Фэст «Меч Брачыслава» па дарозе на Грунвальд

12.03.2010

 - Мнения

Автор: Эла Зінкевіч


Фэст «Меч Брачыслава» па дарозе на Грунвальд

Папярэднія разважанні аб археалагічным турызме паказалі, што на Беларусі гэты накірунак усё ж такі развіваецца. Аб гэтым сведчаць буйныя і малыя гістарычныя фестывалі, што адбываюцца ў розных рэгіёнах нашай краіны. Дзесьці нават не першы год. Эла Зінкевіч распавядзе аб шматгадовым досведзе арганізацыі Свята рамёстваў у Браславе і аб тым, як сёлета яно пераўтварылася ў фестываль «Меч Брачыслава».

Традыцыі правядзення Свята рамёстваў на панадворку Музея традыцыйнай культуры ў Браславе сёлета спаўняецца дзесяць гадоў. Ініцыятарамі правядзення браслаўскага свята былі супрацоўнікі музея, апантаныя «жывой археалогіяй». Працуючы ў гэтым накірунку, майстрам удалося адрадзіць даўнія спосабы ганчарства, бандарства, ткацтва, пісьменства, аднавіць тэхналогіі старажытнай кухні. Звычайна падчас свята дзейнічалі дзве пляцоўкі: сучасных і старажытных рамёстваў. Паступова месца каля музея стала мала дзеля таго, каб размясціць ахвотных патрапіць на свята. Былі думкі перанесці мерапрыемства ў іншае месца, аднак сіл аднаго музея і невялікай колькасьці сяброў не хапала. Сёлета правядзенне свята супала з юбілеем. Браславу спаўняецца 945 гадоў. Святкаванне адбудзецца 29–30 мая. З гэтай нагоды Музейнаму аб’яднанню даручана арганізаваць на Замкавай гары гістарычную імпрэзу. Ёсць прапанова зрабіць яе ў выглядзе фестывалю сярэднявечнай культуры пад назвай «Меч Брачыслава».

Для тых, каму неабыякава гісторыя, у Браславе будзе шмат цікавага. На фестывалі плануецца прадставіць два накірункі. Першы – рыцарскі, у рамках якога пройдуць турніры. На Замкавай гары будзе арганізаваны сапраўдны рыцарскі стан – шатры з поўным бытавым абсталяваннем. Другі кірунак будзе звязаны з «жывой археалогіяй». Турысты ўбачаць ткацтва на вертыкальных кроснах, прадзенне на верацяне, апрацоўку і фарбаванне воўны, тэхналогію вырабу лямцу, іголкавае пляценне, выраб абутку і ташак са скуры, пляценне сетак, кублаў, туясоў, архаічны такарны станок, працу на прымітыўным ганчарным коле і шмат іншага. Акрамя таго, мы плануем запрасіць археолагаў, якія пакажуць спосабы кансервацыі керамікі, раскажуць пра методыку археалагічнага раскопу, старажытнае пісьменства. Турыстам будзе прапанавана шмат чаго зрабіць  уласнымі рукамі. На фэсце не абыдзецца і без музыкі. Папярэдне згоду на ўдзел даў гурт «Testamentum Terrae». У перапынку паміж танцамі і забавамі гасцям прапануюць пакаштаваць прыгатаваныя тут жа стравы старажытнай кухні.

Наконт размяшчэння гасцей адбылася размова з кіраўніцтвам турыстычнага аддзела Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Ёсць магчымасць разбіць намётавы лагер. Па-другое, для турыстаў адкрыты музейны гатэль «Заезны двор», шматлікія турыстычныя базы. Больш за тое, вакол Браслава ёсць шмат турыстычных стаянак і вялікі выбар сядзіб, якія з задавальненнем прымуць турыстаў.

Мы заклікаем усіх да супольнай працы. «Меч Брачыслава» чакае ў госці!

Сёлета ў прадстаўнікоў турбізнесу ўзнікла ідэя аб’яднаць падобныя на браслаўскі фэст мерапрыемствы ў праграму «Па дарозе на Грунвальд». Па каментар TIO.BY звярнуўся да Сяргея Плыткевіча:

– Сёлета Беларусь, Літва і Польшча адзначаюць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. Мы прапануем аб’яднаць усе мерапрыемствы, якія маюць дачыненне да нашай гісторыі, у адну праграму «Па дарозе на Грунвальд». Ідэя заключаецца ў тым, каб правесці агульную рэкламную кампанію і зацікавіць турыстаў не толькі адразу некалькімі паездкамі па Беларусі, але, можа быць, закончыць гэтае паглыбленне ў гісторыю на самім Грунвальдскім полі. Даведаўшыся праграму мерапрыемстваў, турыст зможа загадзя выбраць, чаму аддаць перавагу. Апрача таго, мы прапануем расшырыць паездкі на фестывалі і традыцыйнымі турысцкімі магчымасцямі. Гэтак, фестываль «Меч Брачыслава» – падзея самадастатковая. Аднак ад некаторых гарадоў Беларусі да Браслава адлегласць даволі значная, каб ехаць дзеля аднаго мерапрыемства. Таму паездку на фэст можна сумясціць з экскурсіямі па Браслаўшчыне. Такім чынам, мы прапануем комплексную праграму, разлічаную на некалькі дзён, і эфект ад азёрнага краю падвойваецца. Сёння правесці свае фестывалі пад агульнай эгідай згадзіліся тры гарады: Полацк, дзе 15 мая пройдзе рыцарскі турнір, Браслаў, які чакае гасцей 29–30 мая, і Наваградак, дзе правядзенне рыцарскага фэсту запланавана на канец чэрвеня. Мы запрашаем турыстычныя фірмы да супрацоўніцтва. На сённяшні дзень згоду на сумесную работу далі кампаніі «Віаполь» і «Краіна Замкаў», агульную рэкламную кампанію будзе каардынаваць выдавецтва «Рыфтур». Запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых!


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах