Возера Машэнскага, бор Шакуціна, курорт Чыжа: на чым зарабляюць беларускія мільянеры?

20.07.2015 - Новости

Возера Машэнскага, бор Шакуціна, курорт Чыжа: на чым зарабляюць беларускія мільянеры?

Плынь турыстаў, якія прыязджаюць на адпачынак у Беларусь, змялела праз крызіс у Расіі. Аднак патэнцыял «цуду некранутай прыроды» застаецца вялікім. Яго спрабуюць выкарыстоўваць беларускія мільянеры. Якія праекты яны рэалізуюць і колькі плацяць у бюджэт за арэнду лясоў і азёр?

Возера Машэнскага

Вось ужо некалькі гадоў жыхары Брэста наракаюць, што не могуць адпачыць на сваім любімым Белым возеры. На вадаём, які знаходзіцца за 35 км ад абласнога цэнтра, іх не пускаюць ахоўнікі: маўляў, прыватная тэрыторыя.

Зямлёй карыстаецца самы вядомы брэсцкі бізнэсмен — Аляксандр Машэнскі, уласнік рыбнага «Санта-Брэмара» і малочнага «Савушкавага прадукта».

Яшчэ ў 1990-я гэтыя 2,5 гектара водаахоўнай зоны Белага возера атрымала Брэсцкая райспажыўкааперацыя, аднак у 2008 годзе перапрадала яе Машэнскаму, які вырашыў заняцца турыстычным бізнэсам.

Элітны атэль Машэнскага паўстаў проста сярод лесу

Непадалёк ад возера ён пабудаваў люксавую базу адпачынку «Шале Грынвуд» (можна перакласці як «сельскі домік у швейцарскім стылі, пабудаваны ў зялёным лесе»). Гэта два дзясяткі атэльных нумароў, а таксама рэстаран італьянскай кухні і лазня. За начоўку гаспадары просяць нямала — $80. Аднак госці застаюцца задаволенымі. У папулярным інтэрнэт-каталозе атэляў booking.com «Шале Грынвуд» мае адзнаку 9,4 па 10-бальнай сістэме.

Машэнскі наракаў, што яму давялося ўкласці шмат грошай у інфраструктуру. Аднак умовы, на якіх ён летась атрымаў у арэнду яшчэ 8,5 гектара зямлі, выглядаюць звышвыгаднымі. За велізарны абшар лесу з выхадам да возера бізнэсмен плаціць… каля $110 на месяц. Дамова арэнды заключаная на 100 гадоў у беларускіх рублях, такім чынам, інфляцыя патрохі з’ядае і гэтыя грошы.

Яхт-клуб Тапузідзіса

Грэк Павел Тапузідзіс, які нарадзіўся ў Грузіі, таксама аблюбаваў беларускія азёры.

У канцы 2000-х ён узяўся пабудаваць аздараўленчы комплекс на возеры Мядзел, суседнім з Нараччу. Аднак у выніку атрымалася толькі нешта падобнае на прыватную рэзідэнцыю. Адпачыць звычайнаму турысту на турыстычнай базе Тапузідзіса не ўдасца. За 90 сотак, адведзеных для будаўніцтва, кампанія «Тытунь-­Інвест» штогод плаціць за зямлю «,87 USD». Акурат так, з коскай на пачатку.

Затое іншы турыстычны аб’ект Тапузідзіса, гатэль «Робінсан Клаб» на беразе Мінскага мора (Заслаўскага вадасховішча), адкрыты для наведвальнікаў з 2011 года. Напрыклад, тут звычайна спыняецца футбольная зборная Беларусі.

Пракат яхт, катараў і нават верталётаў — такі набор забавак знойдзецца мала дзе ў Беларусі. А яшчэ ў «Робінсан Клабе» ёсць свая канцэртная пляцоўка.

«Робінсан Клаб» — адзін з самых дарагіх клубаў краіны

Тапузідзіс арандуе зямлю, каля 10 гектараў, на традыцыйныя 99 гадоў. І плаціць нямала — больш за $18 тысяч у год, прычым у валюце.

Гарналыжны курорт Чыжа

Гарналыжны комплекс «Лагойск», які належыць самаму багатаму беларускаму бізнэсмену Юрыю Чыжу, адкрыўся дзесяць гадоў таму. «Лукашэнка катаўся на лыжах у расійскай Краснай Паляне і літаральна загарэўся ідэяй стварэння такога цэнтра ў нас. Сказаў мне: «Юра, там мне аўстрыйцы ўвесь час мазгі дураць наконт будаўніцтва ў Лагойску гары, з’ездзіў бы ты, паглядзеў на тыя месцы і прыкінуў, што там можна зрабіць». Я прыкінуў іх моцныя і слабыя бакі, каб чужых памылак не паўтараць, а калі саспеў канчаткова, сказаў прэзідэнту, што «Трайпл» за гэта возьмецца. Прэзідэнту мае довады здаліся пераканаўчымі, і ён даў дабро», — расказваў Чыж гісторыю стварэння «Лагойска». У склад комплексу ўваходзяць гатэль і рэстаран.

Цікава, што за зямлю Чыж не плаціць. Распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмен атрымаў 50 гектараў у пастаяннае карыстанне.

Пражыванне ў віп-катэджы ў «Лагойску» каштуе $260 ў дзень

Другое рашэнне кіраўніка дзяржавы датычылася будоўлі на малой радзіме мільянера, каля вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна.

Паводле ўказа, «турыстычны культурна-этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі» меўся быць дабудаваным у 2015 годзе. Пад будоўлю Чыжу выдзялялася 333,4 гектара зямлі.

Аднак замоўленым тэмпам працы мільянер пакуль што не дае рады. Створаная ім кампанія «Буслоўка» арандавала ўсяго каля 10 гектараў (штогадовая плата — каля 22 мільёнаў рублёў). У полі відаць толькі запраўку ды некалькі хатак.

Паляванне Шакуціна

Чым можа пахваліцца Аляксандр Шакуцін, дык гэта самым статусным кіраўніком свайго турыстычнага бізнэсу. Сёлета кампанію «Шантэр» (расшыфроўваецца як «Шыкоўны Адпачынак На ТЭрыторыi Радзiмы») узначаліла Наталля Пяткевіч, былая памочніца Аляксандра Лукашэнкі.

Інтэр'еры «Краснага бору»

Кампанія аб’яднала некалькі турыстычных аб’ектаў, раскіданых па ўсёй краіне. Шакуціну і ягоным бізнэс-партнёрам належаць база адпачынку «Рудакова» на Нарачы (дарэчы, побач з рэзідэнцыяй Тапузідзіса), санаторый «Пралеска» пад Мінскам і дзіцячы лагер «Даманава» ў Маладзечанскім раёне. Гэтыя аб’екты знаходзяцца на балансе «Амкадора» ўжо даўно.

А вось апошнім часам Шакуцін і яго наваполацкі кампаньён Мікалай Варабей спецыялізуюцца на паляванні і рыбалцы. Яны ў роўных долях валодаюць кампаніяй «Інтэрсэрвіс», якая арандуе 58,6 тысячы гектара тэрыторыі заказніка «Красны бор» ў Верхнядзвінскім і Расонскім раёнах.

Ласі, дзікі, казулі — лік жывёлаў ідзе на сотні. Агучваліся нават планы разводзіць зуброў. Знаходжанне ў гэтым раі для паляўнічага каштуе дорага. Цэны ў мясцовым атэлі пачынаюцца ад $200 за ноч.

«Красны бор» знаходзіцца на самай поўначы Беларусі

Асобная крыніца даходаў — платная рыбалка. Для гэтых мэтаў «Інтэрсэрвіс» арандаваў шэсць азёраў непадалёк ад мяжы з Расіяй.
NN.BY

Рубрики: Инфраструктура Общество

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах