ОПРОС

другие опросы

Сколько денег вы готовы потратить на отдых в этом году (на одного человека)?

  • От 100 до 300 евро
  • От 300 до 500 евро
  • От 500 до 1000 евро
  • От 1000 евро и больше
Результаты
Loading ...

Адзін дзень для беларускай мовы?

21.02.2012Адар'я Гуштын, блог

Некалькі год таму ў Беларусі ўсе раптоўна даведаліся, што 21-га лютага – гэта вялікае свята, а дакладней – Міжнародны дзень роднай мовы. Менавіта таму ў вашага малодшага дзіцёнка сёння ў школе дзень памяці Коласакупалы, у старэйшага  - беларускамоўная дыскатэка ва ўніверсітэце, а па тэлевізары спадар Латушка ці іншы чыноўнік, які пакуль не развучыўся размаўляць па-беларуску, скажа, што з беларускай мовай у нас усё проста цудоўна і ніякага моўнага пытання ў нас не існуе. Не хвалюйцеся! Святы будуць працягвацца нядоўга. 22-га лютага пра беларускую мову ўжо ніхто і не ўзгадае.

А цяпер некалькі словаў, што адбываецца з мовай насамрэч. Без палітыкі (наколькі гэта магчыма ў беларускіх рэаліях). І толькі пра турызм.

Сфера абслугоўвання. За той час, калі я размаўляю па-беларуску, былі адзінкавыя выпадкі, калі ў рэстарацыі, куды я прыходжу, каб адпачыць і пакінуць свае грошы, мяне без праблем зразумелі. Заўважце, я не прашу цытаваць мне беларускіх класікаў і адказваць мне па-беларуску (хоць гэта, безумоўна, было б прыемна), проста хацелася, каб за прыгожымі вітрынамі і пафасам беларускіх кавярняў, абслугоўваючы персанал ведаў некалькі стандартных словаў нацыянальнай мовы (ну, калі ўжо паставілі сваю рэстарацыю пасярод беларускай сталіцы) – дзякуй, калі ласка, гарбата, цукар, кава, рэшта і рахунак. Гэтыя простыя, на першы погляд, словы ў афіцыянта выклікаюць ступар, нібыта ён падыйшоў да століка здаваць іспыт па вышэйшай матэматыцы. Праверце як-небудзь самі. Праўда, варта дадаць, што з ангельскай мовай амаль тая ж сітуацыя. Як кажуць, беларускі сэрвіс такі сэрвіс.

Турфірмы. Перш чым пісаць гэты тэкст я патэлефанавала ў некалькі буйных турыстычных кампаніяў. У якасці кліента я хацела ўдакладніць некалькі пытанняў наконт будучага адпачынку. Вашыя стаўкі – ці зразумелі мяне хоць у адной з іх? Ці не, давайце інакш – ці ўспрынялі мяне адэкватна хоць у адной з іх? Ну, адказ напрошваецца сам сабою – не. І гэта пры тым, што на шматлікіх сустрэчах, інтэрв’ю, майстар-класах і прэсавых канферэнцыях я вельмі часта чую, як нашыя турфірмы зацікаўленыя ў новых кліентах, як яны эфектыўна працуюць у гэтым накірунку. Думаю, што лішнім будзе казаць, ці хачу я пакідаць свае грошы ў турфірме, дзе мяне не могуць зразумець. Тое самае датычыцца беларускамоўнай версіі сайтаў. Адзінкі дазволілі сабе такую раскошу – зрабіць пераклад. Але па праўдзе, і з ангельскай мовай усё гэтаксама. Так-так - такі сэрвіс, такі сэрвіс.

Экскурсіі па-беларуску. Летась прыязджалі да нас у госці сваякі, якія доўгі час жывуць за мяжой. Яны ўзялі сваіх дзяцей  і замежных сяброў, якія ў Беларусі былі ўпершыню. Але паколькі людзі гэтыя нават за мяжою стараюцца захоўваць традыцыі, ім хацелася, каб экскурсія была выключна на роднай мове. Як высветлілася, знайсці такога экскурсавода няпроста. Які не проста ведае завучаны па-беларуску тэкст, а свабодна валодае мовай, каб без памылак адказаць на шматлікія пытанні зацікаўленага турыста. У выніку мы дамовіліся з краязнаўцам, для якога экскурсіі – гэта збольшага хобі, але вандроўка ўсім спадабалася. Экскурсаводы не проста не ведаюць ці забыліся мову, некаторыя абураюцца тым, што іх прымушаюць праводзіць экскурсіі па-беларуску. Вядома, што яны разлічваюць на прыбытак ад турыстаў з Расіі – гэта сёння асноўны кліент, але чаму дадатковыя веды (у дадзеным выпадку беларуская мова) будуць лішнімі? Турысты з Расіі прыязджаюць не толькі пабухаць таннай беларускай гарэлкі. Ёсць і тыя, каму сапраўды цікавая наша краіна, яе гісторыя і культура. Што вы можаце прапанаваць адукаванаму рускаму турысту, які апроч Беларусі, быў у іншых еўрапейскіх гарадах? Каб паслухаць “Калінку-малінку” не трэба ехаць сотні кіламетраў, гэтага багацця і ў самой Расіі хапае.

І апошняе. У Беларусі ўсё ніяк не сціхнуць дыскусіі на тэмы “Беларуская мова – несамастойная мова”, “Ці патрэбна нам беларуская мова”, “Беларуская мова – дыялект рускай мовы” і г.д. Але спадарства, нават у ХХІ стагоддзі знаходзяцца дзівакі, якія лічаць, што зоркі ў небе – усяго толькі стразы, а Зямля па-ранейшаму трымаецца на трох кітах. Ці ёсць сэнс з імі спрачацца і нешта даказваць пры тых навукова абгрунтаваных фактах, якія існуюць насамрэч? Не! Ці ёсць сэнс у незалежнай дзяржаве самастойнай і самадастатковай нацыі задаваць сабе такія недарэчныя пытанні ці адказваць на такія пытанні апанентам? Не!

Нашыя суседзі латышы зусім нядаўна паказалі нам, як трэба любіць і шанаваць сваё. Я маю на ўвазе рэферэндум па моўным пытанні. Не трэба лішняга шуму і святаў раз на год для справаздачы ў аддзел адукацыі ці ідэалогіі (хто там “адказвае” ў нас за мову?). 21-га лютага можна ўспрымаць, як цудоўную нагоду адкінуць страх і сказаць нешта на сваёй мове. Сказаць не з трыбуны, тэлевізара ці плошчы. Проста сказаць свайму блізкаму чалавеку самыя звычайныя рэчы. Па-беларуску. І каб не раз на год, а кожны дзень.

Комментарии:

Anonymous21.02.2012

Цалкам згодны з аўтарам. Але вялікая бяда беларусаў у тым, што яны не ведаюць гутарковай мовы. Я гэта кажу і пра сабе, і пра многіх знаёмых. Разумець лёгка, чытаць таксама, але пачаць размаўляць складана, такі ў нас псіхалагічны бар'ер. І скажу шчыра, я не ведаю як вырашыць гэтае пытанне
Цитировать Ответить

Аўтар21.02.2012

Вырашыць яго вельмі проста - размаўляць на мове. Ніякім іншым спосабам яно не вырашыцца. Няма ні прышчэпак, ні гаджэтаў для гэтага. Гэтаксама і з замежнымі мовамі. Калі толькі чалавек мае моўную практыку, мова яго становіцца больш дасканалай. З роднай мовай усё ў сто разоў прасцей, яна закладзеная ў нас, як ні круці. Таму ўжо праз тыдзень-два вы адчуеце, як шмат ведаеце па-беларуску. Поспехаў!
Цитировать Ответить

Anonymous21.02.2012

Пытаньне вырашаецца проста! Сперша гаварыць з памылкамі, гаварыць на трасянцы, з якой пачынаюць усе пачаткоўцы (у любой мове, дарэчы). Нават Дунін-Марцінкевіч напісаў свой шэдэўр "Пінская шляхта" на трасянцы. Па вялікім рахунку...
Цитировать Ответить

Anonymous21.02.2012

Не, гэта ж трэба! Толькі я пачаў калупаць свой адказ на клаве, як аўтарка таксама дала той жа самы, бадай, адказ. Дзівосы, спадарства!
Цитировать Ответить

Anonymous21.02.2012

У гэтым і ёсць бар'ер - як я, паспяховы каммунікабельны чалавек, буду гаварыць з памылкамі? Сорамна.
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции22.02.2012

Любы паспяховы камунікабельны чалавек паставіцца да гэтага з разуменнем. Калі вы вувучалі замежную мову, павінны таксама былі сутыкацца з тым, што не адразу і вымаўленне, і лексіка наогул была дасканалай. Само па сабе веданне мовы не прыходзіць. Ніхто іншы не можа за вас вывучыць мову, размаўляць спачатку з памылкамі, а пасля ўсё лепш і лепш. Гэта можаце зрабіць толькі вы. Раю адшукаць беларускамоўную кампанію. Хоць бы онлайн. Беларускамоўныя людзі вельмі добра ставяцца да тых, хто вырашае далучыцца да роднай мовы, і заўсёды вам дапамогуць.
Цитировать Ответить

Наталья, Представитель редакции21.02.2012

А перачытайце нашых песняроў -- Коласа ды Купалу. Без сумневу, у сённяшняй школе іх творы (калі б не ведаць аўтара) выклікалі бы шмат пытанняў у настаўніка. Але гэта ўжо класіка! І мы, каб паразмаўлялі трошачкі, навучыліся б -- і нават асалоду адчулі. Але ж дзеля гэтага трэба нешта рабіць!
Цитировать Ответить

Дрык21.02.2012

Віншую аўтара з нараджэннем блога! Тэма надзвычай вострая і своечасовая. Буду чакаць наступных пастоў, бо ў цікавага таленавітага чалавека і назіранні цікавыя. Дарэчы, наконт беларускага сэрвіса і ангельскай мовы ты таксама маеш што распавесці , я ўспамінаю твой аповед пра тую прадавачку, што ганарылася сваим невуцтвам...
Цитировать Ответить

Аўтар21.02.2012

дзякуй)
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса22.02.2012

А дзе тут турызм? галоўная праблема беларускай мовы - гэта тое, што яна існуе амаль выключна ў выглядзе вершыкаў пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову, на якой...
Цитировать Ответить

Аўтар22.02.2012

Калі б беларуская мова была такой, якой яе апісваеце вы, такія магутныя і сусветна вядомыя кампаніі, як Samsung, Mercedes, Life, Ford, Lenovo і інш. не рабілі б беларускамоўную рэкламу, укладаючы ў гэта вельмі шмат сродкаў. Паглядзіце на поспехі і бюджэт гэтых кампаніяў. І вы зразумееце, што да маркетынгу яны падыходзяць вельмі сур'ёзна.
Цитировать Ответить

Сергей Плыткевич, директор издательства «Рифтур»22.02.2012

Александр:А дзе тут турызм? галоўная праблема беларускай мовы - гэта тое, што яна існуе амаль выключна ў выглядзе вершыкаў пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову, на якой...
Як раз да праблем турызму і мае дачыненне паднятая нашым карэспандэнтам тэма. Акрамя турфірмы "Віаполь" у Беларусі няма ніводнага турыстычнага прадпрыемства, якое пазіцыяніравала б сябе, як нацыянальная турфірма, якое б прадстаўляла менавіта мясцовы каларыт. У рэшце рэшт "Віаполь" выстраліла, стала лідарам па прыему замежных турыстаў. Не здагадваецеся, чаму?
Цитировать Ответить

Петя, агрогородок "Красный Лапоть"22.02.2012

Александр:
А дзе тут турызм? галоўная праблема беларускай мовы - гэта тое, што яна існуе амаль выключна ў выглядзе вершыкаў пра мілагучную матчыну мову, на якой так хораша пісаць вершыкі пра мілагучную матчыну мову...
Дзівосы ў дзівоснай краіне Сасут! Той, хто прэзентуе сябе ў адным выпадку як дасьледчыка нацыянальнай гісторыі і культуры, у другім выпадку пырскае жоўцю і абразамі ў бок той жа самай культуры, пачаткам якой ёсьць мова. Гэта нават не канфармізм - а нешта сто разоў горшае: двудушнасьць!
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса22.02.2012

ну дык на турыстычным партале па-беларуску (або і на любой іншай мове) трэба пісаць пра турызм, а не пра мову. Інакш пацвярджаецца даўняя і прыкрая заканамернасць: бел. мова - існуе для апісання і ўсхвалення самой сябе.
Цитировать Ответить

Петя, агрогородок "Красный Лапоть"22.02.2012

Мы бездапаможна пхаемся адзін з адным на тым дурным пятачку, які паблажліва пакінула нам неадукаваная ўлада - спачатку савецкая, мазураўска-машэраўская, а потым лукашэнкаўская, яшчэ больш дрымучая. Дык вось, пакуль нашая ўлада (ня гэта, бо ёй тое не па сілах) ня возьмецца за нацыянальную справу (як тое на зайздрасьць нам зрабілі ў апошнія гады латышы, літоўцы, эстонцы, украінцы, казахі, узьбекі, азербайджанцы і г.д. і г.д.), пакуль міністэрствы і ведамствы Сасута не пяройдуць - пакрысе спачатку - на мову, пакуль гэты прыклад наверсе не ўбачаць унізе горад і сяло, райцэнтр і аграгарадок, Ясь і Яніна, Ваня ды Маня, - датуль мова будзе элементам паказухі на розных дурнаватых сьвятах і конкурсах, а не грунтам паўсядзённага жыцьця. Усё гэта ў нас ужо было - у 20-30-х гадах, але ж сталіншчына забіла тых, хто гэта рабіў, бо ёй гэта было ня толькі непатрэбна, але й "вредно". А тых, што не забілі, заплявалі або выслалі ў гулаг. З тае пары не пераводзяцца "дабрадзеі" кшталту вас і Лукі, якія распавядаюць urbi et orbi, што "на беларускам языке гаварат те, кто ничиво другова делаць ниможит" і што "беларуский язык сушчаствует для аписанния и усхваления самова сибя". Ну а што ж гэтыя "дабрадзеі" яшчэ могуць сказаць сьвету?!
Цитировать Ответить

Сергей Плыткевич, директор издательства «Рифтур»22.02.2012

Александр:
ну дык на турыстычным партале па-беларуску (або і на любой іншай мове) трэба пісаць пра турызм, а не пра мову. Інакш пацвярджаецца даўняя і прыкрая заканамернасць: бел. мова - існуе для апісання і ўсхвалення самой сябе.
Аляксандр, калі вы не разумееце сэнсу напісанага, то спрачацца з вамі няма ніякага жадання. Мы выконваем сваю работу. І вельмі прыемна, калі нашыя карэспандэнты па ўласнай ініцыятыве падымаюць праблемы, якія маюць дачыненне і да турызму, і да нашага жыцця. Мы па-ранейшаму ўпэўнены, што рана ці позна, але нацыянальныя каштоўнасці беларусаў зацікавяць іншаземных турыстаў. Так што трэба іх захоўваць...
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса22.02.2012

Мы дарэчы таксама свае бел-моўныя праграмы для турыстаў з Расіі не перакладаем з мовы арыгінала. А мае артыкулы пра піва на расійскім сайце "Піўны культ" публікуюць таксама - на мове арыгінала. Але я не пра тое. Пісаць "пра мову" ўжо 100 гадоў як зрабілася кепскім густам. Трэба ствараць вартыя прадукты на мове, без палымяных прадмоў у яе абарону.
Цитировать Ответить

Петя, агрогородок "Красный Лапоть"22.02.2012

У палымяных прадмовах у сваю абарону не маюць аніякай патрэбы адно тыя мовы, якія сажралі іншыя мовы, а калі нешта не пасьпелі пакуль сажраць, працягваюць дажыраць і запіваць піўнымі кактэйлямі дзеля паскарэньня працэсу страваваньня. Усе іншыя мовы заўсёды маюць патрэбу як у палымяных прадмовах, так і ў заканадаўчых актах у сваю дзейсную абарону. А калі-нікалі - і ў рэферэндумах, як, напрыклад, надоечы ў Латвіі. Але пра тое нам няможна нават і мроіць...
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса23.02.2012

Злой радасцю з нагоды вынікаў латвійскага рэферэндуму пырскаць не раю. У Латвіі каля 40% рускамоўных, і што ім прапануеце - забіцца аб глебу? Так не будзе. Латвійскі апартэід усё роўна не захаваецца. Некалі, калі стваралася Бельгія, франкафоны не прызнавалі ніякіх праў фламандскай большасці. І што цяпер? Бельгія можа нават не захавацца, а ўтрымаць этнакратычную манаполію - не ўдалося. То самае - у Канадзе. Дзе, наадварот, спрабавалі ігнараваць і прыціскаць франкафонаў Квебека. Ну дык і латышскім шавіністам не ўдасца. Цікава, як сьвядома-адраджэнскі розум ставіцца да пазіцыі Латгаліі. У Даўгаўпілсе за рускую мову ў якасці 2-й дзяржаўнай прагаласавалі 85%. А гэта ў значнай ступені - крэсовыя палякі (фактычна, літвіны Латгаліі) і нават беларусы. Дык на думку сьвядома-адраджэнскага розуму, яны мусяць як мага хутчэй асімілявацца? бо такі ім ад сьвядома-адраджэнскага розуму загад?
Цитировать Ответить

Петя, агрогородок "Красный Лапоть"23.02.2012

Не аперуйце замшэлай тэрміналогіяй падтасовак саўбелкі, дзе вы друкуецесь і з якой сілкуецесь. Хай той хлеб дастанецца нашаму саўку-"інтэрнацыяналісту"-псіхапату Новікаву. Бо гэта ён абсмоктвае гэты хлеб за грошы Лукі на Гэбельс-БТ. Удвох вы на гэтай дзялянцы не размесьціцеся! Апартэід... Расізм... Як толькі не енчуць да зьнямогі расійскія імперцы, якім колькі ты не дай тэрыторыі - усё замала. Зажраліся за чужы кошт, абас*алі ўсё, што прыдбалі з часоў Кацькі, а элементарнага парадку як не было, так і няма. І ня будзе НІКОЛІ! Бо такая адвечная ментальнасьць стэпу мангольскага і ярлыка ханскага, такія асаблівасьці "нацыянальнага характару". Тут ня дурні чытаюць навіны, каб гэтыя вашыя пропісі саўбелкаўскія браць пад увагу хоць бы на хвіліну. Для дурняў ёсьць іншая аўдыторыя. А апартэід рабілі ў Латвіі з 40-х гадоў да 90-х - паўстагоддзя! - сталіны вялікія і малыя. Напхалі туды савецкіх ваенных, прадпрыемстваў з калектывамі "трудящихся Манек и Ванек", што слалі семьямі з вялікай СС (Страны Саветаў). І вырашылі тыя камуна-стратэгі, што саветызацыя ўсе зробіць назаўсёды найлепшым чынам - выгадуе савецкага чалавека - без мовы, без дома, без караняў, без памяці, з СССРам на ілбе... Ну, дык вось цяпер іх адтуль пагналі, і зрабілі шыкоўна разумна! Каму да спадобы вялікая радзіма Расія, дзе не ў апартэідзе, а ў простым рэальным расійскім срачы можна жыць-пажываць, няхай едуць у срач і селяцца ад Пскова да Уладзівастока. А ў латышоў іншай краіны, акрамя маленькай Латвіі, няма. Таму яны гаспадары на сваёй зямлі. Але ж "понаехавшие" нешта не спяшаюцца ехаць у срач. Яны хочуць жыць, як у еўропах, але вываліўшы смярдзючыя ногі на стол гаспадарам. Вось і ўсе іхныя аргументы! За столькі год не вывучылі ані слова па-латышску - усё, што патрабуецца ад іх, каб яны сталі грамадзянамі Латвіі. І вось маюць такого абаронца іхных правоў, як вас, што ад нечага рабіць калупае тут клаву ў абарону невукаў і лайдакоў, калі рэчы называць сваімі імёнамі. Ну а пра няшчасныя бельгіі і канады не хвалюйцеся. Там і без вас, вялікага спецыяліста ў нацыянальным пытанні па версіі Кати Пряник-Суперфосфатовай, разбяруцца. А калі што, то абавязкова прыедуць да вас па кансультацыю. За абедам, між зразамі і дранікамі, вы ім і распавядзеце, што ім рабіць з франкафонамі на прыкладзе вкрэсовых палякаў і апартэідных русакоў з Латгаліі. Вы ж у нас спец па ўсіх пытаньнях сусьветнага значэньня...
Цитировать Ответить

Георгий, Посетитель23.02.2012

За Латвію можна ўзрадавацца таму, што латышская мова пад абаронаю закона і не прападзе. Як у жыцці атрымліваецца? Юрыдычна прызнаецца адна мова, на практыцы дзейнічаюць дзве.І наадварот - юрыдычна існуюць дзве мовы, на практыцы - адна. Першы выпадак - пра Латвію, другі - пра Беларусь. І непакоіцца аб лёсе рускіх у Латвіі не трэба. Вы лепш беларусаў пашкадуйце!
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса23.02.2012

Ані ў Латвіі, ані ў Беларусі становішча не ёсць нармальным, але па-рознаму. Ненармальна, што ў Беларусі не існуе паўнавартаснае беларускае моўнае асяроддзе (напрыклад, натарыят і г.д.), але ненармальна, што ў Латвіі не прызнаюць права 40% насельніцтва на афіцыйны статус іх мовы. У прынцыпе, і тое і другое - апартэід.
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции23.02.2012

Гэтаксама ненармальна, што гэтыя 40% ігнаруюць статус латышскай мовы і не лічаць патрэбным вывучаць нацыянальную мову і гісторыю краіны, дзе яны пражываюць.
Цитировать Ответить

Петя, агрогородок "Красный Лапоть"23.02.2012

Падумаць толькі: дайце натарыят беларускамоўны - і паўнавартаснае беларускамоўнае асяроддзе сфармавана, а балючае нацыянальнае пытаньне на ўзроўні мінюста вырашана канчаткова і беспаваротна праз завераныя копіі! Галаву ў халодную воду апусьціце - дапамагае! Праўда, толькі ў некаторых, асобных медыцынскіх выпадках!
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса24.02.2012

а як гэта яны яго "ігнаруюць"? рэферэндум жа быў не пра выбар адной з дзвюх моў! і як гэта Вы можаце сцвярджаць "не лічаць патрэбным вывучаць нацыянальную мову". У іх, дарэчы, даўно няма такой магчымасці - яны даўно вывучылі, хай і не хацелі. Ігнаруюць у дадзеным выпаку іх права мець афіцыйную публічную прастору для той мовы, на якой яны думаюць і размаўляюць у сям'і. Гэта - апартэід. У Латгаліі, гістарычна цесна звязанай з ВКЛ, за наданне рускай мове статусу другой дзяржаўнай прагаласавала да 85% выбарцаў. І рускія, і беларусы, і "крэсовыя палякі".
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции24.02.2012

Абавязковай умовай для атрымання грамадзянства ў Латвіі з'яўляецца веданне латышскай мовы і гісторыі. Паглядзіце на статыстыку, колькі рускамоўных жыхароў Латвіі не маюць грамадзянства, а маюць толькі від на жыхарства. І адказ прыйдзе сам сабою. Для параўнання яшчэ можаце з'ездзіць у Даўгаўпілс і паслухаць, што тамтэйшыя жыхары (рускія) кажуць пра мову і гісторыю краіны, дзе яны жывуць - непавага страшэнная. Пры гэтым пакідаць Латвію і з'язджаць у Расію, дзе па іх меркаванні ніякага прыгнёту няма, яны не хочуць. Яшчэ раю паглядзець вам фільм Юрыя Хашчавацкага "Лабатамія" і звярнуць увагу на дакументальныя кадры, як паводзяць сябе вось такія рускія за межамі Расіі - Эстонія, Грузія і г.д.
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса26.02.2012

дык не-грамадзяне Латвіі на рэферэндуме і не галасавалі. Дарэчы, узровень падтрымкі рускай мовы ў Даўгаўпілсу (85%) сведчыць, што яе падтрымалі больш за 50% і ўласна латгалаў, а сярод славян (рускіх, палякаў і беларусаў) блізка да 100%. і гэта ўс грамадзяне Латвіі, якія валодаюць латышскай прынамсі на падставовым узроўні
Цитировать Ответить

Anonymous27.02.2012

вось таму што не галасавалі, таму і перамогі няма. большасць прыхільнікаў рускай мовы наўпрост не з'яшляюцца грамадзянамі гэтай краіны. якія могуць быць крыўды тады? гэць у расію! там з рускай мовай прымуць.
Цитировать Ответить

Георгий, Посетитель23.02.2012

Калі браць лёс рускае мовы ўвогуле, то можна за яе не хвалявацца. Побач знаходзіцца Расія, куды пры неабходнасці могуць эміграваць "рускія з Латвіі", не жадаючыя інтэгравацца ў латышскае культурнае і моўнае асяроддзе. Таму пра апартэід ў гэтым выпадку лепш памаўчаць. І лепш паклапаціцца пра лёс беларускай мовы. Другой краіны, дзе б яна панавала, на вялікі жаль, няма.
Цитировать Ответить

Петя, агрогородок "Красный Лапоть"26.02.2012

Александр:
дык не-грамадзяне Латвіі на рэферэндуме і не галасавалі. Дарэчы, узровень падтрымкі рускай мовы ў Даўгаўпілсу (85%) сведчыць, што яе падтрымалі больш за 50% і ўласна латгалаў, а сярод славян (рускіх, палякаў і беларусаў) блізка да 100%. і гэта ўс грамадзяне Латвіі, якія валодаюць латышскай прынамсі на падставовым узроўні
Седзячы ў Налібоцкай пушчы, можна разважаць пра што заўгодна і між развагамі будаваць хрустальныя масты ад Івянца да Даўгаўпілса, каб дапамагчы мясцовым рускім змагарам, якіх там большасьць яшчэ з часоў краіны саветаў, за сапраўднае грамадзянства, за шчасьце ўласнае і ўсяго латышскага народа. Зірніце спачатку вакол сябе, у сябе, на беларускую сітуацыю, з якой, напомню вам, пачалася гаворка, а вы забіліся ў латышскі кут і адтуль палюеце, нібы са сталінскага дота, у абарону гаротных неграмадзянаў. Пра тое, што яны ведаюць "на падставовым (?!?) узроўні", яны вам самі распавялі, альбо вы з пушчы правялі зь імі віртуальны экзамен, альбо зьбіралі тыя вынікі на імперскіх сайтах мясцовага і рашскага паходжаньня, альбо яны на розум вам зваліліся зь неба??? Тым больш што Дэрпт ці цяпер Даўгаупілс - гэта ніякі не паказчык. Ён напханы савецкімі прадпрыемствамі і "савецкім народам", і пра гэта ўжо была гаворка адносна традыцыйных паводзінаў гэтага народа і ягоных моўных перавагаў-пажаданьняў. Гэта нагадвае мне шчырыя савецкія і постсавецкія рэферэндумы на тэмы: "Ці любіце вы сэсэсэрый і ці жадаеце вы жыць у ім вечна?", "Ці хацелі б вы, каб адмянілі смяротную кару?", "Ці трэба абмяжоўваць тэрміны прэзіденцтва, калі маем незаменнага фюрэра нацыі?", ну і г.д. А ўсё насамрэч проста і празаічна, як пень: рашскае фінансавае і прамысловае лобі ў самой Латвіі (з масіраванай падтрымкай крамлёўскіх стратэгаў, паліттэхнолагаў і розных сьмехапанарамных задорнавых) спяць і бачаць штодня, як яны на "законных" і прыярытэтных умовах усталюцца нарэшце гаспадарамі там, дзе раней пачувалі сябе поўнымі гаспадарамі. Пакуль - безвынікова! Не атрымалася! І гэта радуе! А сыйдзе гэтае пакаленьне "стратэгаў" - і ўсё ўсталюецца само сабою. Але ня так, як яны разлічвалі, а на карысьць гістарычнай праўды, пра якую вы клапоціцесь такім дзіўным для гісторыка чынам...
Цитировать Ответить

Петя...26.02.2012

Прашу прабачэньня. Калі думаеш пра адно, атрымаеш зусім другое - на падсьвядомым узроўні. Безумоўна, ня Дэрпт, які ў Эстоніі. А Дынабург, які ў Латвіі і ў якога шмат другіх імёнаў было, акрамя латышскага - Даўгаўпілс.
Цитировать Ответить

Anonymous28.02.2012

Какой бесподобный материал на тему и как раз к финалу этой дискуссии опубликовала неповторимая в своем публицистическом блеске Валерия Новодворская "Замерзшие в СССР". Она словно подслушала, о чем тут стрелял из пушки по воробьям некто Александр, какой-то там историк... Читайте, завидуйте - по Маяковскому... http://grani.ru/opinion/novodvorskaya/m.195984.html
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса28.02.2012

я згодны ў цэлым з першым абзацам гэтага артыкулу. Што персанал сферы сервіса, асабліва ў сталічных "ціпа-беларускіх" рэстаранах (і не толькі) мусіць ведаць бел. мову. А таксама англійскую. А таксама, шмат дзе - польскую і г.д. Праблема з сервісам у тым, што пакуль што белмоўных, англамоўных, польскамоўных кліентаў у яго так мала, што ўладальнікі бізнэсаў могуць сабе дазволіць ігнараваць гэтых кліентаў без істотных стратаў для сябе гэтую праблему можна вырашыць толькі пры адкрыцці краіны свету. Ускосна, гэта і беларускай мове дапаможа (вырасце попыт на "нац. каларыт" прынамсі па прыколу сярод замежных гасцей). аднак уся новая моўная інфраструктура ў краіне мусіць будавацца не на руінах рускамоўнай, але ў дадатак да яе. У адрозненне ад Латвіі, якая нам не прыклад.
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции28.02.2012

Калі персанал рэстарацыяў павінен ведаць беларускую мову, то чаму беларускую мову не павінен ведаць персанал турфірмаў, якія таксама працуюць у сферы паслугаў? Законы аднолькавыя для ўсіх, калі што...
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса28.02.2012

на сённяшні дзень закон ні ад каго не патрабуе ведаць мову, ні ад якога персаналу. А колькі канкрэтна ёсць бел-моўных кліентаў? я ўчора быў у турфірме па справе, там быў разам са мной нейкі каўказец, два пакістанцы (урду-моўныя). Белмоўных, калі не лічыць нейкай долі мяне, не было. і немагчыма сцвярджаць, што " персанал рэстарацыяў павінен ведаць беларускую мову". Павінен каму? Уладальнік - так, мае права гэтага запатрабаваць ад персаналу, калі вырашыць, што гэта адпавядае ягонай канцэпцыі бізнэса. А калі гэтага пачне спрэс патрабаваць дзяржава, а кліентаў бел-моўных не будзе, - дык атрымаецца проста гвалт і азлабленне персаналу і ўладальнікаў пакуль будзеце спадзявацца і рабіць стаўку на этнакратычны прымус - бел. мова будзе заставацца ў гета. Можна, канешне, ўявіць сабе мадэль геапалітычнага перавароту, калі "адальюцца рускамоўным усе слёзкі", але досвед 1941-44 паказвае, што такі часовы поспех не бывае трывалым, і за яго даводзіцца плаціць сорамам і адкатам у яшчэ горшы стан
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции29.02.2012

"на сённяшні дзень закон ні ад каго не патрабуе ведаць мову, ні ад якога персаналу" Прабачце, але не бачу сэнсу працягваць дыскусію. Думаю, што вам варта звярнуцца да нацыянальнага заканадаўства - Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь», а таксама Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса29.02.2012

тады ў наступны раз, калі Вас не будуць абслугоўваць па-беларуску, патрабуйце кнігу скаргаў і пішыце таксама скаргу ва ўпраўленне гандлю Мінгарвыканкама або іншай адм. адзінкі калі ўжо апелюеце да закону, дык будзьце паслядоўнымі
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции29.02.2012

Паверце, я раблю гэта кожны раз. І ўжо не першы год вяду перапіску з рознымі ўстановамі і кампаніямі, каб яны аказвалі паслугі па-беларуску (то бок у межах беларускага заканадаўства). Пэўныя зрухі і пазітыўныя тэндэнцыі ў гэтым плане ёсць. Але далёка не кожны турыст ці проста наведвальнік кафэ будзе займацца такой перапіскай і фармуляваннем прэтэнзіяў, абгрунтаваных нормамі закона.
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса29.02.2012

удакладніце калі ласка: Вы ўжо і на рэстараны скардзіліся? і што, ці ўдалося давесці парушэнне дзеючага заканадаўства? ці Вы маеце на ўвазе толькі афіцыйныя ўстановы? не хацелася б, каб Вы змешвалі паняцці дзеля чыста палемічных мэтаў
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции01.03.2012

Прывожу канкрэтныя прыклады. Год таму напісала скаргу ў кавярні "Тракцір" на К. Маркса. Скарга датычылася таго, што афіцыянтка не разумела, што мы замаўляем, плюс у досыць хамскай манеры сказала, што іншых супрацоўцнікаў, якія б разумелі па-беларуску, няма. Я напісала скаргу, у выніку супрацоўніцу пазбавілі прэміі. Такую самую скаргу я пісала ў кавярні "Амстэрдам" - афіцыянта звольнілі.
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса01.03.2012

але гэта дысцыплінарныя спагнанні з канкрэтных працаўнікоў, за хамства. А Вы намякалі, што нібыта Вам удалося давесці парушэнне заканадаўства - у няведанні персаналам беларускай мовы. Дык вось, гэта не адно і тое ж. І закона, які прымушае афіцыянта ведаць бел. мову (або нават і рускую, вельмі гіпатэтычны выпадак) - не існуе, як я і казаў. Зрэшты, калі Вы лічыце, што такое заканадаўства існуе - падавайце на рэстарацыі і кавярні ў суд.
Цитировать Ответить

Адар'я Гуштын01.03.2012

ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ 26 студзеня 1990 г. N 3094-XI АБ МОВАХ У РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ Артыкул 4. Абавязак кiраўнiкоў, iншых работнiкаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадскiх аб'яднанняў валодаць беларускай i рускай мовамi. Кiраўнiкi, iншыя работнiкi дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадскiх аб'яднанняў павiнны валодаць беларускай i рускай мовамi ў аб'ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў. Гэта адзін з прыкладаў канкрэтнай нормы закона. У мяне няма часу даводзіць вам іншыя. Дзе іх знайсці, я давала ў каментарах вышэй.
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса28.02.2012

пра складанасці з выкарыстаннем бел. мовы ў камунікацыях бізнэсу, на уласным прыкладзе. Прасоўваючы сябе ў Інэце, мы не можам не улічваць статыстыку Гугла і Яндэкса. Таму што прапаноўваць трэба тое, што ўжо шукаюць - гэта логіка пошукавых сістэм і Інтэрнэт-рэкламы. Параўнайце статыстыку запытаў "снять усадьбу" і "зняць сядзібу". 97 запытаў на месяц супраць 0 (нуля). Свадьба - 113,000 запытаў, вяселле - 500 (рэгіён - толькі Беларусь). І што, варыянт "давайце разбурым рускамоўную камунікацыю і пабудуем беларускую на яе руінах" выглядае рэалістычным? на практыцы бел-моўныя кліенты - не ствараюць істотнага попыту. Патэнцыял росту бел. моўнай камунікацыі - у пэўных сімпатыях да яе пераважна рускамоўнай аўдыторыі. Мала хто гатовы спажываць увесь тур. прадукт па-беларуску, але шмат хто - гатовы часткова - напрыклад, у выглядзе бел-моўных анімацый. Неадэкватнасць экзальтаванай нацыяналістычнай публікі якраз і заключаецца ў нецярплівасці і мегаламаніі. Цвярозая ацэнка перспектыў якраз дапамагла б будаваць больш шырокія нішы для бел-моўнай камунікацыі. Менавіта - праз стварэнне новага кантэнту, а не скаргаў на традыцыйны кантэнт, што той "зманкуртаваў", "абмаскаліўся" і г.д.
Цитировать Ответить

Anonymous28.02.2012

У адрозненне ад Латвіі, якая нам не прыклад. Ды куды там Латвіі з ейным прыкладам да нас, непаўторных! Мы ж маем такі прыклад, які ня мае ані адзіная дзяржава ў сьвеце, а менавіта: калі яе, Беларусі, кураўнік нічога ня можа сказаць на мове тытульнай нацыі, але можа толькі зьдзеквацца з тае мовы, ды так, як таго не дазваляюць сябе нават рускамоўныя суседзі, на якіх гэты агрэсіўны і самаздаволены невук арыентуецца. Самы раз разважаць пра рэстарацыі і камунікацыі ў гуглах.
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса28.02.2012

яшчэ трохі статыстыкі (Яндэкс, толькі Беларусь) корпоратив - 5100 показов в месяц карпаратыў - 0 (ноль) усадьба - 11742 сядзіба - 221 Гэта ТБМ, БНФ і Беларускі незалежніцкі блёк могуць апераваць лібчамі ў 40% або 70% беларускамоўных. Але статыстыка пошукавых сістэм такой долі не фіксуе. Гэта асабліва яскрава бачна пры пошуку і прыняцці першаснага рашэння "купляю - не купляю". Калі зделка адбылася, так, для пэўнай часткі аўдыторыі частковая бел-моўнасць - гэта бонус (у іх чаканні - бясплатны). Але канкрэтна бел-моўныя здзелкі шукаюць максімум 1-2% патэнцыйных кліентаў (і гэта яшчэ аптымістычная лічба). жадаючыя могуць паспрабаваць самі, з любымі камерцыйна значнымі запытамі. Прытым, чым менш "гуманітарным" будзе прадукт - тым працэнт белмоўных пошукаў будзе ніжэйшы, блізкім да абс. нуля. Авохці, але гэта так.
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции28.02.2012

У гэтай сувязі пракаментуйце, калі ласка, чаму, на ваш погляд, паспяховыя замежныя кампаніі (гл. каментар вышэй) выкарыстоўваюць беларускую мову ў рэкламе сваёй прадукцыі (далёкай ад гуманітарнай)? І выдаткоўваюць на гэта немалыя грошы?)
Цитировать Ответить

Александр, Представитель турбизнеса28.02.2012

паспяховыя замежныя кампаніі выкарыстоўваюць беларускую мову на 90% ў іміджавай рэкламе. У "лакалізацыйных" праектах. Прытым вельмі часта - гэта вынік працы мясцовых менэджэраў, якія пераконваюць сваіх працадаўцаў, што так варта зрабіць - г.зн. трацяць не свае грошы. Але пры рэкламе канкрэтных тавараў і паслугаў бел. мову выкарыстоўваюць значна радзей. Ізноў-такі, і ў гэтым выпадку яе выкарыстоўваюць "з апераджэннем", г.зн. істотна над-патрэбамі рэальна існуючай аўдыторыі. Фірма, якая рызыкнула б пабудаваць сваю камунікацыю выключна на беларускай, на сённяшні дзень банальна разарылася б. Яе прапанова, канешне, прыемна выглядала для гуманітарыяў і выклікала б слязлівае замілаванне (можаце дамаляваць шчырую ўсмешку ў стылі З.Бандарэнка), але не блытайце гэтае замілаванне з продажамі. 99% і больш пакупнікоў у Інэце (а для нашага бізнэсу гэта адзінае істотнае камунікацыйнае асяроддзе) шукаюць тавары і паслугі па-руску. Пераканайцеся самі, гэта вельмі лёгка зрабіць у Яндэкс WordStat або GoogleAdWords У Вашым артыкуле для мяне найбольш непрымальны гэта традыцыйны для "адраджэнскага сектару" нерэалістычны настрой. А асабліва - арыентацыя на, нібыта, станоўчы прыклад латышоў. Думаю, нас больш карэктна параўноўваць з Латгаліяй, чым з Латвіяй. Дык Латгалія з і звязаная з намі на працягу стагоддзяў больш шчыльна, чым з астатняй Латвіяй
Цитировать Ответить

Яўген29.02.2012

адзін з добрых прыкладаў папулярызацыі беларускай мовы і ўліку камерцыі ў форме камунікацыі, гл. www.greenteam.by
Цитировать Ответить

Адар'я, Представитель редакции01.03.2012

Дзякуй за інфармацыю. Дадам, што нядаўна беларускае прадпрыемства "Бабушкіна крынка" запусціла мультымедыйны праект па-беларуску "Усе беларусы. Інтэрактыўная Беларусь" (спасылка - http://www.usebelarusy.by/). Ён каштаваў танней, чым адна хвіліна рэкламы на ОНТ ў прайм-тайм, але вынікі ў некалькі разоў перавышаюць ТВ-рэкламу (і гэта пры адсутнасці прамой рэкламы) - продажы ўзняліся вельмі хутка, брэнд стаў больш пазнавальным.
Цитировать Ответить

Лявон07.04.2012

Шаноуныя! Каб беларусы размауляли зауседы на роднай мове патрэбна дапамогв улады,чыноуникау. Кали ласка адкажыце,як гэта можа быць,што у краиня няма беларускамоуных тэлеканалау, дзе можна паглядзець беларускамоуныя кинастужки, паслухаць знакамитых людзей,артыстау,вядучых. Хто из министрау размауляе па-беларуску? Адзин спадар-П.Латушка,дзякуй яму за гэта. А што другия няведаюць? Нятрэба ставицца з непавагай да нашай мовы,яна вельми приемная,цудоуная и меладычная. Мова-гэта нацыя,няма мовы-няма нацыи. Чаму у сталицы-Минску нечуваць беларускай мовы акрамя паведамленняу у транспарце? Чаму няма беларускамоуных вышэйшых,сярэдних навучальных устаноу дзе зауседы и штодзенна вялися занятки и гутарка па-беларуску? Чаму так мала у краине беларускамоуных газэт, часописау,кинастужак,аудыекниг,книг,шыльд и т.д.?
Цитировать Ответить

Ваше имя:

Ваш комментарий:

Введите цифры, которые показаны на картинке:

Captcha Image

Online-бронирование авиабилетов