«У беларусаў фактычна няма сталіцы...»

16.02.2012

 - Мнения

Автор: Захар ШЫБЕКА


«У беларусаў фактычна няма сталіцы...»

Горад, асабліва сталіца, павінен прэзентаваць культуру народа і яго гісторыю. А ці прэзентуе яе Мінск? Мінск прэзентуе гісторыю Савецкага Саюза – і выглядае маленькай Масквой. Ён капіруе Маскву на кожным кроку. У гэтым сэнсе можна сказаць, што мы не маем сваёй сталіцы. Тут не гучыць беларуская мова, не захоўваецца культурная традыцыя, не шануецца гісторыя. Назвы вуліц і плошчаў носяць імёны не нацыянальных дзеячаў, а дзеячаў савецкай, расійскай гісторыі. Таму ў нас фактычна няма сталіцы.

Для мяне як для гісторыка самай важнай прыкметай горада з’яўляецца наяўнасць у ім гістарычнага цэнтра. Калі казаць пра Мінск, дык у ім такога гістарычнага цэнтра – захаванага, непарушанага, неразбуранага, пазбаўленага ўсякай транспартнай нагрузкі, пешаходнага – сёння, на жаль, няма. Яго калісьці разбурылі бальшавікі, перарэзаўшы наш гістарычны цэнтр магістралямі: з аднаго боку – цяперашні праспект Пераможцаў, з другога боку – Няміга – вуліца Максіма Багдановіча. У выніку гістарычны цэнтр парэзаны на чатыры кавалкі. Нізкі горад, адкуль пачынаўся Мінск – гэта замчышча, цяпер плошча 8 Сакавіка, і Верхні горад – рэнесансны, заходнееўрапейскі, дзе цяпер плошча Свабоды, – аддзеленыя адзін ад аднаго. Цэласнасці няма. Наш гістарычны цэнтр ператвораны ў праезжы двор. І цяпер, як бы мы ні намагаліся, ні спрабавалі яго аднавіць, гэта практычна немагчыма, пакуль не будзе вырашаная праблема з транспартнай сістэмай. У іншых гарадах транспартныя артэрыі ці аб’язджаюць цэнтр, ці горадабудаўнікі робяць падземны праезд пад гістарычным цэнтрам. У нас такога няма... Наадварот, у цэнтры горада будуюцца паркінгі, каб прывабіць сюды яшчэ больш аўтамабіляў.

Ёсць яшчэ адна надзвычай важная для мяне прыкмета: горад, асабліва сталіца, павінен прэзентаваць культуру народа і яго гісторыю. А ці прэзентуе яе Мінск? Мінск прэзентуе гісторыю Савецкага Саюза – і выглядае маленькай Масквой. Ён капіруе Маскву на кожным кроку. У гэтым сэнсе можна сказаць, што мы не маем сваёй сталіцы. Тут не гучыць беларуская мова, не захоўваецца культурная традыцыя, не шануецца гісторыя. Назвы вуліц і плошчаў носяць імёны не нацыянальных дзеячаў, а дзеячаў савецкай, расійскай гісторыі. Таму ў нас фактычна няма сталіцы. Наша сталіца – гэта маленькая Масква, і таму Мінск, як бы ні намагаўся, выглядае правінцыйным горадам.

Мы не маем сталіцы яшчэ і таму, што ў нашага народа няма сталічнай самасвядомасці, гонара за тое, што яны жывуць у галоўным горадзе краіны, у цэнтры еўрапейскай дзяржавы. Яны ўсё роўна лічаць больш важнымі, больш прывабнымі гарадамі нейкія іншыя, але толькі не Мінск. І ў жыхароў сталіцы няма імкнення вярнуць сюды гісторыю, захаваць архітэктурныя і гістарычныя помнікі. Гэтыя помнікі цяпер руйнуюцца, у гістарычным цэнтры будуюцца хмарачосы – гэта ж абсалютна недапушчальна! – а ўсе маўчаць. Значыць, гэта нікога асабліва не кранае. Няма гонару і болю за тое, каб наша сталіца была сапраўды еўрапейскім горадам, каб Мінск быў сапраўднай нацыянальнай сталіцай беларускага народа. Вось гэтая абыякавасць сталічных жыхароў мяне, шчыра кажучы, вельмі непакоіць.

Чаму так адбываецца? Магчыма, таму, што карэнных мінчукоў мала, нашмат болей тых, хто прыехаў сюды аднекуль – ці то з вёскі, ці то з Расіі. І гэтым людзям боль Мінска не баліць. Па-першае, людзі проста не ведаюць гісторыі свайго горада. Па-другое, няма традыцыі грамадскай дзейнасці. Бальшавікі зрабілі ўсё, каб прыдушыць грамадскую ініцыятыву. І, на жаль, гэтых традыцый трымаецца сучаснае кіраўніцтва – яно ж баіцца раіцца з людзьмі, прыслухоўвацца да парад, арганізоўваць грамадскі дыялог. Гэта і прыводзіць да таго, што наш горад, ды і ўвогуле беларускія гарады, не толькі Мінск! – маюць усе рысы савецкіх гарадоў, але не маюць рысаў еўрапейскіх, заходнееўрапейскіх гарадоў. Але ж нашыя карані там, у заходнееўрапейскай традыцыі! Як бы нас цяпер ні імкнуліся русіфікаваць, наблізіць ці нават «ушчаміць» у расійскую традыцыю, усё роўна памяць пра мінулае, пра тое, што мы былі еўрапейцамі, ліцвінамі, застаецца, і гэта невынішчальна. Наша кіраўніцтва гэтага ніяк не можа зразумець, і гэта прыводзіць толькі да раздраю, падзелу на «нашых» і «нянашых», апазіцыянераў і прыхільнікаў улады. Гэта супрацьстаянне нікому не патрэбна. Я заўсёды выступаю за тое, што трэба наладжваць дыялог паміж прадстаўнікамі розных партый, прыхільнікаў усходняй і заходняй арыентацый. Але нашыя ўлады да гэтага, на жаль, яшчэ не падрыхтаваныя.

Калі глядзець з архітэктурнага пункту гледжання, у нас няма аніякай дакладнай, строгай стратэгіі мадэрнізацыі горада. Забудова робіцца стыхійна, неабдумана, не на карысць людзей. Забудова ўшчыльняецца, ствараецца прасторавы хаос, няма гармоніі. Мы будуем горад не для людзей, а для машын. Машыны – галоўнае. Усё саступае машынам. Дворыкі змяншаюцца, і незразумела – а дзе ж дзецям гуляць? Дзе можна спакойна пасядзець пенсіянерам? Горад ператвараецца ў нейкія жалезабетонныя горы, нагрувашчванні без усякай логікі, без усякай гармоніі... І гэта прыгнятае людзей. Псіхалагічна чалавек адчувае сябе прыдушаным у гэтых бетонных лабірынтах. Калі б мы хоць мелі нармальны гістарычны цэнтр, можна было б час ад часу выязджаць туды дзеля адпачынку. Бо там захоўваецца дух Сярэднявечча, калі ўсё было па-людску арганізавана, не раўнуючы з сучаснымі тэндэнцыямі. Чамусьці мы заўсёды пераймаем на Захадзе самае горшае, а сваё, традыцыйнае, не шануем. Шматлікія сучасныя амбіцыёзныя архітэктурныя праекты, што датычаць Мінска, не маюць абсалютна ніякай сувязі з нашай гісторый, традыцыяй. Нам абяцаюць, што ў Мінску з’явіцца гасцініца «Пекін», якую пабудуюць у адпаведнасці з духам кітайскай архітэктуры, яшчэ адну гасцініцу ўзвядзе ў беларускай сталіцы Аман – на арабскі манер. У выніку рэалізацыі такіх праектаў атрымліваецца поўная неразбярыха, эклектыка. І ўсё гэта – вынік адсутнасці нацыянальнага стрыжня.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах