https://www.traditionrolex.com/8
<p> У сталіцы адкрылася сетка веласіпедаў напракат. Пакуль іх 1000. Увесну будзе больш за 2,5 тысячы</p>

У Варшаве стала на адзін грамадскі від транспарту больш. Ім стаў веласіпед, а дакладней тысяча веласіпедаў у сетцы веласіпедаў на пракат Veturilo. Ініцыятыва належыць варшаўскаму ўпраўленню грамадскага транспарту, паведамляе Polskie Radio S.A.

Каб узяць веласіпед напракат, неабходна найперш зарэгістравацца ў інтэрнеце на старонцы www.veturilo.waw.pl . Калі вы не паспелі зрабіць гэта дома ці на працы – не бяда: у цэнтры Варшавы, на Кракаўскім прадмесці ёсць Турыстычны інфармацыйны пункт з бясплатным доступам да сеткі. Правілы карыстання веласіпедамі напракат тлумачыць Матэвуш Каня з упраўлення грамадскага транспарту.

М. Каня: Трэба спачатку зарэгістравацца: паведаміць нам сваё імя, прозвішча, кантактныя дадзеныя, нумар тэлефону і адрас. Неабходна заплаціць 10 злотых, якія пазней можна выкарыстаць падчас арэнды велас іпеда. Першыя 20 хвілін – бясплатныя, за гадзіну – 1 злоты, чарговая – 3 злотыя, трэцяя – 5, і кожная наступная – 7 зл.

Каб зняць блакаду на веласіпедным паркінгу, неабходна на адмысловым маніторы ўпісаць свой нумар тэлефону і нумар ПІН, які вы атрымаеце падчас рэгістрацыі ў інтэрнеце. Затым вы ўпісваеце нумар веласіпеда, які хочаце арэндаваць, а камп'ютар выдае вам нумар, які неабходны, каб адкрыць блакаду на веласіпедзе. А што ж з аплатай? Каму і як трэба плаціць грошы за карыстанне веласіпедам?

М. Каня: Пры сабе ніколі не трэба мець наяўных, бо гэтыя прылады не прымаюць грошай. Сістэма працуе, як мабільны тэлефон, на картку. Трэба спачатку заплаціць крэдыткай альбо пераводам пэўную суму грошай і, так бы мовіць, яе выезджваць. Веласіпед можна вярнуць у любы пункт Veturilo на тэрыторыі Варшавы: Сьрудмесьце, Беляны, Урсынаў, Жалібаж, Бэмова, а ад 15 жніўня і Вілянаў.

Калі ў кагосьці ёсць шмат часу і цярпення, то  веласіпедам можна карыстацца бясплатна ўвесь час. Дастаткова яго кожныя 20 хвілін рэгістраваць на паркінгу і зноў арэндаваць. Абмежаванняў няма, усё легальна.

М. Каня: Так можна рабіць 7 дзён на тыдзень, цягам 24 гадзіны. Веласіпеды можна арандаваць ад 1 сакавіка да 30 лістапада.

Пра ўражанні ад язды нам распавялі першыя кліенты веласіпедаў напракат.

Хлопец: Вельмі добра. Бачна, што веласіпеды новыя. Я быў год у Бярліне і таксама імі карыстаўся, але там яны выглядаюць горш. Сістэма аховы, праўда, трохі старшэйшая, але мне гэта не перашкаджае, гэта драбяза.

Веласіпедысты, аднак, скардзяцца на малую колькасць веласіпедных дарожак у сталіцы. Гэта перашкаджае ў карыстанні веласіпедамі.

Хлопец: У цэнтры ёсць Каралеўскі тракт, тут мала машын, тут параўнальна добра. Але ехаць дзесьці далей я б баяўся. Але калі ёсць веласіпедныя сцежкі, побач з тратуарамі, то варта там праехацца. Я жыву па іншым баку Віслы, і калі б там былі веласіпеды напракат таксама – гэта было б ідэальна.

І сапраўды,  веласіпеды пакуль можна пазычыць амаль у 60 пунтктах па левым баку Віслы. Але дырэктар фірмы NextBike, якой належыць сетка пунктаў Veturilo і якога я спаткаў на  веласіпедзе ў цэнтры Варшавы, абяцае, што ў бліжэйшым часе сетка разрасцецца на ўсю сталіцу.

Томаш Вайткевіч: Другі этап прадугледжвае ўваход на Прагу. Мы ўжо плануем размясціць там 13 пунктаў. Да канца года мы будзем ведаць усе месцы, дзе будуць пункты арэнды. І ад 1 сакавіка наступнага года яны пачнуць працу.

З дырэктарам фірмы мы размаўлялі каля пустога паркінгу. Веласіпеды літаральна размялі. Томаш Вайткевіч абяцае, што неўзабаве іх стане больш.

Т. Вайткевіч: Майце на ўвазе, што гэта пакуль першы этап. Сёлета мы адкрылі 55 пунктаў. Да гэтага трэба дадаць 100 веласіпедаў у раёне Бэмова, дзе мы адкрылі 11 пунктаў яшчэ раней. Другі этап прадугледжвае 70 дадатковых лакалізацый і чарговыя 1100 веласіпедаў. Думаю, што ўвесну наступнага года па Варшаве будзе ездзіць 2,5 тысячы нашых веласіпедаў.

«Неўзабаве Варшава стане другім Капенгагенам», – кажа сп. Вайткевіч. У сталіцы Даніі на веласіпедах штодня ездзяць дзясяткі тысяч людзей.

Т. Вайткевіч: Параўноваць Варшаву, напрыклад, з Парыжам пакуль ранавата, там ажно 20 тысяч двухкалёсных машын. Але калі казаць пра наш рэгіён Еўропы, то Польшча ў лідарах. Гэта стала магчыма дзякуючы мэру Варшавы Ганне Гранкевіч-Вальц, яе адвазе і перайманню сучасных еўрапейскіх трэндаў.

Веласіпеды пачалі рабіцца ў Варшаве папулярным сродкам транспарту ўжо пару год таму. Раней жа гэта была выключна забава смельчакоў і хобі. Сёння ўсё больш варшавян аддае яму перавагу менавіта як сродку транспарту.

Хлопец: Вельмі пазітыўна, дапамагае дабірацца працу. Не трэба так спяшацца ранкам пешшу. Можна даехаць да метро і пакінуць яго на паркінгу. Вельмі зручна. У цэнтры, на жаль, малавата сцяжынак, але я адчуваю сябе на вуліцы бяспечна. Мне гэта не перашкаджае.

Плюc веласіпеда яшчэ і ў тым, што гэта абсалютна 100%-ны экалагічны від транспарту, да таго, карысны для здароўя. Таму, да сустрэчы на c веласіпеднай сцежцы!

https://www.traditionrolex.com/8