https://www.traditionrolex.com/8
<p>З'явіліся пнеўматычны цір, міні-карусель для малых, гульнявы аўтамат. А яшчэ для прыцягнення юных наведвальнікаў арганізаваны цір-"хуліган".</p>

Сёлетнім летам у курортным пасёлку Нарач пабольшала забаў для дзяцей, - паведамляе "Нарачанская зара".

Ёсць у гэтым заслуга і індывідуальнага прадпрымальніка Ю.М. Чворы. Днямі ён завітаў у рэдакцыю і з ахвотай расказаў аб сабе і распачатай справе.

- Прыехаў з Расіі, з Паўночна­дзвінску. Працаваў там галоўным інжынерам на атракцыёнах у гарадскім парку. Хаця, можна сказаць, мясцовы. У свой час скончыў школу ў вёсцы Нарач, служыў на Балтыйскім флоце, ажаніўся - дый  застаўся там. Думаю атрымаць цяпер від на жыхарства і канчаткова перабрацца з сям’ёй у гэтыя мясціны. Маю задуму стварыць у курортным пасёлку нешта накшталт цэнтра паслуг для арганізацыі адпачынку дзяцей, ды і дарослых таксама. Ёсць салідны вопыт; абсталяванне прывёз адтуль жа, з Паўночнадзвінску.

- І што прапануеце зараз дзецям? - пытаюся ў Юрыя Мікалаевіча.

-  Набор пакуль сціплы: пнеўматычны цір, міні-карусель для малышоў, гульнявы аўтамат. А яшчэ для прыцягнення юных наведвальнікаў арганізавалі цір-"хуліган".

- І што ён сабой уяўляе?

- Змайстравалі некалькі сапраўдных рагатак, якія "страляюць" каменьчыкамі, у пустуючым памяшканні паразвешвалі мішэні ў выглядзе пластмасавых і шкляных бутэлек, іншых крохкіх прадметаў. Пагадзіцеся, для нашага пакалення ў дзяцінстве - захапляючы занятак, які і зараз выклікае цікавасць. Не аднымі ж камп’ютэрнымі гульнямі бавіцца!

Давялося пабываць ва "ўладаннях" Ю.М. Чворы. Канешне, гэта не сучасны цэнтр з разнастайнымі атракцыёнамі, і рэкламныя шчыты не прыцягваюць увагу здалёк. Можна хіба толькі ўгледзець ліх­тар-маячок, які нясмела ўздымаецца над дахам арэндуемага будынка. Але пачатак тым не менш ёсць. Пашырэнне сферы паслуг у нашай курортнай зоне, як вядома, адна з актуальных задач. І прыемна, што на гэтым шляху зроблены яшчэ адзін крок.

На развітанне Ю.М. Чвора, паказаўшы сучасныя пнеўматычныя вінтоўкі, прапанаваў мне ўспомніць шчаслівае дзяцінства - стрэліць з той самай рагаткі. Бутэлька, у якую нацэліўся, разляцелася ўшчэнт.

- Што, памятаюць яшчэ рукі?! - пракаментаваў маю ўдалую спробу Юрый Мікалаевіч.

- Так! - адказаў я.

І адразу прыгадаў бабулін гарод і бляшанкі, начэпленыя на калкі. Зрэшты, усё новае - гэта добра забытае старое, як кажуць у народзе!

Аляксандр БЫКАЎ

https://www.traditionrolex.com/8