https://www.traditionrolex.com/8
<p>Купальны сезон у Венесуэле доўжыцца круглы год</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Венесуэльскі ўік-энд пачынаецца ў пятніцу, апоўдні. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў сталіцы краіны — Каракасе. Пасля абеду дарожны рух тут раптам замірае, ператварыўшыся скрозь у заторы, какафонію клаксонаў ды сованне аўтамабіляў з хуткасцю пешахода.

Так пачынаецца паступовы «выхад» гараджан у бок Карыбскага мора. У звычайны працоўны дзень шлях да пляжа займае менш за гадзіну, у пятніцу паездка можа цягнуцца ўтрая даўжэй.

З пляжа — у самалёт

Купальны сезон у Венесуэле доўжыцца круглы год

Аўтабан да порта Ла Гуайра выглядае, як аўтасалон-выстава разнастайных сродкаў дарожнага руху. Навамодныя красоверы рухаюцца ў адным патоку з зашмальцаванымі лімузінамі часоў Хрушчова і Эйзенхаўэра. Бліскучы нікель молдынгаў суседнічае з іржавымі дзіркамі ў капоце, найсучасны дызайн — з лысай гумай і фарамі без шкла.

Па дарозе на мора можна сустрэць і беларускую тэхніку. Ля будоўлі Каміна дэ лас Інд'ёс шмат нашых «МАЗаў» і «Волатаў». А на самой шашы завіхаецца франтальны пагрузчык  «БелАЗ-78 221». «Волат» памерам з двухпавярховы дом расчышчае ад грунту асфальт — пасля мусонных дажджоў абапал шашы здараюцца горныя абвалы.

Самы кароткі шлях да мора праходзіць побач з міжнародным аэрапортам, які цягнецца якраз уздоўж берагавой лініі. Самалёты тут з'яўляюцца натуральнай часткай пейзажу — як пеліканы, бакланы ды чайкі. Транскантынентальныя лайнеры прылятаюць і адлятаюць з інтэрвалам у 5–10 хвілін. Дадайце сюды самалёты мясцовых ліній, аэрапланы малой авіяцыі, верталёты... Часам здаецца, што паветраных машын у небе больш, чым птушак.

Калі я працаваў у пратакольным аддзеле беларускай кампаніі, у кола шматлікіх абавязкаў уваходзіла і адпраўка беларускіх дэлегацый. У нашых спецыялістаў быў шчыльны графік працы, і свабодным выдаваўся, бадай, толькі дзень ад'езду. Дык вось, не раз даводзілася сумяшчаць пляж з аэрапортам. Уранні — марскія ванны, пасля абеду — рэгістрацыя багажу. Балазе паміж пляжам і аэрапортам — чвэрць гадзіны шляху.

23-6l

Адпачынак бюджэтнікаў: да мора і назад

Але вернемся на шашу, якая вядзе да мора. Хто бяднейшы — рухаецца на сціплых мапедах, матацыклах ці арандаваных сацыялістычнай камунай аўтобусах. Добрая палова з іх ледзь не ў аварыйным стане. Шмат пасажыраў перамяшчаецца ў грузавічках, у кузаве без даху. Калі пачнецца трапічная залева, такім не пазайздросціш!

Затое матацыклісты — хлопцы спрактыкаваныя, для іх дождж не перашкода. Той-сёй едзе апрануты ў чорны пакет для смецця, на нагах — поліэтыленавыя мяхі з прадуктовай крамы.

На некаторых матацыклах едуць нават усёй сям'ёй: бацька, маці, а паміж імі — дзіцятка або нават двое.

Гэтая катэгорыя венесуэльцаў едзе да мора без прыпынку на начлег. Увечары яны вернуцца дамоў, каб з раніцы, магчыма, зноў рушыць на пляж. Праезд абыходзіцца на парадак танней, чым ноч у самым сціплым гатэльчыку. Гэта тлумачыцца коштам аўтамабільнага паліва — бак бензіну ў Венесуэле таннейшы за літр пітной вады.

Бюджэтнікі накіроўваюцца на бліжэйшыя да Каракаса пляжы, у большасці сваёй — дзікія. Але існуюць і іншыя пляжы: клубныя, прыватныя, галіновыя... Вось, напрыклад, пляж Мамо. Ён належыць міністэрству абароны, і на ім ты адчуваеш сябе ў бяспецы. Пляж абнесены жалезабетоннай агароджай, на КПП — шлагбаўм. У такой, як той казаў, фартэцыі верагоднасць быць абрабаваным раўняецца нулю.

У шэзлонгах пад пальмамі адпачываюць сем'і вайскоўцаў і іх сябры, а таксама любы, хто на КПП заплаціць 40 балівараў (на нашы грошы — каля 50 тысяч рублёў). Але беларусы трапляюць сюды бясплатна: нашы краіны — палітычныя і эканамічныя саюзнікі.

Адметная рыса любога шматлюднага пляжа — колькасць музычных крыніц і музычных жанраў. Пляж літаральна нашпігаваны аўтамабілямі, а аўтамабілі нашпігаваныя гукаўзмацняльнай апаратурай. Пры гэтым кожны круціць сваю «дыскатэку»: сальса, рэгетон, харопа, мерэнгэ... Для славянскага вуха — экзекуцыя, самі ж венесуэльцы гатовыя сарваць горла, перакрыкваючы адзін аднаго і саму музыку.

Курорты для заможных: лобстары і вустрыцы задарма

Нумарам 1 сусветнага ўзроўню лічыцца адпачынак на астравах Лос Рокес. Яны знаходзяцца ў 80 марскіх мілях ад кантынента, і з Каракаса туды лятаюць самалёты малой авіяцыі.

Мне на астравы Лос Рокес злятаць не давялося, таму распавяду пра Чарані і Ігеротэ.

Чарані — гэта месца, дзе вяліся здымкі «Піратаў Карыбскага мора». Тутэйшы пляж асляпляе сваім чысцютка-белым пяском, вада ў моры — нібыта ў рэкламным буклеце, празрыстая і неверагодных адценняў. Брукаваная набярэжная абсталявана карабельнымі гарматамі эпохі іспанскіх каланізатараў. Але часы змяніліся, цяпер у Чарані атабарыліся немцы. Іхняя гутарка гучыць тут гэтак жа натуральна, як і ў калоніі Тавар, дзе нашчадкі эмігрантаў ХІХ стагоддзя да сёння вараць баварскае піва ды хатні канфіцюр.

Каб трапіць у Чарані, трэба спачатку пераадолець 100 крутых паваротаў угару, а затым — 100 паваротаў да долу. На перавале машына трапляе ў бамбукавыя джунглі, ледзь бачныя ў тумане. Аўтамабілі запальваюць фары — мы рухаемся на вышыні аблокаў. Вышыня перавалу — каля двух кіламетраў і, здаецца, цывілізацыя сюды яшчэ не сягнула. У некранутым трапічным лесе аўтар гэтых радкоў упершыню ўбачыў абібока-ляніўца, які з павольнасцю смаўжа караскаўся па дрэве...

Наступнае ўзбярэжжа нашай вандроўкі — мястэчка пад назвай Ігеротэ. Таксама не блізкі свет, але яно вартае наведвання. Па-першае, тут знаходзіцца вялікі порт для прыватных яхт. Па-другое, паблізу ад порта знаходзяцца мангравыя лясы. У каранях гэтых дрэў жывуць вустрыцы — далікатэс, які ва ўсіх рэстаранах свету каштуе немалых грошай. Мангравыя лясы займаюць шматлікія гектары, таму вустрыц у іх, пэўна, не адзін мільён. Цяпер зразумела, чаму на венесуэльскіх пляжах порцыя вустрыц па кішэні нават студэнту!

На рыбалку ў Ігеротэ мяне з калегам па працы Міколам Драздом запрасілі сябры-венесуэльцы. Пакуль беларусы беспаспяхова вудзілі марскіх акунёў «парга», сын уладальніка яхты надзеў акваланг і, схапіўшы падводную стрэльбу, скокнуў у ваду...

На юшку мы не налавілі, але без вячэры таксама спаць не ляглі. Сын капітана здабыў лобстара — марскога рака. Гэтага рака памерам з дзікую качку мы аддалі кухару рэстарана. Спагеці з мясам ды ікрой лобстара хапіла ўсім!

Андрэй СМІРНОЎ, фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8