Як беларускія экскурсаводы выправіліся ў пінскія ваколіцы

28.02.2014 - Новости

Автор: Таццяна Хвагіна, фота аўтара


Як беларускія экскурсаводы выправіліся ў пінскія ваколіцы

21 студзеня сышліся адразу два святы – Міжнародны дзень экскурсавода і Міжнародны дзень роднай мовы. Па традыцыі сапраўдныя экскурсаводы не засталіся ў баку ад гэтых падзей і выправіліся ў пінскія ваколіцы. Сонейка прыпякала, на Палессі запахла вясной, а планам пракаціцца на санях па снезе не суджана было здзейсніцца. Адклалі іх на далей і вырашылі наведаць ў гэты святочны дзень Аснежыцкі дом рамёстваў.

У савецкія часы назва вескі Аснежыцы амаль штодня гучала з кожнага радыепрыемніка. «Аснежыцкі» – гэта быў знакаміты калгас-міліянер з самымі вялікімі ўраджаямі, надоямі малака, а таксама колькасцю Герояў Сацыялістычнай Працы. Калі зараз аграгарадкі – звычайная справа, то Аснежыцы зрабіліся аграгарадком з шматпавярхоўкамі яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Нас цікавіў майстар-клас роспісу па шкле, але спачатку гаспадыня дома рамёстваў  мастачка Таццяна Леанідаўна Вакуліч запрапанавала нам зрабіць невялічкае падарожжа ў крыху падзабытае, а моладзі і зусім невядомае «савецкае мінулае».

Праз пару крокаў мы апынуліся ў Пакоі калгаснай Славы – магчыма, адзіным аб’ектам такога кшталту, калі не ў Беларусі, то ў нашым палескім рэгіёне. Усё, што пабачылі, – сапраўднае, без падробкі, нават дзіўныя і не вельмі зручныя самаробныя вітрыны. Толькі замест сапраўдных залатых зорачак старшыні калгаса У.А. Ралькобыў муляж, але ж гэта – зразумела … Затое Ганаровы чырвоны сцяг ЦК КПСС, Савета міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ, ля якога дзеля жарту зрабілі здымак на памяць, як і шмат іншых экспанатаў – фотаздымкаў, узнагарод, падарункаў ад розных дэлегацый – былі сапраўдныя, без аніякай падробкі.

  

Вельмі зацікавіла ганаровая грамата, на якой срэбнымі літарамі быў выціснуты надпіс «Пачотная грамата». У дзень роднай мовы – гэта было акурат у тэму, як раз пра тое, як нашы прыгожыя словы, нашы сапраўдныя моўныя скарбы падмяняліся вось гэткай бязглуздзіцай. Крыху паўспаміналі, як калісьці распрацоўвалі і праводзілі экскурсіі на сельскагаспадарчыя тэмы, пажартавалі і …

перайшлі ў дом рамёстваў, які адразу – і майстэрня, і невялічкі этнаграфічны музей. У эскпазіцыі, вядома ж, ёсць і народны строй, і палескія рушнікі, посуд, прылады працы і нават шкляная мухалоўка. Хацелі купіць або замовіць – безвынікова…

Супрацоўнікі дома рамёстваў правялі даследванні старажатных палескіх узораў і дакапаліся-такі да сутнасці сакральных знакаў і іншых сімвалаў, зашыфраваных у палескіх вышыўках. Цікава было даведацца пра іх змест, пра тыя крыжыкі і зорачкі, вышытыя на рушніках, кашулях, фартушках, хустках, альбо узятых ў рамачку, якія з’яўляюцца самымі сапраўднымі абярэгамі ад зайздросных вачэй, праклёнаў, розных нячысцікаў і хвароб.

Прыцаніліся да стракатых ходнікаў, расцеленых на падлозе. Замаўляйце, каму трэба, і кошт невялікі, і сапраўдная вясёлка на вашай падлозе!..

У доме рамёстваў пабачылі шмат цікавых вышываных «макатак» (карцін), да якіх зноў вярнулася мода.

Падзівіліся на мудрагелістыя выцінанкі і спыталі ў майстрыхі, дзе яна бярэ свае сюжэты. Аказалася – «з галавы»... Які густ, які талент і дасканалае валоданне маленькімі нажнічкамі! Галоўнае – гэта наша, беларускае, сапраўднае!

Быў там і прыгожы батык, якім займаецца сама пані дырэктар, і пасхальныя дрэўцы, на галінках якіх гойдаліся прыгожыя рознакаляровыя пісанкі, і шмат іншага. Нас запрасілі далучыцца да традыцыйнага на Палессі роспісу па шкле, але мы збянтэжіліся, ці атрымаецца? А вось у аснежыцкіх маленькіх мастакоў прыгожыя мініятуры атрымліваюцца выдатна.

Распрацавана цэлая серыя жанравых сцэнак і партрэтаў, героямі якіх з’яўляюцца «пінечкі», – дзед Лявон, баба Наста, Васілёк, Ганначка і іншыя дзеючыя асобы. Дарэчы, гэта вельмі арыгінальныя і танныя сувеніры, якіх так не хапае беларускаму турызму.

Але тут нашы захапленні перапыніў цудоўны водар бульбы з салам і іншых палескіх прысмакаў – бо якое ж свята без пачастункаў, застольных размоў і нават вершаў, якія склаліся самі сабой:

Ці ззяе сонца, ці непагода –
Турыстам гэта неперашкода!
Бруіцца рэчка, мільгае сцежка,
Тут – цэбар жартаў, там –песень  дзежка…
Казыча ў носе нам водар скваркі,
Вось-вось і пойдзе па крузе чарка…

Ад’язджаючы дадому ў цудоўным настроі, адзінадушна прыйшлі да высновы, што Міжнародны дзень экскурсавода, як заўсёды, адзначылі цудоўна, чаго і Вам жадаем.

Ад імя экскурсаводаў Пінскага аддзялення Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў нязменны старшыня гэтай суполкі Таццяна Хвагіна

Рубрики: Экскурсии

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах