https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Попыт на адпачынак у Крыме сярод беларусаў за апошнія два гады значна знізіўся, але цалкам не знік. Прадстаўнікі турыстычнага бізнесу кажуць, што падзенне попыту звязана не з нежаданнем беларусаў ехаць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі і занепакоенасцю наконт уласнай бяспекі, а са складанасцю маршруту і зніжэннем даходаў беларусаў.</strong></p>

Адпачынак у Крыме: ад 3 да 100 мільёнаў

Статус Крыму як акупаванай Расіяй тэрыторыі не прымусіў беларускія турыстычныя фірмы адмовіцца ад працы з крымскім напрамкам. Туры ў Крым прадаюць шматлікія беларускія турыстычныя кампаніі — у тым ліку і дзяржаўныя. Прадстаўнікі турагенцтваў сцвярджаюць, што прапанова ёсць, таму што існуе попыт.

Беларускі дзяржаўны турыстычны аператар «ЦэнтрКурорт», напрыклад, гатовы прапанаваць беларусам велізарную колькасць варыянтаў адпачынку ў Крыме.

Крым, Ялта
Крым, Ялта

Пры гэтым кошт 10-дзённага адпачынку ў Крыме для дваіх у чэрвені пачынаецца ад 3 млн беларускіх рублёў — тут гаворка ідзе, зразумела, пра самыя бюджэтныя варыянты. Напрыклад, гэтулькі давядзецца аддаць за пражыванне ў пансіянаце ў Судаку, без харчавання. Звычайны двухмесцавы нумар у Алушце на 10 дзён стане прыкладна ў 3,6 млн рублёў. А вось двухмесцавы нумар у атэлі ў Ялце за 100 метраў ад мора, з уключаным трохразовым харчаваннем, за 10 дзён абыдзецца беларусам ужо ў 38 млн рублёў.

У цэлым кошты ў Крыме могуць дасягаць і 100 млн беларускіх рублёў — як распавялі карэспандэнту «Свабоды» ў «ЦэнтрКурорце», тут гаворка ідзе пра пражыванне ў буцік-атэлях.

 

«Турысты сумавалі, калі на працягу нейкага часу мы не прадавалі пуцёўкі ў Крым»

Крым, пляж Еўпаторыі
Крым, пляж Еўпаторыі

Мэнэджэр турфірмы «Труксан» Алена распавяла «Свабодзе», што беларусы, нягледзячы ні на якія палітычныя падзеі, усё роўна цікавяцца адпачынкам у Крыме.

«Паколькі крымскі напрамак не надта дарагі, то ён заўсёды карыстаецца попытам. Шматлікія турысты смуткавалі і хваляваліся, калі на працягу нейкага часу мы не прадавалі пуцёўкі ў Крым у сувязі з вядомымі падзеямі, калі там фактычна ішлі ваенныя дзеянні. А з мінулага году продаж пуцёвак аднавіўся», — кажа яна.

Аднак у фірме «Труксан» прызнаюць, што зніжэнне попыту на адпачынак у Крыме ўсё-ткі назіраецца. Перш за ўсё з прычыны цяжкасцяў маршруту: каб трапіць у Крым, беларускім турыстам трэба ехаць праз Расію ў абыход Украіны.

Крым, Судак
Крым, Судак

Напрыклад, турфірма «Труксан» прапаноўвае кліентам толькі аўтобусныя туры ў Крым. А гэта вельмі доўгі шлях: Гомель — Бранск — Арол — Варонеж — Растоў — Краснадар — порт Каўказ (гэта Керчанская пераправа) — Крым.

«Гэта паўтара сутак у дарозе. Вядома, частку турыстаў мы губляем, таму што не ўсе, у сілу фізічных абставінаў ці таму, што з дзецьмі едуць, могуць ехаць на аўтобусе — гэта проста досыць складана фізічна. А чыгуначны ці авіяцыйны тур магчымыя толькі праз Маскву: гэта значыць, спачатку даехаць да Масквы, а потым ужо ехаць на поўдзень. Таму попыт, вядома, упаў», — тлумачыць мэнэджэр турфірмы.

 

Дырэктар турагенцтва: для беларускіх турыстаў у Крыме змянілася толькі шыльда

Дырэктар турагенцтва «Вяршыня» Сяргей Загадскі прызнае, што крымскі напрамак цяпер запатрабаваны ў меншай ступені, чым да анексіі Крыму Расіяй. Аднак продаж тураў у Крым на працягу гэтых двух гадоў агенцтва не спыняла нават часова.

Крым, пляж Алушты
Крым, пляж Алушты

Па словах Загадскага, зніжэнне попыту на турпуцёўкі ў Крым звязана з двума фактарамі: ускладненнем маршруту і падзеннем даходаў беларусаў.

«Ёсць два фактары падзення попыту. Па-першае, гэта ў цэлым зніжэнне даходаў насельніцтва, ну і плюс складанасці з пераездам. Дарога ў Крым трохі больш складаная аказалася — з перасадкай у Маскве, напрыклад. Кагосьці гэтыя клопаты з перасадкамі не задавальняюць. Акрамя таго, Крым заўсёды ўспрымаўся беларусамі як варыянт бюджэтнага адпачынку. Цяпер у сілу таго, што авіяпраезд туды падаражэў, а прыбыткі беларусаў знізіліся, адпаведна і попыт упаў», — кажа ён.

Пры гэтым інфармацыйны фон, які існуе вакол Крыму, не паўплываў на выбар беларусаў. Па словах Загадскага, кліенты ягонай фірмы не выказваюць асцярог у сувязі з тым, што адпраўляюцца на акупаваныя тэрыторыі.

Крым, Ялта
Крым, Ялта

«Трэба разумець, што многія беларусы за сваё жыццё ездзілі ў Крым па 10–20 разоў. Таму яны ўсведамляюць, што нічога там істотна не змянілася. Змянілася толькі шыльда. Як на крамах або рэстаранах, бывае, мяняюць шыльду — быў адзін гаспадар, стаў іншы. Мабыць, такое ж стаўленне да сітуацыі і ў людзей. Бо для чаго ездзілі і ездзяць у Крым? Па пэўны клімат і прыроду, па здароўе, па гісторыю і культуру», — тлумачыць дырэктар агенцтва.

Паездка ў Крым анкету не сапсуе, але крымінальнай адказнасцю пагражае

З пункту гледжання ўкраінскіх законаў Крым — «часова акупаваная тэрыторыя». Згодна з пастановай Кабінету міністраў Украіны, уезд на тэрыторыю паўвострава магчымы толькі праз кантрольныя пункты аўтамабільных і чыгуначных зносін. Авіязносіны паміж мацерыковай Украінай і Крымам на дадзены момант не падтрымліваюцца.

Замежнікам для паездкі ў Крым трэба афармляць спецыяльны часовы дазвол у міграцыйнай службе Украіны. Падставай для атрымання дазволу можа быць пражыванне сваякоў у Крыме, размяшчэнне пахаванняў блізкіх, а таксама наяўнасць на паўвостраве ўласнай нерухомасці. Выдача дазволу на паездку ў Крым дзеля турыстычных мэтаў не прадугледжана.

Крым, Кактэбель
Крым, Кактэбель

Уезд на тэрыторыю Крыму з боку Расіі дэ-юрэ будзе лічыцца незаконным перасячэннем дзяржаўнай мяжы Украіны, за што прадугледжана крымінальная адказнасць.

Між тым Сяргей Загадскі кажа, што дэ-факта беларускім турыстам, якія едуць у Крым, не пагражае ні крымінальная адказнасць, ні забарона на ўезд ва Украіну.

«Такога не можа быць у прынцыпе. А ведаеце чаму? Таму што ніякіх адзнак у пашпарце ці камп'ютарнай базе, якія б сведчылі пра тое, што чалавек заязджае ў Крым, проста не існуе. Чалавек заязджае на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, з якой у Беларусі дамова аб Саюзнай дзяржаве, з якой няма памежнага і мытнага кантролю. І далей чалавек вольны перамяшчацца па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі як заўгодна, уязджаць у любыя рэгіёны — у тым ліку і ў Крым.

А вось украінскія ўлады сапраўды ўвялі забарону на ўезд у Крым з боку Украіны для ўсіх грамадзян, за выключэннем украінскіх. Гэтая норма дзейнічае — то бок беларусы (як і расіяне) не могуць трапіць туды без адмысловых дазволаў з украінскага боку», — тлумачыць ён.

Крым, Ялта
Крым, Ялта

Дарэчы, гэтым адрозніваецца сітуацыя з Крымам і Украінай ад сітуацыі з Абхазіяй і Грузіяй. Сепаратысцкія ўлады Абхазіі з 1 красавіка ўводзяць візавы рэжым для ўсіх краін, якія не прызналі незалежнасьць гэтай тэрыторыі. У тым ліку — і для Беларусі.

«Калі беларус паедзе ў Абхазію з боку Расійскай Федэрацыі, а потым захоча паехаць у Грузію, вось тут у яго будуць праблемы. Абхазію грузінскія ўлады лічаць сваёй уласнай тэрыторыяй, часова акупаванай Расійскай Феіэрацыяй. Таму ўезд на гэтую тэрыторыю з боку Расеі не прызнаецца грузінскімі ўладамі. Калі ў хуткім часе беларус атрымае абхазскую візу, заедзе на тэрыторыю Абхазіі, а потым вырашыць паехаць у Грузію, то ён можа трапіць пад адміністрацыйную, а магчыма, і крымінальную адказнасць у Грузіі», — кажа Загадскі.

 

Эканамічнае супрацоўніцтва: не існуе ці невядома?

Крым, Керч, узьбярэжжа
Крым, Керч, узбярэжжа

Трэба дадаць, што пра эканамічныя зносіны паміж Беларуссю і анэксаваным Крымам дакладна нічога не вядома.

У сакавіку 2015 года сайт гарадскіх уладаў Севастопаля паведаміў, што 26 сакавіка дэлегацыя Рэспублікі Беларусь сустрэлася з прадстаўнікамі ўраду Севастопаля. На сустрэчы ішла гаворка пра прапановы аб размяшчэньні на тэрыторыі Севастопаля зборачнай вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасці, ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» і холдынгу «Гомсельмаш».

Тады гэтая інфармацыя выклікала пэўны рэзананс. Украінскія эксперты адзначалі, што стварэнне вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў у Крыме будзе парушэннем украінскіх законаў і дэ-факта прызнаннем Беларуссю анэксіі Крыма Расіяй. Чым скончыліся тыя перамовы, дакладна невядома — ні з боку расійскіх улад, ні з боку беларускіх ніякіх каментарыяў на гэты конт не прагучала.

www.svaboda.org

https://www.traditionrolex.com/8