<p>У пятніцу, 10 лютага, у Браславе адбылася падзея, якая яшчэ вышэй узняла прэстыж гарадка на міжнародным узроўні. У залі музея традыцыйнай культуры адбылася сустрэча шведскай казачніцы Юі Вісландэр з маленькімі чытачамі.</p>

У пятніцу, 10 лютага, у Браславе адбылася падзея, якая яшчэ вышэй узняла прэстыж гарадка на міжнародным узроўні. У залі Музея традыцыйнай культуры адбылася сустрэча шведскай казачніцы Юі Вісландэр з маленькімі чытачамі.

Праўда, Браслаў не змог напоўніцу паказаць, наколькі гасціннымі бываюць мястэчкі: візіт пісьменніцы быў кароткі і доўжыўся ўсяго некалькі гадзін. Юя Вісландэр не першы раз наведвае Беларусь, але падарожжа на паўночны захад краіны адбылося ўпершыню.

Пісьменніца жыве ў шведскім горадзе Сала, вядомым срэбнымі руднікамі. Росквіт гарадка прыйшоўся акурат на XVI стагоддзе, а цяпер каля старых каналаў і каменаломняў турыстам прапаноўваюць цікавыя маршруты, а на саміх рудніках для дзяцей ладзяць «паляванне» за срэбнымі скарбамі.

Пісаць дзіцячыя апавяданні і песні Юя разам з мужам Томасам пачала ў 1975 годзе, да гэтага шмат часу прысвяціўшы працы з дзецьмі. Найбольш папулярныя кнігі сям’і Вісландэраў – «Малы і Мядзведзік» і «Малы і Білан». Менавіта гэтыя кнігі першымі былі перакладзены на беларускую мову. Аказалася, што казкі пра Малога – адны з найбольш улюбёных і ў самой пісьменніцы. «Магчыма таму, што прататыпам Малога стаў мой сын, які ў дзяцінстве прыдумляў сабе розныя гульні і забавы», – на сустрэчы ў Браславе адзначыла Юя Вісландэр. Дзякуючы яе творчасці сусветна вядомымі сталі казачныя героі Мама Му і Крумкач.

Як адзначыла пісьменніца, серыя кніг пра Маму Му была перакладзена на 30 моў, пераклад казак пра Малога пакуль зроблены на 16. Яшчэ два гады таму ў Беларусі можна было набыць рускамоўныя выданні кніг Вісландэраў, пераважна – у асобных кропках на кніжным кірмашы на «Белэкспа». Сёння на беларускую мову перакладзены тры кнігі Юі і Томаса – пераклад ажыццёўлены Надзеяй Кандрусевіч.

Сёлета сустрэча была прысвечана выхаду ў беларускім выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Мінску кнігі «Мама Му чытае» – яе вяла сімпатычная навуковая супрацоўніца Браслаўскага краязнаўчага музея Аня Базарэвіч.

Разам з пісьменніцай Юяй Вісландэр у Браслаў прыехаў пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, які выступіў з прывітальным словам, у якім звярнуў увагу на тое, што яму заўсёды прыемна прыязджаць у Браслаў і для сустрэчы гэты горад быў абраны таму, што менавіта адсюль паходзіць перакладчыца кніг Вісландэраў на беларускую мову Надзея Кандрусевіч. Скласці размову з беларускай аўдыторыяй шведскай пісьменніцы дапамагаў перакладчык Алесь Лукавенкаў. Юя распавяла нечакана вялікай дзіцячай аўдыторыі пра сваю працу. «Кожны з вас можа стаць пісьменнікам, – адзначыла яна. – Гэта зусім проста, як дзіцячая гульня: сядзіш і прыдумляеш, прыдумляеш». Натхнёныя нечаканай прастатой прафесіі дзеткі вырашылі ўдакладніць некаторыя спрэчныя моманты, і казачніцы давялося адказваць на пытанні кшталту: колькі часу займае напісанне адной кнігі ці колькі старонак змяшчае самае вялікае яе апавяданне. Дарослых, якія з прафесіяй ужо вызначыліся, больш хвалявала тое, як мычаць шведскія каровы. Аказалася, каровы, што пасвяцца на лугах Швецыі, да якіх належыць і Мама Му, замест звыклага "му" кажуць "мю", а іх дацкія суседкі абралі форму звароту "мэ"...

Надзея Кандрусевіч прачытала перакладзеную на беларускую мову казку пра тое, як Мама Му выправілася ў «біблітэку», пасля чаго кожны з прысутных атрымаў дыск з аўдыёзапісам кніг «Малы і Білан» і «Малы і Мядзведзік», а таксама песенак у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і Галіны Казіміроўскай.

Цяпер кнігі Юі і Томаса Вісландэраў можна набыць у кнігарні Браслава.

Пасля сустрэчы дэлегацыя наведала музей традыцыйная культуры і зрабіла невялічкі шпацыр на Замкавую гару, пасля чаго накіравалася ў Мінск, дзе праграмай было запланавана яшчэ некалькі сустрэч.

Нагадаем, што візіт шведскай пісьменніцы ў Беларусь адбыўся падчас месяца шведскай літаратуры, які цяпер праходзіць у Мінску.

IMG_0098

IMG_0100

IMG_0107