<p><strong>Прыгожы пярэсты певень гучна агалошваў фае кінаканцэртнай залы «Астравец», ніякавата адчуваючы сябе ў замкнёнай прасторы. Планавалася, што галасістая птушка будзе спяваць на прасторы: размясціць падворкі фестывалю меліся ў лесапаркавай зоне Астраўца, але надвор’е ўнесла свае карэктывы. Да гонару гаспадароў, яны змаглі аператыўна знайсці выйсце – творчыя калектывы і падворкі з усіх раёнаў вобласці гасцінна прынялі ў кінаканцэртнай зале «Астравец», у сярэдняй школе № 2, у цэнтры адпачынку «Галактыка». Нават інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС на адзін дзень ператварыўся ў мастацкую галерэю – тут прайшла выстава жывапісу  «Туга па Радзіме»  літоўскай мастачкі Бірутэ Куцкайтэ, якая нарадзілася на Астравеччыне. </strong></p>

Пакуль артысты рыхтаваліся да выступлення, а раённыя аддзелы культуры і цэнтры рамёстваў ладзілі падворкі, у інфармацыйным цэнтры навукоўцы сабраліся за «круглым сталом», каб абмеркаваць надзённую тэму – «Захаванне і папулярызацыя рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры Гродзеншчыны».

На цырымоніі адкрыцця фестывалю прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, яго намеснік  Васіль Чэрнік, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў  Ірына Тальчук, першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Руслан Сачко. Барыс Святлоў зазначыў, што рэгіянальны фестываль «Скарбы Гродзеншчыны» можа з часам стаць рэспубліканскім, бо справа адраджэння народных рамёстваў, народнага касцюма, песні, фальклору – справа важная і дастойная пераймання.

Фестываль «Скарбы Гродзеншчыны» праходзіў сёлета ў другі раз – першы прайшоў два гады таму ў Гудзевічах Мастоўскага раёна. Але, нягледзячы на малады ўзрост,  у гэтага свята з’явіліся ўжо свае традыцыі і сімвал. Так, на свяце ў Астраўцы гаспадары мінулагодняга фэсту перадалі тканы беларускі пояс астраўчанам. Зараз астравецкія ткачыхі будуць два гады шчыраваць, каб выткаць свой пояс і перадаць яго Гродзенскаму раёну.

Астраўчане як гасціныя гаспадары паказалі ўсё лепшае на выставе традыцыйных рамёстваў Астравеччыны «Адкуль нашы карані». Майстар па саломапляценні педагог Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валянціна Віннічак разам з выхаванцамі літаральна зачаравала наведвальнікаў сваёй саламянай калекцыяй.  92-гадовая народная майстрыха па ткацтву Марыя Юльянаўна Мажэйка з вёскі Гіры прызналася,  што зараз стаяць за кроснамі цяжкавата, а вось вяжа многа і нават без акуляраў.

У кінаканцэртнай зале «Астравец» праходзіў заключны канцэрт абласнога фестываля рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы».  У адборачных турах бралі ўдзел больш за 500 удзельнікаў, 250 з іх – школьнікі і моладзь. Значыць, і народная песня, і  фальклорны танец, і музыка, і трапны жарт жывуць у народзе, дапамагаючы яму ўсведамляць сваю адметнасць і непаўторнасць. 

Артыстаў на сцэне змянілі маладзёжныя калектывы Гродзеншчыны, а госці і члены журы адправіліся аглядаць падворкі, каб выбраць лепшых у некалькіх намінацыях, вызначыць лепшага майстра, лепшы падворак, касцюм, страву традыцыйнай беларускай кухні.  

Гаспадар з гаспадыняй падворку Гродзенскага раёна, напрыклад, часу дарэмна не трацілі, запрашаючы членаў журы і гасцей пазнаёміцца з народнымі майстрамі ды адведаць страў з Адэльску.  Міністру культуры Барысу Святлову яны падаравалі незвычайны каравай з мукі новага ўраджаю – рог дастатку з каравайчыкамі ўнутры. Ну як было не завітаць у сінькоўскую карчму Смаргонскага раёна, не адведаць прысмакаў на Лідскім падворку, не пакаштаваць дароў агароду ў дзятлаўчан!  Пералічваць стравы ды рамёствы, прадстаўленыя на падворках раёнаў Гродзеншчыны, – газетнай старонкі не хопіць.
 

Наталія ВАЛЫНЕЦ

grodnonews.by