https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прэзентацыя Полацка як значнага гісторыка-культурнага цэнтра Беларусі пройдзе 3 кастрычніка ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы. Гэта адна з заключных імпрэз, прысвечаных 1150-годдзю самага старажытнага горада нашай зямлі, які ўпершыню ўзгадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 862 годам<strong></strong></p>

Прэзентацыя Полацка як значнага гісторыка-культурнага цэнтра Беларусі пройдзе 3 кастрычніка ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы. Гэта адна з заключных імпрэз, прысвечаных 1150-годдзю самага старажытнага горада нашай зямлі, які ўпершыню ўзгадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 862 годам, паведамляе «Народнае слова».

Нагадаем, што юбілей Полацка яшчэ летась быў уключаны ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2012-2013 гады. Адзначыць гэтую дату ў штаб-кватэры аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі вырашылі фотавыставай «Полацк старажытны – Полацк сучасны». Яе аўтар – вядомы ў рэгіёне фотажурналіст Ігар Супранёнак – расказаў, што экспазіцыя складаецца з 50 буйнафарматных работ з выявамі горада. Гэта здымкі помнікаў архітэктуры, краявідаў, знамянальных падзей і, вядома, саміх палачан з розных ракурсаў і ў розны час. Некаторыя фота зроблены з той самай кропкі, што і на старажытных паштоўках.

Выстава будзе экспанавацца з 1 па 9 кастрычніка. На яе ўрачыстае адкрыццё 3 кастрычніка збярэцца каля 300 гасцей, у тым ліку дыпламаты з розных краін і сябры выканаўчага камітэта ЮНЕСКА. Запланаваны прамовы генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ірыны Бокавай і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Францыі Аляксандра Паўлоўскага. Дэлегацыю палачан узначаліць старшыня гарвыканкама Аляксандр Пазняк. Разам з ім прэзентаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці Полацка будзе дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева. Удзельнікам падзеі мяркуецца прадэманстраваць шматлікія фота- і відэаматэрыялы, кнігі, буклеты. У фінансаванні праекта разам з ЮНЕСКА ўдзельнічае Міністэрства культуры Беларусі.

Ларыса Малашэня

https://www.traditionrolex.com/8