https://www.traditionrolex.com/8
<div class="intro-div">Апынуўшыся летам у глухім лесе фінскай Лапландыі, ловіш сябе на думцы: ці не ў Беларусі знаходжуся?</div>
Апынуўшыся летам у глухім лесе фінскай Лапландыі, ловіш сябе на думцы: ці не ў Беларусі знаходжуся? Ды адразу ж разумееш, што не, калі бачыш, як спакойна ў некалькіх метрах ад цябе ходзіць невялікі статак паўночных аленяў.

Прырода тут і сапраўды падобная да беларускай. Летам часам гарачыня стаіць тая самая, што і ў нашых гарадах, пiша «Рэгіянальная газета».

Толькі вось нізкія ад доўгай зімы дрэвы, жаўтаватая трава ды светлае неба белых начэй нагадваюць, што цяпер мы знаходзімся больш чым за 1700 кіламетраў ад родных мясцін. 

1

Тыповы фінскі краявід спалучае ў сабе і лясы, і азёры, і горы.

Алень – лепшы сябар чалавека

Такі спадарожнік падчас вандроўкі па Фінляндыі – звычайная справа.

Праехаць на машыне па Паўночнай Фінляндыі без прыгод – рэдкая раскоша. А ўсё таму, што вельмі часта дарогу пераходзяць… статкі аленяў. Ледзь не праз кожны кіламетр на дарозе сустракаюцца папераджальныя знакі. Але яны не выратуюць, калі некалькі дзясяткаў жывёлін вырашаць перайсці праз шашу.

Алені не баяцца транспарту, смела падыходзяць да машыны, могуць прасунуць галаву ў адчыненае акно ці пацерціся спіной аб капот. Затое яны баяцца людзей. Дастаткова выйсці з машыны і стаць на ногі, як жывёлы разбягаюцца ў розныя бакі. Просты спосаб барацьбы з такімі заторамі на дарогах, як можа падацца. Але хто ж адважыцца выйсці з машыны да такога рагатага войска?

2

Блізкасць аленяў да чалавека тут паказвае нават фінская мова. У ёй існуе больш за дзесяць слоў, якія на нашу перакладаюцца проста – «паўночны алень».

Уносяць яны свае штрыхі ў мясцовы ландшафтны дызайн. Кідаецца ў вочы вялікае мноства рамонкаў, якія саджаюць вакол сваіх дамоў фіны. «Дзіўна, – думаеш спачатку, – за што ж яны так любяць гэтыя кветкі?» Адказ просты: рамонкі – адзіныя кветкі, якія не ядуць алені.

Па начах рагатыя жывёліны любяць завітаць у госці, у гэтым ім не перашкодзіць ніякі плот. У гасцях жа любяць падсілкавацца – у ход ідзе ўсё, што вырашчана клапатлівымі фінамі. Часам за ноч «знікаюць» і хатнія расліны з гаршкоў, калі гаспадары пакідаюць вокны на першым паверсе адчыненымі. А рамонкі, відаць, нясмачныя для аленяў, але з-за гэтага вельмі любімыя мясцовымі жыхарамі. 

У госці без запрашэння

Лапландская кухня і стравы з аленіны – неразрыўнае спалучэнне.

Для таго каб падарожнічаць па Лапландыі, неабавязкова нават загадзя клапаціцца пра дах над галавой. Многія фіны жывуць у гарадах, а ў лапландскіх лясах маюць свае летнія домікі, у якіх жывуць толькі пару месяцаў на год. Астатні час, калі дамы пустуюць, гаспадары не зачыняюць іх на ключ. З’язджаючы ў горад, яны пакідаюць дом для тых, каму ён можа спатрэбіцца. Давер паміж людзьмі тут сапраўды не мае межаў.

Зайшоўшы ў адзін з такіх дамоў, можна ўбачыць, з якой павагай фіны ставяцца да нечаканых гасцей. Часцей за ўсё на кухонным стале будзе ляжаць ліст да незнаёмага. У ім гаспадар раскажа, дзе можна ўзяць ручнікі, як падагрэць ваду для саўны, куды выкідаць смецце. Прычым ліст будзе напісаны па-англійску, бо невядома, з якога краю завітаюць госці. Часам у доме можа жыць адначасова некалькі турыстычных груп – з суседніх Швецыі, Нарвегіі, Расіі.

3

Вядома, жывучы ў такога ветлівага гаспадара, рука не падымецца пакінуць пасля сябе смецце ці з непавагай аднесціся да правілаў пражывання. Таму госці часта пакідаюць у такіх дамах невялічкія сувеніры ці пішуць лісты з падзякай.

Ні дня без кавы і марожанага

Уявіць сабе паўсядзённы рацыён фіна без кавы і марожанага немагчыма. Каву будуць прапаноўваць усюды і ў вялікіх кубках. Уласныя назіранні паказваюць, што сярэдні фін за дзень можа выпіць каля пяці кубкаў кавы. Тое ж тычыцца і марожанага: гэтыя звыклыя да марозу людзі не баяцца есці яго ў любы час. Яны кладуць марожанае на пірагі і печыва, дадаюць у варэнне, п’юць з ім каву і, вядома, ядуць проста так.

А яшчэ гонар кожнага фіна – чыстая вада. Нездарма Фінляндыю называюць «краінай тысячы азёр»: мала таго, што вады тут сапраўды шмат, да таго ж яна вельмі чыстая і прыдатная для піцця. Таму ў некаторых сем’ях нават няма чайнікаў. Каб прыгатаваць чай, яны ставяць кубак вады з-пад крана ў мікрахвалевую печ і трымаюць там хвілінку. Ваду такой высокай якасці неабавязкова кіпяціць, – у гэтым фіны упэўненыя.

Існуе яшчэ адзін цікавы звычай, звязаны з ежай. Калі фіны робяць фотаздымак, то ўсе разам гавораць не звыклае «cheese», а сваё ўласнае «муйку». Муйку – від маленькіх рыб, якіх фіны любяць есці ў смажаным выглядзе. Як ў іх атрымліваецца ўсміхацца, гаворачы гэтае слова – загадка. Мусіць, нават думка пра любімую ежу робіць іх шчаслівымі.

Гот заўсёды застаецца готам

Хіба скажаш, што гэты малады чалавек ­­– інвалід, які не можа перасоўвацца самастойна?

Тое, як фіны ставяцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, выклікае вялікую павагу. Нават у крамах далёкай Лапландыі вы ніколі не сустрэнеце звычайнага эскалатара з прыступкамі. Навошта ён патрэбны, калі на ім не можа праехаць чалавек у вазку? Эскалатар абавязкова будзе прамы, без прыступак, падобны на ўзгорак. На яго лёгка заедзе вазок і без праблем падымецца на патрэбны паверх.

4

На любых мерапрыемствах абавязкова будзе месца, прыстасаванае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На  гатычным фестывалі Q-stok у Оўлу адразу кідаецца ў вочы драўляная пляцоўка ў вышыню чалавечага росту насупраць сцэны. Гэта спецыяльная танцпадлога для людзей у вазках. Нават па знешнім выглядзе вазочнікаў ніколі не скажаш, што яны адчуваюць сябе ў нечым абмежаванымі. Іракезы, гатычны макіяж, чорнае шакуючае адзенне, пірсінг і татуіроўкі – аматара цяжкай музыкі ў вазку цяжка адрозніць ад звычайнага гота. У фінаў сапраўды ёсць чаму павучыцца.

Аляксандра ПАРАХНЯ

Фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8