https://www.traditionrolex.com/8
<p>12 траўня ў сталічным кінатэатры «Перамога» адкрылася выстава пастаўскага фатографа Андрэя Мацура «Нябачныя помнікі Вялікай вайны», арганізаваная пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі з нагоды Дня Еўропы і 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны.</p>

Край мой бачыць азёрамі,

Край мой чуе лясамі,

Край мой літары зорныя

Ў небе ночы чытае.

Як калісь пачыналася,

Як фінал усвядоміць,

Ўсё, на што забываемся,

Край працягвае помніць.

Алесь Камоцкi

З чорна-белых фотаздымкаў узіраюцца ў шэрае неба ды й проста ў вочы гледачу маўклівыя сведкі колішняй вайны: вайсковыя могілкі, старыя акопы, траншэі, рэшткі нямецкіх дотаў, царква, разбураная падчас ваенных дзеянняў, рэшткі калючага дрота…

– Я паспрабаваў сродкамі фатаграфіі даць слова сваёй зямлі. Безліч разоў я дзякаваў лёсу за тое, што гляджу на свет праз аб’ектыў фотаапарата, а не праз прыцэл, – прызнаецца аўтар.

Дарэчы, на яго роднай Пастаўшчыне захавалася шмат слядоў далёкай вайны, пра якую на Беларусі дагэтуль не прынята шмат апавядаць. Але за штуршок да дзеяння Андрэй Мацур вельмі ўдзячны мінскаму фатографу Сяргею Качаргіну, які некалькі год таму прапанаваў маладым калегам задакументаваць сляды Першай сусветнай вайны на беларускай зямлі – пакуль яшчэ не стала зусім позна. Тэма патроху захапіла маладога фатографа, і сёння ў яго за плячамі ўжо больш за дзве з паловай тысячы кіламетраў уздоўж колішняй лініі фронта.

– Андрэй, а чаму «нябачныя помнікі»? Кожны ж можа ўбачыць – і на свае вочы, і вось як зараз, на фотаздымках? – пытаюся.

– На фотаздымках сапраўды цяпер можна ўбачыць, – усміхаецца фатограф, – але каб дайсці да некаторых з гэтых акопаў, бліндажоў, знайсці іх пасярод леса ці недзе за вёскай, дык, па-першае, трэба ведаць, што і дзе шукаць. Па-другое, яны сапраўды нібы гуляюць з фатографам у хованкі: каб зрабіць добры здымак, трэба шукаць пэўны ракурс, чакаць пэўнага асвятлення…

Падчас стварэння серыі Андрэй Мацур пазнаёміўся з тымі, хто захоўвае памяць пра ваенныя падзеі далёкай пары і даследуе гісторыю Першай сусветнай на Беларусі: кіраўніком Дабрачыннага культурна-гістарычнага фонда памяці Першай сусветнай вайны

Барысам Цітовічам, гісторыкам Уладзімірам Багданавым, сябрамі ваенна-гістарычнага клуба «Товарищи по оружию». За кароткі час ён паспеў зрабіць безліч уласных адкрыццяў, перагледзеў усе дакументальныя стужкі пра Вялікую вайну, якія толькі мог знайсці, і нават выйшаў на тых, каго ў народзе называюць «чорнымі археолагамі».

– Гэтых людзей тэма Першай сусветнай цікавіць перш за ўсё з прагматычнага боку, але шмат хто з іх досыць добра ўяўляе ход ваенных дзеянняў, ведае канкрэтныя месцы, дзе вяліся баі, і можа іх паказаць, – тлумачыць Андрэй.

Андрэй Мацур марыць пра тое, каб гэтыя ледзьзаўважныя сляды Вялікай вайны не сышлі ў нябыт, а сталі калі-небудзь сапраўднымі помнікамі.

– Сёння гэтыя «нябачныя помнiкi Вялікай вайны» на Беларусі нікому не патрэбныя. Я спадзяюся, што калісь яны ўсё ж ператворацца ў сапраўдныя помнікі, да якіх можна будзе прыйсці, каб ушанаваць памяць продкаў.

Насамрэч «нябачнымі» гэтыя помнікі робіць людская абыякавасць ды гістарычнае беспамяцтва. Але нават калі людзі на іх забываюцца, наш край, згодна з вершам Алеся Камоцкага, «працягвае помніць».

P.S. Падчас падрыхтоўкі матэрыяла стала вядома, што выстава «Нябачныя помнiкi Вялікай вайны», анансаваная да 10 чэрвеня 2014 года, спыніла працу ўжо ў нядзелю, 18 траўня. Па словах аўтара серыі, раптоўны перанос тэрмінаў адміністрацыя выставачнай пляцоўкі патлумачыла звычайнай «накладкай»: з панядзелка ў кінатэатры адкрываецца выстава іншага фатографа. Андрэй Мацур не надта засмучаецца: яго фотавыставу «Нябачныя помнікі» ўжо чакаюць у родных Паставах, серыяй таксама зацікавіўся Навагрудскі краязнаўчы музей. Партал TIO.BY жадае праекту доўгага і шчаслівага выставачнага жыцця, а фатографу – плённай працы і новых цікавых фотападарожжаў.   

Фота 1. Крэўскі замак (Смаргонскі раён)

Фота 2. Экспедыцыя ўздоўж нямецкай лініі абароны каля вёскі Пасынкі Мядзельскага раёна

Фота 3. Царква, разбураная падчас Першай сусветнай вайны (вёска Наваспаск Смаргонскага раёна)

Фота 4. Нямецкі кацялок (нямецкія акопы каля вёскі Расохі Мядзельскага раёна)

Фота 5. Нямецкі бункер, перароблены ў лёх (вёска Чухны Смаргонскага раёна)

Фота 6. Сцяна нямецкага бліндажа каля возера Варанец Пастаўскага раёна

Фота 7. Калючы дрот каля аўстрыйскіх акопаў (вёска Дольнае Скробава Баранавіцкага раёна)

Фота 8. Нямецкія акопы каля вёскі Расохі Мядзельскага раёна

https://www.traditionrolex.com/8