https://www.traditionrolex.com/8
<p>23–24 жніўня група сяброў Магілёўскай філіі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны здзейсніла пазнавальную краязнаўчую вандроўку па гістарычных і культавых мясцінах Гродзеншчыны.</p>

 «Гэты край – твой дом і сабор…»

Маршрут двух дзён был пазначаны ў каляровых буклетах з выявамі помнікаў дойлідства: Лаздуны – Юрацішкі – Трабы – Суботнікі – Ліпнішкі Вайцюшкі. Планавалася прыпыніцца на ноч з намётамі ў аграсядзібе артыста Змітра Вайцюшкевіча. На другі дзень падарожжа меркавалася агледзець Ганчары – Тарнова – Белагруду  Ваверку  Вялікае Мажэйкава – Мураванку – Іўе.

Звыш задуманага вандроўнікі агледзелі 14 мястэчак, наведалі касцёлы і цэрквы, пагутарылі з мясцовымі старажыламі, выслухалі аповеды экскурсаводаў і сталых падарожнікаў. У групу ўваходзілі выкладчыкі беларускай мовы, студэнты, школьнікі, гісторыкі.

Асаблівасць праграмы была ў тым, што аповеды пра пункты прыпынку падрыхтавалі розныя асобы і кожны імкнуўся ўзбагаціць сваіх сяброў асабістымі ведамі і ўражаннямі. З паведамленнямі пра гісторыю мястэчак Гродзеншчыны выступілі: Ніна Осіпава, Вольга Гаўрыленка,Таццяна Васіленка, Ірына Сомава. Даўнія візіты ў Суботнікі ўзгадвала Ганна Уладзіміраўна Бандарэнка, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры з 1-й Магілёўскай гімназіі.

Першым месцам прыпынку былі Лаздуны. Мястэчка ўпершыню ўзгадвалася ў пісьмовых крыніцах у 1591 годзе. Яно належыла да Ашманскага павета Віленскай губерніі. У 1910 годзе тут быў пабудаваны касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша, які спалучае рысы нэагатычнага і неараманскага стыляў. Тут знаходзіцца каштоўны абраз св. Ганны і выява новазапаветнай Троіцы. Ля храма падарожнікаў сустрэў ксёндз Андрэй, які служыць тут 4 гады. Ён распавёў пра гісторыю касцёла. Храм быў зачынены з 1948 па 1988 год. Будынак займала зернесховішча. Нядаўна знайшоўся старэнькі кіроўца, які калісьці прывозіў сюды збожжа. У 90-я гады адбылося аднаўленне святыні.


Лаздуны. Касцёл Св. Сымона і Іуды Тадэвуша 1904–1910 гг.

Апостал Іуда Тадэвуш (Фадзей) быў адным з 12-ці апосталаў, ён узгадваецца ў Евангеліі ад Лукі і ад Іаана. У малітвах да яго звяртаюцца па дапамогу ў вырашэнні складаных спраў.

Мястэчка Юрацішкі належала М. Гаштольду, Р. Няміры, Копацям. Упершыню Юрацішкі згадваюцца ў пачатку XVI стагоддзя як мястэчка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Тут грамада агледзела помнік 1-й сусветнай вайны – камень, усталяваны на месцы дыслакацыі нямецкай дывізіі. Тут надоўга затрымлівалася лінія фронту, рыліся акопы.


Памятны камень у Юрацішках

У Юрацішках да групы падышла мясцовая кабета 82 гадоў, спадарыня Ганна. Яна жыве ў былым панскім доме, і ў яе захаваліся рэдкія фотаздымкі міжваенных часоў. Яшчэ поўная сілы, працавітая і мажная, спадарыня Ганна дапамагае мясцовай царкве, усё выдатна памятае.

Назва мястэчка Трабы звязана з імем князя Трабуса, які збудаваў тут замак. Валодалі мястэчкам Гаштольд і Жыгімонт Стары.Тут існавалі металаапрацоўчыя майстэрні, былі пабудаваныя касцёл, царква, сінагога, аптэка, вадзяны млын. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі быў ўзведзены ў 1900–1905 гадах.

Рознабаковым было знаёмства з Суботнікамі. Тут нарадзіўся і быў ахрышчаны археолаг, мастацтвазнаўца, палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Зянон Пазняк.

Нэагатычны касцёл ў Суботніках быў фундаваны беларускімі шляхцічамі Уладзіславам і Янінай Умястоўскімі. Ён будаваўся ў 1904–1907 гадах і быў асвечаны ў гонар Уладзіслава Вянгерскага (ХІ ст.), патрона сям’і Умястоўскіх .


Суботнікі. Касцёл Св. Уладзіслава .1904–1907 гг.

Пані Яніна, якая пражыла да 1941 года, паспела аздобіць два алтары. Шляхцічы хацелі пакінуць добрую памяць пра гісторыю свайго роду, таму ў бакавых сцянах яны прымацавалі таблічкі з імёнамі дзеда і бабулі, маці і бацькі фундатараў касцёла. Унізе, у скляпенні, знаходзяцца парэшткі прадстаўнікоў шляхетнага роду. Святарская кафедра ўпрыгожана гербамі. На супрацьлеглай сцяне можна пабачыць знакі ўдзячнасці за ацаленне ад хваробаў, падораныя парафіянамі. Цёмныя драўляныя лаўкі з крыжамі захаваліся ад моманту будаўніцтва.

У святыні вандроўнікаў ветліва прыняў ксёндз Аляксандр. Ён распавёў аб тым, як мясцовыя жыхары не пакідалі малітвы цягам 25 гадоў. Яны пасцілалі арнат – вопратку святара – на алтар і маліліся. З часам храм быў зноў вернуты касцёльнай грамадзе. Сёння вядзецца навучанне дзетак катэхізісу і асновам веры і этыкі па суботах, заняткі праводзяцца ў кожным класе, з 1-га па 11-ты.

У дарозе прыпаміналіся вершы Уладзіміра Караткевіча:

«На Беларусі Бог жыве»,-
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечный зор карагод.

Наступным пунктам прыпынку былі Ліпнішкі. Упершыню мястэчка згадваецца ў ХVI стагоддзі як ўладанне вялікіх князёў. У 1528 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча Альберту Гаштольду за зняцце маскоўскай аблогі з Полацку і складанне міру з татарамі.

У ХVI стагоддзі Ліпнішкі атрымалі статус мястэчка і ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводства. З ХVIІ стагоддзя мясціна знаходзілася ў валоданні Пацаў. Адначасна з Геранёнамі ( 1670) Ліпнішкі перадалі на размяшчэнне артылерыі. Пазней мястэчка перайшло да Сапегаў, Бяганскіх. 6 чэрвеня 1633 года кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ліпнішкам Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі вершнік з дзідай у руцэ».

У гасцях у Тодара

Душэўны суботні вечар правялі падарожнікі з Магілёва ў аграсядзібе «Вайцюшкі». Гаспадары Зміцер і Галіна гасцінна размесцілі падарожнікаў з намётамі на зялёнай пляцоўцы, а некаторых прынялі ў самой сядзібе.

У гэтым летнім сезоне папулярны артыст Зміцер Вайцюшкевіч правёў шэсць невялічкіх музычных фэстаў на сваім хутары над Нёманам. Аматары музыкі прызджаюць сюды на машынах з сем’ямі, з намётамі. Камусьці падабаецца традыцыйнае Купалле са спевамі «Гуды», з танцамі ў бел-чырвона-белых строях, іншым вельмі па душы «сямейнікі».


У гасцях у Тодара

«Лета прайшло даволі актыўна, – падзяліўся творчымі навінамі спадар Зміцер. – Акрамя шансону мы прапаноўвалі незвычайныя забавы – выступленне духавога аркестра і джазавага калектыва. У маі ў нас быў фестываль салаўёў, прысвечаны паэзіі і паэтам. Мы правялі «Ліпенскі сямейнік» і «Чароўны чэрвень». Але паколькі адлегласць ад цэнтру вялікая, то не заўсёды ведаеш, ці прыедуць наведвальнікі, ці не. Выступаць ў ролі гаспадара цяжэй, чым у ролі артыста. Свята ў нас лакальнае, існуе свая непаўторная атмасфера, і мы не будзем пашыраць яго за фармат больш 100 чалавек, каб не страціць утульнасці і спакою усіх прысутных.

Увесь час дапамагалі мне жонка, дзеці, валанцёры. Спонсараў у гэтым годзе не было. Кампанія «Будзьма» вырашала пытанне з транспартам для артыстаў. Саюз беларускіх пісьменнікаў прывозіў і адвозіў паэтаў і пісьменнікаў, за гэта ім – вялікі дзякуй! Фэсты для нас не бізнес, а спроба сабраць беларусаў, ці паказаць гасцям беларусаў, што мы можам бавіць час па-сяброўскі шчыра і весела.

Да 28 жніўня, да дня нараджэння Генадзя Бураўкіна, мы падрыхтавалі відэакліп на яго песню. Мы будзем прэзентаваць яго на Тut.by і ён будзе размешчаны на маей старонцы ў Your.Tube.

 Стаіць пытанне майго ўдзелу ў праекце «Re: Песняроў». Я запісаў «Вераніку» на словы Максіма Багдановіча, так, як я сабе яе ўяўляю. Cтары склад «Песняроў» успрыняў песню станоўча. Канцэрт мусіць адбыцца 12 верасня ў клубе Re:Public. Плануецца перавыданне дыскаў: «Калыханкі» і «Паравоз кахання», – распавёў Зміцер Вайцюшкевіч.

У час адпачынку ў Вайцюшках турысты і вандроўнікі акунуліся ў плынь ранейшых песень спевака, праслухалі запісы мінулых гадоў, а потым ля вогнішча артыст выканаў песні з новага праекта на словы чэшскага паэта Яраміра Нагавіцы, які спявае, грае на гітары, скрыпцы, флейце і акардэоне.

Вайцюшкевіч адкрывае беларусам сучасных еўрапейскіх паэтаў, служыць нацыянальнай ідэі і культурнай камунікацыі.

Турысты праявілі дысцыпліну, вызначылі дзяжурствы па прыгатаванні вячэры і сняданка, па дагляду за тэрыторыяй. Самыя адважныя выкупаліся ў Нёмане, нягледзячы на халоднае надвор’е.

Ваколіцы Ліды

На другі дзень на маршруце ў Бярозаўцы турыстаў ужо чакала бадзёрая экскурсавод з Ліды Ганна Здзіславаўна Старасценка. З гонарам за родныя мясціны і натхненнем яна распавяла пра ваколіцы Ліды. Лідскі замак быў заснаваны князем Гедзімінам у 1323 годзе як умацаваная ад набегаў татараў і тэўтонаў фартэцыя. У 1422 годзе ў Лідскім замку адбыліся ўрачыстасці з нагоды вяселля караля Уладыслава Ягайла і князёўны Сафіі Гальшанскай.

Кожная забудова непаўторная сваімі архітэктурнымі рысамі, вонкавым абліччам і ўнутраным убранствам. Асабліва ўзнёслае пачуццё пакінула наведванне касцёла Св. Архангела Міхаіла ў Белагрудзе. Ён быў пабудаваны у 1900-1905 гадах са светлай мясцовай цэглы. Роспісы выкананы ў незвычайных ружовых колерах, алтары ўпрыгожаны букетамі гладыёлусаў і астраў, унутраная прастора аздоблена стужкамі і кветкамі.


Белагруда. Касцёл св. Міхаіла Архангела 1900-1905 г.

У Ваверцы вандроўнікі прыспелі на касцёльныя дажынкі, якія ладзіліся ў нядзелю з удзелам кіраўніцтва раёна. Вялікі каравай, снапы жыта, значная колькасць мужчын сталага веку – прыемныя мясцовыя рысы.


Ваверка. Касцёл Перамянення Пана, 1840

Звыш плану экскурсіі турысты наведалі мястэчка Васілішкі. У Старых Васілішках захавалася хата выдатнага беларуска-польскага спевака Чэслава Немана, дзе мяркуецца зрабіць музей.

Моцнае ўражанне пакінула наведванне царквы абарончага тыпу ў вёсцы Мураванка. Царква, якую яшчэ называюць Маламажэйкаўскай, была пабудавана ў 1524 годзе і асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Стральчатыя своды, магутныя вежы, тоўстыя сцены з чырвонай цэглы выклікаюць пачуццё абароненасці. Кожны каменчык захоўвае магутную энергетыку і асвячае наведвальнікаў.

Апошнім населеным пунктам у дарозе было Іўе. Тут турысты ўзгадалі гісторыю татараў на Беларусі. Першыя татары былі запрошаны ў ВКЛ з Залатой Арды і Крыма ў пачатку 14-га стагодзя. Ужо ў 1319 г. татары складалі перадавы атрад войска Гедзіміна ў бітве з тэўтонамі. Асноўнымі іх заняткамі былі вайсковая служба, садоўніцтва, жывёлагадоўля, гарбарства. Мячэць, пабудаваная ў 1884 годзе за сродкі графіні Эльвіры Замойскай, заставалася адзінай дзейснай у гады ваяўнічага атэізму. Іўе лічылася буйным цэнтрам татарскай культуры.

Перад ад’ездам дадому з Іўя падарожнікі пакланіліся касцёлу св. Пятра і Паўла. Побач з ім узвышаецца копія ў мініяцюры статуі Хрыста-Збаўцы, якая існуе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Падарожжа са спевамі

З самага пачатку вандроўнікі атрымалі друкаваныя спеўнікі на 30 старонак з песнямі Генадзя Бураўкіна, Адама Русака, Змітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага і габрэйскімі мелодыямі і гімнамі. Пад музычнае суправаджэнне ўсе дружна спявалі «Мой родны горад», «Простыя словы»,  «Бывайце здаровы», «Я нарадзіўся тут», «Куру-шчабятуру», «Тумбалалайку». У дарозе ніхто не сумаваў.

Міхась Булавацкі падзяліўся з падарожнікамі аповедам пра знакамітых людзей, народжаных у Лідзе. Сяржук Дымкоў забяспечваў грамаду спеўнікамі і буклетамі. Алесь Мазанік з Мінску прапаноўваў падарожнікам сувеніры з гістарычнай сімволікай з інтернет-крамы Imbryk.by.

https://www.traditionrolex.com/8