На ўскраіне Ашмян гібее адзін з першых хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі старадаўняй Літвы – касцёл ордэна францысканцаў, збудаваны на месцы драўлянага прататыпу XVI стагоддзя.

Паводле некаторых даследчыкаў, касцёл у Ашмянах мог з'явіцца ў канцы XIV стагоддзя разам з шасцю іншымі культавымі збудаваннямі, якія фундавалі вялікія князі літоўскія Ягайла (пазней кароль польскі) і Вітаўт, паведамляе «Радыё Свабода».

Храналагічна гэта магло выглядаць так: у 1387 годзе разам з хрышчэннем гістарычнай Літвы першымі паўсталі касцёлы ў Крэве, Абольцах і Гайне. У 1390-м касцёл з'явіўся ў Быстрыцы, у 1393-м – у Навагрудку, у 1398-м – у Ашмянах.

Няпэўнасць хіба ў тым, як суаднесці чарговасць узвядзення яшчэ аднаго касцёла Святога Духа з калегіятам францысканскага касцёла і пабудовай ордэнскага кляштара.

Сяргей Верамейчык і ягоная макет-рэканструкцыя горада

Мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык стварыў для мясцовага краязнаўчага музея макетную рэканструкцыю Ашмян на трох гістарычных адрэзках – пачынаючы ад канца XIV стагоддзя, калі пачаў закладацца замак, да пэрыяду станаўлення ў XVIII і XIX стагоддзях. Каб дасягнуць максімальнай ідэнтычнасці, шмат працаваў з архіўнымі матэрыяламі. Сярод іншага натыкнуўся на такі факт: у шэрагу дасягненняў першага віленскага біскупа Андрэя згадваюцца францысканскія кляштары ў Лідзе і Ашмянах:

– Ёсць згадкі, што ў 1398 годзе біскуп Андрэй даслаў у Ашмяны фундацыю – грошы на будаўніцтва драўлянага касцёла. Было гэта за часамі Вітаўта, як прынята казаць, у «залаты век» Вялікага княства Літоўскага, калі асоба галоўнага святара мела непахісны аўтарытэт. Трэба сказаць, што францысканцы разам з дамініканцамі былі аднымі з першых, хто нёс хрысціянства ва ўсе куткі княства і за яго межы, таму недахопу ў фінансаванні яны не мелі.

Касцёльныя сцены дагэтуль выглядаюць трывалымі

Цяперашнія рэшткі касцёла – гэта ўжо наступны этап вымушанай мадэрнізацыі арыгіналу, які знік падчас войнаў і рабаўніцкіх набегаў. Іх змрочная велічнасць уражвае дагэтуль: магутныя муры, вытанчаная архітэктура зводаў і аконных праёмаў, сляды камунікацый са службовымі прыбудовамі кляштара:

– Тое, што мы маем зараз, – гэта ўжо пазнейшая разбудова, – гаворыць Сяргей Верамейчык, удакладняючы, – мабыць, XVII стагоддзе, калі сваім жыццём напоўніцу жыў францысканскі кляштар. Але ўсё аўтэнтычнае: кладка, вапна – усё яшчэ ад тых часоў. Выглядае, што сярод усіх будынкаў Ашмян, гэты – самы стары і аўтэнтычны, які захаваўся практычна ў першасным выглядзе. Вобразна кажучы, тут усё натуральнае.

Стан касцёлу ў ХІХ стагоддзі, Ашмянскі краязнаўчы музей

Адпачатку храм займаў стратэгічную пазіцыю непасрэдна на подступах да самай высокай кропкі паселішча. Што прымусіла горад расці не вакол яго, а ў нізіну – цяпер можна разважаць хіба што на ўзроўні гіпотэз:

– Тады горад толькі пачынаў фарміравацца, а чаму францысканцы апынуліся на водшыбе – гаварыць складана. У цэнтры атабарыліся дамініканцы, пазней – кальвінісцкі збор, на які даваў грошы, дарэчы, Радзівіл Руды (зараз на яго месцы нэабарочны касцёл). Але само па сабе месца вельмі слаўнае: нібыта на «выселках» і ў той жа час на стратэгічнай «высотцы». Магчыма, спачатку «ядро» планавалася якраз тут, проста нешта не склалася....

Ёсць розныя звесткі адносна таго, да якога канкрэтна перыяду кляштар быў у дзеючым стане. Але, як лічыць Сяргей Верамейчык, ягоная дыслакацыя збоку ад вялікіх дарог не спрыяла выкарыстанню нават не ў профільных мэтах.

– Выглядае, што ў пазнейшы час болей квітнелі дамініканскі і кальвінісцкі збор, якія стаялі на цэнтральным пляцы. Гэтая частка ўжо лічылася ўскраінай. Чаму ён, дарэчы, і аказаўся ў такім занядбаным стане – тут няма шляху. Калі б стаяў пры дарозе, яго так ці інакш асвоілі б. У рэшце рэшт зрабілі б склад, прынамсі быў бы пад дахам. Як тая ж ашмянская сінагога: службы ўжо не было, але за саветамі будынак пераабсталявалі ў склад і ён збольшага падтрымліваўся ў нармальным стане. А ў дадзеным выпадку не пашэнціла, памыліліся з месцам, што паўплывала на ўвесь далейшы лёс.

Суразмоўца не сумняваецца, што аднаму з найстарэйшых храмавых комплексаў на тэрыторыі Беларусі мог быць наканаваны куды цікавейшы лёс, чым чарговай бесперспяктыўнай руіны:

– У свеце нямала рэалізавана такога кшталту праектаў, якія вяртаюць да жыцця часткова ацалелыя помнікі, – гаворыць мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык. – Руіны папярэдне расчышчаюць, умацоўваюць, аздабляюць сцены, а зверху накрываюць шкляным дахам. Унутры ўсталёўваюць сцэну, ставяць крэслы. У выніку атрымліваецца канцэртная зала – гэткае функцыянальнае спалучэнне мінуўшчыны і сучаснасці. Хай не самыя вялікія сродкі, але яны патрэбныя. А сёння грошы трацяць на шоў зусім іншага кшталту...

Спробы ўмацаваць муры ад разбурэння

Побач з парэшткамі старажытнага касцёла – так званая Крыжовая гара. Два дзясяткі драўляных крыжоў, усталяваных на самай вяршыні, яшчэ больш узмацняюць уражанне ад навакольнай карціны, але не здольныя паўплываць на стан агульнай абыякавасці:

– Нешта падобнае я бачыў у Карпатах ва Украіне, таксама ў Літве, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Верамейчык. – Ну вось і тут традыцыі захаваліся: у пэўныя дні вернікі прыходзяць на гэтую гару, вешаюць на крыжы каляровыя стужкі. Няшмат дзе ў Беларусі сёння такое ўбачыш. З аднаго боку, на фоне францысканскага храма выглядае вельмі моцна, з іншага, падкрэслівае поўную безвыходнасць...

Касцёл ля падножжа Крыжовай гары

Уласнае даследаванне гісторыі ахутанага таямніцамі касцёла ордэна францысканцаў у Ашмянах ладзіў Антон Францішак Брыль – унук Янкі Брыля, праграміст, аўтар містычных гісторый у антуражы Вялікага княства Літоўскага.

З яго пункту гледжання, найстарэйшая частка касцёла ў задняй частцы храма адносіцца да канца XV – пачатку XVI стагоддзяў. Меркаванні, што гэта «цагляная готыка», ён данёс прафесару Аляксандру Кушнярэвічу, прызнанаму спэцыялісту ў тэме Сярэднявечча. Той аглядзеў руіны і, зыходзячы з плану і характару муроўкі, пагадзіўся з названай датай.

Фрагменты тынкоўкі і кладкі

На падставе пісьмовых крыніц прыблізная гісторыя будынка такая: адбудаваны пры канцы гатычнага перыяду. Атынкаваны пасля пажару ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Пашкоджаны ў 1812 годзе і перабудаваны ў «класіцызм». Праўдападобна, што ён быў істотна карацейшы, а разбудаваны толькі ў XVII стагоддзі. Дакладны першапачатковы выгляд могуць вызначыць раскопы.

У выніку дзвюх сусветных войнаў ХХ стагоддзя касцёл быў моцна пашкоджаны, пасля чаго пачаўся этап ягонага паступовага занядбання.

kraj.by