Указ № 318, паводле якога замежныя грамадзяне змогуць знаходзіцца без віз на тэрыторыі Аўгустоўскага канала і прылеглых тэрыторыях на працягу пяці дзён, зацікавіў турыстаў, чыноўнікаў, тураператараў, уладальнікаў аграсядзіб і патэнцыйных інвестараў, піша svaboda.org.

Пад прылеглымі тэрыторыямі маюцца на ўвазе Гродна, а таксама тэрыторыі Адэльскага, Гожскага, Капцёўскага, Падлабенскага і Сапоцкінскага сельсаветаў. Гэта практычна цалкам ахоплівае тэрыторыі Гродзенскага раёна, памежныя з Польшчай і Літвой.

Такі парадак прадугледжаны для замежных грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу Беларусі з Польшчай — праз пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузніца Беластоцкая»), з Літвой — праз пункты пропуску «Прывалка» («Швяндубрэ») і «Прывалка» («Райгардас»).

На ўказ адразу адрэагавалі сацыяльныя сеткі. Асабліва зацікаўлена новаўвядзенне абмяркоўваюць польскія інтэрнаўты. Галоўнае пытанне, якое цікавіць цяпер турыстаў з Польшчы, — які механізм бязвізавага ўезду пачне дзейнічаць.

Гэтае пытанне «Свабода» задала намесніцы начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяне Лідзеевай. Паводле яе слоў, указам даручана Савету міністраў у двухмесячны тэрмін распрацаваць і зацвердзіць формы дакументаў, якія даюць замежным грамадзянам права на індывідуальнае або групавое наведванне парку «Аўгустоўскі канал» пры бязвізавым парадку ўезду:

— Мы спадзяёмся, што механізм бязвізавага ўезду будзе максімальна даступны для замежных грамадзян. Такі вопыт ужо існуе пры ўездзе ў Белавежскую пушчу, і таму мы спадзяёмся, што гэта запрацуе і ў нас.

Пятніца, цёплае сонечнае надворʼе. На Аўгустоўскім канале цішыня, прышвартаваны цеплаходзік, ходзяць некалькі турыстаў, нехта воддаль рыбачыць. Працуе адзіны шапік з напоямі і марожаным. Паштовы шапік зачынены, але кажуць, што ён таксама працуе. Крытая сцэна для канцэртаў, валейбольная пляцоўка і крытыя месцы з мангаламі для вялікіх і малых груп. Прадавец Ірына — тутэйшая. Распавядае, што шапік — ад прыватнай крамы з Сапоцкіна.

— У буднія дні людзей няшмат, у выхадныя і на святы ўжо падʼязджае больш турыстаў. Але павінна сказаць, што нашы беларусы пераважна прывозяць з сабой і харчы, і напоі. Напэўна, думаюць, што тут усё прадаецца з нацэнкай.

Пра тое, што прынята рашэнне аб бязвізавым уездзе на Аўгустоўскі канал, Ірына ўжо чула, людзі гэта абмяркоўваюць:

«Вельмі спадзяёмся на тое, што пойдзе нейкі рух, павялічацца продажы і, магчыма, у людзей з’явіцца болей працы».

Рабочыя, якія даглядаюць інфраструктуру канала, распавядаюць, што ён цалкам у суднаходным стане. Ужо цяпер можна прапанаваць турыстам экскурсіі па канале на цеплаходзіку, ужо наладжаны водныя і веласіпедныя маршруты — як групавыя, так і персанальныя, можна наняць паветку са сталамі і мангалам, можна нават пагуляць у балотны футбол. Цікаўлюся: а дзе можна пераначаваць, прыняць душ, пакаштаваць мясцовых страў…

Якраз у гэты момант на канал прыехаў Сяргей Ткачэнка, кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест», якая, уласна, і кіруе турысцка-рэкрэацыйным паркам «Аўгустоўскі канал». Спадар Ткачэнка пагаджаецца, што працы яшчэ шмат, але, паводле яго слоў, многае робіцца.

— Аўгустоўскі канал — гэта пярліна і гістарычная, і культурная, і экалагічная. І тое, што тут не растуць на вачах хмарачосы — гэта заканамерна. Ёсць генеральны план развіцця інфраструктуры Аўгустоўскага канала, ён прадугледжвае кропкавае ўзвядзенне адпаведнай інфраструктуры, у тым ліку і невялікіх атэляў, каб яны ўпісваліся ў наваколле, а не будаваць тут гігантаў, якія парушаць прыродную цэласнасць асяроддзя.

На думку Ткачэнкі, важна паказаць на гэтай невялікай тэрыторыі культуры трох народаў — беларусаў, палякаў і літоўцаў, межы чыіх дзяржаў і сыходзяцца ў гэтых месцах. Паводле чыноўніка, канал павінен захавацца як трансгранічны водны маршрут, цэласны і аўтэнтычны.

Ткачэнка кажа, што развіццё канала плануецца двума шляхамі: праз прыватныя інвестыцыі і ў межах трансгранічных праектаў Беларусь—Літва—Польшча. Дзяржаўныя турфірмы і зараз прымаюць турыстаў — і групамі, і паасобку.

— Неабавязкова тут на самым канале ставіць нейкія атэлі і рэстараны, бо могуць быць экалагічныя наступствы. Ужо цяпер мы маем мабільныя кухні, выязны гандаль, побач збудавана некалькі атэляў, у наваколлі ўжо дзейнічаюць аграсядзібы. Вядома, калі турысты паедуць масава, то гэтага можа быць і замала, такі варыянт таксама ўлічваецца. Але галоўнае, каб гэты турыстычны рух на канале ўсё ж пачаўся, бо ён дасць тады штуршок для ўсёй турыстычнай інфраструктуры ў нашым рэгіёне.

Гаспадар аграсядзібы побач з каналам спадар Андрэй, сам гарадскі жыхар, некалькі год таму набыў амаль развалены хутар і сваёй працай зрабіў з яго «цукерачку».

Распавядае, што ўжо ўчора да яго тэлефанавалі з варшаўскай турыстычнай фірмы і прапанавалі супрацоўніцтва, заказалі ўжо нумары ў аграсядзібе. Так што бязвізавы ўезд яшчэ не пачаўся, а яго наступствы ён ужо адчуў.

— Мы можам на начлег размясціць да 12 чалавек, а накарміць адразу пад заказ да трыццаці. Людзей найперш скарае наша прырода. Водзім у грыбы, катаем на конях, маем сваю лазню. Робім экскурсіі па наваколлі, можна паплаваць на байдарках, праехацца на веласіпедах, палавіць рыбку. І ежу мы прапануем самую звычайную, нашу беларускую, усё тое, што самі ямо.

Цяпер у іх госць з Італіі — і не можа нацешыцца такім адпачынкам, кажа, што нічога падобнага не зможа прапанаваць узамен у сваёй краіне. Італьянца вельмі дзівіць, што ў такіх мясцінах так мала турыстаў і ніхто на гэтым не зарабляе.

Спадар Андрэй кажа, што аграсядзібы ў наваколлі ёсць, але турысты пераважна прыязджаюць толькі летам, і выжыць на заробленыя сродкі складана. Аднак ён перакананы, што калі паедуць турысты, то і ён, і ягоныя суседзі змогуць хутка пашырыць інфраструктуру.

— Тут, як ні дзіўна, я яшчэ ад ніводнага турыста не пачуў, каб яму ў нас не спадабалася. І не трэба тут нейкія казіно будаваць, бо людзі цяпер мала дзе сустракаюць такую аўтэнтычную прыроду. Да нас прыязджаюць часам аматары птушак і тут фатаграфуюць іх, кажуць, што ў нас вельмі рэдкія птушкі. Так што галоўнае, каб турысты паехалі, яны напэўна не пашкадуюць, абы дзяржава не чыніла ніякіх перашкод. Тут усё нарасце як трэба, гаспадар толькі павінен быць. Цяпер міліцыянеры ходзяць і штрафуюць, калі нехта купаецца на канале, маўляў, няма абсталяваных пляжаў. Дык за столькі гадоў не могуць зрабіць гэтых пляжаў. Дый міліцыянераў можна навучыць ужо не штрафы выпісваць, а людзей ратаваць на вадзе.

У прыватных гродзенскіх турфірмах таксама абмяркоўваюць Указ № 318. У адной з фірм кіраўнік сказаў, што яны яшчэ і не прымалі турыстаў — толькі адпраўлялі дзіцячыя групы на канікулах у іншыя гарады або праводзілі экскурсіі па горадзе.

— Гэта вельмі цікавая перспектыва, калі турысты насамрэч паедуць. Мы гэтага не баімся, бо і перакладчыкаў маем, і распрацавана шмат турысцкіх маршрутаў, дый наогул маглі б перабудоўваць працу пад патрэбы турыстаў. А колькі людзей магло б быць задзейнічана!

У іншай фірме кіраўніца — спадарыня Святлана сказала, што бязвізавы ўезд пакуль прадугледжаны толькі на частку Гродзенскага раёна, а, маўляў, уся вобласць — гэта замкі, помнікі архітэктуры, памятныя мясціны, і хацелася б, каб адразу гэтую бязвізавую тэрыторыю пашыралі, бо яны ўжо даўно чакаюць такога.

— Гэта, дарэчы, павінна ўскалыхнуць нашу інфраструктуру. І калі нават на Аўгустоўскім канале напачатку не будзе хапаць атэляў, то цяпер яны пустуюць у Гродне, і я ўпэўнена, што іх узровень хутка падрасце да неабходнага. Людзі ў Заходняй Беларусі як нідзе ў краіне добра ведаюць і разумеюць, што патрэбна заходняму турысту — мы многія там бывалі. Галоўнае, каб турыст паехаў, каб з’явіліся інвестыцыі і заробкі. Гэта павінна змяніць наша цяперашняе становішча.