Цяпер турысты і жыхары Гродна змогуць больш даведацца пра гісторыю роднага горада і яго ваколіц. Гэтай вясной у абласным цэнтры пачаў працаваць мабільны гід на шасці мовах. Каб атрымаць даведку, дастаткова мець смартфон і доступ у інтэрнэт.

QR-коды ўжо з'явіліся на Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве, Вялікай харальнай сінагозе, кінатэатры «Чырвоная зорка», пажарнай каланчы, на будынку палацава-паркавага комплексу «Свяцк», а таксама іншых вядомых гістарычных аб'ектах горада і Гродзенскага раёна. Усяго па сістэме «мабільны гід» у горадзе абсталявалі каля 30 аб'ектаў.

Калі сфатаграфаваць на мабільны тэлефон QR-код, праграма раскажа пра пазначаную славутасць, пакажа фота і відэа, а таксама парэкамендуе аб'екты паблізу па карце Google. Інфармацыя даступная на шасці мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай, англійскай і нямецкай.

«Мабільны гід» стварылі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва ЛатвіяЛітваБеларусь. Геаграфію QR-кодаў плануюць пашырыць, каб стварыць мультымедыйны праект не толькі ў Гродне, але і па ўсёй вобласці.

Дарэчы, першы ў горадзе QR-код быў размешчаны на галоўным корпусе Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 2011 годзе. Гэта спасылка на QR-сайт універсітэта, дзе ёсць інфармацыя пра будынак, гісторыю ВНУ і яго навіны.

Euroradio.fm