https://www.traditionrolex.com/8
Крыклівыя заўзятары беларускага турызма ўвесь час спрабуюць знайсці нейкае магічнае заклінанне, нейкую адну “універсальную фішку”, ад якой валам папрэцца ў Сінявокую дурнаваты заходні пан-турыст з тоўстым кашальком. Але ж такіх “фішак” – ландшафтных, кулінарных, сімвалічных, міфалагічных – трэба мець многія і многія тысячы, стала падтрымліваць у парадку, ведаць і любіць самім...

  

 

Назвы некаторых рыб, з той пары як я пра іх даведаўся, чамусьці гучаць для мяне як музыка, як напамін пра нейкія неверагодна далёкія часы. Асабліва тых, якія водзяцца цяпер у Беларусі вельмі абмежавана, і больш не апазнаюцца абсалютнай большасцю жыхароў краіны як свае. Увесь комплекс  культурных асацыяцый і міфаў, звязаных з імі, разбураны, і ці адродзіцца калі? Ну вось, напрыклад, сялява. Па-беларуску - сялява, па-польску - sielawa, па-літоўску seliava... Як па-руску? Не спяшайцеся, адразу не скажу, хіба што ў канцы нарыса. Невялікі прэснаводны ласось,

жыхар глыбокіх ледніковых азёраў - у кожнай балтыйскай краіне мае сваю побытавую сімволіку і гістарычную міфалогію. Напрыклад, у фінаў - гэта адзін з сімвалаў нацыянальнай кухні. Ледзь не на кожным вулічным свяце можна ўбачыць, як яе смажаць на велізарнай патэльні, папярэдне абкачаўшы ў жытняй муцэ, на фінскім рапсавым алеі, абавязкова дадаючы пад канец сметанковае масла. Але самая славутая страва - сялява, запечаная з салам у бохане жытняга хлеба - пірог kalakukko, адна з візітовак Фінляндыі.

 

А ў былой Рэчы Паспалітай сялява, аднолькава называная ў Польшчы, Літве і Беларусі, мае рэпутацыю тыповай "літвінкі". Гэта значыць, што палякі яе ведаюць і любяць і пры гэтым атаясамліваюць яе з "крэсамі", з гістарычнай Літвой, з кухняй, вывезенай эмігрантамі з Літвы і Беларусі пасля вайны. У самой Польшчы найбольш яна распаўсюджана на поўначы Падляшскага ваяводства і на Мазурах, і абавязкова ўваходзіць, у смажаным або вэнджаным выглядзе, у настальгічна-"крэсовыя" пачастункі. Аднак і ў Літве значэнне сялявы як пэўнага культурнага знаку, а не толькі харчовага прадукту - не выгладзілася з народнай памяці. Я, прызнаюся, еў сяляву толькі аднойчы, у віленскай рэстарацыі Savas kampas (Свой кут). Ну, а ў Беларусі яе ловяць і ядуць моўчкі, па-мужыцку, нічога не ведаючы з яе культурнай гісторыі, як звычайную "ежу-ўвогуле". Ну хіба не літвінка? Аўтар "Старапольскай энцыклапедыі" Зыгмунт Глогер, які сам нарадзіўся пад багатым на сяляву Аўгустовам, пісаў пра яе так: "Гэта адна з найсмачнейшых азёрных рыб Сярэдняй Еўропы... У Літве славутымі былі некалі сялявы полацкія і аўгустоўскія, у Кароне - вялікапольскія з азёр у ваколіцах Мендзыжэча. Сялява жыве толькі ў глыбокіх азёрах".

 

У польскай частцы Аўгустоўскай Пушчы і на азёрах існуе даўні лакальны культ сялявы. Магчыма, ён жа быў уласцівы і нашай сумежнай тэрыторыі - ваколіцам Сапоцкіна і Аўгустоўскага канала, але ў дадзены момант дакладна сказаць не магу, як шмат сялявы жыве ў Ласосне і Чорнай Ганчы на нашым баку мяжы. Думаю, аднак, што не нашмат меней чым у Польшчы і што нават калі гэты культ у нас часова забыты, варта яго адрадзіць. Бо надта ўжо бляклы, прэсны, заезжана-бюракратычны турыстычны вобраз Аўгустоўскага канала на нашым баку. А той кавалак Гарадзенскага раёну, што клінам уціснуты паміж Польшчай і Літвой - здаўна быў адным культурным цэлым з прылеглай Сувальшчынай. На польскім жа баку мяжы сяляву сапраўды шануюць, збіраюць і культывуюць разнастайныя рэцэпты яе прыгатавання, кансервавання... І, між іншым, памяць пра рэкорды: неяк у возеры Сайна злавілі сяляву узростам 8 гадоў (што адпавядае ці не 120 гадам чалавечым) і вагой аж... 500 грамаў! А вось напрыклад, як даўней гэтую далікатную рыбу, якая вельмі хутка псуецца, і добра, калі свежая не пратухае за дзень, захоўвалі ў драўляных скрынях аж да 10 дзён: дно засыпалі драўляным вуглём, затым засыпалі пластом таўчонага лёду - вялічынёй прыкладна з грубую соль, потым укладалі пласт рыбы і ізноў засыпалі ільдом, так каб не засталося ніводнай шчыліны. Зверху высцілалі  ільняным палатном, затым ізноў пласт вугля, пласт ільду, пласт рыбы - і гэтак далей. Скрынку захоўвалі ў халодным і, абавязкова, - у сухім месцы. Думаю, што калі б гэты маляўнічы старадаўні звычай удалося б адрадзіць, глядзеўся б ён вельмі прывабна на адмысловым рыбным рынку пры канале... ой, баюся што не хутка свядомасць сучасных жыхароў Сапоцкіншчыны разаўецца да такой ступені, каб замахнуцца на такія мудрагелістыя рытуалы... Крыклівыя заўзятары беларускага турызма ўвесь час спрабуюць знайсці нейкае магічнае заклінанне, нейкую адну “універсальную фішку”, ад якой валам папрэцца ў Сінявокую дурнаваты заходні пан-турыст з тоўстым кашальком. Але ж такіх “фішак” – ландшафтных, кулінарных, сімвалічных, міфалагічных – трэба мець многія і многія тысячы, стала падтрымліваць у парадку, ведаць і любіць самім – каб зрабіліся яны цікавымі і замежным гасцям… Але ж найперш – самім сабе, а не ўяўленаму заходняму дурню з разяўленым ротам і рахункам у бясконцую колькасць нулёў…

 

Не ў адным рэгіёне Беларусі трэба было б уваскрасіць мясцовыя "культы сялявы". Што да славутай некалі сялявы полацкай, дык яе сляды засталіся ў гісторыі, яскравымі запісамі ў Беларускай эцыклапедыі. Вядомы дзяяч уніяцкай царквы 17 ст., мітрапаліт Антоні Сялява - родам быў з полацкіх баяраў, і, відаць, такое характэрнае прозвішча пацвярджае той культ сялявы, што існаваў некалі ў Полацку. Дый адно з самых славутых азёраў Беларусі - Сялява, і дагэтуль багатае на тую рыбу (каб адрозніць ад назвы самога возера, тут яе называюць сяляўкай) - некалі належала да старадаўняга Полацкага княства. Эх, марыцца мне пра садружнасць біёлагаў, прамысловых рыбаводаў, менэджэраў турыстычнай галіны, якія б некалі разам папрацавалі над адраджэннем папуляцыі і рэпутацыі гэтай сімвалічна важнай рыбкі, у азёрах Полацкага, Ушацкага, Лепельскага раёнаў... Каб увайшоў у моду сяляўны сезон, са сваім адмысловым фестывалем, асвятленнем у прэсе, легендамі, сувенірамі і іншымі атрыбутамі культурнага міфа... Ну, выбачайце за фантазіі… Як там пяе адзін салодкагалосы бард? “Спяваць і працаваць – нам дрэнна, не з рукі!”

Драматычную гісторыю, калі б умела размаўляць, паведаміла б нарачанская сялява. На найвялікшым возеры Беларусі гэтая рыба здаўна складала аснову рыбалоўнага промыслу, ад якога карміліся сотні сем'яў, была сапраўдным сімвалам Нарачы. Так працягвалася да 1935 г., калі па-першае, стала відавочным, што рыбныя рэсурсы возера імкліва змяншаюцца, а па-другое, улады міжваеннай Польшчы вырашылі сур'ёзна інвеставаць у развіццё турыстычнай інфраструктуры найбуйнейшага возера ў дзяржаве, якое называлі яшчэ "Віленскім морам". Ахоўныя мерапрыемствы ўключалі ў тым ліку забарону прамысловай лоўлі рыбы, якая аб'яўлялася выключнай уласнасцю дзяржавы. Лаві - але разам з турыстамі, на вуду. Гэта выклікала хвалю абурэння, якая перарасла ў адкрыты бунт. Пра экалогію тады ніхто не чуў (хаця ахоўныя меры ініцыяваліся ў тым ліку абачлівымі біёлагамі). Пратэсты доўжыліся 2 гады, і ў беларускай гістарыяграфіі нават набылі рэпутацыю ледзь не "нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць польскай акупацыі". Пра "паўстанне" напісаў сваю славутую паэму "Нарач" Максім Танк, а беларускія мастакі дагэтуль малююць міфічнае "паўстанне супраць паноў-прыгнятальнікаў" на глянцава-патрыятычных карцінах.  Насамрэч, усё было нашмат складаней: і дзеянні ўлады мелі пад сабой важкія падставы (што пацвердзілася і пазней, ужо за Саветамі), і пратэстоўцы зусім неабавязкова былі сьвядомымі беларусамі: проста ліквідацыя шматвекавога традыцыйнага промыслу балюча закранала інтарэсы многіх нарачанскіх сем'яў, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. На пратэстах, канешне, зараблялі палітычны капітал самыя розныя сілы, у тым ліку і кампартыя Заходняй Беларусі. Але значна большую вагу мелі выступы славутага міжваеннага публіцыста з віленскай газеты "Слова" Юзафа Мацкевіча, які 2 гады (1935-37) асвятляў канфлікт у сваёй надзвычай папулярнай крытычнай калонцы "Бунт багнаў". Характэрна, што галоўным аргументам рыбакоў быў зусім не "Камуністычны маніфест" і не агітацыйныя улёткі беларускіх нацыяналістаў, але старадаўнія прывілеі вялікіх князёў і каралёў, ад Стэфана Баторыя пачынаючы, на права промысла ў Нарачы. У рэшце рэшт, польскія ўлады мусілі адступіць, бо грамадская думка і прававая традыцыя былі на баку рыбакоў. Нагадаем для параўнання, што 1937 г. у СССР быў пікам небгрунтаваных рэпрэсій.

 

(канец будзе)

https://www.traditionrolex.com/8