https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>4 чэрвеня а 17.30 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў («Палац мастацтва», вул. Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы жывапісу Васіля Касцючэнкі «Зямляне».</strong></p>

Васіль Касцючэнка (1953 г. н.) – вядомы беларускі мастак, педагог, член Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, міжнароднага аб’яднання «Сонечны квадрат» (Масква), мастацкага аб’яднання «Арцель» (Мінск), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007).

На сваёй новай персанальнай выставе Васіль Касцючэнка прадставіць шэраг палотнаў апошніх гадоў, аб’яднаных канцэпцыяй звароту да вобразу чалавека ў сучасным свеце. Адсюль і назва праекта – «Зямляне». Так, героямі большасці твораў мастака паўстаюць сімвалічныя постаці, пазбаўленыя рысаў партрэтнасці, – летуценнікі з вялікімі дзіцячымі вачыма. Аўтар шукае вобраз сучасніка – чалавека, які, нягледзячы на ўсе тэхнічныя дасягненні, прагматыку і імклівы рытм існавання, знаходзіць у жыцці месца для пачуццяў і веры, мар і кахання. Поспех мастака Касцючэнкі  ў тым, што ён здолеў праявіць сябе як сучасны аўтар, які актыўна рэагуе на падзеі і трэнды мастацкага дыскурсу і разам з тым застаецца сентыментальным, лірычным, а часам і глыбока інтымным творцам. Пра сучаснае, пластычнае мысленне Касцючэнкі кажа яго сяброўства з моладдзю, багаты педагагічны вопыт (за працяглы час выкладання ў каледжы імя Глебава ён праявіў сябе як прагрэсіўны настаўнік, неабыякавы да пошукаў маладых).

Стыль мастака Касцючэнкі ўпісваецца ў сусветную хвалю «новай фігуратыўнасці». У ім спалучаюцца элементы беспрадметнага і рэалістычнага мастацтва. З аднаго боку, фігуратыўны пачатак у творчасці аўтара падпарадкаваны фармальным патрабаванням кампазіцыі. З іншага – колеравыя плямы на палотнах Касцючэнкі не ператвараюцца ў абстрактныя колеравыя палі, а захоўваюць сувязь з рэальнасцю: зялёны застаецца колерам травы, чырвоны – сонца, празрыста-блакітны – азначае прыналежнасць да воднай стыхіі. Менавіта гэтая матэрыяльнасць колеру (як сакавіты барвовы кавун у рабоце «Лета») надае выявам Касцючэнкі паўнакроўнасць, вітальнасць, эфектнае візуальнае вырашэнне.

Работы, прадстаўленыя на выставе, розныя па настроі: ад напружана-драматычных («Устрыманае імгненне», «Укрыжаванне», «Ружовае святло»), пабудаваных на спалучэнні кантрастных колераў, да гарманічна-ўраўнаважаных («Калыханка», «Белая раніца»), выкананых у адной светлай танальнасці. Аднак аўтарскі тэмперамент найбольш праяўляецца як раз у дынамічных колеравых спалучэннях (чырвонага з зялёным, зялёнага з ружовым і інш.), блізкіх да стылістыкі сучаснага мастацтва. У гэтым сэнсе паказальны часты зварот аўтара да жанру накцюрна («Прыцемкі», «Краявід з месяцам», «Ружовае святло»). Але жывапіс Касцючэнкі застаецца далёкім ад кідкай мовы рэкламы, і кантрасты на яго палотнах кампазіцыйна згарманізаваны. У каларыстыцы і вобразным напаўненні твораў угадваюцца шагалаўскія мытывы (тонкая стылізацыя пад наіў, прысутнічаюць рознакаляровыя чалавечыя фігуры, сілуэты жывёл – кароў ды коней), што сведчыць пра прыналежнасць мастака да славутай віцебскай школы (у 1974 г. ён скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута).

Цікавасць уяўляе свежая серыя гарадскіх пейзажаў Касцючэнкі («Горад 1,2», «Рэха горада», «Ля храма»), у якіх аўтар падхапіў сапраўдны genius loci беларускай сталіцы. Для гэтых работ характэрны пазітыўны спектр у адлюстраванні аблічча мегаполіса, адчуванне маладой бурлівай энергетыкі горада. Гэтая серыя – сапраўдны ўнёсак у распрацоўку мастацкага брэнда Мінска.
Асобную старонку ў творчасці аўтара займаюць палотны на хрысціянскія сюжэты («Прычасце», «Радаўніца», «Сустрэча»), што нагадваюць пра кранальныя шэдэўры народнага іканапісу. Аўтар выяўляе ў гэтых работах не столькі рэлігійную паслядоўнасць, колькі традыцыйны міфалагічны светапогляд славянскіх народаў, у аснове якога – земляробчы каляндар з гадавым цыклам святаў. Мастак ўзнаўляе непаўторную сакральную атмасферу кожнага з іх ( у работах «Прадчуванне Пасхі 1,2», «Раство», «Радаўніца»).

Для творчасці Касцючэнкі апошняга часу характэрны зварот да вялікіх фарматаў ( «Паплавок», «Понцій Пілат і Іісус», «Прадчуванне сустрэчы»), што нагадвае пра вопыт прадстаўнікоў абстрактнага экспрэсіянізму з іх імкненнем растварыцца ў жывапіснай стыхіі.

Алесь Сухадолаў,
мастацтвазнаўца


Персанальная выстава Васіля Касцючэнкі «Зямляне» будзе працаваць да 16 чэрвеня ўключна.
Тэлефон для даведак: 8 (017) 288-12-25.
Час працы выставы: з 11.00 да 19.00 штодзённа, акрамя панядзелка.

https://www.traditionrolex.com/8