<p>У сувязі са 100-годдзем уваходу нямецкіх войскаў у Пінск і акупацыі заходняга беларускага Палесся, для турыстаў падрыхтаваныя тэматычныя экскурсіі і мерапрыемствы, паведамляе <strong><a href="http://www.racyja.com/vandrouki/vandrouki-pa-gistarychnykh-myastsinakh/">Беларускае Радыё Рацыя</a>.</strong></p>

У прыватнасці, турыстам распавядуць аб знаходжанні на Піншчыне ў час вайны вядомага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага ды расейскага паэта Аляксандра Блока.

“Акупацыя прынесла шмат бяды, але дзякуючы кайзераўскім жаўнерам, мы маем вялікую калекцыю фотакартак старога Пінску”, – адзначыла супрацоўніца Музею Беларускага Палесся Кацярына Севярын:

- Вельмі цікавыя калекцыі паштовак, якія немцы рабілі ў час Першай Сусветнай вайны, відаць у іх была добрая оптыка. Яны пакінулі цэлы пласт вельмі цікавых фотаздымкаў не толькі горада, але і наваколляў з жыхарамі.

Акупацыя Піншчыны нямецкімі войскамі працягвалася да лістапада 1918 года, таму экскурсаводы і краязнаўцы спадзяюцца, што бліжэйшыя тры гады для турыстаў тэма Першай Сусветнай вайны (1914-1918) будзе цікавай.

Пятро Савіч