https://www.traditionrolex.com/8

Масленка – бадай, самае разнастайнае ў сваіх лакальных праявах беларускае традыцыйнае свята. Масленічны тыдзень – восьмы перад Вялікаднем, у розныя гады прыпадае на перыяд ад 3 лютага да 14 сакавіка. У гэты час на поўначы Беларусі яшчэ можа ляжаць снег, а на поўдні ўжо красуе вясна.

“Провады рускай зімы” са спальваннем пудзіла, што “прыжыліся” за савецкім часам у беларускіх гарадах і вёсках праз прапаганду афіцыйных установаў культуры, часта выціскалі мясцовыя масленічныя абрады. Але дзе-нідзе яшчэ можна далучыцца да масленічных святкаванняў, што маюць даўнія традыцыі.

1.      Абрад “Пахаванне Дзеда”. Не палохайцеся, пахаванне сімвалічнае. Дзед – гэта рытуальная лялька ў рост чалавека з выразнымі полавымі прыкметамі. Ён сімвалізуе абуджэнне плоднасці зямлі, надыход цёплых веснавых дзён. Ляльку кладуць на кут, галосяць як па сапраўдным нябожчыку, але і смяюцца, расказваюць розныя гісторыі пра “памерлага”, асабліва пра тое, як ён любіў жанчын. Нагаласіўшыся, ляльку “хаваюць” у снезе і завяршаюць жартоўнае пахаванне вясёлым супольным застоллем. Унікальная магчымасць атрымаць уяўленне пра народную эротыку. Пра гэты абрад Budzma расказвала ў 2014 г.

Дзе: в. Кісялі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, хата Надзеі Красніцкай. Магчымыя змены ў праграме, тады – сельскі клуб в. Даўгаполле.

Калі: 16 лютага (панядзелак) у 12.00.

Цана: прысмакі на стол.

2.      Гарадская Масленка ў Оршы. Ад іншых “провадаў рускай зімы” адрозніваецца тым, што на свята з’едуцца прадстаўнікі ці не ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці з праграмамі, зробленымі на мясцовым матэрыяле, хай і сцэнічнымі. Вас чакаюць падворкі з вырабамі народных майстроў, песні ад вясковых гуртоў, пляцоўкі са старымі гульнямі, дэманстрацыі масленічных абрадаў на сцэне.

Дзе: Цэнтральная плошча г. Орша.

Калі: 22 лютага (субота), пачатак у 11.00.

Цана: задарма.

3.      Масленічнае гуканне вясны “Чырачка”. Назву абрад атрымаў ад печыва ў выглядзе птушак-чырачак, што раздаюць усім удзельнікам свята, і ад адной з асноўных абрадавых песень. Пяе на свяце гурт “Таняжанка”, які захаваў аўтэнтычную манеру выканання. Для этнафоназнаўцаў Тонеж – вёска легендарная, тут працавала некалькі пакаленняў навукоўцаў. Мясцовая адметнасць – упрыгожванне на Масленку елкі. Гэтым займаюцца дзяўчаты, а нясе яе за вёску на гару, дзе праходзяць святкаванні, хлопчык. Елачку зацягваюць на дуб, там і пакідаюць. Абрад праходзіць на вуліцы, шляхоў далучэння наведнікаў вельмі шмат (карагоды, гульні, скочванне з горкі, частаванне).

Дзе: в. Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Збор удзельнікаў ля сельскага клуба, шэсце па вёсцы, уласна святкаванне – на Чарнычовых гарах (узвышша за сялом).

Калі: 22 лютага (нядзеля) у 12:00.

Цана: задарма.

4.      Масленка на аснове рэгіянальных любанскіх традыцый. Фальклорныя гурты вёсак Обчын, Закальное, Рачэнь, Атраднае прадэманструюць элементы масленічных абрадаў, адноўленых па аповедах старэйшых жыхароў раёна: “Трызна”, “Кастрыцу растрасаць”, “Салому паліць”, “Лён-кудзелю на бярозу”, “Сыр на бярозу”, “Спальванне грахоў”, “Лучнік”, “Спальванне пудзіла зімы”. Лучнік (прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны) сёння ўжо не выкарыстоўваецца, бадай, нідзе: усюды электрычнасць. А ў Обчыне можна пабачыць гэтую старажытную прыладу, якая, страціўшы практычную функцыю, захавала рытуальную: з яе дапамогай варожаць на ўраджай ільну. Як?  Прыязджайце, паглядзіце!

Дзе: в. Обчын Любанскага раёна Мінскай вобласці. Збор удзельнікаў ля сельскага клуба.

Калі: 22 лютага (нядзеля) у 12.00.

Цана: задарма.

5.      Масленка ў архітэктурным асяродку 1-й паловы ХХ ст. “Чыстай” традыцыйнай архітэктуры, без перабудоваў, ужо не знайсці нават у самай глыбінцы. А вось у музеі гэта магчыма. У праграме – ушанаванне маладых, якія ажаніліся ў 2014 годзе, і стымуляванне тых, хто яшчэ не ажаніўся, да шлюбу паазерскім абрадам “Калодка”. Кожны наведнік будзе мець магчымасць даведацца і “наведаць” усе сем дзён масленічнага тыдня: “Сустрэча”, “Зайгрыш”, “Разгул або Лакамка”, “Конскае свята”, “Цешчын вечар”, “Залоўкіны пасядзелкі”, “Даравальная нядзеля”. Такім чынам можна будзе пазнаёміцца з масленічнымі звычаямі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Адмыслова да свята – выстава прыладаў для вырабу сыру і масла з музейных фондаў.

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо Мінскага раёна.

Калі: 22 лютага (нядзеля) у 12:00. Экспазіцыя музея адчыненая з 10.00.

Цана: трэба заплаціць за ўваход у музей. 80 000 руб. –  для дарослых,  60 000 руб. – для студэнтаў і пенсіянераў, 40 000 руб. – для дзяцей школьнага ўзросту, для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна. “Сямейны білет”  (два дарослыя і два школьнікі) – 200 000 руб.

6.      Масленка са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. Калі няма магчымасці выехаць з горада, то гэты варыянт – акурат для вас. Карагоды і песні, засвоеныя з запісаў ад носьбітаў традыцый з Паазер’я, Падняпроўя і Пасожжа; магчымасць вывучыць традыцыйныя танцы розных рэгіёнаў і ўзяць удзел у стварэнні пудзіла. Для гэтага бярыце з сабой старыя рэчы ці стужкі. Кажуць, што на пудзіле разам з тэкстылем згараюць грахі гаспадара. Да таго ж такі шлях пазбаўлення ад старога адзення досыць экалагічны. Амаль вясковая Масленка – і ў Мінску!

Дзе: г. Мінск, парк імя Паўлава (Маскоўскі раён).

Калі: 1 сакавіка (нядзеля). Час удакладняецца, сачыце за навінамі тут ці тут.

Цана: задарма.

Агляд падрыхтавала Алена Ляшкевіч

Фота з архіваў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Budzma.by, асабістых архіваў Сяргея Выскваркі і аўтаркі

Источник budzma.by

https://www.traditionrolex.com/8