Як у Беларусі можа развівацца археалагічны турызм?

22.02.2010

 - Мнения

Автор: Вадзім Лакіза


Як у Беларусі можа развівацца археалагічны турызм?

Сёлета ўлады Егіпта абвясцілі аб стварэнні на тэрыторыі Луксора, альбо старажытных Фіваў, найбуйнейшага ў свеце археалагічнага скансэна. Археолагі старажытнага горада Пампеі зрабілі вольны для турыстаў уваход на дзеючыя раскопкі археалагічнага аб’екта. Польшча абвяшчае рэкордныя лічбы наведвальнікаў археалагічных фестываляў.  Археалагічны турызм, відавочна, развіваецца і мае поспех ва ўсім свеце. А што думаюць беларускія археолагі наконт развіцця археалагічнага турызму ў нашай краіне?

Сёлета ўлады Егіпта абвясцілі аб стварэнні на тэрыторыі Луксора, альбо старажытных Фіваў, найбуйнейшага ў свеце археалагічнага скансэна. Археолагі старажытнага горада Пампеі зрабілі вольны для турыстаў уваход на дзеючыя раскопкі археалагічнага аб’екта. Польшча абвяшчае рэкордныя лічбы наведвальнікаў археалагічных фестываляў.  Археалагічны турызм, відавочна, развіваецца і мае поспех ва ўсім свеце. А што думаюць беларускія археолагі наконт развіцця археалагічнага турызму ў нашай краіне?

Я займаюся вывучэннем археалагічных помнікаў ужо больш за дваццаць гадоў. Разам з калегамі праводжу раскопкі, выратавальныя экспедыцыі ў зонах новабудоўляў, наладжваю разведкі ў пошуках новых археалагічных аб’ектаў. За гэты час я пераканаўся, наколькі багатая ў нашай краіне гісторыка-культурная спадчына. І сёння вельмі важна гэтае багацце паказаць і пераканаць, у першую чаргу саміх сябе, што наша гісторыя пачалася тысячы гадоў таму. Як гэта зрабіць? Як адзін з магчымых шляхоў, сумеснымі намаганнямі развіваць на Беларусі археалагічны турызм.

На маю думку, у нас ёсць усе магчымасці для яго развіцця. Па-першае, на Беларусі налічваюцца тысячы археалагічных помнікаў, вартых уключэння ў турыстычныя маршруты. Прыкладам таму можа быць Белавежская пушча з захаванымі на яе тэрыторыі старажытнымі гарадзішчамі, могільнікамі і капішчамі. Аўгустоўскі і Агінскі каналы, уздоўж якіх размешчаны дзесяткі помнікаў розных перыядаў. Практычна ўсё ўзбярэжжа Дняпра пакрыта гарадзішчамі і курганнымі могільнікамі, пачынаючы з першапачатковага засялення і заканчваючы эпохай Сярэднявечча. На тэрыторыі Усходняй Беларусі існуе знакамітая верхнепалеалітычная стаянка ў вёсцы Юравічы. Цікавым турыстычным аб’ектам могуць быць Краснасельскія крэмнездабываючыя шахты і наваколле Ваўкавыска. І гэта толькі малая частка таго, што мы маем. Несумненна, што сюды можна дадаць практычна кожны раён Беларусі: Дзятлаўскі з гарадзішчам у в. Санюкі, Воранаўскі са знакамітым комплексам каля в. Нача, Шчучынскі з археалагічнымі помнікамі вакол возера Берштаўскае, Ашмянскі з сусветна вядомымі Гальшанамі... І Рагачоўскі, і Лоеўскі, і Петрыкаўскі, і Пружанскі, і Любанскі, і Мінскі....

Акрамя таго, археолагі штогод робяць новыя адкрыцці. Інстытут гісторыі НАН не толькі займаецца навуковымі археалагічнымі даследаваннямі, але і каардынуе іх правядзенне на тэрыторыі Беларусі. Вынікі раскопак апрацоўваюцца, робяцца пэўныя высновы. Пасля перад намі паўстае задача навуковую інфармацыю пераўтварыць у навукова-папулярную. Такім чынам, па-другое – мы валодаем матэрыяламі навуковых даследаванняў. Аб’яднаўшы першае і другое, можна стварыць шэраг новых турыстычных маршрутаў, якія б пакрылі ўсю тэрыторыю краіны.

Аднак мала ўключыць археалагічныя помнікі ў экскурсійныя маршруты. Турыста будзе ўражваць тое, што можна пабачыць візуальна. І тут магчымасці археалогіі неабмежаваныя.

Ідэя археалагічных скансэнаў не новая нават у нашай краіне. Так, варта ўзгадаць музеі ў Строчыцах і Дудутках. Спроба скансэна была зроблена і ў Брэсце, дзе турыстам прапанавалі унікальны закансерваваны археалагічны помнік «Бярэсце». Аднак у краінах Еўропы пайшлі значна далей. Там па матэрыялах археалагічных даследаванняў паўстаюць цэлыя селішчы з вуліцамі і дамамі, у якіх «ідзе» жыццё: аднаўляецца даўняя кухня, рамёствы, побыт старажытных людзей. Пачынаць развіваць археалагічны турызм, на мой погляд, варта ў месцах, ужо вядомых турыстам, дзе, акрамя таго, больш-менш развіта інфраструктура. Так званай «эксперыментальнай» пляцоўкай магла б стаць Белавежская пушча – своеасаблівы турыстычны брэнд Беларусі. Мы з калегамі археолагамі і гісторыкамі праводзім даследаванні пушчы з 2007 года. На яе тэрыторыі захавалася вялікая колькасць паселішч ад каменнага веку да эпохі Сярэднявечча, гарадзішчы, могільнікі, капішчы. У пушчанскім скансэне можна было б зрабіць рэканструкцыі старажытных жытлаў насельніцтва мезаліту і неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, у тым ліку і першых індаеўрапейцаў (культура шнуравой керамікі), якія з’явіліся на гэтай тэрыторыі ў трэцім тысячагоддзі да нашай эры. Там жа можа быць адноўлена гарадзішча жалезнага веку з драўлянымі абарончымі ўмацаваннямі, пад’ёмным мастом, выкапаным ровам. А на яго тэрыторыі – некалькі дамоў, дзе б дэманстраваліся старажытная кухня і рамёствы. Мяне бясконца радуе, што Музей прыроды Белавежскай пушчы ўжо часткова скарыстаўся прапановамі і рэкамендацыямі археолагаў.

Больш таго, апошнім часам у еўрапейскіх краінах неверагодную папулярнасць набываюць археалагічныя фестывалі, ці фестывалі «жывой археалогіі». Толькі ў суседняй Польшчы іх штогод праводзіцца каля некалькіх дзесяткаў. Фестывалі добра фінансуюцца і маюць шырокую рэкламу, што дазваляе збіраць адначасова сотні ўдзельнікаў, не кажучы аб велізарнай колькасці турыстаў. Ладзяцца фестывалі на тэрыторыі археалагічных помнікаў. Напрыклад, самым буйным і вядомым фэстам у Польшчы з’яўляецца Біскупін, які праводзіцца ў скансэне, дзе захаваліся рэшткі старажытнага паселішча. На фестывалях дэманструюцца старажытныя рамёствы і тут жа наладжаны гандаль вырабамі майстроў, паказваюцца рыцарскія баі, старажытныя абрады вяселля, заручын, хрэсьбін. Нам з калегамі пашчасціла патрапіць на фестваль у польскае мястэчка Збуч. Яно стала вядома, дзякуючы гарадзішчу эпохі Сярэднявечча. Археалагічны фэст адбываўся ў мястэчку ўжо сёмы раз! Ідэю можна было б выкарыстаць і ў нас. Напрыклад, тэрыторыя вакол гарадзішча ў вёсцы Мілаград у Рэчыцкім раёне пасля зусім невялікіх намаганняў і фінансавых выдаткаў магла б ужо зараз стаць пляцоўкай для правядзення такой імпрэзы.

Ідэя ўдзелу турыстаў у саміх раскопках таксама мае будучыню. Ва ўсім свеце людзі выдаткоўваюць вялізныя грошы, каб выправіцца ў археалагічны тур і хаця б адзін дзень пабыць «археолагам». Кожны сезон у розных кутках Беларусі пачынаюцца раскопкі. У той жа Белавежскай пушчы плануецца праводзіць штогадовыя археалагічныя даследаванні. Турысты могуць удзельнічаць у іх, як сёння гэта робяць сотні маладых валанцёраў, якім падабаецца жыццё ў намётах і вечарыны вакол вогнішча. Так, валанцёры прыязджаюць да археолага Марата Клімава, які капае селішча на ўзбярэжжы Заходняй Дзвіны, да Міхася і Максіма Чарняўскіх, якія праводзяць даследаванні ў Краснасельскіх крэмнездабываючых шахтах і на Крывінскім тарфяніку. А на беразе Нёмана каля былой в. Кавальцы Гродзенскага раёна такія экспедыцыі, у тым ліку і міжнародныя, праводзяцца аж з 1999 года. Акрамя таго, можна арганізоўваць экскурсійныя туры, падчас якіх турысты маглі б назіраць за працай прафесійных археолагаў і тут жа азнаёміцца з цікавымі знаходкамі.

Вядома, пажадана, каб да гэтых прапаноў дадавалася і інфраструктура, якая, на жаль, у нас не на самым высокім узроўні. Важна, каб турыст меў выбар – жыццё ў намётавым лагеры альбо ў гатэльным комплексе. Так ці інакш, але вялікія праекты заўсёды пачынаюцца з ідэі. У нашым выпадку, каб гэтую ідэю паспяхова распрацоўваць, патрэбна аб’яднаць бізнес, навуку, турызм.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах