https://www.traditionrolex.com/8
<p>І  вось для мяне праводзяць экскурсію па эксперыментальным турысцкім   комплексе Villa Blanca ў правінцыі Алахуэла. Гэта адно з тых месцаў, дзе   кастарыканцы выпрабоўваюць экалагічныя ноў-хаў. А заадно сюды паглядзець і адпачыць на ўлонні прыроды прыязджаюць ахвотныя з ЗША і Заходняй Еўропы</p>

Як паведамляе Беларуская служба Польскага радыё:

Што такое сапраўдныя стандарты экалогіі і ці ідзе Беларусь крок у крок з сусветнымі тэндэнцыямі?

Вандруючы па Коста-Рыцы, мне даводзілася чуць ад некаторых мясцовых жыхароў: «Не шыкуй, карыстаючыся вадой, яе калі-небудзь не хопіць жыхарам Афрыкі». То бок, некаторыя людзі ставяцца да прыроды з трапяткой пяшчотай. А заадно прыцягваюць у краіну тысячы аматараў прыроды і экалогіі з замежжа.

І вось для мяне праводзяць экскурсію па эксперыментальным турысцкім комплексе Villa Blanca ў правінцыі Алахуэла. Гэта адно з тых месцаў, дзе кастарыканцы выпрабоўваюць экалагічныя ноў-хаў.

А заадно сюды паглядзець і адпачыць на ўлонні прыроды прыязджаюць ахвотныя з ЗША і Заходняй Еўропы.

1

Супрацоўніца комплекса (яе завуць Караль) вядзе мяне да мясцовай пральні і з гонарам распавядае пра фільтры, усталяваныя побач.

Караль: Выкарыстаная вада не забруджвае прыроду. Вада з пральні адразу ж апрацоўваецца спецыяльнымі фільтрамі. А потым яна трапляе ў спецыяльную копанку, куды мы запускаем рыбу. Навукоўцы сочаць за паводзінамі гэтай рыбы.

2  

Вось у гэту копанку трапляе ачышчаная фільтрамі вада.

І вось я падыходжу да месца, куды паступае ачышчаная вада з пральні. Калі рыба, напрыклад, дохне, то фільтры мяняюць. Бо, як мне патлумачылі, з часам недастаткова добра ачышчаюцца тлушчы. Праўда, у дадзены момант я рыбы не бачу.

Як мне патлумачыла Караль, рыбу з копанкі, тлустую і вялікую, днямі вылавілі і адправілі ў мясцовы рэстаран. Днямі ў копанку запусцяць новых малькоў.

А я працягваю агледзіны. Як выглядае гэта Villa Blanca? Гэта шэрагі турысцкіх хатак, даволі фешэнебельных унутры. Дык вось, з адходамі гэтых хатак тут робяць наступную экалагічную маніпуляцыю: у мясцовых цяпліцах натуральным чынам вырошчваюць спецыяльныя бактэрыі, з дапамогай якіх фекаліі нейтралізуюць, распавядае Караль.

3

Гэта субстанцыя ў ночвах – і ёсць бактэрыі, з дапамогай якіх апрацоўваюць адходы.

Караль: Гэта бактэрыі, якія прадукуюцца тут на месцы. У хімічным плане яны абсалютна чыстыя. Яны дадаюцца ў адходы з турысцкіх хатак. Такім чынам, напрыклад, знішчаецца смурод ад фекалій.

Кіраўнік кастарыканскага турысцкага парталу Huella Verde Франка Карцін Брэнэс паказвае на дахі турысцкіх хатак. Аказваецца, і тут прыдумалі экалагічнае новаўвядзенне.

Франка Карцін Брэнэс: Для пакрыцця дахаў яны выкарыстоўваюць пластык, які з'яўляецца насамрэч адходамі з банавых плантацый у правінцыі Лімон. Яны прадукуюць спецыяльную дахоўку. На першы погляд, яна выгядае як бы керамічнай, але насамрэч гэта спецыяльны пластык, прытым вельмі выгодны, які нічым не саступае звычайнай дахоўцы.

4


З выгляду пластыкавая дахоўка не адрозніваецца ад натуральнай. Нават фактура яе – нібы каменная, шурпатая навобмацак.

Увесь турысцкі комплекс засаджаны акуратна падстрыжанымі трапічнымі раслінамі. А месціцца ён на пагорку. Схілы гэтага пагорку з усіх бакоў атулены раслінамі. Нават рэстаран у комплексе закрываецца даволі рана, каб людзі не спакушаліся будзённасцю, а ішлі слухаць птушак, глядзець на светлячкоў і знаёміцца з лятучымі мышамі.

А каштуе гэта яднанне з прыродай нямала, распавядае менеджэр турысцкага комплексу Аджан Майрэна.

Аджан Майрэна: Напрыклад, звычайны пакой – 185 долараў плюс падаткі. Атрымліваецца каля 220 долараў за суткі. Пакой «люкс» і шлюбны пакой каштуюць яшчэ больш. Больш за ўсё сюды прыязджаюць з-за мяжы – з ЗША. Але таксама ёсць кліенты з Брытаніі, Галандыі, Францыі. А для кастарыканцаў у нас зніжкі на 40%.

 5

За 220 долараў у суткі вам прапануюць у тым ліку і падаіць карову. Ахвотных, паверце, хапае.

Тут мне падалося, што і наша беларуская прырода для мясцовых людзей была б экзотыкай. Што і мы, беларусы, маем усё, каб арганізаваць падобныя казачныя курорты для сябе і для замежных турыстаў. Акадэмія навук Беларусі ўвесь час прапаноўвае цікавыя экалагічныя ідэі, якія не ўвасабляюцца ў жыццё.

Як бачна, у Коста-Рыцы з дапамогай падобных прыёмаў навучыліся прыцягваць турыстаў. Чаму б не паспрабаваць і нам? А пакуль даводзіцца толькі глядзець.

Аляксандр Парошын, спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
«Віджа-Бланка», правінцыя Алахуэла, Коста-Рыка

https://www.traditionrolex.com/8