi ў кляштары i ў мiрныя часы займаліся пераважна маленнем ды адукацыяй насельніцтва, былi навучаны i вайсковай справе. Тое ж тычылася базыльянаў, прычым, верагодна, як мужскога, так i жаночага аддзяленняў манастыра. У выпадку ваеннай пагрозы iх карпусы, прастора памiж якiмi закладалася часовымi каменнымi або драўлянымi сценамi з байнiцамi, утваралі замкнёную вакол унутранага двара мiнi-крэпасць.

Мiж iншым, двухпавярховы корпус жаночага манастыра базыльянак (вул. Энгельса, 1) лiчыцца самым старым з захаваных у сталiцы будынкаў. Па словах гiсторыка Уладзiмiра Дзянiсава, у гэты корпус былі ўмураваны рэшткі мінімум трох гатычных дамоў ХVI ст., якiя належалi мінскім мяшчанам.

Iконы ад апостала Лукi i папы рымскага

Многiя чулi, што правобразам мiнскага герба стаў цудатворны абраз Божай Маці, якi, паводле падання, трымаў у руках хрысціцель Русі князь Уладзімір. Менш вядомая, але таксама маючая права на iснаванне легенда, што да напісання гэтай iконы прыклаў руку сам апостал і евангеліст Лука. На працягу многіх стагоддзяў абраз знаходзіўся ў Візантыі, а з 988 года – у кіеўскай Дзесяціннай царкве, пакуль у ХV ст. Кіеў не быў разрабаваны татарамі, а ікона кінута ў Днепр. Праз некаторы час яна прыплыла ў Мінск па рацэ Свіслачы, на беразе якой і была заўважана жыхарамі 13 жніўня 1500 года.

Гiсторыя гэта здаецца такой далёкай, i не многiя ведаюць, што на легендарную iкону можна паглядзець у любы дзень ў праваслаўным Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе яна знаходзіцца з 1945 года. У царкоўнай лiтаратуры падкрэсліваецца, што гэтая iкона дакладна перадае рысы Божай Маці, захаваныя мастаком – апосталам Лукой. Дарэчы, яшчэ адзiн абраз мадонны размешчаны ў алтары мiнскай каталiцкай катэдры – Марыінскага касцёла. Гэта падарунак беларускiм вернiкам ад папы рымскага Яна Паўла II, а постаці апосталаў паабапал – дар аднаго з італьянскіх касцёлаў.

След генерала…

Марыiнскi касцёл першае стагоддзе свайго iснавання, як вядома, належаў езуiцкаму ордэну, чальцы якога называлi сябе хрыстовым войскам, якiм кiраваў адпаведна генерал. У 1805 годзе генералам стаў выпускнiк Нясвiжскага езуiцкага калегiума, вядомы прапаведнiк Тадэўш Бжазоўскi, якi ў канцы XVIII стагоддзя выкладаў тэалогiю ў Полацку, Вiцебску i Мiнску. Захаваны на плошчы Свабоды, 7 будынак былой езуiцкай школы (1699 г.), якi пазней стаў палацам губернатара, а потым i першым беларускiм Домам урада, памятае крокi бадай што самага ўплывовага (пасля папы рымскага) каталiка ў свеце.

Калi ў 1814 годзе папа аднавiў Таварыства Езуса ва ўсіх правах і прывілеях (забарона не дзейнiчала на тэрыторыi Расiйскай iмперыi, у сталiцы якой, Пецярбурзе, у 18051815 гг. размяшчалася рэзiдэнцыя езуiтаў), Бжазоўскі аўтаматычна ўзначалiў увесь адноўлены ордэн. Але тады ж праз пагаршэнне адносiн каталiцкай царквы i расiйскiх улад iмператар забаранiў генералу ордэна пакідаць межы краiны, таму апошнія гады свайго жыцця Тадэуш Бжазоўскi правёў у Полацку, дзе ў пачатку 1812 года ягонымi намаганнямi была створана Акадэмiя. Ёй падпарадкоўвалiся ўсе езуiцкiя калегiўмы i школы iмперыi (у Пецярбурзе, Вiцебску, Магiлёве, Рызе, Адэсе i г.д.). Бжазоўскi памёр у лютым 1820-га, а ўжо праз месяц з царскай канцылярыi выйшаў указ аб скасаваннi полацкай Акадэмii i ўсiх падуладных ёй навучальных устаноў.

i след «бацькi» Холмса

У вайну 1812 года ў Мiнскiм езуiцкiм калегiўме нейкi час жыў «жалезны маршал» Францыi Даву, якi адвёў Мінску ролю цэнтральнага склада правіянту наступаючых войскаў. Верагодна, гэты факт праз 80 гадоў трапiў на вочы пiсьменнiку Артуру Конан Дойлю, якi зрабiў месцам падзей аднаго са сваiх апавяданняў мiнскую ратушу на плошчы Напалеона (менавiта так назвалi французы галоўны гарадскi пляц, зараз плошчу Свабоды). Гаворка iдзе пра цыкл «Прыгоды брыгадзіра Жэрара», некалі параўнальны па папулярнасці з кнігамі таго ж Конан Дойля пра Шэрлака Холмса. Паводле сюжэта, Эцьен Жэрар – кавалерыйскі афіцэр напалеонаўскай арміі – адпраўляецца ў Мінск у пошуках харчу для адступаючых французскiх жаўнераў, якiя ўжо «з апетытам паглядалi на коней і музыкаў», але ў ратушы трапляе ў засаду рускiх… Цiкава, што Конан Дойль уяуляў сабе Мiнск цалкам праваслаўным горадам, «над якім у мностве ззялi купалы цэркваў», тады як насамрэч у горадзе ўзору 1812 года псеўдарускiх цыбулiн яшчэ не было нiводнай.

Вулiца-прывiд…

Ад ратушы да замка самай кароткай дарогай лiчылася вулiца Касмадзям’янаўская, якая ў ХVIII стагоддзi была адзiнай у Мiнску поўнасцю забудаванай каменнымi дамамi. На першых паверхах гэтых двух- i трохпавярховiкаў размяшчалiся гандлёвыя кропкi, таму ў горадзе вулiцу часта называлi «Цёмнымi крамамi» (яна была сапраўды вузкая, крывая i цёмная – аўтэнтычна сярэднявечная). Чытаем ва ўспамiнах мастака Яўгена Цiхановiча: «На Казьма-Дзям’янаўскай (…) крама за крамай з таварамi, якiя вывешваюцца звонку. Кожны крамнiк цягне да сябе за руку i на розны лад хвалiць тавар. Стаiць такi гоман, што нiчога не разбярэш».

Тут за мiнулым часам iснавалi першая ў горадзе аптэка i лячэбная ўстанова – шпiталь пры старажытным праваслаўным манастыры Святых Казьмы i Дзям’яна, што месцiўся на гэтым узгорку, а ўжо ў ХХ стагоддзi – цiр, якi, як кажуць, часцяком наведваў падчас свайго знаходжання ў БССР Лi Харвi Освальд. На жаль, нават апошнiя дамкi, што засталiся ад Касмадзям’янаўскай пасля Вялiкай Айчыннай, да нас не дайшлi – сляды вуліцы цалкам зніклі ў 1989-м падчас будаўніцтва станцыі метро «Няміга». Застаўся хiба што яе прыблiзны контур – лесвiца, што вядзе ад Свята-Духава сабора да прыпынку грамадскага транспарта (на месцы якога да ХIХ стагоддзя знаходзiўся манастыр каталiцкага ордэна банiфратаў з касцёлам Святога Яна), некалькi архiўных фотаздымкаў i… кiнастужка «Кастусь Калiноўскi» 1927 года – там на 36-й хвiлiне можна ўбачыць нашу страчаную Касмадзям’янаўскую, якая адыгрывае ў фiльме ролю адной з вiленскiх вулак.

i партовая вулiца

У гэта цяпер цяжка паверыць, але Мiнск калiсьцi быў суднаходным горадам. Порт, паводле знаўцы старога Мiнска Уладзiмiра Валажынскага, знаходзiўся ў прадмесцi Лавы (гэта ў раёне сучаснага рэстарана «Журавiнка»). Драўляная прыстань цягнулася адсюль амаль да самага замка, уздоўж вулiцы Зыбiцкай. Гандлёвыя судны, рыбацкiя лодкi i баявыя ладдзi прышвартоўвалiся тут, на правым беразе Свiслачы, i Зыбiцкая была першай, што прымала сыходзiўшых на бераг гасцей. Натуральна, тут размяшчалася шмат шынкоў i рознага кшталту iншых забаўляльных устаноў, у якiх «завiсалi» тыя маракi. Цiкава, што апошнiм часам Зыбiцкая стала ледзь не самай моднай рэстараннай вулiцай Мiнска. Такiм чынам, гiсторыя паўтараецца ўжо на новым вiтку.

Вартыя ўвагi калекцыi

Гарадская сядзiба Пшэздзецкiх (плошча Свабоды, 15) – будынак, якi да рэстаўрацыi быў больш вядомы як аблваенкамат, а зараз як мастацкая галерэя Савiцкага, – у пачатку ХIХ стагоддзя стала месцам, дзе адкрыўся першы ў Мінску публічны музей. У iм дэманстравалiся антычныя старажытнасці, калекцыі манет і мінералаў, старадаўнія манускрыпты, рарытэтны ўжо тады арыгінал Статута ВКЛ i, кажуць, нават сапраўдная карта Хрыстафора Калумба. Зараз на тэрыторыi Верхняга горада заваблiваюць наведвальнiкаў сваiмi цiкавосткамi музеi археалогii, карэт, гiсторыi Мiнска ды iншыя. Але ж адну экспазiцыю, хоць i невялiкую, вы можаце ўбачыць абсалютна бясплатна. Размешчана яна ў былых базыльянскiх мурах, дзе зараз працуе аддзяленне камерцыйнага банка (плошча Свабоды, 23), i прысвечана гiсторыi папяровых грошай. Больш за 150 купюр – ад вялiкiх, нiбы лапцi, з выявамi расiйскiх iмператараў, крэдытных бiлетаў канца ХIХ стагоддзя, акупацыйных кайзераўскiх i першых савецкiх грошай да беларускiх «зайцаў» з шасцю нулямi. Выстава працуе ў буднi да самага вечара i нават па суботах.