«Сантыметр бліжэй да скроні – і я б, магчыма, на той арэне і застаўся. Сантыметр ніжэй – быў бы без вока. Тое, што мне пашанцавала, – гэта адназначна. Шайба трапіла ў адну з самых моцных касцей на галаве. І тое, што мы з вамі цяпер размаўляем, гэта само па сабе добра», – расказвае Ян на наступны дзень пасля нейрахірургічнай аперацыі.

«Уціснуты пералом вонкавай сценкі лобнай пазухі і верхняй сценкі правай арбіты» – такі дыягназ Яну ставяць урачы. Цяжка паверыць, што гэтыя траўмы 29-гадовы хлопец мог атрымаць ад шайбы, што вылецела на трыбуну «Мінск-Арэны» падчас матча Латвія–Казахстан. Аперацыю Яну робяць праз тыдзень пасля здарэння – 20 траўня. Яшчэ як мінімум тыдзень хлопец правядзе ў бальніцы – далейшы лёс залежыць ад паспяховасці праведзенай аперацыі.

З журналістамі Ян прынцыпова не кантактаваў да аперацыі. Цяпер кажа, што думае пра магчымасць атрымаць кампенсацыю ад арганізатараў чэмпіянату. Пакуль ляжаў у шпіталі, не змог паехаць у запланаваную паездку ў Польшчу. Страціў грошы за нескарыстаную візу. Невядома таксама, колькі ў выніку будзе каштаваць лячэнне і рэабілітацыя. Цяпер няўдалы заўзятар збірае даведкі для адваката.

«Для пачатку мне трэба паправіцца. І атрымаць усе медыцынскія даведкі, паперкі, што я атрымаў менавіта такую траўму і мне зрабілі менавіта такую аперацыю».

На хакей, дарэчы, Ян пайшоў ўсяго другі раз у жыцці – паддаўся ўсеагульнай ліхаманцы. Дагэтуль толькі аднойчы назіраў за матчам КХЛ з удзелам мінскага «Дынама». Расказвае, што падчас здарэння сядзеў за лавай запасных латвійскай зборнай, там была вельмі добрая атмасфера, цікава было назіраць за хакеістамі. Разам з сябрамі ён нават і ўявіць не мог, што такая блізкасць да пляцоўкі можа быць настолькі небяспечнай.

У Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў Еўрарадыё тлумачаць, што выпадак Яна неабходна абмеркаваць з адвакатам. Квіток на хакей прадугледжвае толькі прадастаўленне відовішча. У дадзеным выпадку – магчымасць убачыць матч. Атрыманне траўмы – прадмет для асобнага разбору.

«Рэальна альбо нерэальна атрымаць кампенсацыю – гэта пытанне да адвакатаў. Была заключаная дамова на атрыманне відовішчнага мерапрыемства. У гэтай частцы паслугі былі аказаныя. А тое, што адбыліся такія абставіны… Гэта пытанне ўжо да адвакатаў».

Адным з афіцыйных партнёраў правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску з’яўляецца дзяржаўнае страхавое прадпрыемства «Белдзяржстрах». Яно гарантавала ўсім замежным уладальнікам квіткоў на матчы бясплатную медыцынскую дапамогу ў выпадку неабходнасці. Еўрарадыё ў кампаніі пакуль не змаглі паведаміць, ці можа пацярпелы беларускі заўзятар разлічваць на кампенсацыю. Аднак паабяцалі разабрацца ў сітуацыі і абавязкова даць адказ.