Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў музычную экскурсію «в места не столь отдаленные»

23.12.2013 - Презентации

Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў музычную экскурсію «в места не столь отдаленные»

Зміцер Вайцюшкевіч – беларускі партызан-падпольшчык ад эстрады (забаронены пасля разгону снежаньскай дэманстрацыі 2011 г.) – на днях здзейсніў чарговую дзёрзкую вылазку: выдаў і прэзентаваў новы альбом песень «Варанок». Зміцер стрэліў абоймай турэмна-лірычных балад. Прэзентацыі – як і варта было чакаць – адбываліся кароткімі перабежкамі ў малых групах. Ці патрапіў у мішэнь?

Кружэлка была прадстаўлена публіцы як альбом «беларускага шансону». І сапраўды, першая ж песня – «Варанок» (яна ж дала назву альбому) – пераконвае ў намеры артыста звазіць усіх слухачоў на 40-хвілінную музычную экскурсію «в места не столь отдаленные». Праўда, потым градус крыху паніжаецца, запал спадае, і тэматыка дыска плаўна перацякае ў застольна-харавыя матывы. І дарма. «Варанок» (песня) – сапраўды выклікае лёгкі шок нечаканага спалучэння беларускай мовы і запраўскага зэкаўскага шансону.

Шок цягнецца некалькі секунд – і потым усё адразу становіцца на свае месцы: сапраўды, зэкаўская песня, душэўная і жыццёвая, і няважна, на якой мове. Як быццам Міша Круг уваскрэс – здорава, пераканаўча, трапна (адразу даеш веры, што Вайцюшкевіч «сядзеў», хоць па праўдзе – не). Але з наступнымі песнямі гэты шок паўтараецца ўсё менш, як і зэкаўскія матывы. Хоць шык застаецца. А як яму не быць, калі ў запісе бралі ўдзел славутыя музыкі-інструменталісты беларускай сцэны – удзельнікі джазавага гурта Apple tea («Яблычная гарбата»)? Сапраўды, новы альбом – шыкоўная, з бляскам і глянцам праца ў сэнсе аранжыровак , музычнай і артыстычнай падачы. Тое ж можна сказаць і пра тэксты, аўтарам якіх (як і аўтарам ідэі альбома) стаў Генадзь Бураўкін. Як прызнаўся паэт ужо на прэзентацыі, на гэтую працу яго натхніў ніхто іншы, як Уладзімір Караткевіч, які дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры пісаў у свой час раманы ў стылі модных дэтэктываў.

Прэзентацыі альбома таксама калі не шакавалі, то прыемна здзівілі. Зміцер абраў найбольш выгадную ў дадзеных умовах тактыку – зацяжная перастрэлка кароткімі чэргамі. Ледзь не за два тыдні былі зладжаны ажно чатыры прэзентацыі дыска: адна для журналістаў – у саўне і тры публічныя – у розных агнявых кропках падпольна-бліндажнага характару: «Арт-сядзіба» (маладзёжны клуб, сумна вядомы сваім некалькіразовым закрыццём па загадзе ўстановы з трох літар), Управа БНФ (партызанская зямлянка яшчэ тая, хоць і таксама на тры літары) і Галерэя ТУТ.БАЙ, якая ўжо прымала ў свае казематы вядомага арт- баевіка Лявона Вольскага, транслявала канцэрт тэрор-групіроўкі «Ляпіс Трубяцкой». І гэта яшчэ не кажучы пра тое, што Вайцюшкевіч асабіста раздаваў дыскі з «Варанком» таксістам – сваёй мэтавай аўдыторыі, каб развезлі яго песні ва ўсе чатыры бакі нашай партызанскай Бацькаўшчыны…

Мне ўдалося пабываць на другой з названых імпрэз. Баючыся не прабіцца ў залу (уваход быў вольны, дарэчы, як і на ўсе астатнія прэзентацыі), зімовым вечарам я вельмі загадзя прабіраўся глухімі закуткамі прыталбухінскіх двароў. І дарма. Як ні дзіўна, але зала не была перапоўнена.  Прычыны разбіраць не бяруся, але відавочным быў склад глядацкай залы – пераважна паны і паненкі ва ўзросце і глыбокім узросце. Тон гэтаму задаваў прысутны аўтар тэкстаў – 77-гадовы Генадзь Бураўкін, які, распавядаючы пра гісторыю стварэння песні пра маці, распавёў пра сваю ўласную маму, якой споўнілася 100. І гэта наклалася ў маёй галаве – альбом Змітра і канцэрт з гэтай публікай: Зміцер пачаў спяваць для сталай, калі не сказаць болей, аўдыторыі. Гэта па-свойму здорава, але… ці не ўсяму свой час? У свае 40 з гакам – стаць валадаром пачуццяў людзей сталага веку? Гэтым ужо праславіўся Алесь Камоцкі, ўзрост якога хоць крышку больш адпаведны. А Зміцер у гэтым амплуа, на мой погляд, выглядае не зусім дарэчна. І яго жарт наконт таго, што з песняй «Залаты» (песня ў духу ансамбляў «Бяседа» ці «Свята») яго калісьці запросяць на Славянскі базар – мяне засмуціў. Бо сапраўды, з такой песняй ужо могуць і запрасіць.

Туды ж – у катэгорыю «для тых, каму за…» – я адпраўлю і рэп-версію песні «Матуля», якая менавіта сваім імкненнем да сучаснасці кажа сама за сябе: «Я – для тых, каму за. Ляжце і засынайце». І вось жа парадокс: калі жаданне папулярызаваць мову і беларускую песню  зашкальвае і пераважае над жаданнем проста спяваць аб тым, што табе блізка і як табе блізка, – тым менш натуральна, тым менш прывабна гэтая мова гучыць. І другая бяда – што такі падыход заганяе ўсю беларушчыну ў дрымучую субкультурнасць, замкнуты бункер, хоць жаданне артыста было цалкам супрацьлеглае – прарвацца да масаў. Быць можа, трэба проста дачакацца рэпераў, для якіх размаўляць і чытаць рэп будзе – як дыхаць, аднолькава проста і натуральна? А яны прыйдуць. Ужо чуваць з падземных пераходаў іх біт і брудную дваровую гаворку – усё тую ж беларускую, хоць і з дзікім дамешкам слэнгу і русізмаў. І пляваць ім, што нейкі старпёр плявузгаў, што ў беларускай мове – няма матаў. Ім – абы выказацца напоўніцу, выкрычацца на ўвесь голас пра сваю асабістую бяду або радасць, пра сваё канкрэтнае жыццё без прыўкрас. Зрэшты, так і нараджаюцца зоркі.

Зрэшты, Макс Корж абяцаўся ў новым годзе рэанімаваць некалькі са сваіх старых беларускамоўных трэкаў. І пакуль той яшчэ адыходзіць ад свайго шалёнага поспеху ў «Мінск-Арэне», Зміцер Вайцюшкевіч трымае абарону ў маленечкіх залах мінскіх багемных тусовак, малюпасенькіх арт-ДОТах і ДЗОТах. Зрэшты, мне стала нават не па сабе, калі я слухаў гэты канцэрт: так недарэчна глядзеўся гэты яркі артыст і так недарэчна гучаў яго глыбокі галасішча ў тым бліндажы на Чарнышэўскага, куды загналі офіс партыі БНФ пасля сумна вядомых падзей. Тым болей радуе адсутнасць ныцця ў голасе Вайцюшкевіча (ну хіба толькі крышачку) і яго неўтаймоўная творчая актыўнасць, якая, відавочна, даецца нялёгка ў зададзеных умовах (нагадаю, што да таго, як патрапіць у чорны спіс, Вайцюшкевіч лічыўся ці не самым паспяховым беларускім артыстам, чый твар не знікаў са стартавых старонак модных парталаў, а афішы пра канцэрты ў вялікіх залах з’яўляліся ледзь не кожныя тры месяцы). Тым болей імпануе яго ўменне выступаць аднолькава ярка для рознай аўдыторыі, у розных залах. Тым болей хочацца павіншаваць артыста з паспяховым запускам новай арт-тарпеды (дарэчы, другой за перыяд забароны артыста) і пажадаць ніколі не спыняцца па жыцці.

Рубрики: Презентации

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах