Васіль Грынь: «Сапраўдны агратурызм – гэта не той цынічны бізнес, якім ён атрымаўся на Беларусі»

09.12.2013 - Новости

Автор: Лілія КОБЗІК


Васіль Грынь: «Сапраўдны агратурызм – гэта не той цынічны бізнес, якім ён атрымаўся на Беларусі»

Як увасобілася ў жыццё еўрапейская ідэя агратурызму на Беларусі? Хто сапраўды займаецца захаваннем беларускай культуры і традыцый на вёсцы, а хто пад маркай сельскага турызму вядзе звычайны гатэльны бізнес? Урэшце, хто вінаваты ў гэтай сітуацыі – самі бізнесмены ці аўтары адпаведнай ідэалогіі? Аб гэтым мы мяркуем з Васілём Грынём – дырэктарам турфірмы «Зялёная каманда», гаспадаром аграсядзібы «Сядзіба Грыня», аўтарам і сузаснавальнікам фальклорнага гурта «Рада», кіраўніком гурта і фолькпраекта «Старое сяло», аўтарам шматлікіх анімацыйных праектаў і вядомым менеджарам і экспертам ў галіне гарналыжнага турызму ў Славакіі і Аўстрыі.

– Васіль, агратурызм пачынаўся з добрай ідэі, якая з’яўляецца агульнай для ўсіх краін, – прымаць турыстаў у сельскай мясцовасці ў цалкам аўтэнтычных, традыцыйных умовах, такім чынам захоўваючы вёску і народную культуру. Але, падаецца, што вельмі хутка разам з указам аб вызваленні ад падаткаў і магчымасцю атрымання льготных крэдытаў ідэя пераўтварылася ў звычайную арэнду катэджаў. Мне здаецца, цяжка тут вінаваціць тых людзей, якія проста выкарысталі нішу для заробку грошай. Але чаму так адбылося? Чаму дзяржава пайшла на гэты крок і глядзіць скрозь пальцы на тое, што адбываецца?

– Агратурызм беларускі мае два аспекты – эмацыйны і эканамічны. Калі гаварыць пра эмоцыі, дык ідэя агратурызму на самой справе была вельмі прыгожай на пачатку. І тыя захады, якія былі зроблены, можна ахарактарызаваць як выдатныя. Але, на мой погляд, у тых, каму ўдалося наладзіць дыялог з дзяржавай, каб зрабіць канкрэтныя крокі, у тых, хто пралабіраваў адпаведныя законы, ад самага пачатку не было разумення нашай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. У іх былі здольнасці размаўляць з дзяржаўнымі структурамі. У іх хапала ўласнай самаарганізацыі, каб свае эгацэнтрысцкія рэчы пасунуць дзеля агульнай справы. Але ў іх зусім не было кантакта, нармальнага, канструктыўнага дыялога з тымі людзьмі на Беларусі, якія разумеюць, што такое нацыянальная культура. І сітуацыя дагэтуль застаецца такой. Іх саміх трэба яшчэ вучыць асновам беларускай ментальнасці, разуменню, што такое дыялекты, што такое народны строй, кухня, традыцыі розных рэгіёнаў, урэшце, што ёсць праўда, а што не. Так, яны мелі магчымасць падарожнічаць, бачылі вопыт Польшчы, ЗША, але ўласных ведаў беларускай культуры ў іх не было і няма. А веды гэтыя табе не дадуць ні ў Амерыцы, ні ў Польшчы, іх можна мець, только калі ты сам выйшаў з вёскі і разумееш, што такое беларускі дух і беларускі характар.

У выніку мы дайшлі да абсурда, да лубковасці, да аграгламуру, якія падаюцца як нацыянальная культура. А на самой справе нацыянальнай культуры на аграсядзібах амаль няма. Зразумела, ёсць выключэнні, але яны толькі пацвярджаюць правілы.

– Чаму тыя, хто разумее нацыянальную культуру, самі не займаюцца гэтым бізнесам?

– Справа абсалютна не ў гэтым. Гэтыя людзі на сённяшні дзень знаходзяцца ў сваіх сферах і павінны там заставацца. Гэта этнографы, гісторыкі, музыкі, рэканструктары – дарэчы, не такі малы рух, які, нягледзячы на ўсе нашы праблемы, пашыраецца і дзякуючы якому час ад часу на аграсядзібах бываюць, напрыклад, добрыя майстар-класы па танцы. Канешне, ёсць у нас прыклады сапраўдных аграсядзіб, тая ж сядзіба «Палескія традыцыі» ў Кобрынскім раёне, але, на жаль, на дваццаць аграсядзібаў у краіне такая адна. І гэта нармальна?.. А што мы маем пад Мінскам? Катэджы, якія прапаноўваюць нумары? На самой справе вось што адбылося. Ушлыя людзі, атрымаўшы адпаведны закон аб падтрымцы агратурызму, убачылі, што насамрэч гэта Амерыка часоў засваення Дзікага Захаду – што хочаш, тое і рабі. І падаткаў –135 тыс. у год. А пазвані зараз, колькі каштуе нумар на сядзібе, – 50 даляраў, і не падыходзь! Тут мы ўжо пераходзім у другі кантэкст размовы – у эканамічны. У гэтым кантэксце я кажу не проста як чалавек, які звязаны з народнай культурай, які спрабаваў рабіць адпаведныя праекты і якому ёсць чым ганарыцца. Я кажу як бізнесмен, дырэктар турыстычнага агенцтва. Мая дзейнасць зараз замкнулася на Беларусі. Я марыў пра гэта, я ішоў да гэтага, многа дзе быў і бачыў, як гэта робіцца ў іншых краінах. І ўсе мае веды, грошы – усё зараз трансфарміравалася ў праект, якому ўжо тры гады, – прыватнае турыстычнае прадпрыемства «Зялёная каманда». Мы займаемся сплавамі, паходамі, маем флот – англійскія, французскія байдаркі, каноэ, у нас добра наладжаная экскурсійная дзейнасць. Мае дастаткі – гэта мая радзіма, я зарабляю грошы, ствараючы только беларускі турпрадукт, дбаю пра якасць, плачу падаткі. Хачу падкрэсліць, што я на дзяржаву не пакрыўджаны, усё больш-менш нармальна зараз з падаткамі, можна жыць і зарабляць. Я ў гэтым бізнесе даўно і магу параўнаць цяперашнюю сітуацыю з тым, што было раней. У нас маленькая фірма – 3 чалавекі ў штаце і да 15 чалавек наймаем у высокі сезон. Дык вось, за сезон мы аддаем дзяржаве падаткаў да 8 тысяч даляраў. Гэта вынік нашай летняй дзейнасці. Куды ідуць грошы падаткаплацельшчыкаў, у тым ліку і нашы, – гэта ўжо іншая размова, відавочна, што Беларусі патрабуецца глабальнае рэфармаванне эканомікі. Але я буду казаць пра сваю «парафію». Для таго, каб мне займацца маёй дзейнасцю, экскурсаводы мае павінны мець ліцэнзіі, фірма павінна мець дамовы с турыстамі і партнёрскімі арганізацыямі і гэтак далей. А з другога боку, ёсць такі суб’ект гаспадарання, як аграсядзіба, якая плаціць 13 еўра ў год падаткаў і ёй нічога не трэба: ні гарантый бяспекі турыстаў, ні ліцэнзій, ні рахункаў – нічога! І добра я думаў бы, што гэты гаспадар – звычайны працавіты чалавек, які жыве са свайго мазаля, у якога зямля, гаспадарка, але ён здае пакойчыкі, каб людзі ехалі на вёску, каб малака дзеці сапраўднага папілі... І так яно і ёсць па ўсім свеце. Але толькі не ў нас.

Дзяржава дазваляе аграсядзібе займацца ўсім тым, чым займаюцца прафесіяналы накшталт такой фірмы, як наша, пры гэтым аграсядзіба фактычна не плоціць падаткі. У людзей, якія кінуліся ў гэты бізнес, сарвала дах, яны думаюць, што ва ўсім разбіраюцца. З якім уласнікам не пагавары – ён усё прапануе: ён і гід, які ўсё ведае, і актыўны турыст, ён учора прыехаў на вёску, але выдатны знаўца традыцый, сплаў ён можа лёгка арганізаваць. Канешне, ёсць такія, якія валодаюць сапраўднымі ведамі. Але бальшыня – не. Я лічу, што на сённяшні момант беларускія аграсядзібы – гэта небяспека для спажыўца і небяспека для рэнамэ ўсёй краіны. Пакуль хто-небудзь, крый Божа, не ўтопіцца на гэтых сплавах, у нас і не пачухаюцца. Потым ужо публічна кагосьці пакараюць.

Дарэчы, я таксама ёсць у каталогу «Белаграпрамбанка», бо я дагэтуль афіцыйна лічуся гаспадаром аграсядзібы «Сядзіба Грыня» ў Заслаўі. Я яе адкрыў, калі не быў уласнікам фірмы «Зялёная каманда». Але гэты год – апошні ў існаванні гэтага статусу. Я ўсё ж дырэктар турыстычнай фірмы, і мне здаваць свой дом, дзе я жыву, дзякуй Богу, не трэба. Але, бывае, тэлефануюць іншаземцы (дарэчы, я размаўляю на англійскай, польскай, славацкай і чэшскай мовах). І аднойчы паляк па тэлефоне пытаецца: «А быдла ў вас ёсць на аграсядзібе?» Гэта проста звычайнае клішэ ў галаве еўрапейца. Раз аграсядзіба – значыць, гаспадарка, быдла... І гэта нармальна. Таму можна дазволіць займацца аграсядзібным бізнесам, напрыклад, фермерам, але не прадпрымальнікам, якія рынуліся на сяло, каб без падаткаў займацца гатэльным бізнесам без усякіх стандартаў. Агратурызм – гэта вёска, а не загарадны катэдж.

А каб заахвоціць беларусаў будаваць невялікія гатэлі, дзяржава павінна распрацаваць адпаведныя законы пад малы гатэльны бізнес – так ёсць ва ўсіх краінах. І гэта патрэбна, каб не ўносіць блытаніны. Гэтыя рэчы, якія ў нас з’явіліся пад лавачкай агратурызму, – гэта ўсё насамрэч называецца прыватныя пансіёны, малыя гасцініцы. І тут дзяржава ці сляпая, ці што. Чаму адным можна ўсё, а другія павінны плаціць па поўнай?! Турыстычнай фірме, каб правадзіць экскурсіі, трэба зрабіць шмат працэдур. Напрыклад, для таго, каб адкрыць музей, трэба аформіць шэраг дакументаў. Але, аказваецца, ёсць такое паняцце, як экамузей, і што хочаш, то вараці. Але ж слова «музей» – гэта не жарты. Ну назавіце тое, што вы там робіце на сваіх «аграсядзібах», экавыставай, экакалекцыяй, як хочаце, толькі не называйце гэта музеем. І тут якую тэму не вазьмі – аграсядзібам усё можна, тое ж тычыцца развіцця зялёных маршрутаў і гэтак далей. Прычым усё гэта робіцца пад нейкія мёртвыя праекты, праводзяцца семінары, выпускаюцца буклеты, праядаюцца гранты, і, у выніку, поўны пшык у Беларусі – і з зялёнымі праектамі, і з ўсім астатнім. Бо ўсё гэта насамрэч фальш.

– Васіль, ведаеш, што можна справакаваць такімі размовамі? Зараз абкладуць усіх шалёнымі падаткамі. І не будзе ў нас ніякіх аграсядзіб – ні сапраўдных, ні ліпавых! І людзям зноў не будзе дзе карпаратыў правесці ці проста адпачыць на прыродзе.

– Зразумела, што гэта зноў тупік. Але ў чым праблема? У Беларусі нармальна, дынамічна развіваецца малы гасцінічны бізнес. І зарабляе добрыя грошы. Ну і на здароўе! Выдатна! Але гэтыя людзі не ёсць дзеці гэтай вёскі, гэта добрыя паспяховыя прадпрымальнікі, якія выдатна арыентуюцца ў заканадаўстве, бачаць, дзе ёсць нішы, і туды ідуць. Хай сабе зарабляюць! Але, відавочна, тут павінна ўжо быць не адна базавая падатку, як для аграсядзіб, але курортная такса, фіксаваны падатак, пры гэтым нешта цалкам адэкватнае і цвярозае, каб было выгадна займацца, але каб гэта не шкодзіла ўласна агратурызму. Хай дзяржава адправіць ў Аўстрыю альбо Славакію юрыстаў, хай яны ўсё правенціліруюць і прывязуць нам нармальныя законы. І я ўпэўнены, пасля гэтага агратурызмам застануцца займацца толькі сапраўдныя гаспадары, і з гэтых 500 старонак каталогу, які выдаў «Белаграпрамбанк», застанецца 3 ці 5. І гэта будзе добра. І вось тым, хто застанецца, трэба даваць гранты, заахвочваць іх, каб яны падтрымлівалі нашы сапраўдныя традыцыі, наш фальклор, сялянскую культуру і захавалі ўсё гэта ад вынішчэння.

– А як дакладна адрозніць аграсядзібу ад прыватнага пансіёну? Дзе мяжа? Каб жа не памыліцца!

– Лёгка! Агратурызм па законе трактуецца як дадатак да сельскагаспадарчай дзейнасці. Але давайце паглядзім на наш «агратурызм», які квітнее каля буйных мегаполісаў. Каля таго ж Мінска, у 20–30 км у накірунках на Гродна, Брэст. Чаму там для гэтых катэджаў такая раскоша? Таму што можна мець загрузку круглы год, карпаратывы праводзіць, лазню грузіць з панядзелка па нядзелю. Хатэлінг жа паняцце круглагадзічнае, у адрозненне ад агратурызму. Але дзе там у каго хоць агарод які ёсць? Дзе і хто там займаецца сельскагаспадарчай дзейнасцю, захоўвае рамёслы, іншыя традыцыі? Нічога гэтага няма!

Атрымліваецца так. У яго аграсядзіба, выстрыжаны газон, баскетбол, барбекю, ідэальны бераг, а за плотам – закінутая хата, і пад яблынямі ўсё ўсеяна, аж крычыць, гэтымі яблыкамі, і бабулька мясцовая ходзіць, якая гаворыць проста фантастычнай беларускай мовай – сапраўднай, прыгожай, сакавітай. Дык, прабачце, дзе сапраўдны агратурызм, па які бок плота? Бабулька там, а ён тут, і тут дыджэй, і тут дыц-дыц, карпаратыў модны адбываецца, грошы зарабляюцца, а за плотам жыццё скончваецца. Дык якое ж гэта адраджэнне вёскі, які гэта агратурызм?

– Але, можа, прычына ў тым, што ў самой Беларусі попыту няма на аўтэнтыку, на гэтую бабульку, на гэтыя яблыкі? Усё гэта, мабыць, асацыіруецца з нейкай «адсталасцю», з тым, ад чаго большасць беларусаў, якія ёсць выхадцамі з той жа вёскі, імкнуцца аддаліцца…

– Усё гэта тлумачыцца тым, што ў людзей нашых, прабачце, няма культуры. Яны камплексуюць ад сваёй беларускасці? Дык гэта ўжо грамадская праблема, наша агульная. Мы камплексуем паказаць народную культуру і не ведаем, як гэта рабіць. Будзем выдумляць што заўгодна, толькі каб не паказаць сапраўдныя, характэрныя рэчы.

Па сутнасці, не трэба ніякіх звышнатуральных намаганняў. Ідзі збяры гэтыя яблыкі, надушы сок і заплаці капейку гэтай старой. І прапануй гасцям. І сам выгадуй жывёлу і зрабі каўбаску, як продкі твае рабілі, а не ў Валожыне ці на Камароўцы оптам купляй мяса, яблыкі ці яшчэ што. Я менавіта пра гэта кажу. Агратурызм – гэта не цынічны бізнес, якім ён зараз стаўся на Беларусі. У законе ж чорным па беламу запісана, что агратурызм для таго, каб не даць загінуць вёсцы, каб яна развівалася. І вось вам прыклад. Дажыве тая няшчасная бабулька за плотам з яе мовай. Яна памрэ, гаспадар купіць за капейкі хату, знясе, зробіць нешта ў шкле і бетоне, засандаліць туды розныя спа-працэдуры, пакладзе сучасную кафлю... усё ж можна.

– З такім агратурызмам, які ён ёсць зараз, як мы выглядаем перад турыстамі?

– Па вялікім рахунку, ёлупнямі. У расіян, нашых асноўных турыстаў, планка якасці, канешне, невысокая. Тыя расіяне, якія патрабуюць узровень і якасць, да нас не едуць, яны едуць далей – у Аўстрыю, Францыю. Да нас прыязджае другі ці трэці эшалон расійскіх турыстаў. Хаця, напрыклад, размяшчэнне на беларускай аграсядзібе даражэй, чым на польскай. Абсурд! Але дарога блізкая, візы не трэба, няма моўнага бар’ера – вось чаму гэтыя расіяне едуць у Беларусь. А працэнт заходніх турыстаў у Беларусі мізэрны. І не только праз візавы бар’ер, для тых жа палякаў групавая віза каштуе ўсяго 15 еўра. І ўсё роўна не едуць. Значыцца, справа не ў візах. Справа ў якасці таго, што мы прапануем. Але рана ці позна ўсё памяняецца. Нават зараз тым людзям, якія сёння інвестуюць у сядзібы, я б параіў думаць пра культурную адметнасць аб’екта, і не ў пластмасе ўсё рабіць, не ў саўке, а якасна, з улікам таго, што ў беларусаў ёсць глыбінная, шматвекавая культура, і яе трэба вывучаць. І калі-небудзь, вось убачыце, менавіта гэтая культура прынясе грошы, а не той лубок, які мы зараз бачым... Я хачу, каб мяне правільна зразумелі. Я абсалютна не супраць прыватных гатэляў, хай працуюць, але сегментавацца трэба. Бо зараз поўная блытаніна. Аграсядзіба, напрыклад, можа працаваць як звычайная кавярня і не атрымоўваць дазволу, не плаціць падаткаў. Дык адкуль жа ў нас будуць нармальныя кавярні? Нічога са свайго падворку, каб накарміць 40 турыстаў, сучасная беларуская сядзіба не мае. Усё закупляецца – дакладна, як у любой кавярні. Я не разумею дзяржаву. Каго выгадна падтрымаць, каб атрымаць больш падаткаў? Напэўна, кавярню! Відаць, патрэбна ўжо рэфармаванне. Каб аграсядзіба не займалася чорным рэстаранным альбо чорным гатэльным бізнесам, але выконвала сваю місію. Лозунгам агратурызму павінна стаць фраза «Адпачынак на вёсцы, але не адпачынак у катэджы».

– Як выправіць сітуацыю, так бы мовіць, без крыві?

– Трэба прымаць нейкія законы аб стандартызацыі малога гатэльнага бізнесу. Бо мы ўвогуле пахаваем агратурызм, калі так пойдзе далей. Трэба займацца кантролем нават пры такім законе, які ён ёсць і дзе напісана, што агратурызм – гэта дадатак да сельскагаспадарчай дзейнасці. І не баяцца кантраляваць. Калі хочаш заставацца ў гатэльным фармаце – калі ласка, вось такія стандарты. Аграсядзіба – зусім іншы фармат. Зараз сітуацыя дурная. Турысты, можа, з большай ахвотай паехалі б у той жа прыватны пансіён, сайт якога добра б распавядаў аб тыпах нумароў, абслугоўванні і гэтак далей. Але турыст чытае: аграсядзіба, значыць, гаспадарка, хлеў і гэтак далей – не, не паеду. А там на самой справе і няма таго хлява. І наадварот: той, хто хоча прыехаць на сапраўдную сядзібу, яе там ніколі не ўбачыць. Колькі скандалаў ужо павылазіла ад таго, што няма ў нас стандартаў. Але нават у рамках існуючага закона можна было б нешта прывесці ў парадак. Ва ўсякім разе трэба перастаць ужо ліць кракадзілавыя слёзы па гэтым няшчасным агратурызме. Агратурызм на Беларусі – гэта ўжо вельмі цынічны бізнес. І ўся гэтая грантавая палітыка смешная. Людзі займаюцца простым цынічным бізнесам у гэтай сферы – на 90 адсоткаў! І вельмі мала тых, хто сапраўды дастойныя гэтых грантаў. Ужо лепш дайце тады турыстычнай фірме 5–10 тысяч даляраў пад развіццё канкрэтных турыстычных маршрутаў. Дайце тым, хто займаецца папулярызацыяй нашай гісторыі, культуры. Але не цынічным бізнесменам ад так званага агратурызму. Дайце грант фірме, якая займаецца ўнутраным турызмам, на набыццё аўтобуса добрага класа, каб не сорамна было беларусаў і замежнікаў вазіць на экскурсіі па Беларусі. Але даваць грошы таму, хто і так добра зарабляе? Даваць, каб ён пабудаваў яшчэ адзін катэдж, дабавіў пакояў і яшчэ больш зарабіў? Не хвалюйцеся, спадары, ён сам пабудуе!

– Назаві хаця б некалькі сядзібаў, якія займаюцца сапраўдным агратурызмам?

– Канешне, я не ўсе ведаю. Але, думаю, насамрэч усім усё зразумела. І той, хто прыедзе, адразу ўбачыць, катэдж гэта альбо сапраўдная гаспадарка з магчымасцю турыстычнага размяшчэння. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца сядзіба «Хорэнь» у вёсцы Клястіцы Расонскага раёна, тыя ж «Палескія традыцыі» ў Кобрынскім раёне, «Кролава хата», таксама размешчаная ў Расонах. Ёсць і іншыя, якія сапраўды займаюцца агратурызмам, а не проста пабудавалі свае катэджы пад гатэлі ды пансіёны.

Рубрики: Сельский Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии

Аватар

09.12.2013 12:42
liliya
ответить

Ад рэдакцыі. Хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што гэта толькі развагі, толькі адно з меркаванняў наконт нашага агратурызма паважанага эксперта Васіля Грыня. Меркаванне палемічнае. Можна спрачацца. Але факт у тым, што, здаецца, наспеў час, каб тэму гэтую пачаць абмяркоўваць у розных так бы мовіць аспектах. Будзе карысна для справы.

 

Аватар

09.12.2013 13:24
Анатолий
ответить

Здаецца, першы раз так шчыра, нават з болем сказана пра тое, пра што даўно ведаюць усе, але саромеюцца сказаць, так бы мовіць, адкрытым тэкстам: няма ў нас ніякага агратурызму, а ёсць дурнаваты, з трывалым калгасным пахам гатэльны бізнэс пад соўсам аграгламура.  Тыя, хто яго так апантана ствараў, набілі тым часам свае кішэні грашыма, наездзіліся па замежжы, інтэрв'ю панараздавалі, каталогі павыдалі, у прэзідыюмы залезлі - словам, цалкам уладкаваліся!  А насамрэч - нуль абсалютны, аградзярмо спрадукавалі на ўласную радасць.

Дзякуй Васілю за смеласць! За гэтае люстэрка, якое ён паставіў перад завадатарамі і ўдзельнікамі аграфікцыі.

Аватар

09.12.2013 14:34
liliya
ответить

Ответ к комментарию #2

на tut.by зараз ідзе абмеркаванне тэмы, трошкі, зразумела, больш актыўнае, чым тут. дык вось там выказанае меркаванне, што, маўляў, а хто сказаў, быцца агратурызм абавязкова павінен быць адпачынкам у нейкіх аутэнтычных умовах з дотыкам да быта сялян, у нас, маўляў, свой шлях, у нас будзе адпачынак менавіта ў катэджах. такое меркаванне, што ж, маюць права. адзінае, што ў нашым выпадку мы апынуліся па-за стандартамі. ва ўсіх іншых агратурызмам называецца адно, у нас іншае.

Аватар

12.12.2013 14:49
Volha
ответить

Тему эту, как и многие другие, стоит обсуждать. Однако, хочу обратить внимание редакции, что после введения нового формата сайта обсуждения любых тем практически свелись к нулю.

Аватар

12.12.2013 21:32
Сямен Лукашук
ответить

Добра Васіль выказаўся, слушныя думкі. Але чакаць, што на іх звернуць увагу нашыя дзяржаўныя чыноўнікі малаверагодна. Можа, зацікаўленай грамадскасці заняцца падтрымкай сапраўдных аграсядзіб? у тым жа каталогу на гэтым сайце такія сядзібы можна было адзначаць асобным значком...
Аватар

13.12.2013 13:21
liliya
ответить

Volcha, мы надеемся, что обсуждения свелись к нулю временно, пока народ привыкнет, что нужно всего лишь заходить на сайт под своим логином, то есть будучи зарегистрированным, и тогда комментить так же легко, как и прежде.

Аватар

16.12.2013 16:11
Ермак
ответить

Мнение интересно конечно. Но как и в обществе есть люди ценящие "беларускасць" , а есть которые вроде и национальность беларус, ни язык, ни истории не знают, им не надо другого отдыха на природе. Им такую агроусадьбу подавай- без "вески". А мнение и вкус не навяжешь, конкуренция сама все поставит на места, что должно быть, чего не должно. Рано агротуризм сверху чистить, не выресовалась идея еще. Сверху у нас "умееют" все поставить на места. 

А автор вещает конечно ,но уже посмотрев его усадьбу "СЯДЗIБА ГРЫНЯ", понимаешь ,что говорить это одно, а на деле другое. Вот уж натуральный коттедж. Или вашей турфирме делать рождественский тур в стиле запада, НЕ в стиле Беларуси. Что пипл хавает, то и предлагают и у вас , так ведь получается?

А я то в приниципе за суть агротуризма, что вы вещаете на словах...

Аватар

16.12.2013 16:19
Ермак
ответить

А сайт с новой версией обсуждения на 50% не интересен стал, думаю все же не вернешь с такой версией сайта обсуждения.

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах