https://www.traditionrolex.com/8

Віктар Корбут і Анатоль Варава прэзентавалі экскурсію «Беларуская Вільня + 7 замкаў Літвы» – новы прадукт туркампаніі «Віаполь».

Раскрыць беларускія старонкі гісторыі Вільні, паказаць, што Беларусі і беларусам гэты горад не чужы, а блізкі, паставіў за мэту Віктар Корбут, журналіст, экскурсавод, аўтар даследавання «Vilnius – Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі».

Экскурсіі па беларускіх мясцінах у Вільні праводзяцца даўно. Але займаюцца гэтым пераважна аматары – або мясцовыя жыхары, або энтузіясты з Беларусі, якія хочуць папулярызаваць спадчыну гэтага горада, якая звязана з нашай краінай. Літоўскія экскурсаводы з выняткамі згадак пра сляды Янкі Купалы і Францішка Скарыны ў гэтым горадзе пра беларускую спадчыну амаль не расказваюць. Бо проста не ведаюць. Тое самае можна сказаць пра польскіх гідаў, якія, заходзячы ў двор былога кляштара базылянаў на вуліцы Аўшрос Варту, кажуць пра тое, што тут былі зняволеныя Адам Міцкевіч і Ігнацы Дамейка, але маўчаць пра тое, што ў гэтых жа мурах у 1920 – 1930-я гады дзейнічалі беларускія музей, гімназія. Такім чынам, патрэба стварэння рэгулярнага асветніцкага маршрута з Беларусі ў Вільню, які б адкрыў гэты горад для нашых суайчыннікаў з беларускага боку, наспела даўно.

Вільня арганічна звязана з Беларуссю, бо горад акружаюць вёскі, дзе гучала і яшчэ гучыць беларуская мова, і невыпадкова менавіта адсюль родам бацькі сучаснай беларускай літаратуры і беларускай граматыкі – Францішак Багушэвіч і Браніслаў Тарашкевіч.

Вільня – сталіца старажытнай і сучаснай Літвы, тут на пачатку ХХ стагоддзя развіваліся і ўзаемадзейнічалі два нацыянальныя рухі – беларускі з літоўскім, тут пачыналася культурнае і дзяржаўнае адраджэнне двух народаў. І ўсё гэта адбывалася на фоне панавання польскай культуры, расійскіх і яўрэйскіх уплываў.

Пры падтрымцы кампаніі «Віаполь», яе дырэктара Галіны Патаевай журналіст і экскурсавод Віктар Корбут разам з вядомым гідам Анатолем Варавам арганізаваў экскурсійны маршрут «Беларуская Вільня + 7 замкаў Літвы», прэм’ера якога адбылася 6-7 чэрвеня.

30 турыстаў з Мінска сталі першымі ўдзельнікамі вандроўкі, якая прайшла да Вільні праз рэзідэнцыі вялікіх князёў літоўскіх у Крэве, Мядзінінкай (Медніках), Тракай (Троках), Сянеі Тракай (Старых Троках), праз вёскі Савічунай (Савічуны), Рукайняй (Рукойні), Барэйкішкес (Барэйкаўшчына), з якімі звязана жыццё выдатных прадстаўнікоў беларускай і польскай літаратур Францішка Багушэвіча і Уладзіслава Сыракомлі, вялікага князя літоўскага Вітаўта, іншых выдатных асоб мінуўшчыны.

Замак у Крэве ўражвае… сваім катастрафічным станам. Нягледзячы на тое, што гэтая цытадэль уключана ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» і запланавана яе кансервацыя, пакуль што крэпасць развальваецца. З гэтым кантрастуе добраўпарадкаваны падыход да замка з боку аўтобуснай стаянкі: дарога вядзе праз мост, перакінуты праз маляўнічую раку Краўлянку. Насупраць замка відаць дамкі аграгарадка, якім стала колішняе мястэчка, учарашняя вёска Крэва. Відавочна, што клопат пра дзень сённяшні для гэтага месца больш актуальны за зберажэнне спадчыны.

Іншую карціну мы назіралі, пераехаўшы праз мяжу – у літоўскі Мядзінінкай. Там стаіць аналагічны замак, пабудаваны ў адзін час з крэўскім. Абодва былі закансерваваны яшчэ ў часы, калі гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Польшчы, у 1920 – 1930-я гады. Аднак калі ў Мядзінінкай умацаванне руін працягвалася ў савецкі перыяд і было скончана частковым аднаўленнем у апошнія гады – у незалежнай Літве, то ў Крэве гэты працэс пакуль што запаволіўся.

У адноўленай вежы замка ў Мядзінінкай, што нагадвае вежу крэўскага замка, якой яна было сто год таму, да разбурэння ў часе Першай сусветнай вайны, створана цікавая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі цэглы, узоры якой прадстаўлены з замкаў, палацаў, храмаў Літвы, Беларусі і Украіны. На іншых ярусах вежы экспануюцца розныя рэчы з каштоўных металаў, паляўнічыя трафеі.

Цікавей за ўсё дабрацца да верху і падняцца на аглядную пляцоўку вежы. Калі стаіш угары і над табой лунае гістарычны сцяг Літвы – чырвонае палотнішча з «Пагоняй», – адчуваеш гонар за мінулае роднага краю. Аднак горка ўсведамляць, што літоўцы па-ранейшаму лепш за нас шануюць гэтае багацце. І ў гэтым немагчыма абвінаваціць нікога, апрача нас саміх.

Таксама немагчыма не здзівіцца, што вуліца, якая вядзе ад Мінскай шашы да вёскі Мядзінінкай, носіць імя Кастуся Каліноўскага. А ў Беларусі знаходзяцца людзі, якія сцвярджаюць, што Каліноўскі – гэта… вораг Беларусі. Тут акурат разумееш, што сцвярджэнне некаторых ура-патрыётаў пра тое, што нібыта літоўцы «скралі» ў нас спадчыну ВКЛ, абсалютна беспадстаўнае і нават наіўнае. Гэтая спадчына ляжыць у нас пад нагамі, і мы самі яе топчам (як камяні крэўскага замка, імя Каліноўскага), замест таго, каб падняць і ўзняць высока – як той штандар з «Пагоняй» над вежай мядзінінкайскага замка.

Пакідаючы вялікакняскі замак у Мядзінінкай, мы кіруемся ў мясціны, адкуль родам Францішак Багушэвіч, аўтар клічу «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» Мову гэтую Багушэвіч пачуў упершыню тут, у Свіроніс, Савічунай, Рукайняй, дзе яна гучала ў канцы XIX стагоддзя. І пасля на гэтай мове, віленскай гаворцы, Багушэвіч пісаў свае творы. У тым жа стагоддзі побач, у Барэйкішкес, жыў і тварыў Уладзіслаў Сыракомля, ураджэнец Беларусі, які сам пісаў пераважна па-польску, але вельмі прыязна ставіўся да беларускамоўнай творчасці, напрыклад, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Адсюль, з Барэйкаўшчыны, ён дасылаў рэцэнзіі ў варшаўскія і віленскія перыядычныя выданні, дзе з захапленнем адгукаўся на новыя кнігі Дуніна-Марцінкевіча, што выходзілі ў Мінску.

Дарогі, які вядуць праз гэтыя мясціны да Вільні, – нібы разгорнутыя гістарычныя хронікі, якія сведчаць, што тут, на літоўскай зямлі, здаўна «жыве Беларусь». Тут, вакол Вільні, лёсы, традыцыі нашых народаў перамяшаліся настолькі, што іх немагчыма раздзяліць.

Тракай – гэта маленькі Вавілон. Тут цэлая вуліца называецца Караімскай (Караіму), у памяць пра народ, ад якога ў горадзе засталося некалькі дзясяткаў чалавек, але менавіта яны ствараюць асаблівы настрой места.

«Кыбынлар» – рэстаран караімскай кухні, дзе мы спыняемся падмацавацца перад працягам вандроўкі. Тут нас кормяць піражкамі з мясам, асаблівымі з выгляду і на смак. У інтэр’еры – усё ў караімскім стылі: абрусы, дываны, надпісы на гэтай мове, блізкай да татарскай. Уласна караімы – гэта і ёсць татары, сваякі крымскіх, але адрозніваюцца ад іх сваім паходжаннем. Лічыцца, што гэта нашчадкі хазараў. Бо яны вызнаюць не чысты іслам, а іх рэлігія – з іудзейскімі дамешкамі. А хазары калісьці прынялі яўрэйскую веру. Запрасіў іх у Тракай вялікі князь літоўскі Вітаўт. У гэтым горадзе яны яшчэ жывуць. А Вітаўт тут памёр – у замку, які ён пабудаваў сабе на востраве.

К 1960-м гадам крэпасць нарэшце аднавілі. І вось больш за паўстагоддзя тут існуе выдатная турыстычная інфраструктура. Тракай ляжаць на вузкім перашыйку паміж двума азёрамі, па воднай роўнядзі якіх плавае безліч яхтаў пад ветразямі, лодак. На беразе – тлум люду. Такое адчуванне, што ты на нейкім марскім курорце. Бо горача: паліць сонца. І ўсе загарэлыя, вясёлыя, гамоняць на розных мовах. І яшчэ здзіўляе, што азёры ў горадзе настолькі чыстыя, што ля берагоў відаць дно. Дно, якое густа засеяна валунамі – ад муроў замкаў, што не аднойчы разбураліся ў мінулым.

Калі сонца пачынала садзіцца, аўтобус рушыў у Сянеі Тракай (Старыя Трокі), дзе нарадзіўся Вітаўт, пра што сведчаць дарожныя знакі, якія падказваюць шлях да гэтай мясціны. А гарадзішча, дзе стаяў драўляны замак, у якім з’явіўся на свет будучы вялікі ўладар, цяпер забудавана кляштарам і касцёлам у стылі неаготыкі.

Вечар – рамантычны час, для таго каб пазнаёміцца, нарэшце, з Вільняй. У прамянях сонца, што заходзіць, асабліва ўрачыста выглядае Вострая брама.

Ад яе адна з вуліц выводзіць нас да могілак Расу (Роса), дзе адразу ля ўваходу відаць першая магіла беларуса – пісьменніка Ядвігіна Ш. Яе паставілі віленскія беларусы ў 1937 годзе – тады, калі ў Мінску савецкі НКУС дзясяткамі расстрэльваў беларускіх літаратараў.

Шпацыруючы між надмагілляў, знаходзіш на пастаментах знаёмыя кожнаму са школы імёны беларусаў, палякаў, літоўцаў: Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс, Яахім Лялевель, Эўстахі Тышкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян і Антон Луцкевічы.

На наступны дзень, пасля салодкага сну і смачнага снядання ў сапраўды камфортным гатэлі Comfort Hotel, разам з Віктарам Корбутам і Анатолем Варавам выпраўляемся ў 5-гадзінны з перапынкамі тур па беларускіх мясцінах Вільні. Пачынаецца шлях ад вуліцы Міндоўга, названай у гонар першага і апошняга караля Літвы, заснавальніка ВКЛ. На гэтай жа вуліцы стаіць гатэль і пасольства Беларусі.

У Старым горадзе знаёмімся з будынкамі, якія памятаюць Францішка Багушэвіча, Вацлава Ластоўскага, Янку Купалу, Браніслава Тарашкевіча, Якуба Коласа – бадай усіх класікаў нашай літаратуры, выдатных грамадскіх дзеячаў пачатку ХХ стагоддзя, якія тут, на памежжы Літвы і Беларусі, марылі і працавалі дзеля дабра свайго народа.

Мы стаім ля муроў дома на вуліцы Піліма, 5, дзе, гасцюючы ў рэдакцыі газеты «Наша ніва» і ў Вацлава Ластоўскага, у 1911 годзе Максім Багдановіч натхніўся на стварэнне верша «Слуцкія ткачыхі», убачыўшы ўпершыню тут слуцкія паясы, гэты шляхецкі аксесуар, што пад пяром паэта стаў нашым нацыянальным сімвалам.

Мы глядзім у вокны дома на вуліцы Вільняўс, 39, дзе ў 1913 годзе адбылася прэм’ера п’есы Янкі Купалы «Паўлінка», а побач – дом № 37, дзе працаваў Браніслаў Тарашкевіч, пра што сведчыць мемарыяльная дошка. За спінай – помнік Станіславу Манюшку, які родам з-пад Мінска, жыў у Мінску і тут, прыехаўшы на нейкі час з Вільні, паставіў разам з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам першую беларускую оперу «Сялянка». Гісторыя беларускага тэатра пачыналася ў Вільні – прыходзіць думка! І гэта гучыць неверагодна. Таксама як нечакана бачыш побач два палацы Радзівілаў, у адным з якіх, на Вільняўс, 41, у 1930-я гады жыў выдатны беларускі палітычны і культурны дзеяч Антон Луцкевіч.

Прайшліся трохі далей – і на вуліцы Швянта Ігнота, названай у гонар Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка ордэна езуітаў, твар у твар убачылі той самы рэстаран «Бочу», пра які Уладзімір Караткевіч, які хадзіў тут перад намі паўстагоддзя таму, прамовіў:

Па дарозе ў «Бочу»

Нікуды не збочу.

І мы не збочваем, а ідзём далей вуліцай імя галоўнага езуіта, каб дайсці да муроў колішняга кляштара дамініканцаў, дзе на пачатку 1864 года быў зняволены Кастусь Каліноўскі. У гонар змагара за волю і лепшую долю ўсталявана мемарыяльная шыльда на нашай і літоўскай мовах з профілем Кастуся.

Спускаемся ўніз – і на пляцы Даўканта аглядаем рэзідэнцыю Прэзідэнта Літвы, а за ёй – Віленскі ўніверсітэт, дзе з канца XVI стагоддзя вучыліся тысячы беларусаў, а сярод іх такія нашы землякі, як Адам Міцкевіч, Ігнацы Дамейка.

Прайшоўшы вуліцамі сталіцы Літвы, дзе сотні дамоў памятаюць гучанне беларускай мовы ў розныя эпохі, дзе вісяць шыльды ў гонар беларусаў, мы даходзім да вуліцы Пілес (у перакладзе: Замкавай), якая пераходзіць у Дзіджоі (Вялікую), а затым у Аўшрос Варту (Вострабрамскую). На Дзіджоі, 19а дакранаемся да памятнай шыльды ў гонар Скарыны, які тут, ля ратушы, выдаў 500 год таму першыя ў Вялікім княстве Літоўскім беларускія кнігі.

Адсюль мы бачым адразу некалькі цэркваў у стылі готыкі. Экскурсавод звяртае ўвагу на тое, што яны былі не раз перабудаваныя, страцілі шмат першапачатковых рыс, але ўсё адно належаць да ўнікальных – усходнехрысціянскіх храмаў у стылі заходнееўрапейскай архітэктуры. Што і недзіўна: у Вільні, як і ў Беларусі, скрыжоўваліся розныя традыцыі, што ішлі з захаду на ўсход і наадварот.

Дом, дзе літовец Марцін Кухта (Марцінас Кухта) друкаваў «Вянок» Максіма Багдановіча і «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага, будынак, дзе выйшла ў свет першая ў гісторыі газета на беларускай мове «Наша доля», легендарны касцёл Святой Ганны, які таксама праславіў Багдановіч, і побач – касцёл Святога Міхала, дзе служыў беларускі ксёндз Адам Станкевіч і пахаваны канцлер і адзін са стваральнікаў трэцяга Літоўскага Статута Леў Сапега… Усё гэта – беларуская і літоўская Вільня, якая не чужая, і нашая таксама.

А ў адноўленым Палацы ўладароў ВКЛ цяпер праходзіць выстава пояса эпохі Вітаўта са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Гэта сведчанне таго, што і мы можам і ўмеем шанаваць спадчыну ВКЛ, што нам таксама ёсць чым здзівіць суседзяў. І гэта пацверджанне таго, што ў свой час урад Літвы прыняў правільную стратэгію – на аднаўленне Палаца ўладароў, які цяпер стаў выдатным музейным комплексам, апрача таго, што сімвалізуе пераемнасць дзяржаўнай традыцыі даўняй і сённяшняй Літвы.

Уявіць без Вільні гісторыю Беларусі немагчыма. Але няма і Літвы без Вільні. Гэты горад нас яднае, а падзяляе дзяржаўная мяжа. Трохі зайздросціш палякам, якіх многа на вуліцах старажытнага горада, бо ім непатрэбная віза ў блізкую краіну. Магчыма, нам трэба лепш пазнаць сваю гісторыю і трэба ў Вільні бываць часцей, каб узнікла жаданне зноў жыць з суседзямі ў аб’яднанай Еўропе, – такая думка наведала ў час экскурсіі Віктара Корбута і Анатоля Варавы.

Удзельнікі экскурсіі атрымалі ў падарунак выданні кампаніі «Рыфтур»: паштоўкі Віктара Корбута «Vilnius – Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі» і спадарожнік Анатоля Варавы «От Вильнюса до Минска». Дзякуючы гэтым дапаможнікам многа з таго, што было пачута ў час вандроўкі, лепш замацуецца ў памяці.

А наступная экскурсія «Беларуская Вільня + 7 замкаў Літвы» адбудзецца 15-16 жніўня. Падрабязнасці глядзіце на сайце viapol.by, старонка «Экскурсіі па Беларусі», і даведвайцеся праз тэл. (+375 29) 689-15-39, 779-15-39.

https://www.traditionrolex.com/8