https://www.traditionrolex.com/8
<p>Размешчаная амаль у самым цэнтры еўрапейскага кантынента, Беларусь і ў мінулым была перакрыжаваннем розных шляхоў з іх рознымі адгалінаваннямі як з захаду на ўсход, так і з поўначы на поўдзень, а таксама «прыёмнікам» як станоўчых, так і адмоўных дасягненняў-тэндэнцый тых чатырох бакоў свету і тых часоў. Не абмінуў нашу тэрыторыю ў свой час і знакаміты старажытны водны шлях з «варагаў у грэкі» і, вядома, назад – з «грэкаў у варагі».</p>

 

Размешчаная амаль у самым цэнтры еўрапейскага кантынента, Беларусь і ў мінулым была перакрыжаваннем розных шляхоў з іх рознымі адгалінаваннямі як з захаду на ўсход, так і з поўначы на поўдзень, а таксама «прыёмнікам» як станоўчых, так і адмоўных дасягненняў-тэндэнцый тых чатырох бакоў свету і тых часоў. Не абмінуў нашу тэрыторыю ў свой час і знакаміты старажытны водны шлях з «варагаў у грэкі» і, вядома, назад – з «грэкаў у варагі».

Шлях той звязваў Балтыйскае (Варажскае) мора з Чорным (Рускім) морам і, адпаведна, Скандынавію («варагаў») і Заходнюю Еўропу з Візантыяй («грэкамі») і краінамі Усходу. Даўжыня яго, калі меркаваць візуальна, складала каля трох тысяч кіламетраў, частка якіх праходзіла і праз нашы землі. Калі ж улічваць, што ён ніколі не быў адзінай і суцэльнай магістраллю, а распадаўся на часткі, то яго даўжыня намнога перавышала названую вышэй лічбу і складала больш за тры тысячы кіламетраў. Што ж датычна яго працягласці па тэрыторыі Беларусі, зноў жа з улікам розных частак і адгалінаванняў ад іх, дык тут ён меў працягласць больш за тысячу кіламетраў. Вядома, маецца на ўвазе плошча сучаснай Беларусі – Рэспублікі Беларусь.

Шлях «з варагаў у грэкі» ўпершыню ўзгадваецца ў недатаванай частцы летапісу «Аповесць мінулых гадоў», дзе распавядаецца пра яго пачатак з Фінскага заліва Балтыйскага мора па рацэ Няве – у Ладажскае возера, адтуль – па рацэ Волхаў у возера Ільмень, з яго – па рацэ Лаваці і яе прытоку рацэ Сярожы. Далей судны волакам перацягвалі да ракі Таропы, а па ёй – у Заходнюю Дзвіну і па яе прытоку рацэ Касплі – да возера Каспля, адкуль, зноў жа волакам, – у вярхоўе Дняпра. Па Дняпры ён ішоў далей – да самага Чорнага мора. Аб наяўнасці і інтэнсіўнасці руху на «варажска-грэцкім» шляху з Прыбалтыкі ў Міжземнае мора сведчаць скарбы арабскіх, візантыйскіх і заходнееўрапейскіх манет.

Шлях выкарыстоўваўся як з гандлёвымі, так і з ваеннымі мэтамі з IX cт., а найболей актыўна – у X – першай палове XI ст. Вывозілі па ім з Русі і больш паўночных тэрыторый футра, скуры, мёд, воск; здаралася – і рабоў. Прывозілі ж з «грэкаў» і Усходу залатыя і сярэбраныя ўпрыгажэнні, каштоўныя тканіны, экзатычную садавіну, віно, прыправы, вырабы са шкла і эмалі. Вядома, тавары з гэтых напрамкаў траплялі ў Крым і на Каўказ і адначасова маглі папаўняцца тамтэйшым асартыментам.

Калі гаварыць пра «варажска-грэцкі» шлях у басейне Заходняй Дзвіны, то ён (летапісны) лічыцца адным з самых значных адгалінаванняў; прытым ён жа і сам меў свае ўласныя адгалінаванні. Гэта ў тым ліку па рэках Уле і Усвятцы (Усвячы), адкуль – традыцыйна па сушы волакам у раку Друць і – далей у Дняпро. У гэтым жа басейне рака Сергуч злучалася з Усходняй Бярэзінай, і разам яны цяклі ў Дняпро. Гэта датычна зямлі крывічоў і басейнаў Заходняй Дзвіны і Верхняга Падняпроўя.

Не абмінаў «варажска-грэцкі» шлях і землі радзімічаў. Тут, у Сярэднім Падняпроўі, праз волакі (значна ніжэй Смаленска) ён з Дняпра трапляў у Сож, а потым ужо на паграніччы Сярэдняга і Ніжняга Падняпроўя зноў сустракаўся з Дняпром. А яшчэ ніжэй (ніжэй Чарнігава) яго чакала рака Дзясна. А далей шлях той быў звязаны з прытокамі Дона, Акі і Волгі.

Шлях з «варагаў у грэкі» быў «знаёмы» і з землямі дрыгавічоў праз Нёман і Буг з іх прытокамі і, вядома, волакамі. Дарэчы, гэты шлях дзесьці супадаў з бурштынавымі адкладаннямі, што трапляліся і трапляюцца сёння ў зямлі па шляхах з Балтыкі на заходнюю частку беларускага Палесся. Вядома, не ў такіх памерах і аб’ёмах, як на самой Балтыцы – на ўзбярэжжы мора, каб іх лёгка знаходзіць, а тым болей здабываць прамыслова. У басейне Нёмана з пераходам яго ў Прыпяцкі басейн у якасці водных транспартных артэрый «варажска-грэцкага» шляху былі задзейнічаны рэкі Буг, Прыпяць, Мухавец, Піна, Морач, Случ і іншыя – і ўсе, канешне, са сваімі прытокамі. І, зразумела, там, дзе гэта было неабходна, былі яны паміж сабой «павязаны» волакамі. Да прыкладу, Мухавец і Піна, Нёман і Морач і інш. Між іншым, не будзе памылкай ці нацяжкай, калі басейн Прыпяці выдзеліць у самастойную і значную галіну «варажска-грэцкага» шляху. Гэты пасыл, яго верагоднасць можа пацвердзіць і факт заснавання ўзбоч яго, а дакладней, на берагах Прыпяці такіх гарадоў, як Тураў (980г.), Пінск (1097 г.), Мазыр (1155 г.) і іншых паселішчаў.

А вось назва ракі Случ і адпаведна горада Слуцка, верагодней за ўсё, паходзяць ад слова «злучаць». Нёман праз волак злучаецца з ракой Мораччу, а тая – упадае ў Случ. Крыху ніжэй ад гэтага ўпадзення ўжо ў самую Случ упадаюць такія яе прытокі, як Бычок, Вясейка, Тройча, Лань, Лакнея і іншыя атожылкі. І вось у цэнтры гэтых злучэнняў, можна меркаваць, у свой час (паводле летапісу – у 1116 г.; па сведчанні ж архімандрыта Трызны, Случэск быў прыпісаны да Тураўскай епіскапіі ў 1005 г. Як бачым, ёсць усе падставы меркаваць, што гэты горад узнік і значна раней названай прыпіскі) утварыўся і Случэск, Слуцак, Слуцк. Пасля ўсю гэту злучаную ваду Случ несла ў Прыпяць, потым – у Дняпро і ў Чорнае мора. А ўжо адтуль «дзеці» басейнаў Нёмана, Прыпяці і Дняпра траплялі ў Міжземнае мора і – прама ў «грэкі». Варта, як кажуць – у тэму, заўважыць, звярнуць увагу на назву паселішчаў паблізу Слуцка – Грэск і Буда Грэская. Усё ж у нейкай ступені і фанетычна праглядаецца ў гэтых тапонімах «грэцкі», «грэчаскі» след (Грэцк і Буда Грэцкая).

А цяпер колькі слоў пра волакі на нашай зямлі. Волакі – гэта па тым часе населеныя пункты, якія пры сваім заснаванні знаходзіліся паблізу тых месцаў, дзе з адной ракі ў другую – з аднаго воднага басейна ў другі па сухадолу, водмелях або нізкіх забалочаных месцах перацягвалі (валаклі) рачныя судны, чаўны на катках або перавозілі на фурманках ці пераносілі выгружаныя з іх тавары. Даўжыня тых волакаў вагалася ад 20 да 30 кіламетраў. І сёння добра вядома пра волакі, напрыклад, паміж Лукомлем і Друцкам, Віцебскам і Оршай і інш. Яны, нібы муфта, злучалі рэчкі Сергуч і Эсу, Улу і Друць, Заходнюю Дзвіну і Дняпро і іншыя, менш значныя прытокі і атожылкі.

Не рэдкасць у нас і «волачныя» тапонімы. Найдаражэйшая мясціна на зямлі для Алеся Петрашкевіча, знакамітага вучонага і пісьменніка, палымянага патрыёта Беларусі, вёска Перавалачная Талачынскага раёна – яго малая радзіма. Вёскі Перавалокі і сёння існуюць у Браслаўскім і Рэчыцкім раёнах, а Волак – у Уздзенскім раёне, Валокі – у Карэліцкім і Маладзечанскім раёнах і інш. Праўда, трэба мець на ўвазе, што не ўсе назвы з асновай «волак», а тым болей «валок», якія сустракаюцца па ўсёй Беларусі, маюць водападзельнае значэнне. Яны, большасць з іх, хутчэй маюць цягу да паняцця зямельнай меры. Хаця не выключана, што паміж імі існуе ці існавала ў старажытнасці ўнутраная сувязь у цэнавым вымярэнні-сегменце.

Як правіла, у паўночнай частцы Беларусі на волаках жыло славяна-скандынаўскае насельніцтва, і шлях той там кантраляваўся варагамі сумесна з полацкімі князямі.

Агульны лёс таго, што мае пачатак, росквіт і фінал, не абмінуў і шлях з «варагаў у грэкі». У XI–XII стст. у сувязі з далейшым драбленнем Русі, з’яўленнем у Ніжнім Падняпроўі полаўцаў, устанаўленнем гандлёвых сувязяў Заходняй Еўропы з Бліжнім Усходам праз Міжземнае мора і іншымі фактарамі славуты шлях з «варагаў у грэкі» пачаў страчваць і канчаткова страціў сваё значэнне і існаванне.

Бывай, старонка і нашай далёкай гісторыі!

https://www.traditionrolex.com/8