https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гэта стала вынікам праекта, які праходзіць пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі<strong> </strong></p>

Гэта стала вынікам праекта «Жывы голас гісторыі», які праходзіць пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

Па словах кіраўніка праекта «Развіццё міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылі» (ICRIN) Івана Зацэпіна, лакальны веткаўскі праект праходзіў два месяцы і быў накіраваны на развіццё рэгіёна, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Сёння вельмі шмат стэрэатыпаў у грамадстве, якія не дазваляюць паўнавартасна развівацца мястэчкам, якія апынуліся ў зоне, што найбольш пацярпела ад аварыі. Наша задача – даць як мага болей інфармацыі, дапамагчы рэгіёну, – кажа суразмоўца. – На мой погляд, гэта вельмі перспектыўны край для развіцця турызму. Музей, які знаходзіцца ў Ветцы, – унікальны. Проста трэба спалучыць культурныя аб'екты з гасцініцамі, рэстарацыямі і прапанаваць турысту цэласную праграму, каб ён затрымаўся ў гэтым горадзе, атрымаў новую інфармацыю, і яму не шкада было б пакінуць тут грошы».

2010-09-05_1956

Дырэктар музея Галіна Нячаева ў свой час разам з калегамі адмовілася ад кватэры ў Мінску, калі быў час адсялення людзей з «чарнобыльскіх тэрыторый». «Мы вырашылі, што не можам пакінуць музей, бо была вялікая неябспека, што ён знікне», – кажа яна.

Сёлета музею спаўняецца 25 год. Ён названы ў гонар свайго заснавальніка – Фёдара Шклярава – апантанага нашчадка старавераў. Менавіта стараверы – праваслаўныя, якія не падтрымалі рэформу Нікана і збеглі з Расіі ў XVI-XVII стст., – заснавалі гэты горад. У культуры Веткі таго часу па-свойму былі асэнсаваныя, перапрацаваныя і захаваныя традыцыі Маскоўскай Русі. Нават цэнтральная плошча горада называлася па аналогіі з маскоўскай – Чырвоная. Такую назву яна мае і сёння. Музей паўстаў з прыватнай калекцыі ў 1987 годзе. Матэрыялы назапашваліся ўвесь час, супрацоўнікі музея актыўна ездзілі ў экспедыцыі па раёне, сустракаліся са стараверамі. Кантакт з мясцовым насельніцтвам яны наладзілі не адразу. Стараверы – досыць закрытыя людзі. Гэта тлумачыцца тым, што доўгі час у адносінах да іх ужывалі рэпрэсіі, як з боку ўлад Расійскай імперыі, так і з боку Саветаў. Аднак супрацоўнікі музея змаглі пасябраваць з жыхарамі тутэйшых вёсак. Яны і перадалі ў калекцыю музея шматлікія экспанаты.

Своеасаблівая экспазіцыя, якая аб'яднала разнастайныя прадметы – ад старажытных абразоў і кніг да сучасных ручнікоў, – апошнім часам прыцягвае шмат турыстаў. З беларускіх кампаній найбольш актыўна экскурсійныя групы сюды возіць «Віаполь». Сярод замежных турыстаў найбольш украінцаў і рускіх. Аднак прыязджаюць таксама немцы, італьянцы, японцы. Пачынаючы з 1987 года, калі патрохі пачалі агалошваць наступствы аварыі на ЧАЭС, сюды ўвесь час прыязджалі міжнародныя дэлегацыі. І, безумоўна, яны не міналі музей.

2010-09-05_1973

Замежнікі прыязджалі ў Ветку са сваім перакладчыкам, але са з’яўленнем аўдыёгідаў уся інфармацыя будзе даступна і без дадатковага перакладу. Спецыялісты адзначаюць, што гэта значна спросціць працэс перадачы інфармацыі – некаторыя спецыфічныя тэрміны непадрыхтаванаму чалавеку было складана перадаць на замежнай мове. Аўдыёгід нагадвае невялікую флэшку і будзе выдавацца турыстам бясплатна. Аповед выкананы на чатырох мовах – рускай, італьянскай, англійскай і нямецкай. Як гучыць экскурсія, можна паслухаць па спасылцы.

Зроблена 48 маркёраў – экспанаты, пра якія расказваецца больш падрабязна. Побач з імі маецца адмысловы знак – навушнік і нумар маркёра. Апроч таго, у музеі з’явіўся сучасны мультымедыйны цэнтр для прагляду прэзентацый і багатага відэаархіву, які назбіраўся пасля шматлікіх экспедыцый. За два месяцы супрацоўнікі музея Ў тым ліку паспелі алічбаваць некаторыя свае матэрыялы, якія дагэтуль захоўваліся на касетах. Пры дапамозе новага абсталявання экспазіцыя стане больш разнастайнай і інфарматыўнай.

2010-09-05_2014

Трэба сказаць, што зараз у Ветку трапляюць у асноўным турысты, якія прыязджаюць у Гомель ці Магілёў. Вялікага турпатоку, па словах чыноўнікаў, няма. «За апошні месяц музей наведалі прыкладна 1400 чалавек, уваходны білет каштуе 5 тысяч рублёў», – адзначыў начальнік аддзела культуры Уладзімір Мельнікаў.

Выправіць гэту сітуацыю спадзяюцца, стварыўшы брэнд горада. Гэтай тэме было прысвечана асобнае абмеркаванне з запрашэннем экспертаў. Так, рэгіянальны каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі і старшыня НВА «Аракул» Анатоль Касьненка прапаноўвае развіваць у рэгіёне сістэму кластэраў на ўзор Валожынскага раёна. Там мясцовыя ўлады, бізнесмены, прадстаўнікі культурніцкіх аб’ектаў і арганізацый і гаспадары аграсядзіб аб’ядналіся, каб скласці карту турыстычных маршрутаў па рэгіёне, а таксама сумесны турыстычны прадукт – цяпер турыст можа вандраваць паміж некалькімі сядзібамі, мае дакладную інфармацыю пра кожнае дрэва, якое сустракаецца на ягоным экалагічным маршруце, а таксама можа планаваць сваю экскурсію загадзя, дзякуючы дэталёвай інфармацыі ў інтэрнеце. Старшыня РГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова ў сваю чаргу лічыць, што ўнікальнымі для Веткаўскага края могуць стаць два турыстычныя накірункі. Першы – стараверы: аповед пра іх традыцыі, побыт, экскурсіі ў музеі, а таксама тэматычныя сустрэчы і фестывалі. Другі – тэма Чарнобыля. «Гэта дзве яркія асацыяцыі, якія ўзнікаюць у людзей, калі яны чуюць пра Ветку. Не трэба баяцца і адкідваць другую тэму – Чарнобыль. Я думаю, што магчыма арганізоваць цікавыя тэматычныя экскурсіі з навуковым аналізам на гэтую тэму», – адзначыла эксперт.

https://www.traditionrolex.com/8