https://www.traditionrolex.com/8
<p>За першыя  тры дні масавага катання Лядовую арэну ў  Івацэвічах наведала каля 2,5  тысячы чалавек, якія заплацілі ў касу  арэны каля 23 мільёнаў 900 000  рублёў</p>

Як паведамляе "Івацэвіцкі веснік":

Значная падзея ў жыцці Івацэвічаў і раёна адбылася ў мінулую суботу, 5 лістапада: у 10 гадзін, нядаўна ўзведзеная Лядовая арэна, гасцінна расчыніла свае дзверы.

У 10 гадзін раніцы ля акенца касы арэны ўжо стаяла чарга, і набывалі білеты першыя наведвальнікі. А самымі-самымі першымі сталі сябры Раман Казляк і Іван Пазняк, дзевяцікласнікі СШ №3 г.Івацэвічы.

Група, якой пакуль прапаноўваецца масавае катанне на каньках, запускаецца ў лядовую залу – прыгожую і вялікую, дзе гучыць лёгкая музыка і дзе наведвальнікаў чакае інструктар-метадыст (на масавых катаннях кожную групу суправаджае інструктар-метадыст). За катаннем можна паназіраць з трыбун арэны (умяшчальнасць – 790 месцаў).

– Агульны штат работнікаў Лядовай арэны – каля 40 чалавек. Гэта трэнеры, інжынеры, адміністратары, касіры, – паведаміў “ІВ” Юрый Бурвін, дырэктар ВСУ “Дзіцячая юнацкая-спартыўная школа Івацэвіцкага раёна”, якая створана на базе Лядовай арэны. – Будзе дзяжурыць тут і медработнік, каб аказаць дапамогу, калі будзе такая неабходнасць… Галоўнае, каб людзі масава ішлі на катанне, а для якаснага адпачынку тут ёсць усё – у тым ліку дзве машыны для чысткі і заліўкі лёду. Пасля сеанса масавага катання такая машына на працягу 15 мінут здымае верхні слой (0,2 мм) і залівае гарачай вадой (+60С), якая ператвараецца ў лёд. Атрымліваецца роўная бліскучая паверхня – можна зноў катацца, гуляць у хакей.

– Наколькі адпавядае сусветным стандартам хакейная пляцоўка? Ці плануеце выкарыстоўваць Лядовую арэну больш шырока, каб зарабляць? – пытаюся ў Юрыя Бурвіна.

arena_3

– Хакейная пляцоўка пабудавана па сусветных стандартах (канадскі памер – 56\26 метраў), – кажа Юрый Бурвін. – Яна нічым не горшая за падобную арэну ў Баранавічах, Бярозе ці Пружанах. Ёсць электроннае табло, чатыры сучасныя раздзявальні, карацей, тут можна праводзіць паўнавартасныя гульні. Канешне, прыярытэт будзе адданы нашым спартсменам, бо на базе Лядовай арэны створана ДЮСШ, пачынаем праводзіць запіс дзяцей у групы заняткаў (спартыўныя секцыі) па хакею. Але будзем імкнуцца і зарабіць. Ужо зараз маем прапановы ад хакейнай прафесійнай каманды са Слоніма, любіцельскай – з Івацэвічаў, якія жадалі б у нас трэніравацца. Будзем вывучаць вопыт нашых суседзяў, бо ў тых жа Пружанах трэніруюцца і расійскія каманды, што дазваляе арэне няблага зарабляць.

Пасля масавага катання пацікавіўся ў самых першых наведвальнікаў – у Рамана Казляка і Івана Пазняка: якія ўражанні?
– Проста цудоўныя! Мы першы раз сталі на канькі, планавалі раней ехаць у Лядовую арэну ў Бярозу, а зараз нікуды і ехаць не трэба. Мы цяпер тут будзем пастаяннымі наведвальнікамі.

Застаецца дадаць, што за першыя тры дні масавага катання Лядовую арэну ў Івацэвічах наведала каля 2,5 тысячы чалавек, якія заплацілі ў касу арэны каля 23 мільёнаў 900 000 рублёў.

Каштуе адзін сеанс масавага катання для дарослых 12 000 рублёў (9 000 рублёў – непасрэдна катанне, 3 000 – за канькі), для дзяцей да 16 гадоў – 8 000 рублёў (5 500 – катанне, 2 500 – за канькі).

Дарэчы, у Лядовай арэне з 9 па 25 лістапада ў рабочыя дні з 10.00 да 17.00 праходзіць запіс дзяцей у групы заняткаў па хакею. Прымаюцца дзеці 2000-2006 гадоў нараджэння.

Кантактныя тэлефоны: 9-00-53, 2-25-63.

Аб пачатку запісу ў групы фігурнага катання будзе паведамлена дадаткова.

Аляксандр ГОРБАЧ

https://www.traditionrolex.com/8