https://www.traditionrolex.com/8
<p>8 лютага ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі прайшло свята – конкурс пар-выканаўцаў традыцыйнага танцу “Мяцеліца”. Парам трэба было паказаць каля 10 танцаў: “Лявоніха”, “Падыспань”, “Кракавяк”, “Полька”, “Ночка”, “Каханачка”, “Карапет”, “Барыня” і інш. Крытэрыем адбору танцаў было іх шырокае распаўсюджаннне на тэрыторыі Беларусі, каб кожны танец можна было зафіксаваць ад носьбітаў традыцый у любой мясцовасці і паказаць пад час конкурсу аўтэнтычны (несцэнічны) варыянт. Таньчылі пад акампанемент капэлы “На таку” і гарманіста з Любані Васіля Васільевіча Семашкевіча. Ён вучыўся граць ад свайго бацькі, выпушчаны дыск з яго мелодыямі “Танцавальная музыка Любаншчыны”.</p>

Сцэны як такой для пар не было, яны таньчылі на прасторы перад гледачамі. “Традыцыйную” ж сцэну заняла журы. Адначасова да гледача магло выйсці да 6 пар, і кожная выконвала свой варыянт абвешчанага танцу.

На конкурс з’ехаліся танцоры з усёй Беларусі, рознага ўзросту. Самаму малодшаму ўдзельніку “Мяцеліцы” 16 гадоў, найстарэйшаму – 82.

Акрамя сталіцы, на конкурсе былі ўдзельнікі з Капаткевічаў, Лоева, Полацка, Століна, Гомля, Слуцка, Буда-Кашалёва, Асіповічаў – больш за 40 пар.

Танцоры змагаліся ў розных узроставых катэгорыях, але журы ўсё роўна было няпроста абраць лепшых.

Арганізавала мерапрыемства Школа традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта “Гуда” разам з Беларускім фондам культуры.

Натхняльнік і аўтар ідэі конкурсу – этнахарэограф Мікола Аляксеевіч Козенка, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Фестываль з’яўляецца часткай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Конкурс “Мяцеліца” адбыўся ў рэчышчы руху, што прымеркаваны да “Берагіні”, за аснову была узята методыка правядзення конкурсу танцавальных пар, што адбываецца падчас асноўных мерапрыемстваў фестывалю.

Даведка: асноўныя мерапрыемствы рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” праходзяць раз на два гады ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Наступным разам – у канцы чэрвеня 2016 г. Запрашаем!

https://www.traditionrolex.com/8