<p>6 красавіка 2016 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска адбылася чарговая прэзентацыя фотавыставы «Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці» ужо добра вядомага фотамастака Міхася Крыжаноўскага.</p>
<script></script>

На гэты раз фотавыстава носіць больш персанальны характар у параўнанні з папярэднімі, якія адбыліся ў сталічных бібліятэках з пачатку бягучага года. Выставу адкрыла дырэктар бібліятэкі Алена Кубышкіна. Яна сказала, што хаця 2015 год, які ўвайшоў у гісторыю як год Агінскага,  закончыўся, але яго час і эпоха працягваюцца і адзначаюцца яго ўдзячнымі землякамі.

Затым слова ўзяла паэтка-песенніца і перакладчыца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таіса Трафімава, якая прачытала каля дзясятка сваіх вершаў, прысвечаных не толькі М. К. Агінскаму: “Каля помніка М. К. Агінскаму”

Тут на Айчыне, ля помніка ў бронзе,

Мы ўшаноўваем тыя стагоддзі.

…………………………………..

Вечна жывы ён, наш Міхал Агінскі.

Я адчуваю: ён побач, ён блізка.

Я ля вытокаў ягонай калыскі

Ціха ў маленні схіляюся нізка

(месца напісання: Гузаў, дзе нарадзіўся М. К. Агінскі)

Прысвячэнне

Аўтару шматлікіх тэматычных праектаў,мэтанакіраванаму творчаму чалавеку МІХАІЛУ КРЫЖАНОЎСКАМУ

Міхаіл, Міхал, Міхась,

А па грэчаску – «ад Бога».

І бягуць Яго дарогі

Да людзей у добры час.

Ваша творчае жыццё,

Як шматколерныя слайды

Годна, зладжана і ладна

Запалалі пачуццём.

Бескарысліва, глыбока

І няўрымсліва-высока

Скрыжаваліся шляхамі

Дальнімі і блізкімі

Міхала Агінскага.

І прыватныя выставы,

Як музычныя актавы…

Па краіне й за мяжою

Апавітыя любоўю.

Вось ён, скарб найдаражэйшы

Так і просіцца ў вершы,

Бо асвечаны святлом

Талент Ваш невычарпальны.

Вашы справы, думкі, мэты,

Вашы новыя праекты

Адклікаюцца ў сэрцах

І ў вачах, як у азерцах.

Міхал – значыць – «Божы дар»

Свайго лёсу валадар,

Як каваль свайго жыцця,

Адчувае пульс быцця.

Новым, юным пакаленням

Перадаць фота-імгненні

Ад няўтольнага натхнення

Свае лепшыя набыткі.

Справу добрую вяршыць

Зноў па закліку душы.

Так нясіце Крыж свой Боскі,

Нездарма ж Вы – КРЫЖАНОЎСКІ.    

На адкрыццё выставы прыйшлі кіраўнікі бібліятэчных устаноў сталіцы, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа імя Кедышкі, ліцэя № 7, а таксама Мінскай кінашколы на чале з яе дырэктарам Міхаілам Шпілеўскім. Навучэнцы кінашколы паказалі пад музыку аднаго з паланезаў М. К. Агінскага спектакль “Прынцэса без гарошыны” пад кіраўніцтвам рэжысёра Валянціны Кастышынай, што выклікала самую жывую цікавасць у гледачоў, прысутных у зале на адкрыцці фотавыставы.

Затым быў паказаны невялікі фільм «Дарога да Агінскага», у якім размова ідзе не толькі пра славутага кампазітара, але і пра яго ўдзячных землякоў Маладзечанскага раёна, якія аднаўляюць памяць пра свайго выдатнага палітычнага дзеяча ВКЛ М. К. Агінскага.

Пасля фільма выступіў краязнавец, перакладчык і выкладчык германскіх моў Васіль Ермаловіч, які прачытаў невялікі вершык Таісы Трафімавай «Вяртанне з Вянецыі» у перакладзе на нямецкую мову. Далей ён коратка расказаў пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага кампазітара, які пасяліўся ў Залессі з 1802 года, вярнуўшыся сюды з далёкіх замежных вандровак, і дзе ён напісаў свой знакаміты ля-мінорны паланез «Развітанне з Радзімай», які неабходна было б лепш назваць «Сустрэча з Радзімай», на якую ён вярнуўся з далёкага замежнага шляху. (Калі ён пакідаў маёнтак Залессе, то дадзены паланез існаваў ужо задоўга да яго ад’езду з Радзімы).

Затым выступоўца адзначыў той факт з творчай біяграфіі фотамастака Міхася Крыжаноўскага, што дадзеная фотавыстава з’яўляецца ўжо сёмай па ліку, што сведчыць пра яго пастаянную творчую дзейнасць і настойлівы (упарты ў добрым сэнсе слова) характар. Напрыканцы ён пажадаў Міхасю Крыжаноўскаму новых праектаў і паспяховых выстаў.

У заключэнне фотамастак правёў па экспазіцыйнай зале экскурсію для гасцей і прысутных, коратка распавёўшы пра самыя значныя і цікавыя фотаработы. Задаволеныя госці разыходзіліся пад гукі неўміручага ля-мінорнага паланеза Агінскага.

Фотаздымак Міхаіла Крыжаноўскага

Фотаздымак Міхаіла Крыжаноўскага

Васіль ЕРМАЛОВІЧ,

краязнавец, перакладчык і выкладчык

германскіх моў