«Праз вандроўку ды прыгоды – да пазітыўнага светапогляду!»

06.02.2012

 - Мнения

Автор: Алег ГАПАНОВІЧ


«Праз вандроўку ды прыгоды – да пазітыўнага светапогляду!»

Калі нічога не рабіць і толькі крытыкаваць тое, што ёсць сёння, – нічога і не атрымаецца, не скранецца з месца. Першы гарналыжны комплекс «Якуцкія горы» з’явіўся ў 2001 годзе, «Сілічы» і «Лагойск» яшчэ пазней. І тады, усяго некалькі гадоў назад, многія смяяліся і нават здзекваліся: ну якія горы, які гарналыжны адпачынак можа быць на Беларусі?! Хто туды паедзе?! Я, шчыра кажучы, таксама трохі пасмейваўся. А сёння гэтыя комплексы знашлі свайго наведвальніка і нармальна працуюць. Трэба шукаць, трэба вынаходзіць штосьці сваё, трэба самому стаць тымі зменамі, якіх прагнеш.

Загарадны клуб – паняцце для Беларусі даволі нязвыклае, нетыповае. Нараджае асацыяцыі з закрытай элітарнай установай для выбраных дзесьці ў Еўропе ці Штатах. Але і гонкі на сабачых запрэжках, якія сабралі сваіх шматлікіх прыхільнікаў у загарадным клубе «Фестывальны» ў апошнія студзеньскія выходныя, і сам «Фестывальны», што знаходзіцца прыкладна ў 30 км ад беларускай сталіцы, ушчэнт разбураюць такія асацыяцыі. Партал TIO.BY вырашыў высвятліць у кіраўніка «Фестывальнага» Алега ГАПАНОВІЧА, якія фактары арганізатары фестываля лічаць складнікамі поспеху масавага загараднага мерапрыемства і што такое ўвогуле загарадны клуб па-беларуску.   

– Асноўны складнік паняцця «загарадны клуб» – гэта якасны адпачынак і для прыватных асоб, і для арганізаваных груп. Не мае значэння, якія гэта групы – ці то супрацоўнікі адной фірмы, якая вырашыла правесці карпаратыў на вольным паветры, ці то арганізаваныя турысты, якіх прывезла турфірма. Мы робім не вельмі масавы прадукт і цудоўна разумеем гэта. Наш прадукт рыхтуецца спецыяльна пад кожную канкрэтную сітуацыю, пад нейкі канкрэтны запыт. Ужо сёння можна казаць пра тое, што ён падабаецца кліентам, якія пакрысе становяцца больш чым кліентамі – нашымі гасцямі і сябрамі.

Дарэчы, гонкі на сабачых запрэжках «Завіруха», якія адбыліся ў клубе 28 студзеня, нешта накшталт вяршыні айсберга: пра «Завіруху» ўсе ведаюць, а яна ў сваю чаргу робіць папулярнасць «Фестывальнаму». Трэба адзначыць, што падобныя спаборніцтвы летась былі арганізаваныя ў Беларусі ўпершыню. У «Завірухі» два складнікі: гэта, па-першае, несумненна, спартыўнае мерапрыемства, якое рыхтавала старшыня клуба паўночных ездавых сабак Вольга Ведзянеева, а «Фестывальны», як сведчыць і сама назва загараднага клуба, рыхтаваў фестывальную праграму – свята добрага зімовага настрою, актыўнага адпачынку на прыродзе для ўсіх без выключэння. І нам было прыемна, што людзі прыязджалі да нас сем'ямі, з дзеткамі. Можна сёння ўжо гаварыць, што амаль усё задуманае ў нас атрымалася, а «Завіруха» у наступным, 2013 годзе, спадзяюся, будзе яшчэ лепшая, цікавейшая.

Але гэта і насамрэч вяршыня айсберга. Падрыхтоўка такога мерапрыемства вымагае значных выдаткаў і сіл, і фінансавых сродкаў, і «Завіруха» паказала, што «Фестывальны» сапраўды можа ладзіць такія мерапрыемствы. Але ж гэта далёка не ўсё, што можа прапанаваць і прапануе клуб, які працуе круглы год. Асноўным накірункам нашай дзейнасці з’яўляецца прапанова паслуг адпачынку для індывідуальных асоб і для арганізаваных груп. Калі фірма ці проста кола сяброў збіраецца выехаць і адзначыць нейкую дату, дык мы працуем па фармату «ўсё ўключана» і намагаемся зрабіць свята для гэтай групы людзей «ад А да Я». Але не забываемся і на індывідуальнага турыста, бо атракцыі, якія мы падрыхтавалі цягам двух гадоў існавання клуба, безумоўна, разлічаны і на яго.

Візітка загараданага клуба – гэта «Малпалэнд», які спраўды з’яўляецца адметнасцю для Беларусі. Гэта такі цікавы «адрэналін-парк», вяровачны горад – прыжылася і такая яго назва, – дзе людзі могуць прыехаць і атрымаць новыя ўражанні. Што сапраўды прываблівае наведвальнікаў – «Малпалэнд» разлічаны на непадрыхтаванага чалавека, на таго, хто ў жыцці ніколі не дакранаўся да альпінісцкага абсталявання,  вяровак, абвязак і карабінаў. На таго, хто атрымлівае абсалютна новыя для сябе, нязвыклыя ўражанні і мае магчымасць зірнуць на сябе крыху іншым вокам і даведацца тое-сёе пра свой фізічны, псіхалагічны, эмацыянальны стан. «Малпалэнд» дорыць пазітыў! Людзі, якія праходзяць вяровачную паласу перашкод, атрымліваюць асалоду, нечаканыя моцныя ўражанні. Дарэчы, ёсць траса, адмыслова падрыхтаваная для дзетак, на ўзроўні метра над зямлёй. І калі дарослым часам даводзіцца пераадольваць нейкія ўнутраныя перашкоды, нейкія псіхалагічныя праблемы і забабоны, дык у дзетак гэтыя перашкоды яшчэ не сфарміраваліся, іх проста няма. Яны з вялікім задавальненням лазяць па нашых вяровачках. У гэтым годзе мы назіраем за ўзнікненнем трэнда – здаецца,  святкаваць дзень нараджэння ў «Малпалэндзе» становіцца модна!

Апроч гэтага, для індывідуальнага кліента ў нас падрыхтавана некалі водных маршрутаў, мы прапануем сплавы на байдарках. Калі пазамінулым летам мы гэтую справу толькі пачыналі, дык у гэтым годзе амаль кожныя выхадныя ў нас былі водныя турысты. Мы робім водныя маршруты працягласцю ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Побач з загарадным клубам працякае рэчка Яршоўка, якая ўпадае ў Іслач, тая ў сваю чаргу у Бярэзіну… Такія сплавы – гэта сапраўды класны адпачынак. Калі людзі не могуць дазволіць сабе вырвацца на вакацыі, дык і пары дзён хапае, каб атрымаць асалоду ад падарожжа, яднання з прыродай, каб адбылася нейкая «перазагрузка», каб чалавек змог максімальна хутка адпачыць і назапасіцца энергіяй. Менавіта водны турызм, я лічу, адзін з лепшых спосабаў рэлаксу, адзін з лепшых варыянтаў такога – і актыўнага, а часам і даволі спакойнага – адпачынку.

Сёлета мы падрыхтавалі і веламаршруты. Гэта фармат, які яшчэ не зусім нам знаёмы, але, паглядзеўшы на еўрапейскі вопыт, мы спадзяемся, што і зрабілі па-еўрапейску. Па лесе пракладзена некалькі прамаркіраваных веладарожак. Людзі могуць прыязджаць да нас летам, каб пакатацца па веладарожках і атрымаць асалоду і ад фізічнай актыўнасці, і ад яднання з прыродай. Акрамя гэтага,  мы прапануем кліентам веласіпедны маршрут «Па слядах скарбніка» – гэты 17-кіламетровы маршрут па наваколлях загараднага клуба «Фестывальны» пракладзены па вельмі цікавых мясцінах, прамаркіраваны і ўжо дзейнічае. Адмыслова складзеная турысцкая карта падае турыстам звесткі пра гісторыю наваколля.

Зараз да нас актыўна прыязджаюць пакатацца на бегавых лыжах, бо веладарожкі зімой «цудоўным чынам ператвараюцца» у лыжныя трасы. А ў выхадныя клуб прымае арганізаваныя групы ад 2 да 100–150 чалавек.

Яшчэ адна адметнасць, «фішка» «Фестывальнага» – гэта «Першабытны падворак», ажыццяўленне ідэі, што прынёс у «Фестывальны» яго першы кіраўнік Васіль Грынь. Праект разлічаны на дзетак сярэдняга школьнага ўзросту. У «Першабытным падворку» яны маюць магчымасць акунуцца ў такое першабытнае жыццё і паспрабаваць адчуць, як сапраўды жыў першабытны чалавек на Беларусі. Што важна адзначыць, гэта музей не пад шклом – ён інтэрактыўны. Падчас экскурсіі наведвальнікі бачаць, якімі прыладамі карыстаўся першабытны чалавек, як ён жыў, бачаць нейкія складнікі матэрыяльнай культуры, але галоўнае, што яны могуць ва ўсім паўдзельнічаць асабіста – на пару гадзін «ператварыцца» у першабытных людзей, дакрануцца да першабытнага жытла, памацаць тагачасныя прылады працы. І вельмі цікава і прыемна бачыць на дзіцячых тварыках захапленне, бо ў нейкім выглядзе, гэта ўсё, зразумела, гульня, якая ўласцівая дзецям, але падчас гэтай нібыта «гульні» адбываецца нешта важнае. Нейкая спроба адказаць на галоўныя пытанні: хто мы, адкуль мы, куды ідзём?.. Настаўнікам гісторыі, класным кіраўнікам і бацькая раю звярнуць увагу на такую незвычайную форму «пазакласнага ўрока».

Блізкасць загараднага клуба да сталіцы – гэта, вядома, адзін з яго козыраў, але не галоўны. Галоўным я ўсё ж такі лічу, як бы банальна гэта ні гучала, якасць прадукта і чалавечыя адносіны. Дарэчы, далёка не ўсе ведаюць, што сам «Фестывальны» ўладкаваны на месцы былога закінутага піянерскага лагера. На постсавецкай прасторы такіх аб'ектаў хапае, хапае іх і на Беларусі. Што рабіць з гэтымі аб’ектамі і ці ёсць у іх будучыня – адказы на гэтыя пытанні залежаць ад двух фактараў. Па-першае, ці знойдуцца людзі, якія гатовыя і здольныя нешта зрабіць, каб гэты аб’ект загучаў па-новаму, прапанаваць нейкі прадукт. Па-другое, трэба вызначацца  з самім прадуктам. Які гэта будзе прадукт – гэта, напэўна, і ёсць самае галоўнае, вызначальнае. Кожны з такіх аб’ектаў мусіць спецыялізавацца на нечым сваім, адметным. Бо рабіць тое ж, што ў суседа, сёння ўжо не выпадае: узрастае канкурэнцыя, і ўсе разумеюць, што сапраўды выжывуць і будуць зарабляць грошы тыя, хто знойдзе нешта сваё і зробіць адпачынак для людзей сапраўды якасна і прафесійна. У «Фестывальным» шмат чаго склалася ўдала: і блізкасць да сталіцы, і знаходжанне побач з гістарычным Ракавам. Але, я лічу, вялікая заслуга ў тым, што «Фестывальны» запрацаваў, загучаў, належыць канкрэтнай асобе – яго заснавальніку Васілю Грыню.

Калі нічога не рабіць і толькі крытыкаваць тое, што ёсць сёння, – нічога і не атрымаецца, не скранецца з месца. Першы гарналыжны комплекс «Якуцкія горы» з’явіўся ў 2001 годзе, «Сілічы» і «Лагойск» яшчэ пазней. І тады, усяго некалькі гадоў назад, многія смяяліся і нават здзекваліся: ну якія горы, які гарналыжны адпачынак можа быць на Беларусі?! Хто туды паедзе?! Я, шчыра кажучы, таксама трохі пасмейваўся. А сёння гэтыя комплексы знашлі свайго наведвальніка і нармальна працуюць. Трэба шукаць, трэба вынаходзіць штосьці сваё, трэба самому стаць тымі зменамі, якіх прагнеш. Нездарма сваю галоўную місію, прызначэнне наш клуб вызначыў у наступных словах: «Праз актыўны і пазнавальны адпачынак дарыць людзям станоўчыя эмоцыі і пазітыўны настрой на жыццё, фарміраваць і дэманстраваць новыя магчымасці калектыўнага і індывідуальнага адпачынку».

Запісала Людміла ДРЫК


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах