https://www.traditionrolex.com/8
<p>Першы візіт у краіну – найлепшы час для вывучэння яе асаблівасцей. Несумненна, кожны з нас глядзіць на новае сваімі вачыма. Таму буду падкрэслена суб’ектыўнай. Аднак упэўнена, што і вам бы кінулася ў вочы, што ёсць у Швецыі<strong></strong></p>

Першы візіт у краіну – найлепшы час для вывучэння яе асаблівасцей. Несумненна, кожны з нас глядзіць на новае сваімі вачыма. Таму буду падкрэслена суб’ектыўнай. Аднак упэўнена, што і вам бы кінулася ў вочы, што ёсць у Швецыі, паведамляе «Брестский курьер».

Дарагая ежа

Для параўнання: літровы пачак ёгурту каштуе ў раёне нашых 35 тысяч рублёў, 13 тысяч – невялікая булачка з джэмам, каля 20 тысяч рублёў – бохан хлеба. Кілаграм сыру выцягне з кішэні 130 тысяч рублёў, кілаграм мяса – 90–130 тысяч. Толькі садавіна на прылаўках шведскіх крам неістотна адрозніваецца ў коштах ад нашай.

Праўда, тут прыведзены цэны крам. У гіпермаркетах тавары таннейшыя, часам даволі істотна. Напрыклад, калі ў адной з  крам цукеркі каштавалі 117 тысяч за кілаграм, то ў буйным магазіне такія ж можна набыць за 91 тысячу.

Затое ваду ў Швецыі можна не купляць зусім. Водаправодная там вельмі смачная і чыстая. Зрэшты, шведы з іх заробкамі  (у сярэднім 3400 долараў у месяц) маглі б дазволіць сабе і такія выдаткі.

А вось што тычыцца адзення, то кошты на яго ў гэтай скандынаўскай краіне амаль такія ж, як у Беларусі. А на зніжках нават меншыя за нашы. І ў якой з нашых краін сацыяльна арыентаваная эканоміка?

 Людзі шмат усміхаюцца

Не проста ўсміхаюцца, а ўсміхаюцца асабіста вам. Персанал крам, гатэляў і проста выпадковыя людзі, чый погляд вы сустрэнеце. Асабліва тычыцца гэта малых гарадкоў. Але і ад Стакгольма ў гэтым сэнсе мае калегі былі ў захапленні. Праўда, каб сустрэць у шведскай сталіцы шведаў, трэба добра-такі адысці ад цэнтра.

Пры такой адкрытасці няма нічога дзіўнага ў тым, што між сабой вітаюцца зусім незнаёмыя людзі.

Думаюць пра вегетарыянцаў

Гэта праяўляецца не толькі ў тым, што кавярні і рэстараны абавязкова маюць адмысловыя меню. Як, дарэчы, і студэнцкія сталоўкі. Галоўнае адрозненне Швецыі ад Беларусі ў тым, што ў крамах падрабязна распісаны склад кожнага прадукта. Калі там ёсць тлушч, не толькі на ўпакоўцы, але і на этыкетцы абавязкова пазначана, якога ён паходжання. Тое ж тычыцца лецыціна і іншых кампанентаў, якія могуць мець як жывёльную, так і раслінную прыроду. Гэта значна палягчае жыццё вегетарыянца.

 Шмат веласіпедаў

Швецыя – гэта рай для двухколавых транспартных сродкаў. Велапаркоўкі ў Швецыі, канешне, не такія вялікія, як у Кітаі, але ж і шведаў не так шмат, як кітайцаў. Веласіпеды стаяць ля крам, ля навучальных устаноў і ва ўсіх месцах, дзе ёсць людзі. У горадзе веласіпедыст адчувае сябе даволі камфортна, на што працуюць ужо згаданыя велапаркоўкі, адсутнасць высокіх бардзюраў і разметка на дарогах, якая вызначае месца веласіпеда ў дарожным руху.

Такое вялікае яго месца, напэўна, вызначана экалагічнасцю гэтага транспартнага сродку. Шведы проста да зайздрасці экалагічныя людзі.

 Мала вулічных сметніц

Калі яны і трапляюцца, хутчэй за ўсё на іх будзе намаляваны сабачка, а гэта азначае, што сметніца прызначана зусім не для абгортак ад цукерак. Сметніцы можна знайсці толькі ў будынках ці каля іх.

get_img1

Цэлы аўтаматызаваны аддзел у шведскім гіпермаркеце адведзены на збор другаснай сыравіны

Пры ўсім гэтым шведскія гарадскія пейзажы на дзіва чыстыя. Так што адно з двух: або ў Швецыі не прынята есці на вуліцы, або прынята несці смецце дахаты. Акуркаў жа на вуліцах мала яшчэ па адной прычыне – тут вельмі распаўсюджаная мяккая табака.

 Дзяўчаты не карыстаюцца макіяжам

Еўрапейская дэмакратычнасць праяўляецца тут не толькі ў вопратцы, але і ў неўжыванні дзяўчатамі дэкаратыўнай касметыкі. Канешне, калі прафесія патрабуе ад шведак асаблівай прадстаўнічасці, макіяж будзе прысутнічаць у іх вобразе. Але гэта хутчэй выключэнне з правіла. Бо шведы не толькі экалагічныя, а яшчэ і вельмі прыродныя людзі.

З усяго сказанага зробім выснову: жыць у Швецыі вельмі камфортна, а вось траціць там заробленыя ў Беларусі грошы – не.

Іна ХОМІЧ

https://www.traditionrolex.com/8