https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="line-height: 20.7999992370605px;">Пасля смерці Альгерда вялікакняскі пасад у дзяржаве нашых продкаў заняў малодшы Альгердаў сын Ягайла. Баючыся суперніцтва свайго дзядзькі князя Кейстута, ён зняволіў яго ў вежы Крэўскага замка, а потым загадаў задушыць. Ягайла захаваў уладу, але яе не прызналі ні сын Кейстута князь Вітаўт, ні полацкі князь Андрэй Альгердавіч.</span></p>

У гэты час суседняе з Вялікім княствам Польскае Каралеўства перажывала вельмі цяжкі перыяд сваёй гісторыі. Краіна заставалася без уладара, а каралеве Ядзвізе было ўсяго трынаццаць гадоў. Польшчы пагражала заваяванне немцамі і страта незалежнасці. У такіх умовах шмат хто з буйных польскіх феадалаў бачыў выйсце ў альянсе сваёй дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім. Пагатоў гэты хаўрус забяспечыў бы палякам спакой і на межах з Княствам, войска якога толькі за адзін пераможны паход 1376 года вывела з Польшчы 23 тыс. палонных.


За вялікім князем Вітаўтам наша дзяржава дасягнула найвышэйшай магутнасці. Гравюра з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні. 1581 г.

Небяспека з боку Тэўтонскага ордэна рабіла альянс з Каронай выгодным і нашай краіне. Перамовы польскіх паслоў з Ягайлам завяршыліся ў жніўні 1385 года ў Крэве падпісаннем уніі Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.

Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралевай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы. Дзеля гэтага ён абавязаўся прыняць каталіцтва і ахрысціць у яго братоў, сваякоў ды іншых падданых, якія вызнавалі паганства, а таксама вызваліць палонных хрысціян-палякаў. Але галоўнае было тое, што Ягайла даў абяцанне навекі далучыць свае землі да Кароны Польскай.

Крэўская унія з Польскім Каралеўствам пагражала нашай дзяржаве стратай незалежнасці. Вялікае княства Літоўскае не хацела з гэтым мірыцца. Найбольш актыўны супраціў планам далучэння краіны да Польшчы разгарнуўся на беларускіх землях.


Грунвальдская бітва. Цэнтральная частка трыпціха. Мастак Міхась Басалыга

На чале абаронцаў незалежнасці стаў Вітаўт, сын забітага на загад Ягайлы князя Кейстута. Узімку 1389–1390 гадоў ён узняў супроць свайго стрыечнага брата паўстанне. Не здолеўшы здабыць Вільні, Вітаўт мусіў шукаць падтрымкі ў нямецкіх рыцараў, якім перадаў ва ўладанне Жамойць. У 1391-м ён заняў Гарадзенскі замак, а праз год авалодаў Наваградкам. Вітаўт меў шырокую падтрымку ў насельніцтва Вялікага княства, незадаволенага палітыкай Ягайлы. Продкі змагаліся за свой край, свае нацыянальныя звычаі, за праваслаўную веру.

Ягайла вымушаны быў пайсці на таемныя перамовы з Вітаўтам. У жніўні 1392 года браты сустрэліся ў Востраве пад Лідай. Там яны падпісалі пагадненне, паводле якога ўлада ў Вялікім княстве пажыццёва перадавалася Вітаўту. Ён атрымаў тытул «вялікага князя Літвы і Русі» і ўзяўся актыўна ўмацоўваць дзяржаву. Пры Вітаўце Княства пачало чаканіць сваю ўласную манету.

Князь Вітаўт настойліва і паспяхова вёў палітыку пашырэння межаў дзяржавы. Ён запрасіў у Вялікае княства хана Тахтамыша, якога ў Залатой Ардзе пазбавілі ўлады. Якраз з таго часу на нашых землях і пасяліліся татары, для якіх Беларусь стала другой радзімай. У 1404 годзе Вітаўт канчаткова далучыў да Княства старажытны крывіцкі горад Смаленск і Смаленскую зямлю. Пасля трох паходаў Вітаўта на Маскву з маскоўскім князем Васілём І і было ўчынена пагадненне, паводле якога межы паміж нашай дзяржавай і Масковіяй праходзілі па рацэ Угры, прытоку Акі. На поўдні Вітаўт авалодаў землямі ў нізавіне Дняпра, дзе наша дзяржава атрымала выйсце да Чорнага мора.


Лiст гаспадара Вiтаўта да магiстра Тэўтонскага ордэна. 1404 г.

Злучаныя сілы Вялікага княства і Польшчы ў 1410 годзе разграмілі пад Грунвальдам наймацнейшую на той час у Еўропе армію Тэўтонскага ордэна.

Шэраг беларускіх гісторыкаў мяркуе, што метавіта наш вялікі князь, а не кароль Ягайла камандаваў злучанымі сіламі літвінаў-беларусаў і палякаў.

Дарэчы, пасля бітвы рыцарскі панцыр Вітаўта быў настолькі пагнуты ад варожых удараў, што яго немагчыма было зняць і давялося распільваць.

Перамога пад Грунвальдам далася дарагой цаной. Беларускія летапісы, дарэчы, называюць гэтую бітву Дубровенскай, а нямецкія хронікі – Танэнбергскай.

Палова прыведзенага Вітаўтам войска назаўсёды засталася ў чужой зямлі. Але трыумфальны поспех злучаных сіл Княства і Кароны меў велізарнае палітычнае значэнне. Паводле ўмоў падпісанага з крыжакамі ў 1411 годзе Тарунскага міра, Ордэн павінен быў вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў. Была спынена 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на Усход.

Разгромлены Ордэн ужо не змог аднавіць сваёй магутнасці і неўзабаве знік як самастойная дзяржава. Суадносіны сіл у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе змяніліся на карысць славянскіх краін. Вялікае княства Літоўскае ўмацавала сваю незалежнасць і атрымала амаль стагоддзе параўнаўча мірнага існавання.

500 гадоў пасля Грунвальдскай перамогі нага ўзброенага немца не ступала на беларускую зямлю.

Міжнародны аўтарытэт Вялікага княства, які асабліва вырас пасля Грунвальдскай перамогі, і хуткі рост тэрыторыі краіны прывялі да ідэі пераўтварэння нашай дзяржавы ў каралеўства. Вялікі князь Вітаўт даў згоду атрымаць ад папы рымскага тытул караля і карону. Каранацыя была прызначаная на верасень 1430 года, але ў выніку польскіх інтрыг не адбылася.

У тым самым го­дзе завяршыўся жыццёвы шлях князя Вітаўта. Менавіта пры ім Вялікае княства стала вялікім не толькі паводле назвы і тэрыторыі, якая складала болей за 900 тысяч квадратных кіламетраў, але і паводле сваёй палітычнай ролі ў Еўропе.

Дачка князя Вiтаўта Соф'я. Выява з вышыванкi XV ст.

Галоўную ролю ў Вялікім княстве адыгрывалі беларускія землі. Выхадцы з Беларусі займалі большасць найвышэйшых дзяржаўных пасад. З іх складалася і бліжэйшае абкружэнне Вітаўта. Як паведамляў пасол Тэўтонскага ордэна, вялікі князь і яго двор гаварылі на «славянскай мове», гэта значыць па-беларуску, на старабеларускай мове вялося дзяржаўнае справаводства, пра што сведчаць тысячы архіўных дакументаў. Жамойць ды іншыя заселеныя балтамі землі займалі толькі блізу 1/15 часткі тэрыторыі, на якой жылі 5% насельніцтва. Дзяржаўнае жыццё Вялікага княства Літоўскага, якое тады было найбуйнейшай краінай Еўропы, праходзіла ў беларускіх нацыянальных формах.

Прыйдзе час, калі імем Вітаўта Вялікага ў Беларусі будуць названыя вуліцы і плошчы. А ў сталіцы краіны абавязкова з’явіцца помнік найвыдатнейшаму будаўніку нашай сярэднявечнай дзяржавы.

https://www.traditionrolex.com/8